Полоцкий государственный университет

Полоцкий
государственный
университет

Пятнаццатага студзеня 2015г. вучэбны корпус ПДУ ў Полацку наведалі ўдзельнікі абласной алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўству. Абласная алімпіяда па гісторыі праходзіла ў Полацку ўпершыню. Раней удзельнікі абласнога этапа спаборніцтваў збіраліся ў пасёлку Кастрычніцкі пад Віцебскам. Адметная роля Полацка ў айчыннай гісторыі, багатая архітэктурная і гістарычная спадчына горада пераканалі арганізатараў правесці абласную алімпіяду ў самым старажытным горадзе Беларусі.

Для ўдзельнікаў абласной алімпіяды і настаўнікаў, якія з’ехаліся з усіх гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, была праведзена экскурсія. У ролі экскурсаводаў выступілі дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Наталля Багданаўна Лысова, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Віктар Уладзіміравіч Чараўко, выкладчык той жа кафедры Аляксей Леанідавіч Коц, студэнт-гісторык другога курса Сяргей Камінскі. Гасцей зацікавіў той факт, што вучэбныя карпусы ПДУ ў Полацку знаходзяцца ў будынках былога езуіцкага калегіўма-акадэміі XVIII–XIX стст. Унутраны дворык з рэканструяваным калодзежам, універсітэцкі гадзіннік… Такім можа пахваліцца толькі адзін універсітэт у Беларусі: Полацкі. Экскурсанты таксама ўбачылі залу гістарычнага строя, аздобленую палотнамі мастачкі Нінэль Шчаснай канферэнц-залу, шыкоўную ўніверсітэцкую бібліятэку.

Удзельнікі абласной алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўству

Экскурсія скончылася ў актавай зале, дзе выкладчык кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Вера Адамаўна Гембіцкая-Бортнік і студэнт-гісторык другога курса Дар’я Грыцкевіч раздалі школьнікам і іх настаўнікам буклеты і брашуры з інфармацыяй для абітурыентаў. Пасля быў прадэманстраваны ролік аб спецыяльнасці «Гісторыя».

Затым перад гасцямі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта выступіла дэкан ГФФ Наталля Багданаўна Лысова. Яна звярнула ўвагу на перавагі, якія дае навучанне ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У наш час, калі любую інфармацыю можна знайсці з дапамогай інтэрнэта, сур’ёзную канкурэнцыю буйнейшым сталічным ВНУ складаюць універсітэты, размешчаныя ў адносна невялікіх гарадах. Высокі ўзровень навучання, значны навуковы патэнцыял такіх ВНУ спалучаецца з больш даступным жыллём, меншымі выдаткамі на харчаванне, адсутнасцю транспартных праблем. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт прадстаўляе ўсім першакурснікам месца ў інтэрнаце, чым не могуць пахваліцца сталічныя ўніверсітэты. Прадстаўленне месца ў інтэрнаце пасля першага курса залежыць ад вучэбных поспехаў студэнта. Пасля выступлення Наталля Багданаўна адказала на пытанні аўдыторыі, якія датычыліся спецыфікі навучання, памеру аплаты за навучання, размяшчэння інтэрнатаў.

Перад гасцямі ўніверсітэта выступіла дэкан ГФФ Наталля Багданаўна Лысова

Экскурсія па будынках Полацкага езуіцкага калегіўма скончылася. Вынікі алімпіяды былі падведзены на наступны дзень. Ад Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пераможцы абласной алімпіяды па гісторыі атрымалі запрашэнне працягнуць навучанне ў нашым універсітэце.

Вясной пераможцы алімпіяды з Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі таксама збяруцца ў Полацку. Бо і заключны, рэспубліканскі этап алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўству ў 2015 пройдзе ў Полацку – першай сталіцы Беларусі.

Чараўко Віктар Уладзіміравіч, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму

Фота Дар’і Грыцкевіч