Традыцыі для грамадства выступаюць своеасаблівым пасярэднікам паміж пакаленнямі, перадаючы багаты гістарычны досвед продкаў з веку ў век. Некаторыя вядомыя і папулярныя і ў нашы дні, але многія маюць патрэбу ў тым, каб даць ім «другое жыццё». Полацкая зямля з'яўляецца крыніцай значных пачынанняў, вялікіх людзей і багатых традыцый для нашай краіны.

Як вышэйшая навучальная ўстанова рэгіёну, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай у поўнай меры ўсведамляе адказнасць за сувязь будучых пакаленняў з вопытам вялікіх продкаў, імкнучыся пераняць і перадаць традыцыі сваім студэнтам.

Полацкі калегіум – гэта скарбніца ведаў і сховішча адукацыйных традыцый, без якіх немагчыма ўявіць сучасную адукацыю нашай краіны. Механічная галава, Галерэя рэктараў і Галерэя выпускнікоў кадэцкага корпуса, акадэмічная алея – усё гэта зноў увасобленыя ў жыццё ідэі нашых продкаў. Адной з найважнейшых мэт езуітаў, а пазней кадэт, было стварэнне спрыяльнага асяроддзя ў навучальнай установе. Гэта датычылася не толькі камфорту навучэнцаў і эстэтычнага боку навучальных карпусоў, але і экалогіі.

Дзякуючы гістарычным даследаванням сёння нам вядома, што з прыездам у Полацк Габрыеля Грубера, які жадаў уладкаваць калегіум у адпаведнасці з найноўшымі павевамі, для полацкіх езуітаў пачалася актыўная будаўнічая пара. Апроч службовых і навучальных флігеляў, езуіты заняліся і ўладкаваннем саду, у якім можна было нацешыцца пладамі сваёй працы. У ХІХ стагоддзі гэта традыцыя знойдзе свой працяг у Полацкім кадэцкім корпусе, на тэрыторыі якога таксама знаходзіўся парк і алея.

Студэнты Полацкага ўніверсітэта

У нашы дні Полацкі ўніверсітэт імкнецца да падтрымання традыцый, якія з'яўляюцца станоўчым вопытам для многіх пакаленняў навучэнцаў. Акадэмічная алея Полацкага калегіума – гэта унікальны аб'ект, які складаецца са скульптурных кампазіцый, кветак і лісцяных дрэў, якія былі выбраны невыпадкова. Бярозы выступаюць увасабленнем асветы, паколькі лічацца сімвалам святла і чысціні, а ліпы – сімвал сардэчнасці і добразычлівасці. У сукупнасці дрэвы акадэмічнай алеі спалучаны ідэяй чыстых намераў і стварэння. Развіваючы ідэі і традыцыі нашых продкаў, Полацкі ўніверсітэт узбагачае паркавы ландшафт калегіума новымі аб'ектамі.

Так, намаганнямі студэнтаў і выкладчыкаў на тэрыторыі калегіума былі высаджаны туі, якія стануць працягам векавой традыцыі. Туя – гэта расліна творчых і мэтанакіраваных асоб, паколькі гэтае дрэва выступае сімвалам натхнення на новыя здзяйсненні. Адносячыся да роду іглічных раслін, туя таксама сімвалізуе ўстойлівасць і непарушнасць.

Студэнты Полацкага ўніверсітэта Акадэмічная алея Полацкага калегіума

Акадэмічная алея Полацкага калегіума

Такім чынам, акадэмічная алея выступае сімвалам багатых і непарушных традыцый адукацыі, накіраваных на ўдасканаленне навакольнага свету!

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie