У рамках вучэбнай практыкі для першакурснікаў гістарычнай спецыяльнасці Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта 1-15 ліпеня была праведзена чарговая этнаграфічная экспедыцыя на тэрыторыі Міёрскага раёна. Базавы лагер быў арганізаваны на маляўнічым беразе ракі Дзісёнкі, непадалёк ад Дзісны.
Упершыню, пачынаючы з 1995 года, аб’ектам даследавання сталі не толькі вёскі, але і горад, хай сабе і самы маленькі ў Беларусі.
Дзісна, як і мікрарэгіён у цэлым, прывабіла сваёй багатай гісторыяй і спецыфічным культурным ландшафтам, які сфармавалі не толькі беларусы, але яўрэі, палякі, рускія стараверы. Акрамя таго, гэты край з 1921 па 1939 год быў памежжам ІІ Рэчы Паспалітай і Савецкай Беларусі, што таксама наклала адбітак на гаспадарчы ўклад і ментальнасць мясцовых жыхароў, якія ахвотна і шчыра дзяліліся ўспамінамі з экспедыцыянерамі.
Выкладчыкі кафедры гісторыі і турызму, прафесійныя даследчыкі у галіне этнаграфіі і вуснай гісторыі (У.Я. Аўсейчык, У. А. Лобач, А. В. Сумко) забяспечылі высокі навуковы ўзровень экспедыцыі, калі кожная палявая група студэнтаў мела вопытнага куратара. Праблематыка даследаванняў была разнастайнай: сямейная і каляндарная абраднасць, народная медыцына, сакральная геаграфія, антрапалогія вайны, сістэма жыццязабеспячэння, экстрэмальная гастранамія, этнічныя стэрэатыпы… Аднак упершыню былі праведзены даследаванні ў галіне візуальнай антрапалогіі. Дзякуючы кіраўніцтву Полацкага ўніверсітэта, экспедыцыйная група была забясьпечана сучасным абсталяваньнем, якое дазволіла, вядома са згоды людзей, сканаваць старыя фотаздымкі ў палявых умовах. І кожная фотакарта сталася сапраўднай знаходкай, бо гэта не бясконцыя сучасныя сэлфі з нагоды і без, але падзея, гісторыя, выпадак з жыцьця нашых бацькоў і дзядоў.
Ключавымі фігурамі, што забяспечвалі працаздольнасьць усёй экспедыцыі, былі дзяжурныя па лагеры. Непраглядны туман, дождж, залева з градам ці з пярунамі – ніякія знадворныя фактары не маглі адмяніць сьняданку, абеду і вячэры. Трэба аддаць належнае ўсім студэнтам-этнографам – ніводная змена ні разу не схібіла, прынамсі, каб бак з перасоленай ежай выварочваўся пад куст ці ежа была прыгатавана не ў тэрмін.
Не было б ніякай эспедыцыі, а вынікаў – падаўна, каб не шчырыя і сардэчныя людзі, што гасьцінна сустракалі нас. І самая глыбокая і душэўная ўдзячнасць адрасавана старажылам Дзісны і вясковым людзям, якія падзяліліся з намі ўласнымі гісторыямі жыцьця і дазволілі яшчэ больш зразумець наш загадкавы і непаўторны Беларускі сьвет. Здароўя і дабра вам!
Шчырая ўдзячнасць і тым людзям, што дапамагалі нам працаваць арганізавана і эфектыўна: супрацоўнікам Дзіснескага выканкама, гарадскога музэя і біблятэкі, Астроўшчынскага, Завуццеўскага, Мікалаёўскага, Туркоўскага сельсаветаў, і персанальна – дырэктару Дзісненскага лесгасу Драгуну Аляксею Аляксандравічу, дзякуючы якому мы мелі сухія дровы і шыкоўны абедзенны стол з лавамі!
Падзякі заслужылі і ўсе студэнты-першакурснікі: Аляксей Апанасёнак, Ірына Бондар, Дзяніс Жукаў, Дар'я Малчанава, Мікіта Мякшыла, Аляксей Наркеўскі, Аліна Саланевіч, Віталь Сяргун, Насця Цыганкова і Ігар Якубёнак: Вы проста малайцы!
Экспедыцыя «Дзісна 2019» сталася адной з самых выніковых за ўвесь час палявых этнаграфічных даследаванняў Полацкага ўніверсітэта. Наяўнасьць належнага абсталяваньня дазволіла разгарнуць новы напрамак даследаванняў, у рамках якога было адсканавана каля 500 фотаздымкаў 1900–1960-х гадоў, якія адлюстроўваюць культурны ландшафт Дзісеншчыны ў розных ракурсах: ад архітэктурных помнікаў да сямейных і каляндарных абрадаў, ад побыту да этнаграфіі дзяцінства. Што датычыцца класічнай формы – апытання рэспандэнтаў, то і тут даробак аказаўся важкім. За час экспедыцыі ахапілі не толькі Дзісну, але і каля 30 вакольных вёсак (пераважна Міёрскага, але і Верхнядзвінскага, і Полацкага раёнаў таксама).
Было апытана каля 120 чалавек і зафіксавана больш за 110 гадзін аўдыя- і відэазапісаў. Зараз увесь набытак сістэматызуецца і праходзіць расшыфроўку, каб папоўніць фальклорны архіў ПДУ ды грунтоўна ўзбагаціць навуковыя даследаванні новай фактурай. Але адзін з самых галоўных вынікаў – гэта досвед палявой этнаграфічнай працы, які атрымалі студэнты-першакурснікі. І вельмі хацелася б убачыць найбольш апантаных з іх у наступных экспедыцыях, а там – на абароне дыпломаў, магістарскіх і кандыдацкіх дысертацый па ўпадабаным профілі.
Уладзімір Аляксандравіч Лобач, прафесар кафедры гісторыі і турызму
Фота аўтара, Алены Сумко, з сямейных архіваў жыхароў Дзіснешчыны