Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Герб юрыдычнага факультэтаПадрыхтоўка юрыстаў у Полацкім дзяржаўным універсітэце вядзецца з 1994 г. Факультэт рыхтуе спецыялістаў у галіне права. Юрыдычны факультэт удзельнічае ў рэалізацыі адукацыйных праграм I і II ступені; перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў.

Навучанне па I ступені вядзецца па спецыяльнасці 1-24 01 02 «Правазнаўства».

На юрыдычным факультэце функцыянуе магістратура (II ступень вышэйшай адукацыі) па спецыяльнасці 1-24 80 01 «Юрыспрудэнцыя». Выпускнікі атрымліваюць ступень магістра юрыдычных навук.

Формы і тэрміны атрымання адукацыі:

I ступень:

  • вочная - 4 гады;
  • завочная (уключаючы дыстанцыйную) - 5 гадоў;
  • завочная скарочаная - 3,5 года.

II ступень (магістратура):

  • вочная форма навучання – 1 год.
  • завочная форма навучання – 1,5 гады.

На юрыдычным факультэце ўсталявалася ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з мясцовымі органамі кіравання і самакіравання, Пракуратурай Віцебскай вобласці, Галоўным Упраўленнем юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскай абласной калегіяй адвакатаў, Упраўленнем унутраных справаў Віцебскага аблвыканкама, з абласным і Эканамічным судом, мытняй Віцебскай вобласці, Упраўленнем Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці і многімі іншымі арганізацыямі. Такое супрацоўніцтва спрыяе забеспячэнню базаў практык для студэнтаў і працаўладкаванню выпускнікоў.

Ужо 22 гады факультэт забяспечвае кадрамі многія арганізацыі паўночнага рэгіёну Рэспублікі і ўсёй краіны. Выпускнікі спецыяльнасці «Правазнаўства» запатрабаваныя ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці: у дзяржаўным кіраванні і палітыцы, праваахоўнай сферы і правасуддзі, бізнес-сферы, адукацыі, навуцы і многіх іншых. Яны працуюць у судах, адвакатуры, натарыяце, органах пракуратуры, унутраных справаў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў, мытных, падатковых органах, банках, юрысконсультамі ў арганізацыях, аўдытарскіх арганізацыях, агенцыях нерухомасці, агенцыях па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, кадравых службах і г. д.

У дадзены момант на юрыдычным факультэце навучаецца каля 1000 студэнтаў, больш за 50 з якіх з'яўляюцца замежнымі грамадзянамі. Студэнты паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і замежных канферэнцыях і алімпіядах, Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх работ. За выдатную вучобу і навуковыя дасягненні асобныя студэнты ўганараваны Прэзідэнцкімі прэміямі і стыпендыямі, імяннымі стыпендыямі.

За ўвесь перыяд навучання студэнты вывучаюць больш за 60 дысцыплінаў, сярод іх: Адміністратыўнае права; Адміністратыўна-дэліктнае і працэсуальна-выканаўчае права; Грамадзянскі працэс; Грамадзянскае права; Канстытуцыйнае права; Права; Пракурорскі нагляд; Працоўнае права; Крымінальнае права; Крымінальны працэс; Фінансавае права; Гаспадарчае права; Гаспадарчы працэс; Экалагічнае права; Міжнароднае публічнае права; Жыллёвае права; Крыміналогія; Мытнае права; Крыміналістыка; Міжнароднае прыватнае права; Крымінальна-выканаўчае права; Сямейнае права і іншыя.

Шмат гадоў працуе студэнцкая Служба прававой дапамогі. Кансультатыўная дзейнасць Службы накіраваная на:

  • аказанне інфармацыйна-прававой дапамогі насельніцтву, павышэнне прававой культуры;
  • удасканаленне формаў і метадаў навучання студэнтаў юрыдычнага факультэта;
  • фарміраванне ў студэнтаў навыкаў аказання юрыдычных паслугаў (апытанне кліента, прадастаўленне кансультацыі, вядзенне перамоваў, ацэнка справы), прафесійных рысаў характару.

Развіваецца напрамак «Street law», які ажыццяўляе прававыя трэнінгі з рознымі групамі насельніцтва (школьнікі, пенсіянеры). У рамках адукацыйнай секцыі «Street Law» студэнты і выкладчыкі ў нефармальным, гульнявым і інтэрактыўным фармаце праводзяць мерапрыемствы (урокі, сустрэчы і г. д.), накіраваныя на інфармаванне розных сацыяльных групаў насельніцтва па праве і прававой сістэме, фарміраванне практычных навыкаў рэалізацыі прававых нормаў, павышэнне прававой культуры насельніцтва.

Юрыдычны факультэт уключае тры кафедры: тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; грамадзянскага права, крымінальнага права і крыміналістыкі. Падрыхтоўка юрыстаў уключае спецыялізацыі: арганізацыя і дзейнасць дзяржаўных органаў; прававое забеспячэнне бізнесу; судова-пракурорска-следчая дзейнасць.

Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта ўключае 35 выкладчыкаў, 12 кандыдатаў навук, 1 доктара навук. Для чытання асобных курсаў лекцый запрашаюцца замежныя спецыялісты.

У распараджэнні факультэта маецца звыш за дваццаць сучасна ўкамплектаваных мультымедыйных навучальных аўдыторый, кафедральныя памяшканні, сучасныя камп'ютарныя класы, канцэртная зала, філіял Навуковай бібліятэкі ўніверсітэта і навучальны кабінет прававой інфармацыі, залы для канферэнцый, перамоваў і нарадаў, лабараторыя крыміналістыкі, асобныя памяшканні для Трацейскага суда і Студэнцкай службы прававой дапамогі і інш.

На юрыдычным факультэце створаная ўнікальная Зала судовых пасяджэнняў, якая дае шырокія магчымасці для правядзення навучальных і рэальных крымінальных, грамадзянскіх, эканамічных і іншых справаў судамі агульнай юрысдыкцыі: спецыяльныя месцы для размяшчэння складу суда, дарадчы пакой, ізаляванае памяшканне для сведкі з магчымасцю забеспячэння яго ананімнасці, месцы для размяшчэння ўдзельнікаў працэсу і іншых асобаў для правядзення выязных судовых пасяджэнняў, камп'ютары з выхадам у Інтэрнэт і прававой базай, арганізацыя сістэмы відэаканферэнцсувязі з судамі Рэспублікі Беларусь. Усё гэта накіравана на ўдасканаленне і інтэнсіўнае развіццё ўжо наяўнага на юрыдычным факультэце досведу правядзення выязных судовых пасяджэнняў у рамках супрацоўніцтва з судамі Віцебскай вобласці.

Абноўленая тэхнічная база лабараторыі крыміналістыкі дае магчымасць у розных сучасных формах (у тым ліку і гульнявых) навучаць студэнтаў крыміналістычным методыкам расследавання злачынстваў, правядзенню асобных следчых дзеянняў шляхам мадэлявання, лічбавага адлюстравання магчымага развіцця сітуацый, прымянення фота- і відэа тэхнікі, паліграфа і шэрагу іншых тэхніка-крыміналістычных сродкаў у працэсе даказвання.

Юрыдычны факультэт актыўна супрацоўнічае з профільнымі факультэтамі ўніверсітэтаў як у Рэспубліцы Беларусь, гэтак і за мяжой. Заключана 17 пагадненняў аб супрацоўніцтве з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі такіх краінаў, як Швецыя, Польшча, Расія, Літва, Вялікабрытанія, Фінляндыя, Украіна і ЗША. З моманту стварэння факультэт актыўна ўдзельнічае ў шэрагу міжнародных праектаў і праграмаў. Найбольш істотныя вынікі былі дасягнутыя на аснове супрацоўніцтва ў рамках некалькіх праектаў з міжнародным фінансаваннем. У выніку нам удалося арганізаваць бясплатныя студэнцкія юрыдычныя паслугі для рэгіянальнай супольнасці, адкрыць міждысцыплінарную вучэбную праграму ў галіне кіравання нерухомасцю. Для студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў маецца магчымасць замежных стажыровак ва ўніверсітэтах-партнёрах.

У нашым акадэмічным жыцці мы імкнемся да пашырэння міжнародных кантактаў па ўсёй Еўропе і па ўсім свеце, з асаблівым акцэнтам на краіны, з якімі пакуль не ўстанавілі супрацоўніцтва.

Факультэт развіваецца як навуковае і вучэбнае падраздзяленне ўніверсітэта, спалучаючы фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, з усталяванымі традыцыямі культуры і адукацыі. Развіццё факультэта накіраванае на прапанову студэнтам асобасна-, кампетэнтнасна-, практыка- і сацыяльна-арыентаваных праграмаў навучання, якія акрэдытаваныя і ацэненыя як канкурэнтаздольныя на нацыянальным узроўні. Працадаўцы станоўча ацэньваюць якасць адукацыі на нашым факультэце.

Рэгулярна ажыццяўляюцца навуковыя даследаванні ў рамках рэспубліканскіх дзяржаўных праграмаў. Прыярытэтныя напрамкі:

  • Энергетычнае права;
  • Прававое рэгуляванне энергазабеспячэння і энергазберажэння ў рамках ЕАЭС;
  • Экалагічная бяспека;
  • Канстытуцыйны кантроль;
  • Тэарэтычныя і прыкладныя праблемы фарміравання дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь;
  • Юрыдычныя гарантыі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і праблемы забеспячэння бяспекі дзяржавы;
  • Крымінальна-прававыя і крыміналагічныя асновы папярэджання злачыннасці ў сферы сямейных стасункаў.

Факультэт у сваім развіцці імкнецца максімальна інтэграваць адукацыйную, навуковую і інавацыйную дзейнасць з патрэбамі рэальнага сектара эканомікі і рынку юрыдычных паслугаў. За ўвесь час працы наладжаныя плённыя сувязі з практычнымі арганізацыямі, у рамках якіх рэгулярна праводзяцца сумесныя навучальныя і навукова-практычныя мерапрыемствы, візіты, абмен досведам, узаемная дапамога і падтрымка; развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва ў форме навуковых семінараў, круглых сталоў, канферэнцый, трэнінгаў, навуковых даследаванняў, стажыровак студэнтаў і выкладчыкаў.

З 2016 года юрыдычны факультэт укараніў новую форму супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння адукацыі, навукі і практыкі, унікальную па сваім увасабленні, стварыўшы рэгіянальны вучэбна-навукова-практычны Юрыдычны цэнтр. Пагадненне па стварэнні Юрыдычнага цэнтра падпісала 16 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў рэспубліканскага, абласнога і рэгіянальнага ўзроўняў (Пракуратура, Следчы камітэт, суды, мытныя органы, выканаўчыя камітэты і інш.), установаў адукацыі і іншых арганізацый.

Юрыдычны цэнтр аб'ядноўвае шырокі спектр разнастайных напрамкаў дзейнасці і з'яўляецца пляцоўкай для супрацоўніцтва, накіраванага на стварэнне эфектыўнай, заснаванай на прынцыпе ўзаемадзеяння юрыдычнай адукацыі, навукі і практыкі, інавацыйнага адукацыйна-даследчага і інфармацыйнага асяроддзя ў галіне развіцця юрыдычнай адукацыі і ўдасканалення падрыхтоўкі спецыялістаў, павышэння прававой культуры насельніцтва, прасоўвання прыярытэтных навуковых напрамкаў, сумесных практыкаарыентаваных адукацыйных і навукова-даследчых праграмаў у галіне права і сумежных з ім сфераў.

Стварэнне агульнай і зручнай для ўсіх зацікаўленых органаў і асобаў пляцоўкі ў фармаце рэгіянальнага вучэбна-навукова-практычнага Юрыдычнага цэнтра дазваляе ўмацаваць і развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з партнёрамі юрыдычнага факультэта ў галіне юрыспрудэнцыі па шырокім спектры разнастайных напрамкаў дзейнасці:

  • Садзейнічанне развіццю адукацыйных паслугаў;
  • Распрацоўка і рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках супрацоўніцтва з органамі дзяржаўнай улады і кіравання, адукацыйнымі ўстановамі, арганізацыямі і грамадзянамі для інфармацыйнай падтрымкі, абмену досведам, укаранення распрацовак у галіне юрыдычнай навукі і практыкі;
  • Ініцыяванне, падтрымка і арганізацыя навуковых даследаванняў, у тым ліку сумесных даследаванняў міжуніверсітэцкага і міжнароднага ўзроўняў, а таксама навуковых мерапрыемстваў;
  • Стварэнне інфармацыйнага асяроддзя, якое спрыяе прававому інфармаванню грамадзянаў і павышэнню прававой культуры (кансультацыйная дзейнасць Студэнцкай службы прававой дапамогі; дзейнасць адукацыйнай секцыі «Street Law»);
  • Міжнароднае супрацоўніцтва;
  • Садзейнічанне развіццю альтэрнатыўных формаў вырашэння спрэчак.

Такім чынам, стварэнне Цэнтра дазваляе, з аднаго боку, павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, а з другога боку, дае шырокія магчымасці факультэту і яго партнёрам па супрацоўніцтве каардынаваць і рэалізоўваць сумесныя практыкаарыентаваныя праграмы, накіраваныя на ўдасканаленне дзейнасці.