Фармальна атрад яшчэ лічыўся атрадам Наваполацкага філіяла Беларускага тэхналагічнага інстытута, але ўжо ўлетку 1973 года будатрадаўцы лічылі сябе студэнтамі Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Вось яго аповед і фотаздымкі з каментаром да іх:

Эўрыка-73 - Ігнацьеў Анатолій Пятровіч

Ігнацьеў Анатолій Пятровіч.
2008

“Будаўнічы атрад “Эўрыка” у асноўны складаўся са студэнтаў, што закончылі 2 і 3 курс будаўнічага і тэхналагічнага факультэтаў НПІ. Паколькі вялікая колькасць студэнтаў жадала паехаць у сібірскую тайгу (што было абумоўлена рамантыкай, а таксама магчымасцю добра зарабіць), у інстытуце праводзіўся конкурсны адбор. У сувязі з цяжкімі ўмовамі працы атрад практычна на 90% складаўся з хлопцаў, толькі некалькі дзяўчат былі залічаны для працы на кухні.

Працавалі два месяцы – з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны жніўня. Дзеля гэтага залічаныя ў атрад летнюю сесію здалі ў маі – пачатку чэрвеня.

Камандзір атрада – Уладзімір Журба, студэнт 4-га курса тэхналагічнага факультэта, ужо меў практыку кіраўніцтва будатрадамі; камісар – Аляксандр Тачыла, студэнт 3-га курса, будучы інжынер-механік, таксама ў папярэднія гады зарэкамендаваў сябе добрым арганізатарам.

Эўрыка-73 - Камандзір атрада Уладзімір Журба

Камандзір атрада “Эўрыка” Уладзімір Журба
ў думках аб плане працы на наступны дзень.
Аргат-Юл, Томская вобласць.
Ліпень 1973

Напачатку фарміраваўся зводны беларускі студэнцкі будаўнічы атрад у Мінску, які павінен быў працаваць на прасторах Савецкага Саюза за межамі Беларусі. У залежнасці ад накірунка дыслакацыі, складаўся састаў цягніка. У сярэдзіне чэрвеня 1973 года з чыгуначнага вакзала Мінска адправіўся цягнік ў накірунку Масквы з будаўнічымі атрадамі з Беларусі, якія павінны былі працаваць у Сібіры.

У плацкартным вагоне змяшчалася два будаўнічыя атрады (80 – 90 чалавек), прычым спальныя месцы былі і на трэціх паліцах (акрамя бакавых), такім чынам у адно купэ змяшчалася 8 чалавек. Але гэтыя абставіны не турбавалі маладых. Наадварот, новыя знаёмствы, песні пад гітару, вясёлыя гісторыі, дыскуссіі аб набалелым зрабілі дарогу незабыўнай…

Эўрыка-73 - Перад пасадкай у вагон

Атрад “Эўрыка” перад пасадкай у вагон, які адпраўляецца ў Сібір.
Чыгуначны вакзал. Мінск.
Чэрвень 1973

Эўрыка-73 - Перад зборам Усесаюзнага атрада

Перад зборам Усесаюзнага атрада.
Злева направа:
Сяргей Званароў, Анатоль Ігнаццеў (аўтар), Барыс Галаванаў.
Масква. Чэрвень 1973

Месцам дыслакацыі студэнцкага будаўнічага атрада “Эўрыка” з Наваполацку быў невялікі леспрамгасаўскі пасёлак Аргат-Юл Першамайскага раёна Томскай вобласці. Гэты пасёлак існуе і зараз, але за апошнія дзесяцігоддзі ён ператварыўся ў адзін з расійскіх цэнтраў па загатоўцы драўніны.

Томская вобласць – геаграфічны цэнтр Сібіры. Вялікую частку яе тэрыторыі займаюць лясы, балоты, рэкі і азёры. Значную частку вобласці (каля 60%) займаюць лясныя масівы, дзе выразна прасочваюцца асноўныя зоны: сярэдняй тайгі, паўднёвай тайгі і лесастэпавая. Вялікая частка ляснога фонду – эксплуатацыйныя лясы. Палова эксплуатацыйных запасаў драўніны – іглічныя пароды, з якіх найболей каштоўнымі з’яўляюцца кедр, елка, піхта, хвоя, лістоўніца. Не выпадкова Томскую вобласць завуць “кедравым краем”.

Найболей буйныя рэкі – Об, Том, Чулым, Кець, Васюган, Тым. Уся рачная сістэма належыць да басейна Абі, якая перасякае вобласць з паўднёвага ўсходу на паўночны захад на адлегласці каля 1000 кіламетраў, дзелячы вобласць на дзве амаль роўныя часткі.

Эўрыка-73 - Леспрамгасаўскія пасажырскія вагоны

Леспрамгасаўскія пасажырскія вагоны не мелі ні вокнаў, ні дзвярэй.
Едзем з тайгі ў пасёлак пасля працоўнага дня.
Аргат-Юл. Лета 1973

Аргат-Юл знаходзіўся побач з рэчкай Улуюл, якая ўпадае ў Чулым, а той, у сваю чаргу, у Об. Усе рэкі – сплавныя. Гэта азначала, што менавіта па гэтых рэках з глыбінак тайгі сплаўлялі драўніну да больш буйных цэнтраў. Да спецыяльнага прычала з пабудаваным вялікім жолабам, па якім у раку спускаліся бярвенні, лес падвозілі па вузкакалейцы, якая цягнулася ў глыб тайгі.

Асноўным відам дзейнасці байцоў з атрада “Эўрыкі” былі: будаўніцтва і рамонт вузкакалейных дарог у леспрамгасе, па якіх з тайгі для наступнага сплава па рацэ вывозілі лес; разборка і зборка на новым месцы шчытавых дамоў. Акрамя гэтага ў парадку аказання шэфской дапамогі дапамагалі мясцоваму насельніцтву нарыхтоўваць сена на зіму для хатняй жывёлы.

Дарэчы, насельніцтва пасёлка ў большасці складалася з высланых у розны час перасяленцаў з розных абласцей Расіі, Татарыі, Украіны ды інш. У сувязі з пэўнай адасобленасцю тых месцаў “ад мацярыка”, у гаворцы перасяленцаў адчуваліся асаблівасці сваёй нацыянальнай мовы, якія перадаваліся ўжо некалькім пакаленням.

У хуткім часе па прыбыцці ў сібірскі пасёлак на спінах будаўнічаатрадаўскіх кашуль з’явілася эмблема: пыса бурага мядзведзя, вакол якой была напісана назва пасёлка, а на рукаве – нашыўка, якая ў стылізаваным коле ўтрымлівала назву “Новополоцк”, “15 лет”, атрыбуты нафтаграда (што падкрэслівала ідэйную накіраванасць працы – прысвячэнне 15-годдзю Наваполацка) і назву атрада “Эўрыка” – па цэнтры.

Брыгада цесляроў, як ужо адзначалася вышэй, узводзіла шчытавыя дамкі для леспрамгасаўцаў.

Эўрыка-73 - Перадача сякеры брыгадзіру цесляроў

Сімвалічная перадача сякеры кіраўніком атрада Ў. Журбой (ён злева)
брыгадзіру цесляроў, якія працавалі на зборцы шчытавых дамкоў

Эўрыка-73 - Брыгада цесляроў ля пабудаванага дамка

Фотаздымак на ўспамін.
Брыгада цесляроў ля пабудаванага дамка

Але ўсё ж асноўная частка байцоў “Эўрыкі” змагалася на вузкакалейцы.

Вузкакалейная дарога ў леспрамгасе будавалася не так, як звычайна будуецца чыгунка. Гэта адбывалася наступным чынам. На высечаным участку лесу з мінімальнай падрыхтоўкай землянога палатна клаліся шпалы, да якіх кастылямі прыбіваліся па шаблону рэйкі. Затым пад шпалы, пры неабходнасці, падкладваліся пні, ствалы дрэў і інш. для таго, каб больш-менш выраўняць сабраную канструкцыю. Пасля гэтага на яе асцярожна запіхвалася матавозам платформа з пяском, адкідваліся барты і адмысловым плугам, які цягнула лябёдка, замацаваная на матавозе, пясок скідаўся на рэйкі. Далей фармаваўся насып і рыхтоўка каляіны. Так дарога ішла ў глыб лесу на дзясяткі кіламетраў следам за лесарубамі.

Адпаведна, раней пабудаваныя апісаным вышэй спосабам участкі дарогі патрабавалі пастаяннага рамонту і выраўнівання. Вось кадры фотахронікі нашай працы:

Эўрыка-73 - Чыгунка праз тайгу

Так будаўвалася чыгунка праз тайгу ў Цюменскай вобласці

Эўрыка-73 - Чарговы яр на шляху брыгады

Чарговы яр на шляху брыгады чыгуначных будаўнікоў пройдзены.
Першы злева – выхаванец будатрада,
якога залічылі з мэтай працоўнага перавыхавання
яшчэ ў Наваполацку

Эўрыка-73 - Анатоль Ігнацьеў у экіпіроўцы

Толькі ў такім выглядзе можна было зайсці ў тайгу.
Анатоль Ігнацьеў у экіпіроўцы

Але галоўнай узнагародай для ўсіх байцоў студэнцкага атрада “Эўрыка”, які на працягу двух месяцаў, неглядзячы ні на якія абставіны, дасягнуў мэты – вузкакалейка была пракладзена. А гэта азначала, што ўсе, хто ўлетку 1973 года апынуўся ў далёкім сібірскім пасёлку Аргат-Юл, вытрымалі выпрабаванне, сталі мацнейшыя духам і на ўсё жыццё запомнілі тыя цяжкія і шчаслівыя дні…

Эўрыка-73 - Дарога, пракладзеная атрадам “Эўрыка”

Дарога, пракладзеная атрадам “Эўрыка”,
вяла да яшчэ некранутых лесасекамі ўчасткаў тайгі…
Аргат-Юл, Томская вобласць.
Лета 1973 года

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie