Штогод у красавіку інтэрнат №3 аб'ядноўвае аднадумцаў. Для студэнтаў усіх інтэрнатаў універсітэта, якія любяць гатаваць смачныя і цікавыя стравы і частаваць імі сваіх сяброў, традыцыйна ладзіцца Кулінарны конкурс. Чарговы турнір «Смачна есцi!» адбыўся 18 красавіка і быў прысвечаны традыцыям беларускай нацыянальнай кухні.

Кулінарны конкурс «Смачна есцi!»

Кулінарны конкурс «Смачна есцi!»

Тэматыка конкурсу выбрана не выпадкова. 2024 год у Рэспубліцы Беларусь аб'яўлены Годам Якасці і адна з яго галоўных ідэй – захоўваць і развіваць усё самае лепшае, што назапашана ранейшымі пакаленнямі беларусаў, каб зрабіць наша жыццё больш якасным ва ўсім.

Кулінарны конкурс «Смачна есцi!»

Конкурс "Смачна есці!" адыгрывае важную ролю ў захаванні і прасоўванні багатай культурнай спадчыны беларускай нацыянальнай кухні. Ён не толькі дэманструе разнастайнасць страў і традыцый, але і спрыяе іх захаванню і перадачы наступным пакаленням. Удзельнікі могуць не толькі прыгатаваць і прадставіць свае ўласныя версіі нацыянальных страў, але і даведацца пра розныя рэгіянальныя асаблівасці кулінарыі Беларусі.

Кулінарны конкурс «Смачна есцi»

Удзел у Кулінарным конкурсе «Смачна есцi!» прынялі:

  • Інтэрнат №1 – каманда «СМАК»
  • Інтэрнат №3 – каманда «ВЯЧЭРА»
  • Інтэрнат №4 – каманда «ЧУДОУНАЯ ЧАЦВЕРКА»
  • Інтэрнат №5 – каманда «НАС ЗАСТАВИЛИ-2»
  • Інтэрнат №6 – каманда «ПЕТРУШКА»
  • Інтэрнат №7 – каманда «СЯБРЫ»

Тое, што адбывалася ў зале, аб'ектыўна ацэньвала журы ў складзе:

  • Наталля Мікалаеўна Гінько, сацыяльны педагог аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю
  • Аксана Леанідаўна Куракова, загадчык інтэрната №3
  • Ілля Гавін, студэнт механіка-тэхналагічнага факультэта, член студэнцкага савета ўніверсітэта
Наталля Мікалаеўна ГінькоАксана Леанідаўна Куракова

Наталля Мікалаеўна Гінько (фота 1) Аксана Леанідаўна Куракова (фота 2)

На суд журы і балельшчыкаў былі прадстаўлены разнастайныя стравы беларускай нацыянальнай кухні: цыбрыкі, наліснікі, халодзік, дранікі, мачанка, кісель і іншыя. Кожная каманда прадэманстравала не толькі свае кулінарныя таленты, але і праявіла згуртаванасць, крэатыўнасць, арыгінальнасць. Яркія і інфарматыўныя прэзентацыі конкурсных страў паказалі, што ўдзельнікі конкурсу не толькі з'яўляюцца знаўцамі і знатакамі беларускай культуры і беларускіх нацыянальных традыцый харчавання, але і цудоўна валодаюць беларускай мовай.

Па выніках конкурсу:

  • Дыплом I ступені – каманда «СЯБРЫ» інтэрната №7
  • Дыплом II ступені – каманда «ВЯЧЭРА» інтэрната №3
  • Дыплом III ступені – каманда «НАС ЗАСТАВИЛИ-2» інтэрната №5

Пераможцы конкурсу

Ілля Гавін, студэнт механіка-тэхналагічнага факультэта, член студэнцкага савета ўніверсітэта, член журы: «Я ўпершыню на такім конкурсе ў якасці члена журы. Адчуваў вялікую адказнасць і хваляванне. Жадаю адзначыць, што судзейства было аб'ектыўным і справядлівым. Вельмі складана было вызначыць пераможцаў, але мы справіліся і абралі найлепшых. Гэты конкурс – адно з тых мерапрыемстваў, якія фармуюць нас як асобу».

Аліна Штукіна, студэнтка фінансава-эканамічнага факультэта: «Узрушаючы конкурс. Мне ўсё вельмі спадабалася. Вельмі прыязная атмасфера. З задавальненнем прыму ўдзел у кулінарным конкурсе ў наступным годзе».

Уладзіслаў Ячменеў, студэнт фінансава-эканамічнага факультэту: «Выдатны конкурс. Дзякуючы атмасферы традыцыйнай беларускай кухні так і хацелася ўсё пакаштаваць».

Алеся Жартун, студэнтка факультэта інфармацыйных тэхналогій: «Удзел у конкурсе быў неверагодным досведам! Выдатная атмасфера, пазітыўныя ўдзельнікі і, вядома ж, стравы беларускай кухні, якія былі прадстаўлены, пакінулі незабыўныя ўражанні. Кожная страва была прыгатавана з асаблівай увагай да дэталяў і з любоўю да традыцый нацыянальнай кухні. Было заўважна, што кожны ўдзельнік уклаў сваю душу ў прыгатаванне стравы.

Конкурс дазволіў не толькі атрымаць асалоду ад смачнай ежай, але і аб'яднаў усіх нас вакол агульнай тэмы – любові да кулінарыі і нацыянальных традыцый. Так мы змаглі адчуць дух калектыва і цеплыню зносін з таварышамі. Дзякуючы такім мерапрыемствам студэнцкае жыццё становіцца больш яркім і насычаным. З нецярпеннем чакаем наступнага конкурсу, каб зноў акунуцца ў свет смачных страў і сяброўскай атмасферы!»

Кулінарны конкурс «Смачна есцi»

За яркасцю любой падзеі стаіць згуртаваная праца выхавацеляў, педагогаў-арганізатараў, студэнцкіх саветаў і студэнтаў інтэрнатаў універсітэта. Жадаем арганізатарам і ўдзельнікам натхнення і поспехаў у маючых адбыцца мерапрыемствах!

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie