Полоцкий государственный университет

Полоцкий
государственный
университет

28 лютага 2013 года ў інтэрнаце №3 Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта распачала работу выстава “Сучасная фотаілюстрацыя твораў Якуба Коласа”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Арганізатарамі выставы выступілі “Школа лідара” УА “ПДУ”, клуб эстэтычнага развіцця «Орифламма» УА “ПДУ”, Клуб сяброў Культуры “Вытокi” пры бібліятэцы імя Якуба Коласа, фотаклуб “Graphclassic” і актыў інтэрната №3.

Выстава “Фотаілюстрацыя твораў Якуба Коласа”

Раней гэтая выстава ўжо ладзiлася да юбілея паэта ў бібліятэцы імя Я.Коласа г.Наваполацка і ў выставачнай зале навуковай бібліятэкі нашага ўніверсітэта. Цяпер з нагоды міжнароднага дня роднай мовы яна адкрылася і ў інтэрнаце №3.

Міжнародны дзень роднай мовы традыцыйна адзначаецца 21 лютага. Свята, заснаванае Генеральнай асамблеяй ААН у лістападзе 1999 года, заклікае садзейнічаць справе абароны і захавання ўсіх моў народаў свету. Беларусь, як адна з дзяржаў-заснавальнікаў ААН, актыўна падтрымлівае гэтую традыцыю.

Мы ганарымся прыгажосцю сваёй сінявокай краіны. Але кажучы пра прыгажосць прыроды, трэба казаць і пра сакавітасць, мілагучнасць нашай беларускай мовы. Кожная мова мае нешта цікавае, але той мілагучнасці, якая ёсць у мове роднага краю, мы нідзе не пачуем.

На мерапрыемстве, якое называлася “Чытаем па-беларуску”, студэнты чыталі вершы Якуба Коласа.

Многа слаўненькіх куточкаў
Ёсць у нашым краі,
Дзе пад гоман ручаёчкаў,
Пад шум дрэў у гаі
Рой журботных дум пакінеш;
Дзе няма трывогі,
Дзе душою адпачынеш,
Змучаны з дарогі;
Дзе прыемны ветрык млее,
Збажыну калыша,
Дзе пакоем-згодай вее,
Дзе ўсё шчасцем дыша.

Чытаем па-беларуску

«Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне…»

Вобраз бабулі, з верша Я.Коласа “Бабулін дзень”, якая ад самага рання пякла смачныя блінцы, дапамог усім дакрануцца да самых прыемных момантаў свайго дзяцінства.

Фотаілюстрацыя твораў Якуба Коласа - Вобраз бабулі

“…Эх, час касьбы, вяселы час!” – такімі словамі Віталь Зазуля ўспомніў гарачыя вясковыя дзянькі лета, калі надосвітку выходзіў на сенакос.

Фотаілюстрацыя твораў Якуба Коласа - Час касьбы

Родная мова - гэта адначасова і культура, і вобраз думак. Разнастайнасць моў з'яўляецца вялізным здабыткам усёй чалавечай спадчыны, а іх прызнанне і павага з'яўляецца ключом да захавання свету.

Актыў інтэрната

Щурпіцкая Таццяна, стараста “Школы лідара”, гр. 09-ПР-3