Полоцкий государственный университет

Полоцкий
государственный
университет

У пачатку снежня 2015 года Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з курсам лекцый для студэнтаў гісторыка-філалагічнага факультэта ў чарговы раз наведаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дырэктар Дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН РБ В.В. Даніловіч

Вячаслаў Віктаравіч з задавальненнем пагадзіўся распавесці пра сябе, супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі і ПДУ, а таксама падзяліўся ўражаннямі ад нашага ўніверсітэта.

- Вячаслаў Віктаравіч, калі ласка, раскажыце крыху пра сябе.

Я ўраджэнец славутага горада Полацку. У 1991 годзе скончыў наваполацкую сярэднюю школу № 9 і пайшоў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Паступленне на гістфак стала паваротным момантам майго жыцця, адкрыўшы шлях у навуку. Пасля заканчэння ўніверсітэта навучаўся ў аспірантуры, а ў 2000 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пэўны час узначальваў аддзел падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У 2006 годзе перайшоў на працу ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе спачатку займаў пасаду намесніка дырэктара па навуковай рабоце, а з 2011 года з?яўляюся галоўным дырэктарам гэтай установы.

- Ці часта Вы бываеце на Полацкай зямлі і што Вас звязвае з Полацкім дзяржаўным універсітэтам?

Звычайна бываю на сваёй малой радзіме па некалькі разоў на год. Мне вельмі прыемна вяртацца дадому. Гэта для мяне – свята душы! А з Полацкім дзяржаўным універсітэтам мяне звязвае многае. Па-першае, Інстытут гісторыі НАН Беларусі плённа супрацоўнічае з ПДУ ў справе выканання задання дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў, якая ажыццяўляецца і абнаўляецца кожную пяцігодку. Таксама мы пастаянна ўзаемадзейнічаем у межах правядзення цэлага шэрагу навуковых мерапрыемстваў. Таму наведваю родны край па меры неабходнасці ўзгаднення заданняў дзяржаўнай праграмы і для ўдзела ў навуковых канферэнцыях самага рознага маштабу.

Па-другое, мяне запрашаюць выкладаць у вашым універсітэце. Напрыклад, мой цяперашні прыезд на малую радзіму звязаны з чытаннем спецыяльнага курса па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Асабіста для мяне сустрэчы са студэнтамі важныя і карысныя тым, што дазваляюць апрабіраваць ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях новыя навуковыя напрацоўкі даследчыкаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

- Як Вы ацэньваеце далейшыя перспектывы супрацоўніцтва паміж Інстытутам гісторыі і Полацкім дзяржаўным універсітэтам?

Я бачу выдатныя перспектывы для супрацоўніцтва паміж нашымі установамі. Вывучэнне багатай і слаўнай гісторыі Полаччыны яшчэ вельмі далёкае ад заканчэння. Для гісторыкаў застаецца столькі сакрэтаў! Вялікія спадзяванні я ўскладаю на працу пастаянна дзеючай археалагічнай экспедыцыі па даследаванню тэрыторыі старажытнай Полацкай зямлі, у якой нашы археолагі актыўна супрацоўнічаюць з археолагамі і гісторыкамі ПДУ. З нашага боку – ад Інстытута гісторыі – гэтую экспедыцыю ўзначальвае Вольга Мікалаеўна Ляўко, а з боку ПДУ яе курыруе Дзяніс Уладзіміравіч Дук. Нас наперадзе, несумненна, чакаюць новыя цікавыя знаходкі і адкрыцці. Неабходна пашыраць і папулярызаваць гістарычныя веды праз арганізацыю сумесных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў, накіраваных на асвятленне гісторыі Полацка, Полацкага рэгіёна, асобных актуальных праблем гісторыі Беларусі.

Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч

Шэраг выкладчыкаў універсітэта, у першую чаргу з кафедры гісторыі і турызму, з'яўляюцца выканаўцамі заданняў дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. Яны здаюць справаздачы ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі – у галоўную кіруючую арганізацыю. Мы можам ганарыцца тым, што шэраг вашых кандыдатаў навук, напрыклад, І.У. Магалінскі, А.Л. Радзюк, В.А. Емяльянчык вучыліся ў аспірантуры Інстытута гісторыі або маюць у сваёй біяграфіі яркія старонкі, звязаныя з ім. Некаторыя маладыя гісторыкі яшчэ толькі пачынаюць свой навуковы шлях – навучаюцца ў магістратуры. Спадзяюся, што і яны ў бліжэйшы час яны прыйдуць да нас у аспірантуру, а потым годна папоўняць шэрагі кваліфікаваных супрацоўнікаў універсітэта. Далейшае супрацоўніцтва паміж сталічнымі і полацкімі археолагамі і гісторыкамі, несумненна, дасць багаты плён!

- Якія ўражанні пакідае ў Вас Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт? Ці заўважылі Вы ў ім нейкія змены ў з моманту апошняга прыезду? Як Вам полацкія студэнты?

Нельга не адзначыць, што ўніверсітэт с кожным годам прыгажэе! У ім пастаянна нешта аднаўляецца ці з'яўляецца нешта новае. Напрыклад, у гэты раз мне прадэманстравалі цудоўную рэканструкцыю «механічнай галавы» Габрыэля Грубера. Быць універсітэтам найстарэйшага горада краіны, калыскі беларускай дзяржаўнасці – высокая адказнасць. Вельмі прыемна ўсведамляць, што Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з гонарам носіць сваё імя і шмат увагі надае захаванню ўласнай гісторыка-культурнай спадчыны.

На гісторыка-філалагічным факультэце вельмі актыўна працуе кафедра гісторыі і турызму. Прарэктар па вучэбнай рабоце Дз.У. Дук – вядомы і аўтарытэтны беларускі вучоны-археолаг. Гэта вельмі важна і істотна для студэнтаў. Плён іх сумеснай працы мы бачым ва ўніверсітэце кожны раз, калі прыязджаем сюды.

У сваёй працы са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, я заўважыў, што кожная група асаблівая і ўнікальная, адрозніваецца ад груп іншых устаноў вышэйшай адукацыі. У цэлым навучальны працэс і студэнты ўніверсітэта пакідаюць самае станоўчае ўражанне. Спадзяюся, я і далей не буду расчараваны.

- Чаго б Вы хацелі пажадаць цяперашнім і будучым студэнтам нашага гісторыка-філалагічнага факультэта?

У першую чаргу полацкім студэнтам хочацца пажадаць, канечне ж, здароўя, поспехаў у навучанні і вялікага шчасця ў асабістым жыцці! А яшчэ няхай яны заўсёды імкнуцца быць годнымі высокага звання свайго ўніверсітэта, памятаюць, што навучаюцца ў старэйшай установе вышэйшай адукацыі на тэрыторыі Беларусі, і ганарыцца яе слаўным мінулым і даўнімі традыцыямі. Студэнты павінны адчуваць, што яны вучацца ў самым сэрцы Беларусі – старажытным Полацку!

- Вялікі дзякуй, Вячаслаў Віктаравіч, за цікавую размову і добрыя пажаданні! Спадзяемся сустрэцца з Вамі ў сценах Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў наступным годзе!

Карэспандэнт сайта Дар’я Аляксеева