Полоцкий государственный университет

Полоцкий
государственный
университет

З пачатку чэрвеня 2017 года пры Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку праходзяць археалагічныя раскопкі, арганізаваныя пры удзеле кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і аддзела археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа (г. Санкт-Пецярбург).

Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай у сярэдзіне ХІІ стагоддзя У XVI-ХІХ стагоддзях храм быў значна пашкоджаны: зменшаны ў плане, быў зменены яго знешні выгляд і інш. Тым не менш, у царкве захаваўся ўнікальны фрэскавы роспіс, які пакрывае сцены на 70%.

фрагмент сцяны

У раскопках актыўны ўдзел прымаюць студэнты-гісторыкі 1, 2, 3, 4 курсаў і студэнты-архiтэктары 1 курсу ПДУ і нават выпускнікі ўніверсітэта. Яны займаюцца расчысткай разнастайных канструкцый, старажытных сцен, падмуркаў ХІІ стагоддзя, шматлікіх пахаванняў, пераборкай культурнага слоя, пошукам фрэсак і іншых артэфактаў. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву ПДУ і Эрмітажа нашы студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта атрымліваюць унікальную магчымасць працаваць на славутым помніку архітэктуры і авалодваць тэхналогіямі расчысткі аб’ектаў, іх фіксацыі, фатаграфавання, камеральнай апрацоўцы і інш.

Удзельнiкi археалагічных раскопак

На сённяшні дзень раскопам цалкам раскрытыя фрагменты паўднёвай галерэі, якая прымыкала да сцяны храма. Яны захаваліся ў выглядзе фрагментаў падлогі і сцен, рэшткаў каменных падмуркаў, шэрагу пляцовак, якія з’яўляюцца падрыхтаваным слоем для будаўніцтва царквы. У асобных месцах захоўваецца тынкоўка і нават фрэскавы роспіс. Унікальнымі архітэктурнымі адкрыццямі з’яўляюцца пахавальныя аркасолі (нішы ў сцяне, прызначаныя для пахаванняў), алтар галерэі і цаглянае скляпенне ніжэй узроўня падлогі. Сярод знаходак у першую чаргу можна назваць будаўнічыя матэрыялы: фрагменты плітак падлогі, плінфа (цэгла ХІІ стагоддзя) са знакамі на тарцах, фрагменты фрэсак і смальта. Сярод індывідуальных знаходак вылучаюцца аконныя пераплёты, гузік, кніжная зашпілька, фрагменты шклянога начыння, кулі, шпількі пус ейпі. Найбольш значнай знаходкай з’яўляецца свінцовая пячатка прападобнай Ефрасінні Полацкай. Раскопкі працягнуцца да сярэдзіны жніўня.

Фрагмент сцяны канца XVII – пачатку XVIII стагоддзя

Паралельна з даследаваннем Спаса-Прэабражэнскай царквы праведзена шурфоўка пахавальні полацкіх епіскапаў, якая знаходзіцца на поўдзень ад храма. Тут выяўлены фрагмент сцяны канца XVII – пачатку XVIII стагоддзя. Шурфы, закладзеныя ў паўднёва-заходняй частцы манастыра, выявілі, што ў асобных месцах культурны слой дасягае магутнасці 1,6 м.

Коц Аляксей Леанідавіч, магістр гістарычных навук, выкладчык кафедры гісторыі i турызма Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.