Яшчэ ў 1924 годзе Усесаюзны Цэнтральны Савет Прафесіянальных Саюзаў, Наркамат працы і асветы распрацавалі спецыяльную інструкцыю аб практыцы студэнтаў вну, у якой быў вызначаны парадак праходжання практыкі і выкарыстанні працы студэнтаў у летні час на прамысловых прадпрыемствах і ў сельскай гаспадарцы. Гэтая інструкцыя на дзесяцігоддзі прадвызначала працу студэнтаў не толькі як набыццё практычных навыкаў будачай прафесіі, але аказанне значнай дапамогі дзяржаве ў яе планах. Студэнцкія брыгады трудармейцаў і сіняблузнікаў у гады прадваенных пяцігодак удзельнічалі ў камуністычных суботніках, у будаўніцтве Днепрогэса і Магніткі, аказвалі дапамогу ў арганізацыі прапагандысцкай, культурна-масавай і санітарна-асветніцкай працы ў вёсках. Студэнты вышэйшых навучальных устаноў удзельнічалі ў будаўніцтве сельскіх электрастанцый, узводзілі народнагаспадарчыя аб’екты, працавалі ў розных галінах прамысловасці, нарыхтоўвалі лес, выконвалі сельскагаспадарчыя працы, удзельнічалі ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сваіх навучальных устаноў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны студэнты ўдзельнічалі ў аднаўленні Ленінграда і Сталінграда, Донбаса і Днепрагэса, Украіны і Беларусі.

На мяжы 50-х і пачатку 60-х гадоў пачынаецца новы этап у развіцці форм удзелу студэнцкай моладзі ў грамадска-прадукцыйнай працы – стварэнне студэнцкіх будаўнічых атрадаў (СБА), якія якасна адрозніваюцца ад папярэдніх форм арганізацыі працы моладзі падчас канікулаў.

Ужо ўлетку 1959 года ў студэнцкіх будаўнічых атрадах працуюць дзесяткі тысяч студэнтаў на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза. У 1962 годзе быў прыняты першы Устаў студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Добраахвотнасць фармавання і самакіраванне ў атрадах, спалучэнне гаспадарчай дзейнасці з ідэйна-палітычнай працай сярод мясцовага насельніцтва, строгая свядомая дысцыпліна і адказнасць без зніжак на маладосць – такія асновы атраднага жыцця.

Пачатак будаўнічых атрадаў: Даведачныя дапаможнікі

Даведачныя дапаможнікі па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў 1975 і 1983 гадоў

Студэнцтва Наваполацка не было выключэннем на прасторах вялікай краіны. Незабыўнай на ўсё жыццё станавілася праца ў студэнцкіх будаўнічых атрадах нашай навучальнай установы, якія працавалі не толькі на Віцебшчыне, альбо Беларусі, але і ў самых аддаленых кутках Савецкага Саюза.

Першым будаўнічым атрадам нашай навучальнай установы, на той час – Наваполацкага філіяла Беларускага тэхналагічнага інстытута (НФБТІ), стаў студэнцкі будаўнічы атрад “Эврика-69”. Яго дэбют быў паспяховым. Атрад працаваў на меліярыцыйных работах у Дубровенскім раёне і асвоіў 30 тысяч рублей капіталаўкладанняў.

Пачатак будаўнічых атрадаў: Студэнцкі атрад “Эврика-69”

Пачатак будаўнічых атрадаў: Меліярыцыйныя работы

Пачатак будаўнічых атрадаў: Студэнты НФБТІ

Студэнты НФБТІ на меліярыцыйных работах

У наступныя гады, сярод будаўнічых атрадаў НФБТІ і НПІ заўжды ствараўся атрад з назвай “Эврика”, зменяліся толькі лічбы гадоў.

Два будаўнічых атрады працавала ў 1970 годзе: “Эврика-70” і “Квант”. Галаўная задача, пастаўленая перад атрадамі – будаўніцва школ у сельскай мясцовасці, якое было выключным у пачатку заключнага этапу Усесаюзнай двухгодкі “Камсамол – вясковай школе”.

Мікалай Вальшонак, камандзір СБА “Эврика-70” у артыкуле “У трэцім семестры” (“Химик”, 24 верасня 1970 г.) распавёў:

“Атрад “Эврика-70” быў створаны на базе пятай і шостай груп механікаў першага курса ў складзе 26 чалавек. 9 ліпеня мы прыбылі ў г. Докшыцы. Нас вельмі сардэчна сустрэлі. Студэнты разбілі лагер, прывялі ў парадак спартыўныя пляцоўкі побач са школай. З’явіўся на стэндзе распарадак дня, выйшла першая фотагазета “Ехалі мы, ехалі”. Напісалі лозунгі і плакаты па тэхніцы бяспекі. Праз тры дні літаральна немагчыма было пазнаць тэрыторыю лагера і памяшканні, дзе месціўся атрад. Ва ўсім адчувалася прыгажосць, утульнасць і ўзорны парадак. Абсталявалі кафэ “Не праходзь міма”. На сталах заўжды стаялі жывыя кветкі. Тут была дзіўная ўтульнасць. А як смачна ўмелі гатаваць нашыя павары! Не параўнаеш ні з адным рэстаранам.

У памяшканні штабу вывесілі план мерапрыемстваў, якія было вызначана правесці ў лагеры. Агітбрыгада атрада падрыхтавала некалькі канцэртаў і выступіла ў суседніх калгасах. Былі прачытаны цікавыя лекцыі, праведзены гутаркі. На высокім узроўню праходзілі ў нас і спартыўныя спаборніцтвы.

На тэрыторыі атрада дзейнічаў піянерскі спартыўна-аздараўленчы лагер “Спутнік”, у якім праводзілі з дзецьмі цікавую працу. Адкрылі таксама кансультацыйны пункт дапамогі паступаючым у вну і тэхнікумы. Давалі кваліфіціраванныя парады, аказвалі практычную дапамогу.

Кожную нядзелю атрад выходзіў у поле і дапамагаў ва ўборцы ўраджая.

Ад самага пачатку сваей працоўнай дзейнасці мы сутыкнуліся с цэлай масай выпадкаў парушэння тэхнікі бяспекі з боку будаўнічай арганізацыі. Не хапала матэрыялаў, кранаў і аўтамашын, якія павінны былі працаваць згодна дагавору. Усе гэтыя недахопы мы ўсе ж вырашалі з дапамогай вышэйстаячых арганізацый. Быў створаны неабходны фрот работ. Негледзячы на неспрыяльныя пагодныя ўмовы, усе члены атрада працавалі з вялікай энергіяй.

Студэнты “Эврика-70” асвоілі 57,5 тысяч рублей капітальных укладанняў замест вызначаных 55 тысяч. Мы акахалі таксама значную дапамогу школе. Адрамантавалі 150 парт, пафарбавалі сцены і падлогу ў памяшканнях, нарыхтавалі звыш 100 кубаметраў дроў. Перадалі школе і ўсталявалі хімічнае і фізічнае абсталяванне.

26 жніўня адбылася ўрачыстая лінейка. Мы развітваліся з горадам. Тут нам уручылі граматы райкама партыі, РК ЛКСМБ, будаўнічай арганізацыі ПМК-83 трэста “Полацксельбуд” і ДСТ “Ураджай” за прыкладную працу і актыўны ўдзел у культурна-масавай і спартыўнай рабоце.

Свой працоўны семестр і тое значнае ўкладанне, якое ўнеслі ў камсамольскую двухгодку “Камсамол – вясковай школе”, мы прысвячаем 50-годдзю Ленінскага камсамола рэспублікі і XXIV з’езду, які павінен адбыцца.”

А вось як апісана падрыхтоўка да працы ў студэнцкіх будаўнічых атрадах Уладзімірам Грынёвым, начальнікам штаба працоўных спраў інстытута, у артыкуле “Напярэдадні” (“Химик”, 23 мая 1972 г.):

“Незвычайна ажыўлена зараз у камітэце камсамола Наваполацкага філіяла Беларускага тэхналагічнага інстытута. Яшчэ б! Нядаўна быў абвешчаны набор у студэнцкія будаўнічыя атрады. Па колькасці пададзеных заяў жадаючых апынулася значна больш, чым патрабавалася.

Улетку цяперашняга года на будоўлі Беларусі адправіцца вузаўскі студэнцкі будаўнічы атрад агульнай колькасцю ў 160 чалавек. І яшчэ 40 хлопцаў будуць прадстаўляць нашу маладую ВНУ на студэнцкай будоўлі ва Ўральскай вобласці Казахскай ССР. Хлопцам давядзецца працаваць на будаўніцтве сельскіх школ, вытворчых і сельскагаспадарчых аб'ектах вобласці…

З асаблівай увагай паставіліся да фармавання атрада ва Ўральскую вобласць Казахскай ССР. Са строгай прынцыповасцю разгледзелі кожную пададзеную заяву. У атрад увайшлі ў большасці тыя, хто ўжо ўдзельнічаў у трэцім працоўным раней. Камандзірам прызначаны М. Хаустовіч, студэнт чацвёртага курса, камуніст, камісарам – трэцякурснік У. Журба.

Камітэт камсамола зацвердзіў план падрыхтоўкі атрадаў да летніх работ. Ён уключае абавязковае праходжанне курса “Тэхнікі бяспекі пры будаўнічых працах”, медыцынскую камісію, научанне некаторым асноўным будаўнічым спецыяльнасцям.

Акрамя будаўнічай, атрадам трэба будзе правесці вялікую агітацыйна-прапагандысцкую, шэфскую і культурна-масавую працу з мясцовым насельніцтвам. Вось чаму ў план падрыхтоўкі ўключаныя такія пункты, як вучоба піянерважатых і лектараў студэнцкіх будаўнічых атрадаў, вызначаныя конкурсы на лепшую агітбрыгаду і насценгазету атрада ў падрыхтоўчы перыяд. Штабу працоўных спраў неабходна паклапаціцца аб забеспячэнні атрадаў формай, культспортінвентаром, прыладамі працы. Адным словам, спраў вельмі шмат.

Хочацца верыць, што з пастаўленымі задачамі нашы студэнты справяцца з гонарам. Камітэт камсамола, штаб працоўных спраў інстытута прыкладуць усе сілы, каб трэці працоўны семестр наваполацкіх студэнтаў прайшоў на высокім арганізацыйным і ідэйна-палітычным узроўні.”

Пачатак будаўнічых атрадаў: У далёкі шлях – у добрым настроі

Будаўнічы атрад НПІ. У далёкі шлях – у добрым настроі. 1970-я

Пачатак будаўнічых атрадаў: Эмблемы-нашыўкі

Эмблемы-нашыўкі будаўнічых атрадаў НПІ

Інтэрнацыянальная сутнасць трэцяга, працоўнага семестра, ярка выяўлялася ў дапамозе, якую юнакі і дзяўчаты аказвалі народнай гаспадарцы саюзных рэспублік. У Якуціі, Цюменскай, Томскай, Пскоўскай, Смаленскай і іншых абласцях Расіі, Малдаўскай і Казахскай ССР, на Ўсесаюзных ударных камсамольскіх будоўлях: Байкала-Амурскай магістралі (БАМ), на пракладцы газаправода Таржок – Мінск – Івацэвічы (атрад “Дружба”) і ўзвядзенні Лукомльскай электрастанцыі працавалі студэнты з эмблемой будаўнічага атрада Наваполацка.

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie