30 верасня перакладчыкі з усяго свету адзначылі сваё прафесійнае свята. Веданне некалькіх моў адкрывае перад людзьмі новыя магчымасці і з’яўляецца залогам імклівага кар’ернага росту і высокай зарплаты. Сёння прафесія перакладчыка прызнана адной з самых прэстыжных і запатрабаваных.


У Полацкім дзяржаўным універсітэце вучыцца на перакладчыка магчыма на спецыяльнасцях «Рамана-германская-філалогія» і «Замежныя мовы». А таксама ўніверсітэт прапануе курсы замежных моў, якія дазваляюць павысіць свой узровень валодання мовай альбо пачаць вывучэнне «з нуля».

Выпускнік ПДУ Сяргей Матырка, які скончыў гісторыка-філалагічны факультэт на аддзяленні нямецкай і англійскай мовы, падзяліўся сваім вопытам працы перакладчыкам.

Сяргей Матырка

Ён займаецца не толькі перакладам дакументаў з англійскай і нямецкай моў, але і мастацкай літаратуры з нямецкай мовы на беларускую, што дае магчымасць беларускім жыхарам і іх дзецям чытаць кнігі замежных аўтараў на сваёй роднай мове. Да сённяшняга часу нават самыя лепшыя камп’ютарныя перакладнікі не могуць замяніць перакладу чалавечага. Бо пры перакладзе самае галоўнае – знайсці адпаведнасць не словам, а думкам.


С.Матырка: Завуць мяне Сяргей Матырка. Я нарадзіўся на Лепельшчыне, у маленькай вёсцы Слабодка. Там скончыў школу. Потым паступіў ва ўніверсітэт. У школе ў мяне была вельмі добрая настаўніца нямецкай мовы, таму я вельмі захапіўся замежнай мовай увогуле і асабліва нямецкай мовай, і мой далейшы шлях быў відавочны. У Полацкім універсітэце тады, здаецца, быў апошні год, калі яшчэ былі ўступныя экзамены. Здаў я іх паспяхова і пачаў навучанне на гісторыка-філалагічным факультэце - ён тады так называўся - на аддзяленні нямецкай і англійскай мовы. Нямецкая мова была ў мяне асноўная, з першага да пятага курса, а англійская - дадатковая, яна пачалася з другога і засталася да пятага курса. Скончыўшы ВНУ, адразу пачаў вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці «Замежная літаратура», у Аляксандра Аляксандравіча Гугніна, на профілі швейцарская і нямецкая літаратура. Я працаваў над дысертацыяй па творчасці швейцарскага драматурга Фрыдрыха Дзюрэнмата. Свае даследаванні я працягнуў і ў аспірантуры. Праз тры гады аспірантуру скончыў, але дагэтуль так і не абараніўся, навуковая дзейнасць мая, такім чынам, прыпынілася.

Сяргей Матырка

Трэба сказаць, што я працаваў у нашым універсітэце перакладчыкам. Спачатку ў міжнародным аддзеле, якім кіраваў Сяргей Васільевіч Пяшкун. Потым некалькі год працаваў у Інтэрнэт-цэнтры пад кіраўніцтвам Ірыны Львоўны Кечко. Працоўная дзейнасць была звязана ў асноўным з нямецкай мовай.

Потым надышоў час развітацца з універсітэтам, гэта быў, здаецца, 2015 год. Пайшоў я, так бы мовіць, на «вольныя хлябы». Справа ў тым, што ў пэўны перыяд свайго жыцця я проста зразумеў, што хачу зарабляць замежнымі мовамі, перакладам, менавіта тым, на што, прынамсі, і вучыўся. З пэўнага моманту я пачаў прафесійна займацца перакладамі: пераклады дакументаў, тэхнічныя пераклады і гэтак далей, з нямецкай і англійскай мовы. І працягваю гэтую дзейнасць дагэтуль.

Яшчэ напрыканцы вучобы ў аспірантуры ў мяне пачало недзе так, на ўзроўні падсвядомасці, штосьці мільгацець - а чаму б табе не паспрабаваць перакладаць літаратуру? З літаратурай я заўжды сябраваў, мне заўжды хацелася рабіць штосьці літаратурнае. Пэўна, менавіта таму я і вучыўся тут, і ў магістратуры, і ў аспірантуры, па літаратурным напрамку. І я лічу, што вось гэта ўсё, што я паспеў вывучыць, і вылілася ў маю дзейнасць перакладчыка мастацкай літаратуры.

У мяне быў асноўны прынцып - я вырашыў, што буду перакладаць менавіта на беларускую мову. Чаму? Таму што я лічу, што беларуская мова – гэта мая родная мова. Калі гаварыць прама, мая родная мова – гэта трасянка. (смяецца). Але ў маёй трасянцы большасць - гэта ўсё-такі беларуская мова. У гаворцы маіх родных мясцін вельмі моцна адчуваецца ўплыў беларускай фанетыкі - у мяне заўжды і па-руску і «р», і «ч» вельмі цвёрдыя атрымоўваюцца. Спрабаваў я перакладаць таксама і на рускую мову. Але мне сказалі: «Сярожа! У тваіх перакладах трапляецца вельмі шмат беларусізмаў». І таму я вырашыў - чаму мне ўжо пакутваць з гэтай рускай мовай, буду перакладаць на беларускую! Тым больш, што ў мяне ляжыць душа да гэтага.

Вядома, гэта больш хобі. Сказаць па шчырасці, у нас перакладчык мастацкай літаратуры зарабляць выключна на гэтым можа, але не так шмат як хацелася б. Таму мастацкі пераклад у мяне заўжды быў як хобі. Я перакладаў вельмі шмат “у шуфляду” і з англійскай, і з нямецкай мовы. А потым лёс склаўся так, што са мной звязаўся выдавец і проста спытаў: «Сярожа! Ты ж перакладаеш з нямецкай мовы?» Я сказаў: «Так». І закруцілася. Такім чынам і выйшла ў перакладзе кніжка Эрвіна Мозэра «Неверагодныя гісторыі на дабранач».

Сяргей Матырка

Карэспандэнт: Многія студэнты абіраюць сталічныя ВНУ. Вы не пашкадавалі, што паступілі менавіта ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт?

С.Матырка: Ніякім чынам не пашкадаваў. Таму што Полацк, Наваполацк - гарады, якія я заўжды любіў. У гэтых гарадах жывуць мае родныя. І неяк, я ня ведаю, з дзявятага класа, са школы, я мэту сабе вызначыў і паступова да яе ішоў, каб паступіць менавіта сюды. І, сказаць па шчырасці, я вельмі рады, што скончыў менавіта Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Я заўжды пра гэта ўсім кажу: пра тое, што я вучыўся ў Полацку, пра тое, што я вучыўся на нашай кафедры.

У мяне заўжды бываюць такія моманты, калі людзі, напрыклад, з якімі я працую, калі прыязджаюць немцы, калі там перамовы нейкія вядуцца, калі перакладаю шмат чаго пісьмова, шмат чаго вусна. І калі мяне пытаюцца, дзе я вучыўся, я з гонарам кажу: «У Полацку!»

Сяргей Матырка


Гутарылі: Анастасія Ткачэнка, Таццяна Осіпава
Фота: Ангеліна Мядзведзь


 

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie