Паколькі комплекс будынкаў былога езуіцкага калегіума знаходзіцца ў ахоўнай зоне старажытнага Полацка, гэта азначала, што перш, чым пачаць рэстаўрацыйныя работы трэба было правесці археалагічныя раскопкі. Летапісны Полацк – адзін з самых прывабных беларускіх гарадоў для археалагічных даследаваняў. Археалагічнымі раскопкамі ў розныя гады займаліся вучоныя-археолагі, якія зрабілі вялікі ўклад у пашырэнне гістарычных ведаў аб славутым Полацку. Эстафету папярэдніх даследчыкаў-археолагаў у 1999 годзе перанімае выпускнік Полацкага дзяржаўнага універсітэта Дзяніс Уладзіміравіч Дук.

Вывучэнне культурнай спадчыны ў ПДУ - Дзяніс Уладзіміравіч Дук

Дзяніс Уладзіміравіч Дук (крайні зправа)
знаёміць гасцей універсітэта з новымі археалагічнымі здабыткамі.
6 лютага 2008

Дзяніс Уладзіміравіч Дук, загадчык кафедры ўсеагульнай і айчыннай гісторыі, кандыдат гістарычных навук, археолаг.

З дзяцінства Дзяніс ад бацькі, Уладзіміра Дзянісавіча, чалавека, закаханага ў сваю радзіму Полаччыну, чуў легенды і паданні гэтага краю. Падчас вандровак бацькі з сынам па полацкіх ваколіцах той паказваў яму курганы-валатоўкі, Барысавы камяні, вялікія камяні-крыжы, апрацаваныя людзьмі яшчэ ў дахрысціянскі час. Уражанні дзяцінства засталіся ў хлапчука на ўсё жыццё.

Сам Дзяніс Уладзіміравіч кажа, што яму пашчасціла. Бо якраз тады, калі ён закончыў школу, у ПДУ адкрылася спецыяльнасць «Гісторыя». І, безумоўна, апантаны малады чалавек не мог прапусціць такі шанц, дадзены лёсам. Да 1999 года студэнты-гісторыкі разам з выкладчыкамі Полацкага дзяржаўнага універсітэта адпраўляліся на раскопкі ў іншыя раёны і працавалі з мінскімі спецыялістамі. Сам Дзяніс вучыўся ў мінскіх археолагаў і сваё кожнае студэнцкае лета капаў разам са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Пасля атрымання дыплома Дзяніс застаўся ў ПДУ на кафедры гісторыі і сацыялогіі. Стаў суіскальнікам Інстытута гісторыі НАН Республікі Беларусь. Атрымаў пасведчанне Міністэрства культуры на права прафесійна займацца археалогіяй і дазвол Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук на правядзенне археалагічных работ. У 2003 годзе Дзяніс Уладзіміравіч Дук абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную вывучэнню матэрыяльнай культуры насельніцтва Полацка XVI – XVIII стагоддзяў. Полацкая зямля атрымала свайго даследчыка, і Дзяніс Дук з нецярплівасцю ўзяўся за працу.

Магчыма адчуўшы ўзвышанасць памкненняў, шчодрасць сэрца, дабрыню рук маладога археолага, штогод, пласт за пластам, адкрывае свае таямніцы гстарычная зямля, удакладняючы і папаўняючы нашы веды аб старажытным Полацку.

Археалагічныя раскопкі ў ліпені 2001 года праходзілі на тэрыторыі ваеннага шпіталя (былога езуіцкага калегіума). Помнік, на якім праводзіліся раскопкі, размешчаны на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці – Вялікім пасадзе г. Полацка. Ішлі інтэнсіўныя перамовы аб вяртанні яго будынкаў (Езуіцкага калегіума) Полацкаму дзяржаўнаму універсітэту. Пачынаючы з 1992 года, мінскія археолагі рабілі археалогічныя шуфроўкі, назіранні пры правядзенні будаўнічых прац з мэтай поўнага вывучэння тэрыторыі. У 2000 годзе ў рамках праекта па рэканструкцыі будынка Езуіцкага калегіума Д. Дукам і С. Тарасавым была праведзена шурфоўка каля падмуркаў пабудовы з мэтай высвятлення этапнасці ўзвядзення будынкаў. Усе раней праведзеныя археалагічныя вывучэнні сведчылі аб захаванні слядоў жыццядзейнасці палачан на гэтай тэрыторыі сама меней з XII ст.

Архелагічныя раскопы пачынаюцца са зняцця баласту (дзень сённяшні), які не ўяўляе цікаўнасці. А вось далей пачынаюцца так званыя культурныя слаі: XIX, XVIII, XVII, XVI… X, IX і г.д. стагоддзі. Колькі раз замірае сэрца археолага пры праходжанні праз стагоддзі падчас раскопаў!

Вывучэнне культурнай спадчыны - Агульны выгляд раскопа

Агульны выгляд раскопа на ўзроўні 3 пласта з рэшткамі печышча.
Фота Дзяніса Дука

Археалагічныя раскопы 2001 года даюць нам уяўленні аб жыцці нашых папярэднікаў – кадэтаў, езуітаў і ўсіх тых, хто прычыніўся стагоддзі таму да гэтай тэрыторыі. Культурны пласт XIX стагоддзя (кадэты) – бытавых рэчаў (посуд, кафля, прылады працы) выяўлена параўнальна няшмат, затое ў вялікай колькасці сустрэты прадметы вайсковай амуніцыі: гузікаў ад афіцэрскай і салдацкай уніформы, какардаў і пагонаў, спражак, у т. л. з эмблемай агульных палкоў рускай арміі 1812г.

Вывучэнне культурнай спадчыны - Салдацкія пагоны і какарды

Салдацкія пагоны і какарды ХІХ – пач. ХХ стст.
Фота Дзяніса Дука

Культурныя слаі XVIII – XVI стагоддзяў звязаны з часам дзейнасці калегіума. У вялікай колькасці тут знойдзены фрагменты керамічнага посуду і сцянной кафлі, а таксама індывідуальныя знаходкі: дзвярныя кручкі, шылы, дэкаратыўныя цвікі, абутковыя падкоўкі і касцельныя свяцільнікі, гліняныя шарыкі для гульні, жалезныя спражкі ад конскай збруі, венцы шкляніц.

Вывучэнне культурнай спадчыны ў ПДУ - Гліняныя цацкі

Гліняныя цацкі XVII – XVIII стст.

Вывучэнне культурнай спадчыны - Развал гаршка XVII ст.

Развал гаршка XVII ст. на мяжы кв. 4 – 5.
Фота Дзяніса Дука

Вывучэнне культурнай спадчыны - Гаршок і маёлікавы збан

Гаршок XVII ст. і маёлікавы збан канца XVII – пач. XVIIІ стст.
Фота Дзяніса Дука

Вывучэнне культурнай спадчыны - Кафля з манаграмай ордэну езуітаў

Кафля з выявай манаграмы ордэну езуітаў сярэдзіны XVII ст. з печы № 2.
Фота Дзяніса Дука

Вывучэнне культурнай спадчыны ў ПДУ - Дывановая кафля

Дывановая кафля сярэдзіны XVII ст. з набора печы № 2.
Фота Дзяніса Дука

Вывучэнне культурнай спадчыны - Графічная рэканструкцыя печы

Графічная рэканструкцыя печы № 2 XVIІ ст. з драўлянай езуіцкай пабудовы.
Малюнак Мікалая Якушэнка, мастака ПДУ. Фота Дзяніса Дука

Наступныя культурныя слаі далі свае знаходкі на гэты раз не вельмі багатыя: сценкі керамічнага посуду, маленькі цэльнаметалічны ножык, рыбалоўны кручок. Выяўленыя сляды плата ў выглядзе штыкетніку – пастаўленых вертыкальна яловых калкоў, па якіх быў пушчаны пляцень з лазняку, адлюстроўваюць самы ранні этап засялення людзьмі гэтай часткі Вялікага пасада Полацка.

Сенсацыйнымі былі вынікі археалагічных раскопак, праведзеных пад кіраўніцтвам Дзяніса Уладзіміравіча ў 2003 – 2005 гадах – адкрыццё невядомай раней часткі Запалоцкага пасаду з культурным пластом X – XIII стагоддзяў. Гэта дазволіла ўдакладніць і значна пашырыць (на плошчу больш за 21 га) уяўленне пра пачатковую гісторыю горада.

Нечакана скончыліся археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў кастрычніку 2005 года. Вось што расказвае сам Дзяніс Уладзіміравіч Дук: «Раскопкі на плошчы Свабоды ў Полацку насілі выратавальны характар, бо перад намі стаяла задача ў абмежаваны тэрмін вывучыць культурны пласт у самым цэнтры горада. Гэтая тэрыторыя пачала асвойвацца палачанамі з X стагоддзя і пасля ператварылася ў самы вялікі і квітнеючы гандлёва-рамесны пасад горада. Тыя знаходкі, якія мы сабралі падчас нашых асенніх раскопак, не могуць не радаваць. Па-перше, гэта рэшткі ювелірнай майстэрні XVII стагоддзя. Сабраны вельмі цікавы матэрыял. І, шчыра кажучы, спачатку мы меркавалі, што раскапалі скарб. Візуальна гэта так, але калі правялі хімічны аналіз знаходак, высветлілася, што гэта не золота. Хаця метал сапраўды жоўты, захаваў свой бляск… За многія гады раскопак, і не толькі ў Полацку, я прызнаюся, не мог нават уявіць, каб метал мог так захавацца ў культурным пласце. Тым больш, ён праляжаў там 400 гадоў. Высветлілася, што гэта сплаў на аснове медзі з невялікім дамешкам срэбра. Усяго выканана больш за сем дзесяткаў знаходак. Гэта і гатовыя ювілерныя вырабы, і нарыхтоўкі, і плавільныя ціглі – формы, у якіх плавілі метал. Усё гэта дае падставу сцвярджаць, што мы адкрылі пятую вядомую ў Полацку старажытную майстэрню…»

Сярод значных знаходак, зробленных Дзянісам Уладзіміравічам за апошнія гады: унікальны артыфакт – касцяное стыло, альбо пісала, па прыгажосці не маючае аналагаў у Беларусі, якім карысталіся ў часы Усяслава Чарадзея. Магчыма, такім нават карысталася сама Еўфрасіння Полацкая; унікальная пячатка XI стагоддзя з выявай Богамацеры на адным баку і надпісам «Серафім» – на другім.

У археалагічных даследаваннях 2007 года дакапаліся да гістарычнага пласту часоў полацкага князя Рагвалода. Для Дзяніса Уладзіміравіча гэта асабіста важна таму, што раскопкі праводзіліся ў год юбілею знакамітага беларускага гісторыка, яго навуковага кіраўніка і настаўніка па жыцці Георгія Штыхава.

«Людзі павінны спасцігаць гісторыю з дзяцінства. Ведаць і ганарыцца ёй. Вось тады мы можам казаць, што выхоўваем сапраўдных патрыётаў, не абыякавых і да сучаснасці роднай краіны, якія будуць ганарыцца, што нарадзіліся ў Беларусі» – жыццёвае крэда Дзяніса Уладзіміравіча Дука.

Дзеля ўвасаблення гэтага крэда ў жыццё Д.У. Дук выдае кнігі.

Вывучэнне культурнай спадчыны - Вучэбна-метадычным комплекс Дука

Вучэбна-метадычным комплекс Д.У. Дука

У вучэбна-метадычным комплексе, выдадзенным у 2006 годзе, прыводзіцца рабочая праграма спецкурса, змест лекцый, тэмы семінарскіх заняткаў, тэрміналагічны слоўнік, метадычныя парады для напісання курсавых работ, праверачныя тэксты і заданні для самастойных работ.

Вывучэнне культурнай спадчыны ў ПДУ - Вучэбна-метадычным комплекс Дука

Вучэбна-метадычным комплекс Д.У. Дука

У 2007 годзе Дзяніс Уладзіміравіч Дук выпусціў манаграфію “Полацк XVI – XVIII стагоддзяў: нарысы тапаграфіі, гісторыі матэрыяльнай культуры і арганізацыі жыццёвай прасторы насельніцтва беларускага горада”.

Манаграфія прысвечана гісторыі Полацка XVI - XVIII стст. На падставе археалагічных і пісьмовых крыніц прыводзіцца характарыстыка развіцця тапаграфіі Полацка, асаблівасцей развіцця матэрыяльнай культуры і арганізацыі жыццёвай прасторы насельніцтва самага старажытнага горада Беларусі ў эпоху ранняга Новага часу. Прадстаўлены новыя звесткі аб развіцці тапаграфіі Полацка. Зроблена ілюстраванае апісанне і сістэматызацыя даных пра асноўныя катэгорыі матэрыяльнай культуры. Упершыню ў гістарыяграфіі прапануецца комплекснае вызначэнне асяроддзя і ўмоў штодзённага жыцця насельніцтва Полацка XVI - XVIII стст. Прадстаўлена вялікая колькасць малюнкаў, планаў Полацка і табліц.

Разлічана на прафесійных гісторыкаў, студэнтаў гістарычных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў, мастацтвазнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie