31 сакавіка 2016 года на базе вучэбнага корпуса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Полацку адбыўся фінальны этап Краязнаўчых чытанняў «Спадчына Полацкай зямлі». Мерапрыемства, якое сабрала вучняў 7–11 класаў школ і гімназій Полацка і Полацкага раёна, было юбілейным: Краязнаўчыя чытанні праходзілі ў дзесяты раз. Арганізатарамі традыцыйна выступілі: аддзел адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік і Полацкае кніжнае выдавецтва. Тэматыка дакладаў была шырокай і ахоплівала ўвесь гістарычны шлях Полацкага рэгіёна. Адзначым, што сярод навуковых кіраўнікоў работ былі і выпускнікі спецыяльнасці «Гісторыя» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – Наталля Лабоха (група 08-ГІС) і Таццяна Каралёнак (група 09-ГІС).

Х Краязнаўчыя чытанні «Спадчына Полацкай зямлі» у ПДУ

Адкрыў Х Краязнаўчыя чытанні дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Д.А. Кандакоў. У сваім вітальным слове Дзяніс Аляксандравіч сказаў:

«Добры дзень, паважаныя ўдзельнікі чытанняў: настаўнікі, школьнікі, выкладчыкі! Вельмі прыемна бачыць у нашых сценах столькі моладзі, столькі школьнікаў. Звычайна мы прымаем вас з экскурсіямі, а сёння – ужо як даследчыкаў, якія робяць першыя крокі ў навуцы.

Сёння на гісторыка-філалагічным факультэце праходзіць два мерапрыемствы. Адно з іх называецца «Нямецкая мова з задавальненнем», другое – нашыя Краязнаўчыя чытанні. Мне здаецца, што гэта сімвалічная паралель. З аднаго боку, яна падкрэслівае два бакі працы нашага факультэта, а з другога боку, яна сведчыць аб тым, што разам з сучаснасцю – вывучэннем замежных моў, будаваннем мастоў паміж рознымі культурамі – ёсць яшчэ адна важная задача. Гэта вывучэнне сваёй культуры, сваёй мовы, свайго мінулага. І не трэба думаць, што гэта розныя задачы, нібыта, адна замацавана за сучаснасцю, а другая – за мінулым. Наадварот, тое, што звязана з мінулым як раз-такі выводзіць на сучаснасць, яно задае неабходны маштаб для сённяшняга Полацку. Калі мы не будзем узброены дакладнымі навуковымі ведамі пра мінулае Полаччыны і нашага слаўнага горада, мы не зможам уявіць сабе яго веліч і значнасць гэтай зямлі.

Тое, што я сказаў, даволі відавочна для вас – лепшых з найлепшых, якія патрапілі сюды на трэці, фінальны, этап Х Краязнаўчых чытанняў. Я зычу вам усяго найлепшага і няхай пераможа мацнейшы!»

Дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Д.А. Кандакоў

Пасля самага хвалюючага і адказнага этапу мерапрыемства – выступленняў ўдзельнікаў Краязнаўчых чытанняў з дакладамі – для школьнікаў і іх настаўнікаў была праведзена экскурсія па будынках колішняга Полацкага калегіума і Акадэміі, дзе зараз размяшчаецца гісторыка-філалагічны факультэт ПДУ. Хлопцы і дзяўчаты змаглі ацаніць непаўторнае архітэктурнае аблічча і прасякнутыя духам слаўнага мінулага інтэр’еры будынкаў, якія з’яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры міжнароднага значэння. Нашы госці пабывалі ў вучэбных аўдыторыях, навуковай бібліятэцы, канферэнц-зале, упрыгожанай работамі мастачкі Нінэль Шчаснай, зале гістарычнага касцюма, азнаёміліся з археалагічнай экспазіцыяй. Асаблівую цікавасць гасцей універсітэта выклікала рэканструкцыя праекта славутага прафесара Полацкага езуіцкага калегіума Габрыэля Грубера «Механічная галава».

Выступлення ўдзельнікаў Краязнаўчых чытанняў

Даклады школьнікаў

Выступлення ўдзельнікаў з дакладамі

Тым часам сябры журы і аргкамітэта абмяняліся меркаваннямі і вызначылі лепшыя работы. Было адзначана, што ўсе аўтары, якія прайшлі ў фінал Краязнаўчых чытанняў, ужо з’яўляюцца пераможцамі і заслугоўваюць самых найлепшых слоў. Першае месца заняла работа «Вуліцы мікрараёна ДУА «Сярэдняя школа № 12 імя І.Е. Аляксеева г. Полацка», напісаная дзевяцікласнікамі гэтай школы Станіславам Леванеўскім і Арцёмам Шынэлька (навуковы кіраўнік работы – настаўнік Л.М. Пацяёнак). На другім месцы апынулася работа вучняў 10 і 9 класаў сярэдняй школы № 1 г. Полацка Яўгена Шавялёва і Дыяны Весялковай «Канфесійнае становішча Полацкага павета ў гады Першай сусветнай вайны» (навуковы кіраўнік – Р.В. Воюш).

Узнагароджанне аўтараў лепшых работ

Уручэнне грамат Х Краязнаўчых чытанняў

Аўтары прадстаўленых дакладаў

Граматамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта былі адзначаны работа вучаніцы 7 класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Ульяны Бабко «Жыццё шляхты Полаччыны (ХVI–ХVII стст.)» (навуковы кіраўнік – Н.В. Лабоха) і сумесная работа вучняў Дзяржаўнай установы адукацыі «Палатоўская дзіцячы сад – сярэдняя школа Полацкага раёна» Аляксея Рубіса (11 клас), Дзяніса Загнэтава і Андрэя Захарэвіча (10 клас) «Героі крывавага 41-га года» (навуковы кіраўнік – В.Р. Дзяменцьеў).

Фінальны этап Х Краязнаўчых чытанняў «Спадчына Полацкай зямлі»

Традыцыйныя Краязнаўчыя чытанні ў сцянах ПДУ

Непадробны інтарэс школьнікаў да мінулага роднай Полаччыны і ўзровень прадстаўленых імі работ бясспрэчна сведчаць аб тым, что традыцыйныя Краязнаўчыя чытанні ў сцянах Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта чакае доўгая будучыня, а яго ўдзельнікаў – цікавае і насычанае студэнцкае жыццё.

Чараўко Віктар Уладзіміравіч, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму

Фотаздымкі студэнтаў групы 13-ГІС Дар’і Грыцкевіч і Сяргея Камінскага