Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Інструкцыя да цэнтралізаванага тэсціравання (далей – Інструкцыя) распрацаваная на аснове Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычнiка 1991 года “Аб адукацыі” (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавiка 2002 году) Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 37, 2/844).

2. Інструкцыя ўстанаўлівае парадак арганізацыі, падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.
Інструкцыя распаўсюджваецца на дзяржаўныя органы кіравання адукацыяй, установы адукацыі, а таксама на фізічных асобаў, якія прымаюць удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні.

3. У Інструкцыі выкарыстоўваюцца наступныя тэрміны і азначэнні:
«цэнтралізаванае тэсціраванне» – форма ўніфікаванага кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці на аснове педагагічных тэстаў, стандартызаваных працэдураў правядзення тэставага кантролю, апрацоўкі, аналізу і прадстаўлення вынікаў, якая выкарыстоўваецца для атэстацыі навучэнцаў і правядзення конкурсу пры паступленні ва ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі;
«арганізатар» – фізічная асоба, упаўнаважаная забяспечыць правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання ў пункце тэсціравання;
«адказны арганізатар» – арганізатар, адказны за правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі;
«база дадзеных асобаў, якія праходзяць тэсціраванне» – звесткі пра асобаў, зарэгістраваных для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, сістэматызаваныя па пэўных правілах складання, захоўвання і выкарыстання;
«бланк адказаў» – бланк для запісу (фіксацыі) адказаў асобы, якая праходзіць тэсціраванне, на тэставыя заданні;
«бал тэставы» – колькасны выраз ацэнкі ўзроўню навучанасці асобы, якая праходзіць тэсціраванне, па стобальнай шкале;
«педагагічны тэст» – сістэма тэставых заданняў, па выніках выканання якіх вызначаецца ўзровень навучанасці асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, па вучэбным прадмеце;
«пункт рэгістрацыі» – памяшканне з адпаведнай арганізацыйна-тэхнічнай інфраструктурай, абсталяванае для правядзення рэгістрацыі асобаў, якія жадаюць або абавязаныя прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне;
«пункт тэсціравання» – памяшканні з адпаведнай арганізацыйна-тэхнічнай інфраструктурай, абсталяваныя для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання;
«сертыфікат цэнтралізаванага тэсціравання» (далей – сертыфікат) – імянны дакумент дзяржаўнага ўзору, які выдаецца па выніках цэнтралізаванага тэставання, з указаннем тэставага бала;
«тэставае заданне» – мінімальная скончаная частка педагагічнага тэсту.

Змест іншых тэрмінаў вызначаецца асобнымі пунктамі дадзенай Інструкцыі.

4. Цэнтралізаванае тэсціраванне праводзіцца па жаданні абітурыентаў на платнай аснове (цэнтралізаванае тэсціраванне па жаданні абітурыентаў), і ў абавязковым парадку згодна з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на бюджэтнай аснове (абавязковае цэнтралізаванае тэсціраванне).

5. Да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні дапускаюцца выпускнікі ХI (ХII) класаў установаў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, выпускнікі ўстановаў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і іншыя асобы, якія паступаюць ва ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi (далей – асобы, якія праходзяць тэсціраванне).

6. Змест тэставых заданняў па вучэбных прадметах распрацоўваецца на падставе вучэбных праграмаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

7. Асобы, якія забяспечваюць падрыхтоўку і правядзенне цэнтралiзаванага тэсцiравання, а таксама асобы, якія праходзяць тэсціраванне, абавязаныя выконваць патрабаванні дадзенай Інструкцыі.

8. Асобе, якая прайшла цэнтралізаванае тэсціраванне, выдаецца сертыфікат. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, прадстаўленыя ў сертыфікаце, залічваюцца ў якасці вынікаў:

  • выпускных іспытаў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі;
  • ўступных іспытаў ва ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Сертыфікат з’яўляецца сапраўдным да канца бягучага каляндарнага года.

9. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання ацэньваюцца ў тэставых балах (па стобальнай сістэме) і адзнакамі (па дзесяцібальнай сістэме ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці).

ГЛАВА 2

ПАРАДАК АРГАНІЗАЦЫІ ЦЭНТРАЛІЗАВАНАГА ТЭСЦІРАВАННЯ

10. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацвярджае:

  • пералік вучэбных прадметаў, па якіх ажыццяўляецца цэнтралізаванае тэсціраванне;
  • графік правядзення цэнтралізаванага тэсціраванне;
  • час пачатку цэнтралізаванага тэсціраванне;
  • колькасць і месцазнаходжанне пунктаў тэсціраванне;
  • старшыняў і склад арганізацыйных камісіяў;
  • патрабаванні да педагагічных тэстаў па вучэбных прадметах (спецыфікацыя);
  • склад камісіі па забеспячэнні кантролю за правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання;
  • шкалы перакладу тэставых балаў у дзесяцібальную сістэму ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.

11. Установа адукацыі "Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў» (далей – РІКВ) ажыццяўляе тэхналягічнае суправаджэньне цэнтралізаванага тэсціравання:

  • каардынуе працу па падрыхтоўцы і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання;
  • выдае метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання;
  • заключае дамовы з установамі адукацыі аб забеспячэнні працэдуры цэнтралізаванага тэсціравання;
  • стварае ўніфікаваную сістэму кадоўкі пунктаў тэсціравання, установаў адукацыі для сістэматызацыі і ўліку інфармацыі, якая атрымліваецца ў ходзе правядзення цэнтралізаванага тэсціравання;
  • удзельнічае ў інфармаванні грамадскасці наконт графіка, часу, правілаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання;
  • аказвае садзейнічанне ў навучанні старшыняў арганізацыйных камісіяў;
  • праводзіць (у выпадку неабходнасці) праверку пункта тэсціравання і складае пратакол праверкі пункта тэсціравання згодна дадатка 1;
  • накіроўвае (у выпадку неабходнасці) супрацоўнікаў РІКВ у пункты тэсціравання для арганізацыі падрыхтоўкі і назірання за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання;
  • распрацоўвае спецыфікацыі педагагічных тэстаў;
  • распрацоўвае шкалы перакладу тэставых балаў у дзесяцібальную сістэму ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці;
  • вызначае колькасць варыянтаў педагагічных тэстаў, якія выкарыстоўваюцца падчас правядзення цэнтралізаванага тэсціравання;
  • фарміруе варыянты педагагічных тэстаў;
  • забяспечвае пункты тэсціравання педагагічнымі тэстамі і бланкамі адказаў (далей – экзаменацыйныя матэрыялы) у адпаведнасці з заяўкай на экзаменацыйныя матэрыялы згодна з дадаткамі 2, 3;
  • праводзіць апрацоўку бланкаў адказаў і выдае вынікі цэнтралізаванага тэсціравання.

12. Упраўленні адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў (Камітэт па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта), а таксама ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, вызначаныя пунктамі тэсціравання, ажыццяўляюць падрыхтоўку цэнтралізаванага тэсціравання:

  • вызначаюць і ўносяць штогод да 15 лютага на зацвярджэнне ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, узгодненыя з РІКВ прапановы па арганізацыі пунктаў тэсціравання і складзе арганізацыйных камісіяў згодна з дадаткам 4, прадугледзеўшы вызначэнне пунктаў тэсціравання для правядзення абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовы дзень;
  • вызначаюць персанальны склад адказных арганізатараў і арганізатараў;
  • арганізуюць навучанне членаў арганізацыйнай камісіі, адказных арганізатараў і арганізатараў, работнікаў, якія ажыццяўляюць рэгістрацыю асобаў, якія праходзяць тэсціраванне;
  • ствараюць пункты рэгістрацыі і пункты тэсціравання;
  • арганізуюць тэхнічнае забеспячэнне арганізацыйных камісіяў пунктаў тэсціравання (памяшканне, камп’ютар з неабходным праграмным забеспячэннем, прынтар, сейф (металічная скрыня), расходныя матэрыялы;
  • арганізуюць інфармаванне грамадскасці, установаў адукацыі аб парадку работы пунктаў рэгістрацыі і пунктаў тэсціравання;
  • перадаюць у РІКВ не пазней чым за восем дзён да дня правядзення абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання базу дадзеных асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, атрыманую з пунктаў рэгістрацыі, згодна з дадаткам 5 (на электронных носьбітах);
  • ствараюць і перадаюць у РІКВ не пазней чым за восем дзён да дня правядзення абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання заяўку на экзаменацыйныя матэрыялы;
  • перадаюць у РІКВ не пазней чым за чатыры дні да рэзервовага дня абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання базу дадзеных асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, атрыманую з пунктаў рэгістрацыі (на электронных носьбітах);
  • ствараюць і перадаюць у РІКВ не пазней чым за чатыры дні да рэзервовага дня абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання заяўку на экзаменацыйныя матэрыялы;
  • перадаюць у РІКВ ў тэрміны, вызначаныя дамовай, базу дадзеных асобаў, якія праходзяць тэсціраванне (на электронных носьбітах), і заяўку на экзаменацыйныя матэрыялы (для цэнтралiзаванага тэсцiравання па жаданні абітурыентаў);
  • забяспечваюць арганізацыю пастоў аховы грамадскага парадку і медыцынскай дапамогі ў пунктах тэсціравання ў дзень правядзення цэнтралізаванага тэсцiравання;
  • забяспечваюць атрыманне вынікаў цэнтралізаванага тэсцiравання і выдачу сертыфікатаў ў тэрміны, устаноўленыя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

13. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі абавязаныя:

  • інфармаваць асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, пра месцазнаходжанне пункта тэсцiравання (пазначыць дакладны адрас пункта тэсцiравання), графік цэнтралiзаванага тэсцiравання, час пачатку цэнтралiзаванага тэсцiравання, код установы, у якім навучаецца выпускнік, правілы ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсцiраванні;
  • вызначаюць і камандзіруюць (у выпадку неабходнасці) у пункты тэсціравання ў адпаведнасці з заяўкай найбольш дасведчаных і кваліфікаваных настаўнікаў, выкладчыкаў і спецыялістаў для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

ГЛАВА 3

ПУНКТ РЭГІСТРАЦЫІ, ПАРАДАК РЭГІСТРАЦЫІ ДЛЯ ЎДЗЕЛУ Ў ЦЭНТРАЛІЗАВАНЫМ ТЭСЦІРАВАННІ

14. Пункт рэгістрацыі выконвае наступныя функцыі:

  • вядзе рэгістрацыю ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсцiравання;
  • афармляе пропускі і выдае іх пад подпіс у ведамасці выдачы пропускаў згодна з дадаткамі 6, 7;
  • стварае і перадае базу дадзеных асобаў, якія праходзяць тэсціраванне (на электронных носьбітах), у орган або ўстанову, якія яго стварылі;
  • даводзіць да ведама асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, патрабаванні дадзенай Інструкцыі і парадак запаўнення бланка адказаў.

15. Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні асобаў, якія яго праходзяць, абавязаныя зарэгістравацца ў пункце рэгістрацыі, як правіла, па месцы жыхарства (часовай рэгістрацыі).

16. Рэгістрацыя праводзіцца на падставе:

  • дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства), або яго копіі;
  • квітанцыі аб аплаце паслугі па цэнтралізаваным тэсціраванні (для цэнтралiзаванага тэсцiравання па жаданні абітурыентаў на платнай аснове).

17. У ходзе рэгістрацыі асоба, якая праходзіць тэсціраванне, указвае, на якой мове (рускай, беларускай) ён будзе выконваць педагагічны тэст.

18. Рэгістрацыю выпускнікоў ХI (ХII) класаў установаў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, хто выказаў жаданне, а таксама выпускнікоў установаў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у пунктах рэгістрацыі можа праводзіць адміністрацыя дадзеных установаў.

19. Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, для ўдзелу ў абавязковым цэнтралізаваным тэсціраванні могуць накіроўваць заяву і копію дакумента, які пацвярджае асобу, у пункт рэгістрацыі па пошце.

20. Зарэгістраваныя ўдзельнікі тэсціравання атрымліваюць пропуск.

Асоба, якая праходзіць тэсціраванне, мае права здаць пропуск або абмяняць яго на пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні па іншым вучэбным прадмеце да заканчэння тэрміна рэгістрацыі.

У выпадку страты пропуска асобе, якая праходзіць тэсціраванне, выдаецца дублікат пропуска на падставе базы дадзеных асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, або ведамасці выдачы пропускаў.

Пропуск адбіраецца пры выдачы сертыфіката.

21. Рэгістрацыя ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання пачынаецца з 1 траўня і спыняецца:

  • для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні па жаданні абітурыентаў за тры дні да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па адпаведным вучэбным прадмеце;
  • для ўдзелу ў абавязковым цэнтралізаваным тэсціраванні за дзесяць дзён да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па адпаведным вучэбным прадмеце;
  • для ўдзелу ў абавязковым цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень за шэсць дзён да яго.

22. Асобе, якая праходзіць тэсціраванне, забараняецца рэгістравацца ў некалькіх пунктах рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні па адным прадмеце.

ГЛАВА 4

ПУНКТ ТЭСЦІРАВАННЯ, АРГАНІЗАЦЫЙНАЯ КАМІСІЯ ПУНКТА ТЭСЦІРАВАННЯ, АДКАЗНЫЯ АРГАНІЗАТАРЫ І АРГАНІЗАТАРЫ

23. Цэнтралізаванае тэсціраванне праводзіцца ў пункце тэсціравання.

24. Колькасць пунктаў тэсціравання і іх месцазнаходжанне вызначаецца зыходзячы з агульнай колькасці тых, хто праходзіць тэсціраванне, у вобласці (г. Мінску) і ўмяшчальнасці аўдыторыяў.

25. Кіраўнік установы, вызначанай пунктам тэсціравання:

  • вылучае памяшканні (зручна размешчаныя, укамплектаваныя тэлефонам) для працы арганізацыйнай камісіі;
  • аказвае садзейнічанне старшыні арганізацыйнай камісіі па пытаннях тэхнічнай эксплуатацыі выдзеленых памяшканняў;
  • забяспечвае гатоўнасць аўдыторыяў і іншых памяшканняў да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

26. Пункты тэсціравання павінныя адпавядаць наступным патрабаванням:

  • мець дастатковую колькасць адмыслова абсталяваных памяшканняў (аўдыторыяў) для правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, стан якіх павінны адпавядаць патрабаванням бяспекі і санітарна-гігіенічным нормам;
  • мець сродкі сувязі (тэлефон);
  • мець сейф (металічную скрыню) для захоўвання экзаменацыйных матэрыялаў;
  • мець у дні правядзення цэнтралізаванага тэсціравання пасты аховы грамадскага парадку і медыцынскай дапамогі.

27. У кожнай аўдыторыі пункта тэсціравання неабходна:

  • пранумараваць працоўныя месцы, колькасць якіх павінная быць кратна дзесяці;
  • размясціць узор бланка адказаў;
  • выключыць доступ да даведачна-пазнавальнай інфармацыі па адпаведных вучэбных прадметах.

28. Арганізацыйная камісія кіруе працай пункта тэсціравання.

Арганізацыйная камісія складаецца, як правіла, з сямі чалавек і ўключае ў склад старшыню, намесніка старшыні, адказнага сакратара.

29. Арганізацыйная камісія выконвае наступныя функцыі:

  • забяспечвае ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ўзаемадзеянне з РІКВ, а таксама з дзяржаўнымі органамі кіравання адукацыяй, установамі адукацыі;
  • уносіць прапановы па спісачным складзе арганізатараў і адказных арганізатараў;
  • інфармуе асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у пункце тэсціравання пра парадак правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, парадак запаўнення бланка адказаў;
  • размяркоўвае адказных арганізатараў і арганізатараў у пункце тэсціравання;
  • праводзіць інструктаж адказных арганізатараў і арганізатараў, забяспечвае іх інфармацыйнымі і метадычнымі матэрыяламі;
  • забяспечвае падрыхтоўку арганізацыйных матэрыялаў у пункце тэсціравання (схемы размеркавання варыянтаў у аўдыторыі, схемы нумарацыі месцаў, схемы эвакуацыі і іншыя);
  • размяркоўвае асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, па аўдыторыях і складае спісы іх размеркавання згодна з дадаткам 8;
  • забяспечвае захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў і іх прыватнасць у месцах іх захоўвання, транспарціроўкі і выкарыстання ў пункце тэсціравання;
  • забяспечвае своечасовую працэдуру прыёму-перадачы экзаменацыйных матэрыялаў;
  • забяспечвае выкананне рэжыму інфармацыйнай бяспекі пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання;
  • арганізуе прапускны рэжым у дзень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

30. Арганізацыйную камісію ўзначальвае старшыня, які падпарадкоўваецца дырэктару РІКВ па пытаннях тэхналогіі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

Старшыня арганізацыйнай камісіі:

  • адказвае за выкананне ўскладзеных на камісію функцыяў;
  • арганізуе працу арганізацыйнай камісіі (размяркоўвае абавязкі членаў арганізацыйнай камісіі, вызначае парадак і графік работы);
  • забяспечвае ўзаемадзеянне з РІКВ, дзяржаўнымі органамі кіравання адукацыяй, установамі адукацыі;
  • вызначае памяшкання для захоўвання экзаменацыйных матэрыялаў;
  • ажыццяўляе кантроль за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання ў пункце тэсціравання і аператыўна вырашае непрадбачаныя сітуацыі;
  • аказвае садзейнічанне ўпаўнаважаным прадстаўнікам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых органаў, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць кантроль за ходам цэнтралізаванага тэсціравання.

31. У выпадку адсутнасці старшыні арганізацыйнай камісіі яго функцыі выконвае намеснік.

32. Адказны сакратар арганізацыйнай камісіі арганізуе справаводства камісіі і нясе адказнасць за яго вядзенне і захаванасць дакументаў.

Дакументы арганізацыйнай камісіі захоўваюцца на працягу года.

33. Члены арганізацыйнай камісіі маюць права:

  • прысутнічаць на цэнтралізаваным тэсціраванні;
  • кантраляваць па даручэнні старшыні ход цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыях;
  • інфармаваць старшыню пра ход правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і праблемах, якія ўзнікаюць;
  • патрабаваць у выпадку нязгоды з рашэннем, прынятым камісіяй, унесці ў пратакол асобную думку ці выкласці яе ў пісьмовай форме ў заяве на імя дырэктара РІКВ.

34. Члены арганізацыйнай камісіі абавязаныя:

  • выконваць ускладзеныя на іх функцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў;
  • забяспечваць выкананне ўстаноўленага парадку правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

35. Адказныя арганізатары прызначаюцца з ліку найбольш дасведчаных і кваліфікаваных выкладчыкаў і кіраўнікоў установаў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі, кіраўнікоў і спецыялістаў дзяржаўных органаў кіравання адукацыяй.

Арганізатары прызначаюцца, як правіла, з ліку педагагічных работнікаў.

36. Адказныя арганізатары і арганізатары павінныя прайсці падрыхтоўку па пытаннях арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

37. Колькасць арганізатараў у пунктах тэсціравання вызначаецца з разліку:

  • у кожнай аўдыторыі – не менш за тры арганізатары (уключаючы адказнага арганізатара);
  • у кожным калідоры – па неабходнасці;
  • ля ўваходу ў пункт тэсціравання – не менш за тры арганізатары.

38. Падчас правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў кожнай аўдыторыі павінныя пастаянна знаходзіцца два арганізатары.

39. Забаронена прызначэнне ў якасці адказных арганізатараў і арганізатараў у аўдыторыі выкладчыкаў профільных ці роднасных навучальных прадметаў, па якіх праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне.

40. Арганізацыйная камісія размяркоўвае адказных арганізатараў і арганізатараў па аўдыторыях у дзень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання шляхам лёсавання ў прысутнасці прадстаўнікоў органаў, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць кантроль за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання, i складае пратакол размеркавання адказных арганізатараў і арганізатараў па аўдыторыях згодна з дадаткам 9.

41. Адказныя арганізатары і арганізатары пункта тэсціравання падпарадкаваныя арганізацыйнай камісіі.

42. Адказны арганізатар:

  • адказвае за арганізацыю і правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі;
  • кіруе працай арганізатараў у аўдыторыі;
  • выдаляе з аўдыторыі асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, а таксама іншых асобаў за парушэнне парадку правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

43. Адказны арганізатар абавязаны:

  • атрымаць у адказнага сакратара спіс асобаў, якія праходзяць тэсціраванне ў аўдыторыі, схему нумарацыі месцаў у аўдыторыі, схему размеркавання варыянтаў, спіс кодаў установаў адукацыі, нумары для лёсавання працоўных месцаў і праверыць іх на прадмет адсутнасці старонніх пазнакаў, бланк пратакола правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі згодна з дадаткам 10, паперу для рабочых запісаў;
  • прыбыць у аўдыторыю да пачатку цэнтралізаванага тэсціравання;
  • размеркаваць абавязкі арганізатараў;
  • забяспечыць праверку аўдыторыі на наяўнасць прадметаў, забароненых да выкарыстання;
  • забяспечыць размяшчэнне ў аўдыторыі формы бланка адказаў;
  • арганізаваць допуск, рэгістрацыю і размяшчэнне асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у аўдыторыі;
  • нагадаць асноўныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, падчас цэнтралізаванага тэсціравання;
  • прапанаваць асобам, якія праходзяць тэсціраванне, пераканацца ў адсутнасці на працоўным месцы прадметаў, забароненых iнструкцыяй;
  • прыняць пакеты з экзаменацыйнымі матэрыяламі згодна патрабаванню дадзенай Інструкцыі;
  • распячатаць пакеты з бланкамі адказаў згодна патрабаванню дадзенай Інструкцыі;
  • забяспечыць раздачу бланкаў адказаў асобам, якія праходзяць тэсціраванне, і арганізаваць запаўненне вобласці рэгістрацыі бланка адказаў і запіс нумары бланка адказаў у пропуск;
  • нагадаць парадак адмены памылковых метак і замены памылковых адказаў на заданні без варыянтаў адказаў для выбару;
  • распячатаць пакет з педагагічнымі тэстамі згодна патрабаванняў дадзенай Інструкцыі;
  • напісаць на дошцы (планшэце) час пачатку і заканчэння працы над выкананнем педагагічнага тэсту;
  • праверыць адпаведнасць дадзеных дакумента, які пацвярджае асобу таго, хто праходзіць тэсціраванне (пашпарт, від на жыхарства), дадзеных, занесеных у вобласць рэгістрацыі бланка адказаў;
  • інфармаваць асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, аб заканчэнні часу працы над выкананнем педагагічнага тэсту за 10–15 хвілінаў;
  • арганізаваць прыём і перадачу экзаменацыйных матэрыялаў паводле патрабаванняў дадзенай Інструкцыі;
  • аформіць пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі;
  • неадкладна інфармаваць старшыню арганізацыйнай камісіі аб неадпаведнасці колькасці атрыманых педагагічных тэстаў колькасці, указанай на пакеце, і аб неадпаведнасці колькасці і нумароў атрыманых бланкаў адказаў колькасці або нумару, пазначаным у акце, а таксама аб іншых нестандартных сітуацыях;
  • выдаліць асобу, якая праходзіць тэсціраванне, з аўдыторыі ў выпадку парушэння ёй патрабаванняў дадзенай Інструкцыі;
  • арганізаваць эвакуацыю асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, з аўдыторыі ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацыяў.

44. Арганізатар у аўдыторыі абавязаны:

  • дапускаць асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у аўдыторыю толькі па пропуску і дакуменце, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);
  • размяшчаць асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, паводле схемы нумарацыі месцаў у аўдыторыі і з вынікамі лёсавання;
  • выдаваць асобам, якія праходзяць тэсціраванне, бланкі адказаў у адпаведнасці са схемай размеркавання варыянтаў;
  • выдаваць асобам, якія праходзяць тэсціраванне, педагагічныя тэсты ў адпаведнасці з варыянтамі бланкаў адказаў;
  • назіраць за выкананнем тымі, хто праходзіць тэсціраванне, патрабаванняў дадзенай Інструкцыі, у выпадку парушэння інфармаваць адказнага арганізатара;
  • прымаць экзаменацыйныя матэрыялы ў адпаведнасці з патрабаваннямі дадзенай Інструкцыі;
  • забяспечваць эвакуацыю асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, з аўдыторыі ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацыяў.

45. Арганізатар, які забяспечвае парадак на калідоры пункта тэсціравання, абавязаны:

  • інфармаваць асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у пункце тэсціравання і аказваць садзейнічанне ў пошуку неабходнай аўдыторыі (памяшкання);
  • выконваць распараджэнні адказных па аўдыторыях падчас правядзення цэнтралізаванага тэсціравання;
  • не дапускаць чужых асобаў у аўдыторыі;
  • забяспечваць арганізаваны выхад асобаў, якія праходзяць тэсціраванне;
  • забяспечваць эвакуацыю асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацыяў.

46. Арганізатар, які забяспечвае парадак ля ўваходу ў пункт тэсціравання, абавязаны:

  • забяспечваць арганізаваны ўваход (выхад) у пункт тэсціравання;
  • дапускаць у пункт тэсціравання толькі па пропуску і дакуменце, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);
  • забяспечваць эвакуацыю асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацыяў.

ГЛАВА 5

ПАРАДАК ПАКЕТАВАННЯ, ПЕРАДАЧЫ, ТРАНСПАРЦІРОЎКІ, АТРЫМАННЯ І ВЫКАРЫСТАННЯ ЭКЗАМЕНАЦЫЙНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

47. РІКВ:

  • выконвае пакетаванне экзаменацыйных матэрыялаў на падставе заявак і афармляе акты прыёмкі-перадачы бланкаў адказаў згодна з дадаткам 11;
  • прадугледжвае на кожны пункт тэсціравання рэзервовы пакет з бланкамі адказаў і рэзервовы пакет з педагагічнымі тэстамі;
  • укладвае дадаткова ў пакет з экзаменацыйнымі матэрыяламі чатыры пакеты, прызначаныя для вяртання экзаменацыйных матэрыялаў;
  • укладвае пакеты з экзаменацыйнымі матэрыяламі ва ўпакоўкі (валізы);
  • афармляе рэестр рассылання, перадае ўпакоўкі (валізы) упаўнаважанаму прадстаўнiку спецыяльнай сувязі.

48. Экзаменацыйныя матэрыялы перадаюцца з РІКВ у пункт тэсціравання да дня правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і адпраўляюцца назад у дзень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

49. Дастаўка экзаменацыйных матэрыялаў з РІКВ у пункты тэсціравання і назад ажыццяўляецца спецыяльнай сувяззю.

50. Перадача пакетаў з экзаменацыйнымі матэрыяламі на ўсіх этапах афармляецца актам прыёмкі-перадачы пакетаў з экзаменацыйнымі матэрыяламі згодна з дадаткам 12.

51. Арганізацыйная камісія пункта тэсціравання:

  • распакоўвае ў дзень атрымання ўпакоўкі (валізы) з пакетамі экзаменацыйных матэрыялаў у прысутнасці прадстаўнікоў органаў, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць кантроль за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання. Пералічвае пакеты, звярае з раней пададзенай заяўкай, кладзе пакеты ў сейф (металічную скрыню), які апячатваецца, і складае акт распакоўкі ўпаковак (валазаў) з пакетамі экзаменацыйных матэрыялаў, аформлены згодна з дадаткам 13;
  • інфармуе РІКВ па тэлефоне аб адпаведнасці атрыманых экзаменацыйных матэрыялаў раней пададзенай заяўцы, а таксама аб захаванасці пакетаў;
  • у дзень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання не пазней чым за 30 хвілінаў да яго пачатку старшыня арганізацыйнай камісіі ўкрывае сейф (металічную скрыню) у прысутнасці прадстаўнікоў органаў, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць кантроль за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання, і іншых членаў камісіі;
  • да пачатку цэнтралізаванага тэсціравання камісія ў складзе старшыні (намесніка) арганізацыйнай камісіі і іншых членаў арганізацыйнай камісіі і прадстаўнікоў органаў, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць кантроль за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання, перадае пакеты з экзаменацыйнымі матэрыяламі камісіі ў складзе адказнага арганізатара і арганізатараў у аўдыторыі;
  • у выпадку недастатковай колькасці бланкаў адказаў або педагагічных тэстаў распакоўвае рэзервовыя пакеты ў прысутнасці прадстаўнікоў органаў, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць кантроль за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання. Дадзены факт фіксуецца ў пратаколе цэнтралізаванага тэсціравання. Нявыкарыстаныя бланкі адказаў і педагагічныя тэсты запячатваюцца.

52. Камісія ў складзе адказнага арганізатара і арганізатараў у аўдыторыі:

  • у вызначаны час пачатку цэнтралізаванага тэсціравання пасля прад’яўлення асобам, якія праходзяць тэсціраванне ў аўдыторыі, запячатаных пакетаў з экзаменацыйнымі матэрыяламі выкрывае запячатаныя пакеты з бланкамі адказаў, звярае фактычную колькасць і нумары бланкаў адказаў з колькасцю і нумарамі, названымі ў акце перадачы бланкаў адказаў, і складае адпаведны акт;
  • выдае бланкі адказаў асобам, якія праходзяць тэсціраванне. Пагашае нявыкарыстаныя бланкi адказаў шляхам перакрэслівання па дыяганалях да моманту адкрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі. Замена бланкаў адказаў не прадугледжаная;
  • прад’яўляе асобам, якія праходзяць тэсціраванне, запячатаныя пакеты з педагагічнымі тэстамі і выкрывае іх пасля запаўнення вобласці рэгістрацыі бланка адказаў усімі асобамі, якія праходзяць тэсціраванне ў аўдыторыі, звярае фактычную колькасць педагагічных тэстаў з колькасцю, названай на пакеце, выдае педагагічныя тэсты ў строгай адпаведнасці з варыянтам бланка адказаў і робіць адпаведны запіс у пратаколе цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі;
  • пералічвае і запячатвае ў пакет нявыкарыстаныя педагагічныя тэсты адразу пасля пачатку адліку часу працы над выкананнем педагагічнага тэсту;
  • неадкладна даводзіць старшыні арганізацыйнай камісіі аб нястачы бланкаў адказаў або педагагічных тэстаў;
  • прымае, пералічвае і запячатвае ў пакет выкарыстаныя бланкі адказаў разам з падпісаным камісіяй актам перадачы бланкаў адказаў;
  • пералічвае і запячатвае ў пакет нявыкарыстаныя бланкi адказаў разам з бланкамі адказаў тых, каго выдалілі з тэсціравання;
  • прымае, пералічвае і запячатвае выкарыстаныя педагагічныя тэсты;
  • перадае арганізацыйнай камісіі па акце ў адпаведнасці з колькасцю, атрыманай перад цэнтралізаваным тэсціраваннем, пасля заканчэння цэнтралізаванага тэсціравання запячатаны пакет з выкарыстанымі бланкамі адказаў, запячатаны пакет з нявыкарыстанымі бланкамі адказаў, запячатаны пакет з нявыкарыстанымі педагагічнымі тэстамі, запячатаны пакет з выкарыстанымі педагагічнымі тэстамі, нявыкарыстаныя і скарыстаныя пакеты, пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі ў прысутнасці прадстаўнікоў органаў, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць кантроль за правядзеннем цэнтралiзаванага тэсцiравання.

53. Апячатанныя ўпакоўкі (валізы), якія змяшчаюць запячатаныя пакеты з выкарыстанымі і нявыкарыстанымі бланкамі адказаў, нявыкарыстанымі педагагічнымі тэстамі, выкарыстанымі педагагічнымі тэстамі, рэзервовымі педагагічнымі тэстамі і бланкамі адказаў, пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, аформлены згодна з дадаткам 14, выкарыстаныя і нявыкарыстаныя пакеты перадаюцца ўпаўнаважанаму прадстаўніку спецыяльнай сувязі для дастаўкі ў РІКВ.

54. Упакоўкі (валізы), дастаўленыя ў РІКВ спецыяльнай сувяззю, прымаюцца супрацоўнікам РІКВ, адказным за захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў.

55. Пакеты неўстаноўленага ўзору, а таксама якія маюць парушэнні цэласнасці, якія паступілі ў РІКВ, адбіраюцца для правядзення службовага расследавання па гэтым факце.

ГЛАВА 6

ПАРАДАК ЗАПАЎНЕННЯ БЛАНКА АДКАЗАЎ

56. Унясенне інфармацыі ў бланк адказаў выконваецца толькі ў спецыяльна вызначаныя палі чорным атрамантам (гелевай або капілярнай асадкай). Кожнае поле запаўняецца, пачынаючы з першай пазіцыі. Тыя клетачкі поля, што засталіся незанятымі, застаюцца незапоўненымі.

Лічбы і літары ўпісваюцца ў адпаведнасці з узорам напісання сімвалаў, размешчанымі ў верхняй частцы бланка адказаў, не дапускаючы выпадковых паметак, кляксаў.

Подпіс асобы, якая праходзіць тэсціраванне, на бланку адказаў не павінны выходзіць за рамкі абмежавальнай лініі.

57. Бланк адказаў складаецца з вобласці рэгістрацыі і вобласці адказаў.

58. У вобласці рэгістрацыі бланка адказаў размяшчаюцца:

палі, якія запаўняюцца па ўказанні адказнага арганізатара ў аўдыторыі:

«Код пункта тэсціравання» – пазначыць код установы адукацыі (пункта тэсціравання) у адпаведнасці з кадоўкай РІКВ;

«Корпус» – запісаць нумар корпуса ўстановы адукацыі (пункта тэсціравання), у якім праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне;

«Нумар аўдыторыі» – паказаць нумар аўдыторыі ўстановы адукацыі (пункта тэсціравання), у якой праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне;

«Код прадмета» – пазначыць код вучэбнага прадмета ў адпаведнасці з кадоўкай РІКВ;

«Назва прадмета» – пазначыць скарочаную назву вучэбнага прадмета, па якім праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне;

«Код установы адукацыі» – выпускнік установы, якая забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, уносіць код установы, якую заканчвае, у адпаведнасці з кадоўкай РІКВ. Іншыя асобы паказваюць код, які складаецца з кода раёна і двух нулёў;

палі, якія запаўняюцца самастойна асобай, якая праходзіць тэсціраванне:

«Прозвішча» – пераносіцца інфармацыя з дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);

«Імя» – пераносіцца інфармацыя з дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);

«Імя па бацьку» – пераносіцца інфармацыя з дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);

«Серыя» – пераносіцца серыя дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);

«Нумар» – пераносіцца нумар дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);

«Дата» – указваецца дата цэнтралізаванага тэсціравання;

«Подпіс» – асоба, якая праходзіць тэсціраванне, ставіць свой подпіс.

59. Вобласць адказаў складаецца з дзвюх частак:

  • частка А для адказаў на заданні з выбарам адказу з прапанаваных варыянтаў;
  • частка В для кароткіх адказаў на заданні без выбару варыянтаў адказу.

60. Частка А вобласці адказаў складаецца з гарызантальнага шэрагу нумароў тэставых заданняў. Пад кожным нумарам тэставага задання размешчаны вертыкальны слупок з пяці клетачак для абазначэння абранага адказу пазнакай.

Узор пазнакі (крыжык) прыведзены ў бланку адказаў. Лінія пазнакі не павiнна быць тлустай. Калі асадка пакідае занадта тлустую лінію, замест крыжыка трэба правесці толькі адну дыяганаль клетачкі (любую). Забаронена выпраўляць метку графічным спосабам (заштрыхоўваць) або замазваць карэктарам.

Для ўнясення адказу асоба, якая праходзіць тэсціраванне, пад нумарам тэставага задання павінная паставіць пазнаку ў тую клетачку, нумар якой адпавядае нумару выбранага ім варыянта адказу.

Адмена памылковай пазнакі выконваецца ў полі адмены памылковых пазнакаў. У адным тэставым заданні можна адмяніць некалькі памылковых пазнакаў. Усяго можна адмяніць не больш за шэсць памылковых пазнакаў.

Для адмены памылковага адказу і запісу неабходна:

  • адмяніць пазнаку, указаўшы нумар тэставага задання і нумар памылковага адказу;
  • паставіць пазнаку ў патрэбнай клетачцы слупка тэставага задання.

61. Адказы на заданні часткі В запісваюць справа ад нумара тэставага задання ў вобласці адказаў, прызначанай для кароткіх адказаў на тэставыя заданні.

Адказ у гэтай частцы даецца толькі ў кароткай форме (слова або цэлы лік). Кожная лічба, літара або знак мінус (калі лік адмоўны) запісваюцца ў асобную клетачку. Калі ўмовай педагагічнага тэста прадугледжаны адказ, які складаецца з двух словаў, то ён пішацца разам, без злучка, прабелу або іншага падзельніка.

Калі ў адказе літараў будзе больш, чым клетачак у полі адказу, то другую частку слова можна пісаць больш шчыльна (не захоўваючы пападання літар у клетачкі). Слова трэба пісаць цалкам.

Калі адказам павіннае быць слова, прапушчанае ў некаторым сказе, то гэтае слова трэба пісаць у той форме (род, лік, склон), у якой слова павіннае стаяць у сказе.

Калі лікавы адказ атрымліваецца ў выглядзе дробу, то яго варта акругліць да цэлага ліку па правілах матэматычнага акруглення.

Кожны сімвал хімічнага элемента, індэкс і дужкі ў формуле рэчыва неабходна ўносіць у асобную клетачку, верхні і ніжні індэксы павінны быць такога ж памеру, як і сімвалы хімічных элементаў. Для напісання сімвалаў хімічных элементаў трэба выкарыстоўваць толькі вялікія літары.

Недапушчальна запісваць адказ у выглядзе матэматычнай формулы або выразу, паказваць назвы адзінак вымярэння (градусы, адсоткі, метры, тоны), даваць загалоўкі або каментарыі да ліку.

Адмена памылковых кароткіх адказаў на тэставыя заданні і ўказанне правільнага адказу выконваецца ў адпаведным полі. Для адмены памылковага адказу і запісу неабходна ўказаць нумар няправільна выкананага тэставага задання і запісаць правільны адказ. Адмяніць можна не больш за два памылковыя адказы.

62. Прэтэнзіі да вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання па прычыне парушэння парадку запаўнення бланка адказаў асобай, якая праходзіць тэсціраванне, не разглядаюцца.

ГЛАВА 7

ПАРАДАК ПРАВЯДЗЕННЯ ЦЭНТРАЛIЗАВАНАГА ТЭСЦIРАВАННЯ Ў ПУНКЦЕ ТЭСЦІРАВАННЯ

63. У дзень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў пункце тэсціравання ўводзіцца прапускны рэжым. Допуск у пункт тэсціравання адбываецца толькі па пропуску і дакуменце, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства). Уваход у пункт тэсціравання асобам, якія не ўдзельнічаюць у цэнтралізаваным тэсціраванні, забаронены.

64. Асобы, якія праходзяць тэсціраванне, прыбываюць у пункт тэсціавання не пазней чым за 30 хвілінаў да пачатку цэнтралізаванага тэсціравання, маючы пры сабе:

  • запоўнены і зарэгістраваны пропуск;
  • дакумент, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);
  • асадку (гелевую або капілярную) з атрамантам чорнага колеру.

65. У выпадку адсутнасці ў асобы, якая праходзіць тэсціраванне, пропуску, адказны сакратар праводзіць зверку дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства), з базай дадзеных асобаў, якія праходзяць тэсціраванне. Асобе, якая раней зарэгістравалася, афармляецца дублікат пропуску. Асоба, якія раней не зарэгістравалася, да праходжання цэнтралізаванага тэсціавання не дапускаецца.

66. Размеркаванне асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, па аўдыторыях адбываецца арганізацыйнай камісіяй у парадку, якi вызначаецца метадычнымі рэкамендацыямі РІКВ. Недапушчальнае размяшчэнне поўнага складу выпускнікоў аднаго класа ў адной аўдыторыі пункта тэсціравання.

Колькасць асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у аўдыторыі павінна адпавядаць колькасці працоўных месцаў.

67. Допуск і размяшчэнне асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у аўдыторыі ажыццяўляецца па прапусках і дакументах, якія пацвярджаюць асобу (пашпарт, від на жыхарства), не менш чым двума арганізатарамі. Адзін арганізатар стаіць каля ўваходу ў аўдыторыю, прапускаючы асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, па адным, правярае наяўнасць пропуску, звярае дадзеныя спісу асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у аўдыторыі з дадзенымі дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства), а таксама не дазваляе праносіць у аўдыторыю прадметы, забароненыя дадзенай Інструкцыяй. Другі арганізатар, знаходзячыся непасрэдна ў аўдыторыі, размяшчае асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, у адпаведнасці з лёсаваннем і сочыць за тым, каб яны не мяняліся месцамі.

68. Лёсаванне праводзіцца шляхам выцягвання картак з нумарамі працоўных месцаў.

69. У момант пачатку цэнтралізаванага тэсціравання адказны арганізатар прад’яўляе асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, запячатаныя пакеты з экзаменацыйнымі матэрыяламі, распакоўвае пакет з бланкамі адказаў. Арганізатары раздаюць бланкі адказаў асобам, якія праходзяць тэсціраванне, у адпаведнасці са схемай размеркавання варыянтаў. Асобы, якія праходзяць тэсціраванне, запаўняюць вобласць рэгістрацыі бланка адказаў.

70. Пасля запаўнення вобласці рэгістрацыі бланкаў адказаў усімі ў аўдыторыі, хто праходзіць тэсціраванне, адказны арганізатар у аўдыторыі распакоўвае пакеты з педагагічнымі тэстамі.

71. Асоба, якая праходзіць тэсціраванне, якая прыбыла на цэнтралізаванае тэсціраванне пасля распакоўкі пакета з педагагічнымі тэстамі, у аўдыторыю не дапускаецца.

72. Пачаткам адліку часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста, з’яўляецца час атрымання апошняга асобніка педагагічнага тэсту.

Час пачатку і заканчэння працы над выкананнем педагагічнага тэсту фіксуецца на дошцы або планшэце.

73. Падчас цэнтралізаванага тэсціравання дакумент, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства), знаходзіцца на працоўным месцы (стале) асобы, якая праходзіць тэсціраванне. Арганізатары звяраюць адпаведнасць дадзеных у дакуменце, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства) дадзеных занесеных у вобласць рэгістрацыі бланка адказаў.

74. Пытанні асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, па змесце педагагічных тэстаў не разглядаюцца. Заўвагі асобаў, якія праходзяць тэсціраванне, па змесце педагагічных тэстаў уносяцца ў пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі з указаннем нумара варыянта педагагічнага тэсту, нумара задання і зместу заўвагі.

75. Асобе, якая праходзіць тэсціраванне, забараняецца:

  • праносіць і выкарыстоўваць у аўдыторыі, дзе праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, кнігі, сшыткі, запісы, сумкі, мабільныя тэлефоны, пэйджары, электронныя нататнікі, камп’ютары і іншыя сродкі захоўвання і перадачы інфармацыі;
  • размаўляць падчас правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, перасаджвацца без дазволу арганізатара, абменьвацца педагагічнымі тэстамі.
  • асоба, якая парушае патрабаванні, што прад’яўляюцца да яе падчас правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, адхіляецца ад далейшага ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні.

76. У выпадку адхілення асобы, якая праходзіць тэсціраванне, ад далейшага ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, бланк адказаў адбіраецца, пагашаецца шляхам перакрэслівання па дыяганалях, у пропуску робіцца адзнака «Выдалены за парушэнне».

77. Па заканчэнні часу цэнтралізаванага тэсціравання асобы, якія праходзяць тэсціраванне, здаюць экзаменацыйныя матэрыялы.

Калі асобы, якія праходзяць тэсціраванне, выконваюць працу раней устаноўленага тэрміну, то арганізатары могуць прымаць экзаменацыйныя матэрыялы і да заканчэння працы над выкананнем педагагічнага тэсту. Датэрміновая здача экзаменацыйных матэрыялаў спыняецца за 10 хвілінаў да заканчэння працы над выкананнем педагагічнага тэсту. 78. Прымаючы экзаменацыйныя матэрыялы, арганізатар абавязаны:

  • прыняць бланк адказаў, звяраючы адпаведнасць дадзеных асобы, якая праходзіць тэсціраванне, указаных у рэгістрацыі бланка адказаў, дадзеным дакумента, які пацвярджае асобу (пашпарт, від на жыхарства);
  • прыняць педагагічны тэст;
  • зрабіць у пропуску адзнаку “Тэсціраванне прайшоў”.

79. У выпадку выяўлення наўмыснага скажэння дадзеных пры рэгістрацыі бланка адказаў, бланк адказаў адбіраецца, цэнтралізаванае тэсціраванне лiчыцца не пройдзеным.

80. Прынятыя экзаменацыйныя матэрыялы пералічваюцца і запячатваюцца ў пакеты, складаюцца акты перадачы бланкаў адказаў, афармляецца пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі.

81. Па заканчэнні цэнтралізаванага тэсціравання адказныя арганізатары і арганізатары ў аўдыторыі перадаюць экзаменацыйныя матэрыялы па акце арганізацыйнай камісіі згодна з патрабаваннямі і дадзенай Інструкцыяй.

82. На падставе прадстаўленых пратаколаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыях старшыня арганізацыйнай камісіі складае пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

ГЛАВА 8

ПАРАДАК АПРАЦОЎКІ І ЗАХОЎВАННЯ БЛАНКАЎ АДКАЗАЎ, ПРАДСТАЎЛЕННЯ ВЫНІКАЎ І ВЫДАЧЫ СЕРТЫФІКАТАЎ

83. Пакеты з бланкамі адказаў перадаюцца для апрацоўкі і прымаюцца для захоўвання толькі супрацоўнікам, адказным за іх захаванне.

84. Інфармацыя, якая змяшчаецца ў бланках адказаў, пераводзіцца ў электронны фармат. Перавод ажыццяўляецца шляхам сканавання бланкаў, распазнання камп’ютарам адсканаванай інфармацыі і яе рэдагавання (пры няпэўным распазнанні).

85. Аперацыі сканавання, распазнання і рэдагавання выконваюцца ў спецыяльна абсталяваным памяшканні з абмежаваным правам доступу. Апрацоўка выконваюцца на камп’ютарах, аб’яднаных у ізаляваную лакальную сетку.

86. Зверка адказаў асобаў, якія прайшлі тэсціраванне, на заданні педагагічных тэстаў з правільнымі адказамі ажыццяўляецца ЭВМ з дапамогай праграмнага забеспячэння, якое было распрацаванае або выкарыстоўваецца РІКВ.

87. Пры выяўленні тэхнічных дэфектаў бланкаў адказаў, памылак друку ў тэставых заданнях, якія ўплываюць на правільнасць адказу асобаў, якія прайшлі тэсціраванне, РІКВ залічвае адказ асобы, якая прайшла тэсціраванне, па дадзеным тэставым заданні як правільны.

88. РІКВ афармляе пратаколы вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання згодна з дадаткам 15 і сертыфікаты.

89. Інфармаванне асобаў, якія прайшлі тэсціраванне, наконт вынікаў праводзіцца ў пункце тэсціравання.

90. РІКВ перадае сертыфікаты па акце перадачы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, згодна з дадаткам 16, упаўнаважаным прадстаўнікам ўстановаў адукацыі, вызначаных пунктамі тэсціравання, упраўленняў адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў (Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта).

91. Асоба, якая прайшла тэсціраванне, атрымлівае сертыфікат пры прад’яўленні:

  • дакумента, якi пацвярджае асобу;
  • пропуску з адзнакай “Тэсціраванне прайшоў”.

92. Выдача сертыфікатаў адбываецца пад подпіс атрымальніка ў ведамасці ўліку выдачы сертыфікатаў згодна з дадаткам 17.

93. Нявыданыя сертыфікаты захоўваюцца ва ўпраўленнях адукацыі раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў і адміністрацый г. Мінска, а таксама ва ўстановах, вызначаных пунктамі тэсціравання, да канца каляндарнага года.

Па заканчэнні пазначанага тэрміну сертыфікаты знішчаюцца ва ўстаноўленым парадку, афармляецца адпаведны акт. Да 1 лютага ў РІКВ прадстаўляецца акт знішчэння нявыданых сертыфікатаў.

94. У выпадку страты сертыфіката РІКВ выдае дублікат на падставе заявы асобы, якая прайшла тэсціраванне, пра страту сертыфіката. Да заявы пра страту прыкладаецца аб’ява, апублікаваная ў друку, аб прызнанні несапраўдным сертыфіката з дадзенымі серыйным і рэгістрацыйным нумарамі.

95. Афармленне дубліката сертыфіката ажыццяўляе РІКВ. Дублікаты выдаюцца на бланках устаноўленага ўзору, на якіх у правым верхнім куце указваецца “Дублікат”.

96. Бланкі адказаў, выкарыстаныя падчас цэнтралізаванага тэсціравання, будуць захоўвацца як дакументы строгай справаздачнасцi да канца каляндарнага года.

Электронныя выявы бланкаў адказаў, выкарыстаных падчас цэнтралізаванага тэсціравання, захоўваюцца на працягу 75 гадоў.