Пра спецыяльнасць
Спецыяльнасць 1-21 05 06 «Рамана-германская філалогія (англійская)»
Чаму на выкладчыка замежных моваў трэба вучыцца ў ПДУ?
Вучоба ў межах гэтай спецыяльнасці прадугледжвае глыбокае вывучэнне сучасных моваў Заходняй Еўропы і Амерыкі, замежнай літаратуры ад антычнасці да нашых дзён, культуры замежных краін. Спецыялісты атрымліваюць прафесійную філалагічную падрыхтоўку: вывучаюць мінімум дзве замежныя мовы, авалодваюць літаратурай на мове, якую вывучаюць. Студэнты маюць магчымасць вывучаць трэцюю замежную мову. Праграма навучання перакладу пацягваецца з 2 па 4 курсы, дае базу тэорыі і фармуе практычныя навыкі пісьмовага і вуснага перакладу ў розных сферах камунікацыі.
Выпускнік, якія атрымаў адукацыю ў межах гэтай спецыяльнасці, вольна валодае дзвюма і больш мовамі, можа весці падрыхтоўку спецыялістаў па замежнай мове. Грунтоўная лінгвістычная і літаратуразнаўчая падрыхтоўка дазваляе працаваць перакладчыкам, які мае справу з вуснай і пісьмовай мовай, весці тэарэтычныя і прыкладныя даследаванні, ажыццяўляць літаратурна-рэдакцыйную дзейнасць у выдавецтвах і СМІ.
Кваліфікацыя, якая прысвойваецца: Філолаг. Выкладчык замежных моваў і літаратур (англійская, нямецкая / французская). Перакладчык.
Формы навучання:
Спецыяльнасць «Рамана-германская філалогія»
Кім і дзе я магу працаваць?
Кім я магу працаваць:
- настаўнікам;
- выкладчыкам;
- перакладчыкам;
- рэдактарам.
Дзе я магу працаваць:
- у навучальных установах усіх тыпаў;
- у рэдакцыях радыё, тэлебачання, часопісаў, газет і выдавецтваў;
- на прадпрыемствах і ў іншых арганізацыях;
- у органах дзяржаўнай улады.
Дысцыпліны, якія вывучаюцца
- сучасная замежная мова (асноўная і дадатковая);
- лексікалогія асноўнай замежнай мовы;
- міжкультурная камунікацыя і пераклад;
- тэорыя і практыка перакладу;
- асновы мастацкага і тэхнічнага перакладу;
- тэхніка вуснага перакладу;
- краіназнаўства;
- міфалогія рамана-германскіх народаў;
- гісторыя літаратуры краіны асноўнай замежнай мовы;
- гісторыя замежнай літаратуры;
- методыка выкладання замежнай мовы;
- шведская мова ў якасці трэцяй замежнай.
Віды практыкі
- перакладчыцкая (3 курс)
- педагагічная (4 курс)
- пераддыпломная (4 курс)
Уступныя іспыты
Дзённая форма навучання (4 гады):
- беларуская (руская) мова (ЦТ)
- замежная мова на выбар: англійская, нямецкая, французская, іспанская (ЦТ)
- гісторыя Беларусі (ЦТ)
Прахадны бал (бюджэт / платна) 2019 г.: 317 / 240
План прыёму (бюджэт / платна) 2019 г.: 10 / 15
Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца на старонцы прыёмнай камісіі.
Водгукі
«У 2008 годзе мне пашчасціла стаць студэнткай ПДУ і апынуцца ў складзе так званых “першаадкрывальнікаў”: ва ўніверсітэце уводзілася цалкам новая спецыяльнасць – “Рамана-германская філалогія”. Ніхто (у тым ліку выкладчыкі) не ведаў, што атрымаецца з гэтага эксперыменту, але нас гэтая невядомасць прыцягвала як магніт. У год нашага паступлення сваю работу ва ўніверсітэце пачала лектар Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) Штэфані Ланге. Пазней мы пазнаёміліся з Ларсам Ендрайцікам. Заняткі з носьбітамі мовы сталі вельмі каштоўным вопытам для кожнага студэнта!
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і спецыяльнасць “Рамана-германская філалогія” былі маім асэнсаваным выбарам, і я з упэўненасцю магу сказаць: гэты выбар выявіўся правільным! За час вучобы мне пашчасціла стаць стыпендыятам DAAD і навучацца ва ўніверсітэце горада Бамберг (Баварыя). У 2013 г. выдавецтвам нямецкай газеты “Зюдкур’ер” (г. Фрыдрыхсхафен) і Полацкім дзяржаўным універсітэтам быў арганізаваны журналісцкі праект “Полацк піша для Фрыдрыхсхафена”, у якім мне выпаў гонар стаць пераможцай і праходзіць практыку ў рэдакцыі газеты горада Фрыдрыхсхафен (Бадэн-Вюртэмберг). Пасля ўніверсітэт я два гады працавала ў адной са школ роднага горада настаўніцай англійскай мовы, а з 2015 г. з’яўляюся завучам па выхаваўчай рабоце ў гімназіі і выкладаю нямецкую мову. І нават цяпер, праз гады пасля заканчэння ўніверсітэта, Германія працягвае суправаджаць мяне па жыцці: восенню 2015 г. я брала ўдзел у праграме прафесійнай мабільнасці для педагогаў, якая ахоплівала некалькі нямецкіх гарадоў – Берлін, Гановер, Кёльн і Дрэздэн. За ўсе мае веды і дасягненні я шчыра ўдзячная выкладчыкам ПДУ: менавіта іх прафесіяналізм і творчы падыход да навучання дапамаглі мне рэалізаваць сябе ў жыцці і прывілі любоў да замежных моваў!»
Гутар Ірына, выпускніца 2013 г.
Загадчыца па выхаваўчай рабоце ДУА «Пастаўская гімназія»
«У 2012 годзе я стала студэнткай гісторыка-філалагічнага факультэта, спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэтая спецыяльнасць дае магчымасць цудоўна вывучыць замежныя мовы (англійскую, нямецкую, французскую і нават шведскую), а таксама заглыбіцца ў свет літаратуры. Падчас вучобы можна паўдзельнічаць у розных міжнародных стыпендыяльных праграмах. Мне пашчасціла стаць стыпендыятам праграмы Шведскага інстытута і вывучаць шведскую мову ў народнай школе горада Аксваль. Таксама разам са студэнтамі і выкладчыкамі кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў мы сталі ўдзельнікамі “Майскай школы” ў Даўгаўпілсе (Латвія), дзе слухалі курсы па літаратуры і англійскай мове. На кафедры працуюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, а таксама кожны год прыязджаюць лектары з Германіі і ЗША, якія актыўна ўдзельнічаюць у навучальным працэсе і жыцці ўніверсітэта. Спецыяльнасць “Рамана-германская філалогія” – гэта выдатная магчымасць авалодаць замежнымі мовамі і літаратурамі, а таксама атрымаць тыя самыя неабходныя веды, якія дапамогуць у будучай прафесіі філолага, выкладчыка замежных моваў і літаратур, а таксама перакладчыка.»
Фёдарава Наталля, выпускніца 2017 г.