Пра спецыяльнасць
Спецыяльнасць: «Гісторыя»
Спецыяльнасць забяспечвае атрыманне пашыранай гуманітарнай падрыхтоўкі. Студэнты вывучаюць тэорыю і метадалогію гісторыі, гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю ад старажытнасці да найноўшага часу, археалогію, этналогіюі і антрапалогію. Вялікая ўвага надаецца ўменню працаваць з гістарычнымі крыніцамі, у тым ліку летапіснымі. Студэнты набываюць практычныя навыкі працы з інфармацыяй, правядзення палявых этнаграфічных даследаванняў, удзелу ў археалагічных раскопках, навукова-даследчай працы ў розных галінах гістарычнай навукі, падрыхтоўкі неабходнай інфармацыі для прыняцця рашэнняў органамі дзяржаўнага кіравання.
У працэсе навучання студэнты атрымліваюць спецыяльную педагагічную падрыхтоўку: вывучаюць педагогіку, псіхалогію, методыку выкладання гісторыі, на чацвёртым курсе праходзяць педагагічную практыку ў школе.
Спецыяліст, які прайшоў падрыхтоўку па дадзенай спецыяльнасці, валодае глыбокімі прафесійнымі ведамі і шырокім кругаглядам, добра разбіраецца ў грамадска-палітычных працэсах, здольны хутка арыентавацца ў вялікіх аб’ёмах інфармацыі. Менавіта таму выпускнікі спецыяльнасці “Гісторыя” працуюць ва ўстановах самых розных тыпаў.

Атрымай дыплом гісторыка ў найстаражытным горадзе Беларусі!
Якія перавагі атрымання гістарычнай адукацыі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце?
- Індывідуальны падыход да кожнага студэнта.
- Кваліфікаваныя выкладчыкі – гісторыкі, этнолагі, археолагі, антраполагі.
- Усім іншагароднім студэнтам прадстаўляецца месца ў інтэрнаце.
- 15 бюджэтных месцаў у 2017 г.
- Умераны кошт платнай формы навучання.
- Вучоба ў будынках калегіума-акадэміі XVIII–XIX стст.
- Навучанне і ўдзел у археалагічных раскопках у Полацку – горадзе з багатай гістарычнай спадчынай.
- Этнаграфічныя і археалагічныя экспедыцыі ў маляўнічых кутках Беларускага Падзвіння.
- Магчымасць працягнуць навучанне ў магістратуры.

Навучальны корпус студэнтаў-гісторыкаў – комплекс будынкаў ХVIII–пачатку ХХ ст.,
помнік архітэктуры міжнароднага значэння.
Кваліфікацыя, якая прысвойваецца: гісторык. Выкладчык гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў.
Формы навучання:
Кім і дзе я магу працаваць?
Кім я магу працаваць:
- настаўнікам;
- навуковым супрацоўнікам;
- дзяржаўным службоўцам.
Дзе я магу працаваць:
- у школах і гімназіях;
- у вышэйшых навучальных установах;
- у музеях, архівах і бібліятэках;
- у навукова-даследчых установах;
- у аддзелах пазашкольнай адукацыі;
- у сродках масавай інфармацыі;
- у органах дзяржаўнага кіравання;
- у сілавых структурах.
Дысцыпліны, якія вывучаюцца
- гісторыя Беларусі;
- гісторыя старажытнага свету;
- гісторыя Сярэдніх вякоў;
- гісторыя Новага часу;
- гісторыя Беларусі;
- гістарыяграфія гісторыі Беларусі;
- крыніцазнаўства;
- археалогія;
- этналогія і этнаграфія Беларусі;
- сацыяльна-культурная антрапалогія;
- методыка выкладання гісторыі.
Віды практыкі
- Археолага-этнаграфічная – на 1 курсе
- Эўрыстычная – на 2 курсе
- Музейна-экскурсійная – на 3 курсе
- Педагагічная – на 4 курсе

Студэнты-гісторыкі на археалагічных раскопках
у найстаражытнейшым з будынкаў, які захаваўся ў Беларусі, –
Полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Уладзімір Аляксандравіч Лобач
з групай студэнтаў у этнаграфічнай экспедыцыі
Уступныя іспыты
ДДзённая форма навучання (4 гады):
- беларуская (руская) мова (ЦТ);
- гісторыя Беларусі (ЦТ);
- сусветная гісторыя найноўшага часу (ЦТ).
Прахадны бал (бюджэт / платна) 2019 г.: 264 / 245
План набору (бюджэт / платна) 2020 г.: 10 / 10
Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца на старонцы прыёмнай камісіі.
Водгукі
«Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт даў мне адукацыю найвышэйшага ўзроўню, у якім выкладчыкамі было закладзенае самае галоўнае – рэалізацыя імкнення да свабоды творчасці. Амаль дваццаць гадоў пасля заканчэння вучобы я прапрацаваў у Полацкім дзяржаўным універсітэце на розных пасадах, але адна пасада была нязменная – гэта пасада выкладчыка. Я заўсёды намагаўся, каб мае вучні з ліку студэнтаў засвоілі галоўны ўрок – навучыліся самастойна спасцігаць веды і здзяйсняць новыя адкрыцці ў галіне адукацыйнай і навуковай дзейнасці. Менавіта такі творчы калектыў выкладчыкаў і навукоўцаў склаўся на кафедры гісторыі. Гэты калектыў стала абнаўляецца за кошт таленавітай моладзі з ліку выпускнікоў універсітэта. Сёння мне выпаў гонар узначаліць яшчэ адзін славуты калектыў выкладчыкаў і навукоўцаў у Магілёве. Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова, таксама як і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, размешчаны ў рэгіёне, і ў гэтым заключаецца галоўнае адрозненне і асаблівасці нашых універсітэтаў: усе намаганні педагогаў накіраваныя на падрыхтоўку спецыялістаў, якія запатрабаваныя ў рэгіёне і свеце. Якасць адукацыі падкрэслівае той факт, што многія выпускнікі працягваюць творчыя дынастыі сваіх папярэднікаў і проста абавязаныя быць на вышыні прафесійнага росту. Зычу Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, роўна як і ўсёй Полацкай зямлі, росквіту на карысць роднай Беларусі».
Дзяніс Уладзіміравіч Дук,
доктар гістарычных навук, прафесар, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.А. Куляшова
«Студэнцкія гады лічуць самымі шчаслівымі і бестурботнымі, паколькі ў гэтую пару імкненні маладых людзей накіраваныя не толькі на вучобу, але і на пошук новых эмоцый і ўражанняў. За гады навучання ў універсітэце я атрымала каштоўныя веды, багаты вопыт зносін, навучылася пераадольваць перашкоды, расстаўляць прыярытэты, паспяваць, быць цярплівай, дамагацца свайго. На кафедры гісторыі і турызму створаны ўсе ўмовы дзеля камфортнага навучання, баўлення вольнага часу, правядзення даследаванняў. Вывучаючы гісторыю ў Полацку, вы атрымаеце цудоўную магчымасць дакрануцца да старонак мінулага і спазнаць яго таямніцы».
Дар’я Грыцкевіч,
магістрантка спецыяльнасці 1-21 80 16 «Айчынная гісторыя»
«Для мяне ўніверсітэт стаў выдатным спосабам сфармавацца як асоба і спецыяліст, здольны вырашаць шырокае кола задачаў. Вучоба ва ўніверсітэце дае магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, а таксама наведаць не менш цікавыя месцы. Асоба выкладчыка ва ўніверсітэце таксама гуляе важную ролю. Выкладчыкі кафедры гісторыі і турызму, акрамя свайго прафесіяналізму, маюць свой індывідуальны падыход, які дазваляе не толькі паглядзець на вучобу з розных бакоў, але і павучыцца наладжваць кантакты з людзьмі. Вывучэнне гісторыі ва ўніверсітэце – гэта сталае засваенне нязведанага і пошук чагосьці зусім новага ў гісторыі нашых продкаў. Навуковыя кіраўнікі заўсёды гатовыя падтрымаць пачынанні студэнта і даць яму слушную параду! І вядома ж, універсітэт – гэта той самы этап жыцця, калі чалавек заводзіць знаёмствы і сяброў, якія будуць яго таварышамі і калегамі. Маё навучанне на кафедры гісторыі і турызму гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – гэта найкаштоўнейшы досвед, які я рэкамендую прайсці кожнаму!»
Сяргей Камінскі,
магістрант спецыяльнасці 1-21 80 16 «Айчынная гісторыя»,
старэйшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка
«Мне вельмі пашанцавала, што я тут з’явілася. Яшчэ не вырашыла, паступаць у аспірантуру ці не. Таму карыстаючыся гэтай магчымасцю, я скажу свае словы ў душы на выпадак ад’езду. Мне трэба прызнацца ў сваёй шчырай любові і падзякі да нашага горада, нашага ўніверсітэта, нашага факультэта, нашых выкладчыкаў і сяброў. Яны зрабілі на мяне выдатнае ўражанне, якое я буду памятаць усё жыццё. Іх імёны будуць назаўжды ў сэрцы. Спачатку было зусім не звыкла, а цяпер гэты горад ужо стаў маёй другой радзімай, а універсітэт – другім домам! Усе дапамагалі, тлумачылі пытанні, запрашалі на мерапрыемствы і г.д. Выкладчыкі, як бацькі, кармілі мяне ведамі, вучылі метадам даследаванняў і, самае важнае, яны праявілі ўва мне вельмі высокія якасці: любіць сваю культуру, любіць сваю вобласць навук і імкнуцца да адкрыццяў цэлага свету. Я не заўжды магу цалкам зразумець іх мову, але я заўсёды атрымліваю новае і цікавае і выхоўваюся пад іх уплывам. Прынамсі, калі я вярнуся ў Кітай, я не буду шкадаваць, я не буду тым, хто нічога не вывучыў і нічога не атрымаў. Буду працягваць вучыцца з цікавасцю і любоўю астатнія месяцы і магчымыя наступныя 3–4 гады».
Чжан Іньлін,
магістрантка спецыяльнасці 1-21 80 16 «Айчынная гісторыя»