Прарэктар па вучэбнай рабоце ПДУ Дзяніс Уладзіміравіч Дук звярнуўся да шматлікіх гасцей мерапрыемства з прамовай, каротка ахарактарызаваўшы экспазіцыю, а таксама запрасіў прысутных ацаніць намаганні прафесійных і пачынаючых гісторыкаў універсітэта і пазнаёміцца з некаторымі стронкамі слаўнага мінулага Полацкага калегіума.

Прарэктар па вучэбнай рабоце ПДУ Дзяніс Уладзіміравіч Дук

Рэктар ПДУ Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі падкрэсліў значнасць гэтай падзеі ў жыцці нашага ўніверсітэта: “Мы находимся в таком месте, где все дышит стариной. За последнее время сделано много интересных находок, связанных со зданиями Полоцкого коллегиума. Эти материалы, которые собирали не только наши преподаватели, но и сотрудники Национального Полоцкого историко-культурного музея-заповедника, и вошли в нашу экспозицию. И это только начало большой экспозиции в стенах Полоцкого государственного университета”.

Адкрыццё экспазіцыі «Гісторыя і архітэктура Полацкага калегіума»

Больш падрабязна распавесці пра экспазіцыю “Гісторыя і архітэктура Полацкага калегіума” мы папрасілі аўтара яе канцэпцыі, старшага выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Яўгена Уладзіміравіча Глазырына.

Кар.: Яўген Уладзіміравіч, якую мэту ставілі стваральнікі экспазіцыі?

Я.У. Глазырын: Галоўная мэта – павышэнне аўтарытэта ПДУ як першай вышэйшай навучальнай установы на сучаснай тэрыторыі Беларусі. З такой багатай гісторыяй, якой можам пахваліцца мы, абмяжоўвацца статусам “рэгіянальнага” наш універсітэт проста не мае права! Натуральна, што экспазіцыя павінна таксама паспрыяць і ўмацаванню турыстычнага патэнцыялу Полацкага калегіума.

Кар.: Як нараджалася ідэя стварэння экспазіцыі?

Я.У. Глазырын: Ідэя музеефікацыі Полацкага калегіума ўзнікла яшчэ ў той момант, калі распачыналіся работы па яго рэстаўрацыі. Такая думка напрошвалася сама па сабе, бо яе рэалізацыя дазволіла б аднавіць тую повязь часоў, якая лучыць Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з яго славутымі гістарычнымі папярэднікамі.

Першым крокам стала з’яўленне зандажоў (зандаж – раскрыццё, рэстаўрацыя і кансервацыя фрагментаў першапачатковай мураванкі), якія з ініцыятывы выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта, а зараз вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніка Аляксандра Аляксандравіча Салаўёва ажыццявіў універсітэт. Пазней Аляксандр таксама падрыхтаваў невялікую экспазіцыю знаходак па корпусу “Б” Полацкага калегіума. Але нават падступіцца да стварэння суцэльнай сістэмы музеефікацыі пэўны час не атрымлівалася. Рэальны зрух у гэтай справе пачынаецца ў 2012 годзе, калі адбылася расчыстка езуіцкага калодзежу.

Пад час расчысткі сярод іншых артэфактаў да нас патрапіла гарматнае ядро. Гэтая знаходка, якую, натуральна, хацелася б прадэманстраваць гасцям Полацкага калегіума, яшчэ раз выявіла праблему адсутнасці ў нас цэласнай экспазіцыі. Кіраўнік турыстычнага цэнтра ПДУ Маргарыта Уладзіміраўна Янкоўская выказала пажаданне стварыць нешта такое, што б дазволіла лагічна паказаць развіццё адукацыі на Полацкай зямлі на ўсіх яе этапах. Вось так гэты артылерыйскі снарад стаў сапраўдным “ядром” нашай сённяшней экспазіцыі на другім паверсе будынка “Г”.

Маргарыта Уладзіміраўна Янкоўская і Яўген Уладзіміравіч Глазырын

Кар.: У чым складаецца канцэпцыя экспазіцыі “Гісторыя і архітэктура Полацкага калегіума”?

Я.У. Глазырын: Пасля нараджэння ідэі экспазіцыі паступова склалася і яе канцэпцыя. Усё задумвалася такім чынам, каб адлюстраваць асноўныя этапы развіцця адукацыі, што адбывалася ў будынках былога Полацкага калегіума. На сённяшні дзень мы бачым структуру будучай экспазіцыі наступным чынам: першая частка прысвечана езуіцкаму калегіуму і Акадэміі, гэта значыць да 1820 года; другая частка будзе прэзентаваць кароткі перыяд Вышэйшага піярскага вучылішча; трэцяя, найбольш інфармацыйна насычаная частка, – гэта час дзейнасці Полацкага кадэцкага корпуса. Далей мы плануем таксама адлюстраваць этап, калі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гэтых мурах існавала школа чырвоных камандзіраў, таксама своеасаблівае ваеннае вучылішча. І, нарэшце, у экспазіцыі знойдзецца месца і паказу таго часу, калі тут працаваў вайсковы шпіталь. Тая частка гісторыі развіцця адукацыі на Полацкай зямлі, якая датычыцца дзейнасці ПДУ, на маю думку, павінна ўвайсці ў экспазіцыю, што размесціцца на наваполацкай вучэбнай пляцоўцы.

Экспанаты экспазіцыі «Гісторыя і архітэктура Полацкага калегіума»

Кар.: Што сабой уяўляе адчыненая сёння экспазіцыя?

Я.У. Глазырын: Пакуль што мы падрыхтавалі толькі першую частку запланаванай экспазіцыі. Яна прысвечана Полацкаму езуіцкаму калегіуму. Мы прадставілі асноўныя этапы развіцця езуіцкай адукацыі на Полаччыне:

  • ад узнікнення калегіума і да сярэдзіны XVII стагоддзя, калі ў выніку вайны езуіцкая навучальная ўстанова фактычна перастала існаваць;
  • ад 1667 года, калі адбываецца адраджэнне калегіума, і да сярэдзіны XVIII стагоддзя;
  • ад сярэдзіны XVIII стагоддзя і да пачатку XIX стагоддзя.

Кар.: Якія экспанаты можна ўбачыць у экспазіцыі?

Я.У. Глазырын: На жаль, на сённяшні дзень на Полацкай зямлі засталося не так шмат рэчавых напамінаў пра тыя часы. Але гэта зусім не значыць, што нам няма чаго паказаць! У першую чаргу мы робім акцэнт на багатай калекцыі археалагічных знаходак, зробленых на тэрыторыі Полацкага калегіума. Яны выдатна ілюструюць яго архітэктурную гісторыю. Разам з тым, мы дапаўняем артэфакты адпаведным візуальным суправаджэннем – плакатамі, малюнкамі, створанымі на базе выяў з рукапісных альбо друкаваных кніжных выданняў. У прыватнасці, мы размясцілі ў экспазіцыі партрэты выдатных дзеячаў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё адукацыі на Полацкай зямлі.

Калекцыі археалагічных знаходак, зробленых на тэрыторыі Полацкага калегіума

Кар.: Якімі Вы бачыце перспектывы экспазіцыі?

Я.У. Глазырын: Наступным крокамі будзе стварэнне наступных частках экспазіцыі, якія будуць прысвечаны Полацкаму кадэцкаму корпусу і вайсковаму шпіталю. Але нашу асноўную мэту я бачу ў музеефікацыі ўсяго, што можа падлягаць музеефікацыі, на тэрыторыі Полацкага калегіума для захавання гістарычнай памяці і для экспанавання.

Кар.: Што неабходна для гэтага зрабіць?

Я.У. Глазырын: У першую чаргу неабходна, каб праца па музеефікацыі Полацкага калегіума набыла сістэмны характар і стала агульнай справай, як нашага творчага калектыву, так і, што вельмі і вельмі важна, кіраўніцтва Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кар.: Яўгэн Уладзімравіч, Вы ўзгадалі “каманду аднадумцаў”, дзякуючы намаганням якой і сталася магчымай сённяшняя падзея. Хто гэтыя людзі?

Я.У. Глазырын: Цяжка перацаніць унёсак у нашу агульную справу Маргарыты Уладзіміраўны Янкоўскай і Аляксандра Аляксандравіча Салаўёва! Без арганізатарскага таленту Маргарыты Уладзіміраўны і яе грунтоўных распрацовак, зарыентаваных як на раскрыццё турыстычнага патэнцыялу экспанатаў, так і Полацкага калегіума ў цэлым, без прафесійнай апантанасці і знаходак Аляксандра Аляксандравіча ніякай экспазіцыі сёння проста б не было! Вядомы полацкі мастак Іван Іваноў моцна дапамог нам ва ўсім, што звязана з мастацкім афармленнем экспазіцыі, а індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Ярыгін вырабіў нам мэблю для экспанатаў. Важна адзначыць і тое, што значны ўнёсак у агульную справу ўнеслі студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта. Асабліва хацелася б адзначыць Таццяну Бажкову (14-Гіс), якая праявіла сябе, як цудоўны рэстаўратар.

Мастацкае афармленне экспазіцыі

На ўсіх этапах стварэння экспазіцыі адчувалася шчырая і ўсебаковая падтрымка кіраўніцтва. Без спрыяння з боку загадчыцы кафедры гісторыі і турызму Вольгі Антонаўны Емяльянчык, без дапамогі рэктарата, асабліва Дзмітрыя Мікалаевіча Лазоўскага і Дзяніса Уладзіміравіча Дука, рэалізацыя адчыненай сёння экспазіцыі была б проста немагчымая. Усім ім вялікі дзякуй!

Усе разам мы, спадзяюся, зрабілі нашаму ўніверсітэту выдатны падарунак! З Днём нараджэння, ПДУ!

Уладзімір Філіпенка

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie