Другога — чацвёртага сакавіка 2015 года Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт наведаў загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Яўгенавіч Новікаў.

С.Я. Новікаў — адзін з буйнейшых айчынных спецыялістаў па Вялікай Айчыннай вайне, аўтар трох манаграфій, звыш 270 артыкулаў па ваеннай гісторыі Беларусі. Яго навуковыя работы выдадзены ў Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі і Украіне. У ПДУ С.Я. Новікаў на працягу трох дзён чытаў адкрытыя лекцыі пад агульнай назвай «Новыя падыходы да вывучэння Вялікай Айчыннай вайны».

Лекцыі Сяргея Яўгенавіча Новікава праходзілі на базе Полацкага калегіўма і ў першую чаргу адрасаваліся студэнтам спецыяльнасці «Гісторыя». Аднак, іх наведалі і студэнты іншых спецыяльнасцей, а таксама госці са школы № 1 г. Полацка. Прывітальнае слова даследчыка адразу настроіла слухачоў на плённую працу.

Лекцыі «Новыя падыходы да вывучэння Вялікай Айчыннай вайны»

Першы дзень С.Я. Новікаў прысвяціў крыніцазнаўчым пытанням, у прыватнасці, дакументальным крыніцам і праблеме іх кампаратыўнага аналізу. У самым агульным выглядзе, кампаратыўны (параўнальны) аналіз азначае працу з дакументамі як савецкага, так і нямецкага боку, што дазваляе атрымаць больш дакладны вынік. Гістарычная кампаратывістыка з’яўляецца плённым і перспектыўным метадалагічным падыходам. Нягледзячы на акадэмічны фармат, лекцыя не ператварылася ў сухі пералік даных. Дакладчык умела чаргаваў тэарэтычную інфармацыю з цікавымі фактамі аб працы ў архівах. Не абыйшлося і без фотаматэрыялаў. Увагу аўдыторыі прыцягнулі фотаздымкі, зробленныя Сяргеем Яўгенавічам падчас наведвання ім розных архіваў Германіі. З іх можна было даведацца не толькі аб самім архіве, але і аб гісторыі горада.

Лекцыі Сяргея Яўгенавіча Новікава

Другі дзень адкрытых лекцый быў прысвечаны германскай гістарыяграфіі па пытаннях, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной на Беларусі. С.Я. Новікаў распавёў аб нямецкіх навукоўцах, якія займаюцца пытаннямі акупацыі, калабарацыі, арганізацыяй працы остарбайтэраў і сумежнымі пытаннямі. Тэмы акупацыі і злачынстваў на тэрыторыі Беларусі досыць добра распрацаваны ў нямецкай гістарыяграфіі. У той жа час, дакладная колькасць ахвяр пакуль што невядомая. Падрабязны аналіз дакументаў дазволіў бы атрымаць максімальна дакладныя лічбы. Пры наяўнасці вялікай колькасці дакументаў аб Хатыні і Трасцянцы, на сённяшні дзень няма работы, дзе б гэтыя матэрыялы былі падрабязна прааналізаваныя. Акцэнтаваўшы ўвагу на «белых плямах», Сяргей Яўгенавіч даў студэнтам-гісторыкам падставу для разважанняў.

На трэці дзень лекцыі Сяргея Яўгенавіча Новікава праходзілі не ў акадэмічным, а ў навукова-папулярным фармаце. Ён звярнуў увагу на такія тэмы, як лёс ваеннапалонных у 1941 г., асаблівасці мемарыяльных комплексаў у Хатыні і Трасцянцы і адказаў на пытанні аўдыторыі.

Прыемным момантам стала перадача Сяргеем Яўгенавічам ўніверсітэту сваіх манаграфій. Іх тэматыка датычыцца прымусовых прац насельніцтва на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і гістарыяграфіі ВАВ у кантэксце нямецкіх крыніц. У якасці падзякі за грунтоўныя і цікавыя лекцыі загадчык кафедры гісторыі і турызму ПДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алеся Іосіфаўна Корсак уручыла госцю кнігу па гісторыі Полацкага калегіўма — акадэміі.

Алеся Іосіфаўна Корсак уручыла госцю кнігу па гісторыі Полацкага калегіўма

Дар’я Грыцкевіч, студэнтка гр. 13-ГІС
Сяргей Камінскі, студэнт гр. 13-ГІС
Віктар Уладзіміравіч Чараўко, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму