Полоцкий государственный университет

Полоцкий
государственный
университет

2 верасня 2017 года ў Полацкім дзяржаўным універсітэце адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Полацкія чытанні – 2017», прысвечаная Дню беларускага пісьменства і сумесна арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам і Полацкім раённым выканаўчым камітэтам.

Удзельнікi навукова-практычнаай канферэнцыi «Полацкія чытанні – 2017»

Госцi навукова-практычнаай канферэнцыi

Дзень беларускага пісьменства – гэта дзяржаўнае свята, якое штогод адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь у першую нядзелю верасня. Сталіцамі Дня пісьменства становяцца гістарычныя цэнтры культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання, з якімі звязана жыццё і дзейнасць выдатных дзеячаў нашай краіны. І зусім не выпадкова, што ў 1994 годзе першае такое свята прыняў менавіта старажытны Полацк. Дню беларускага пісьменства заўжды папярэднічае правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай вывучэнню розных аспектаў гісторыі друкаванага слова і асветы ў Беларусі. Такое мерапрыемства мае выключнае значэнне, паколькі дазваляе даследчыкам рэактуалізаваць рэгіянальныя праблемы гістарычнага мінулага і прасачыць яго сувязі з сучасным жыццём, а мясцовай грамадскасці – больш даведацца пра гісторыю свайго роднага краю, яго славутых сыноў і пазнаёміцца з найноўшымі набыткамі навукі і культуры.

Даследчыкi гістарычнага мінулага

Ганаровыя гасцi канферэнцыі

Не стаў выключэннем з гэтага правіла і сёлетні рэспубліканскі навукова-практычны форум, які праходзіў у старажытным горадзе над Дзвіной ужо ў трэці раз. У гасцінных мурах Полацкага калегіума сабраліся дзясяткі даследчыкаў, многія з якіх складаюць гонар беларускай навукі, прадстаўнікі органаў улады і кіравання розных узроўняў, грамадскія дзеячы. Асаблівасцю свята стала тое, што Дзень беларускага пісьменства ладзіўся адначасова з адзначэннем угодкаў важнейшых падзей айчыннай гісторыі – 1155-годдзя Полацка і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Таму цалкам лагічным выглядала тое, што цэнтральнай тэмай большасці дакладаў удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі стала гісторыя старажытнага Полацка і Полацкай зямлі, а таксама асоба, дзейнасць і духоўная спадчына нашага славутага земляка Францыска Скарыны.

Перад пачаткам рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі яе ганаровых гасцей і ўдзельнікаў чакалі полацкія сувеніры і невялікая культурная праграма, якая ўключала ў сябе выступленне фальклорнага гурта «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і кароткую, але, як заўжды, змястоўную экскурсію па Полацкаму калегіуму.

Выступленне фальклорнага гурта «Варган»

Экскурсія па Полацкаму калегіуму

Падчас экскурсіi

Падчас экскурсіi па Полацкаму калегіуму

Культурная праграма

У гасцінных мурах Полацкага калегіума

Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю адкрыў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, які зачытаў прывітальнае слова ад старшыні Прэзідыума НАНБ, акадэміка Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова.

Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя

У звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі акадэмік асобна адзначыў ролю Полацка ў гісторыі асветы і навукі Беларусі: «Менавіта Полацк з’яўляецца сапраўднай калыскай нашай дзяржаўнасці, першакрыніцай беларускай духоўнасці, радзімай людзей, якія сталі сапраўднымі ганаровымі сімваламі нашай Бацькаўшчыны, культуры і пісьменства. Гэта Ефрасіння Полацкая і наш вядомы асветнік і першадрукар Францыск Скарына. На Полацкай зямлі была створана і першая кніга беларусаў – Полацкае евангелле (ХІІ ст.). Як ужо адзначалася, 2017 год у нашай краіне абвешчаны Презідэнтам Беларусі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам Годам Навукі. Сапраўды, без кнігі, без друкаванага слова немагчымай была б асвета, навуковая камунікацыя і існаванне інфармацыйнай прасторы!»

У прывітальным слове былі таксама пералічаны асноўныя дасягненні НАН Беларусі, галоўнага інтэлектуальнага цэнтра нашай краіны, у прыватнасці вылучаны поспехі беларускіх даследчыкаў у сферы гуманітарыстыкі і, у тым ліку ў справе прымнажэння гістарычных ведаў. Як падкрэсліў А.А. Каваленя, адной з галоўных задач, што будуць стаяць перад навукоўцамі Беларусі з’яўляецца «ўключэнне вынікаў навуковых даследаванняў у кантэкст грамадскага і культурнага жыцця рэгіёнаў краіны, прыцягненне да навуковай дзейнасці шырокіх слаёў навуковай і творчай інтэлігенцыі беларускіх гарадоў і, што самае важнае, уключэнне ў гэтую неабходную справу нашай моладзі. Вырашэнню гэтых задач павінны паслужыць і «Полацкія чытанні – 2017». У заключэнні свайго выступу Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што НАН Беларусі шчыльна супрацоўнічае з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, з яго вучонымі, сумесна рыхтуе кадры вышэйшай кваліфікацыі, і гэтае ўзаемадзеянне будзе толькі пашырацца.

Перш чым перадаць слова наступнаму ўдзельніку пленарнага пасяджэння А.А. Каваленя выканаў яшчэ адну прыемную місію, узнагародзіўшы Граматай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі за вялікі ўнёсак у развіццё гуманітарнай навукі і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны:

  • навуковы калектыў Музея беларускага кнігадрукавання навукова-даследчай установы «Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік»;
  • выкладчыка Полацкага каледжа ўстановы адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава» Веру Мікалаеўну Аляксеенка;
  • намесніка дырэктара па навуковай рабоце ўстановы адукацыі «Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Францыска Скарыны», настаўніка-метадыста Алену Уладзіміраўну Казлову;
  • дацэнта кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміра Аляксандравіча Лобача.

А.А. Каваленя i Уладзімір Аляксандравіч Лобач

Пленарнае пасяджэнне было працягнута выступленнем рэктара ПДУ, доктара тэхнічных навук, прафесара, Заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дз.М. Лазоўскага. Дзмітрый Мікалаевіч шчыра павітаў удзельнікаў Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Полацкія чытанні – 2017», пажадаў ім плённай працы ў прасякнутых мудрасцю стагоддзяў мурах Полацкага калегіума і распавёў пра важнейшыя старонкі гісторыі асветы і навукі на старажытнай Полацкай зямлі, падкрэсліўшы асаблівую ролю нашага ўніверсітэта ў адраджэнні і працягу яе слаўных традыцый.

Рэктар ПДУ, доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дз.М. Лазоўскi

Першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Уладзіміравіч Луцкі ў сваім выступе распавёў аб унёску нашай дзяржавы ў захаванне і прымнажэнне кніжнай культуры, і падкрэсліў важнае месца ў гэтай справе Дня беларускага пісьменства і навукова-практычнай канферэнцыі, якая традыцыйна прымяркоўваецца да гэтага свята: «Вывучэнне сваёй гісторыі, культуры, мовы – справа надзвычай важная і неабходная. Без асэнсавання свайго мінулага нельга па-сапраўнаму зразумець сённяшні дзень, а тым больш з упэўненасцю глядзець у будучыню!». На заканчэнне свайго выступу Ігар Уладзіміравіч выказаў спадзяванне, што правядзенне канферэнцыі паспрыяе папулярызацыі навуковых ведаў, наладжванню плённых творчых кантактаў паміж вучонымі, далейшаму развіццю айчыннай гуманітарнай навукі і пажадаў яе ўдзельнікам плённай працы.

Першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Уладзіміравіч Луцкі

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вольга Уладзіміраўна Зелянко расказала аб асноўных мерапрыемствах, якія былі праведзены яе інстытутам у гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і канстатавала: «Напэўна, у сваіх самых смелых марах Францыск Скарына не мог уявіць, што праз пяць стагоддзяў беларускія дзеці будуць вучыцца па электронных падручніках з гіперспасылкамі, тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці. Але па-ранейшаму, як і пяць стагоддзяў таму, кніга, а сёння і падручнік, застаецца галоўным сродкам навучання і выхавання, вучыць самаму важнаму: любіць сваю зямлю, жыць у згодзе з людзьмі, шанаваць свае карані, родную мову і нацыянальную культуру!»

Вольга Уладзіміраўна Зелянко

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы – начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Задзяркоўская агучыла прывітальны адрас Міністра культуры Барыса Уладзіміравіча Святлова з нагоды адкрыцця канферэнцыі. Адзначаючы той бясспрэчны факт, што постаць Францыска Скарыны і багатае мінулае горада Полацка, калыскі беларускай дзяржаўнасці, культуры і духоўнасці – невычарпальныя крыніцы пошуку для навукоўцаў, Барыс Уладзіміравіч выказаў спадзяванне, што на гэтым трывалым падмурку ўдзельнікі «Полацкіх чытанняў – 2017» здолеюць таксама акрэсліць перспектыўныя шляхі развіцця асветы і культуры на сучасным этапе.

Наталля Іванаўна Задзяркоўская

Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Валер’евіч Юрчак запрасіў удзельнікаў канферэнцыі наведаць цырымонію адкрыцця памятнага знака «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці» (скульптар Уладзімір Піпін, архітэктар Армен Сардараў) і абноўленыя залы Музея беларускага кнігадрукавання. Дзяніс Валер’евіч прызнаўся: «Вельмі прыемна быць у сценах Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які па праве можа называцца старэйшай вышэйшай навучальнай установай Беларусі. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву ўніверсітэта за тое, што тут зроблена ў плане захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Калі мы сёння знаходзімся ў гэтым будынку, мы проста адчуваем тыя традыцыі, якія захоўваюцца тут і па сённяшні дзень… Вялікі дзякуй за тое, што вы робіце!»

Дзяніс Валер’евіч Юрчак

Намеснік Старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Іосіф Францавіч Грыбовіч ад імя Полацкага райвыканкама і Полацкага раённага савета дэпутатаў павіншаваў прысутных з Днём беларускага пісьменства і адкрыццём «Полацкіх чытанняў –2017», выказаў упэўненасць у тым, што знаходжанне на старажытнай Полацкай зямлі пакіне ва ўдзельнікаў канферэнцыі самыя найлепшыя ўражанні і прынясе ім і ўсяму беларускаму народу багаты навуковы плён.

Намеснік Старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Іосіф Францавіч Грыбовіч

Уласна навуковую частку пленарнага пасяджэння канферэнцыі адкрыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар, акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка. У сваім дакладзе Аляксандр Іванавіч выклаў сваё бачанне сучаснай парадыгмы беларускай культуры, прааналізаваў праблемы і выклікі яе развіцця на пачатку ХХІ стагоддзя. Падсумоўваючы сказанае, акадэмік прывёў словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: «У беларускага народа адметная літаратура, музыка, жывапіс, архітэктура, якія нас сілкуюць, і якімі мы захапляемся. Нам дарагая наша выразная мова, якую трэба берагчы, вывучаць і развіваць. Нам пакінута ў спадчыну наша гераічная гісторыя, якую неабходна памятаць, поўніць новымі здзяйсненнямі, каб з годнасцю перадаць будучым пакаленням беларусаў. Гэта каштоўныя складнікі, што не дазваляюць згубіцца нам сярод мноства нацый і народаў, адчуваць сябе адзінай самабытнай сям’ёю, цаніць сваю волю і незалежнасць!»

Аляксандр Іванавіч Лакотка

Алена Мікалаеўна Анісім, дэпутат Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у дакладзе на тэму «Статус Полацка: рэальнасць і перспектывы» ўзняла вострую праблему неадпаведнасці фармальнага статуса нашага горада, яго гістарычнай вартасці як калыскі беларускай дзяржаўнасці, культуры і духоўнасці. Алена Мікалаеўна прапанавала наступнае: «Зважаючы на месца і ролю Полацка ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, улічваючы яго магутны інтэлектуальны і культурны ўзровень у гістарычным мінулым, а таксама назапашаны сучасны турыстычны імідж, варта надаць гэтаму гораду асобны статус. Гэта можа быць статус першай беларускай сталіцы ці месца нараджэння беларускай дзяржаўнасці. Аб гэтым яшчэ трэба параіцца і, найперш, з самімі палачанамі. Але перадусім, акрэсліваючы новы статус, трэба прадугледзець магчымасці гарадскога самаразвіцця і самакіравання, абазначыць пэўныя прывілеі, прыкладам, у выглядзе падатковай палёгкі тым суб’ектам гаспадарання, якія тут будуць працаваць, у тым ліку з аб’ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці… Такое рашэнне не толькі станоўча паўплывае на развіццё горада Полацка, але зробіць важкі ўнёсак у справу ўмацавання і росквіту нашай незалежнай Беларусі».

Алена Мікалаеўна Анісім

Пачынаючы свой выступ, Ігар Вітальевіч Войтаў, рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БГТУ), доктар тэхнічных навук, прафесар, звярнуў увагу на той факт, што для БГТУ, насуперак далёкай ад гуманітарыстыкі назве, святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання з’яўляецца вельмі блізкай і значнай падзеяй: больш за дваццаць гадоў ва ўніверсітэце вядзецца падрыхтоўка нацыянальных кадраў для паліграфічнай галіны Беларусі. Яшчэ адным важкім доказам адданасці навукоўцаў БГТУ велічнай справе Францыска Скарыны стала падрыхтоўка імі юбілейнага выдання – «Антология мудрости народа. 500 лет белорусского книгопечатания», якую падрабязна прадставіў удзельнікам канферэнцыі, а Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ў асобе Дз.М. Лазоўскага яшчэ і падараваў, Ігар Вітальевіч.

Ігар Вітальевіч Войтаў, рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта

Прыемны сюрпрызам як для арганізатараў і удзельнікаў, так і для гасцей «Полацкіх чытанняў – 2017» стаў удзел у канферэнцыі першага міністра замежных спраў суверэннай Беларусі (1990-1994), дыпламата і грамадскага дзеяча, кандыдата гістарычных навук Пятра Кузьміча Краўчанкі. У сваім эмацыйным і надзвычай змястоўным дакладзе Пётр Кузьміч распавёў аб сваёй шматгадовай дзейнасці па пашырэння ведаў аб Францыску Скарыне і ўшанаванні памяці беларускага першадрукара ў свеце. Напрыканцы выступу П.К. Краўчанка зрабіў цэлы шэраг канкрэтных прапаноў, рэалізацыя якіх магла б не толькі забяспечыць далейшае замацаванне ў грамадскай свядомасці імя Францыска Скарыны як інтэлектуальнага і духоўнага светача нашага народа, але таксама паспрыяць сапраўднай кансалідацыі магутнага патэнцыялу незалежнай Рэспублікі Беларусь. Так, на думку, Пятра Кузьміча постаць беларускага першадрукара вартая таго, каб ордэн Скарыны стаў галоўнай дзяржаўнай узнагародай нашай краіны.

Пётр Кузьміч Краўчанка

Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАНБ, доктар гістарычных навук Аляксандр Іванавіч Груша ў сваім дакладзе «Дакументальная пісьмовасць Полацка і Полацкай зямлі ў XIV - першай трэці XVI ст.» пераканаўча даказаў і яскрава праілюстраваў пры дапамозе сродкаў сучаснай мультымедыйнай тэхнікі наяўнасць у Полацку і на Полацкай зямлі трывалых і глыбокіх каранёў пісьмовай дакументацыі як важнага крытэрыя высокага ўзроўню развіцця грамадства, а таксама яе адметнасць адносна другіх рэгіёнаў Вялікага княства Літоўскага.

Аляксандр Іванавіч Груша

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (ТБМ), кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў выступіў з дакладам на тэму «Беларуская мова – неад’емны чыннік існавання беларускай дзяржавы», у якім паказаў складаную гісторыю развіцця беларускай школы і няпросты шлях да ўмацавання пазіцый нашай мовы ў дзяржаве на працягу апошняга стагоддзя, а таксама выступіў з канкрэтнымі прапановамі, што мусяць забяспечыць практычную рэалізацыю беларускай мовай свайго высокага статусу дзяржаўнай, у тым ліку ў сферы вышэйшай адукацыі і органах дзяржаўнай улады і кіравання.

Алег Анатольевіч Трусаў

Выступы на пленарным пасяджэнні навукова практычнай канферэнцыі завяршыў сваім дакладам першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАНБ Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, які прааналізаваў гістарычнае значэнне інтэлектуальнага і духоўнага подзвіга Францыска Скарыны і яго ўплыў на сучасную беларускую культуру і грамадства.

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец

Па сканчэнні пленарнага пасяджэння адбылася прэзентацыя актуальных кніжных навінак. Так, Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт прапанавала ўвазе прысутных плён працы заслужанага настаўніка Беларусі, гісторыка па адукацыі, нашага земляка Івана Іванавіча Волкава – дыялектны слоўнік «Полацкія дыяменты».

Вераніка Мікалаеўна Курцова

А.І. Груша і загадчык аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАНБ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Васіль Аляксеевіч Варонін прадставілі двухтомнае выданне «Полоцкие грамоты XIII – начала XVI в.». Гэтая супольная праца беларускіх і расійскіх даследчыкаў, выкананая па самых сучасных археаграфічных правілах, за нядоўгі час пасля выхаду ў свет ужо паспела стаць бібліяграфічнай рэдкасцю. Выданне ўяўляе сабой навуковую публікацыю старажытнейшых дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі 1263-1511 гадоў, якія праліваюць святло на шырокае кола пытанняў эканомікі, палітыкі, грамадскага жыцця, культурных сувязяў і з’яўляюцца сведчаннем шматвекавога вопыту ўзаемадзеяння палачанаў з іх суседзямі.

Васіль Аляксеевіч Варонін

Зборнік артыкулаў «Францыск Скарына – асоба, дзейнасць, спадчына» ўвазе прысутных прадставіў яго ўкладальнік Аляксандр Іванавіч Груша. У выданне, прымеркаванае да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, увайшлі навуковыя працы даследчыкаў з розных краін, у якіх разглядаюцца перадумовы дзейнасці Скарыны, тыпы і моўная мадэль яго перакладаў кніг Бібліі, значэнне асобных сімвалічных выяў беларускага кнігадрукара і многія іншыя актуальныя пытанні сучаснага скарыназнаўства. У зборніку таксама ўпершыню апублікаваны корпус дакументаў, што адклаўся з 1925 па 1967 год, звязаных з падрыхтоўкай урачыстасцяў у гонар кнігадрукавання і асобы Францыска Скарыны.

Пасля кароткага перапынку, падчас якога ўдзельнікі канферэнцыі здолелі яшчэ раз пераканацца ў гасціннасці арганізатараў навуковага форума і ацаніць высокае кулінарнае майстэрства сталовых Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, «Полацкія чытанні – 2017» працягнуліся ў межах дзвюх секцый:

  • «Мова і літаратура ў сістэме нацыянальных духоўных каштоўнасцей Полаччыны»
  • «Гісторыя і культура ў сістэме нацыянальных духоўных каштоўнасцей Полаччыны».

Удзельнікі канферэнцыі

Удзельнікі i госцi канферэнцыі

Уладзiмiр Фiлiпенка