Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Гісторыя стварэння і станаўлення кафедры фізікі бярэ свой пачатак з моманту  адкрыцця ў Наваполацку 23 ліпеня 1968 годафіліяла Беларускага політэхнічнаг аінстытута (БПІ). Першым дырэктарам Наваполацкага філіяла БПІ быў прызначаны дырэктар Наваполацкага нафтавага тэхнікума Сакалоў Б. Е., а першым загадчыкам кафедрай фізікі і хіміі быў к.т.н. Бабенка Э.М. Кафедра мела дзве секцыі: секцыю фізікі і электратэхнікі (кіраўнік Ашчэпкава М.В., а затым Пракаповіч Л.І.) і секцыю хіміі. У 1969 г. Наваполацкі філіял БПІ быў перададзены беларускаму тэхналагічнаму інстытуту, і дырэктарам філіяла быу прызначаны Бабенка Э. М.

Першымі выкладчыкамі-фізікамі былі Макаранка Г. М, які пачаў працаваць у філіяле БПІ на пасадзе загадчыка фізічнай лабараторыі з 1968 г., і к. т. н. Ашчэпкава Н. У., якая пачала працаваць у нашай ВНУ з 1969 г. на пасадзе старшага выкладчыка. З верасня 1970 г. у філіяле пачаў працаваць к. ф.-м. н. Пракаповіч Л. I., які з 16.09.1972 г. з'яўляўся загадчыкам зноў створанай кафедрай фізікі і электратэхнікі. У далейшым кафедра падзялілася з 01.09.1975 г. на дзве кафедры: кафедру фізікі і кафедру вылічальнай тэхнікі, аўтаматыкі і электратэхнікі. Пракаповіч Л. І. з'яўляецца першым загадчыкам кафедрай фізікі. Ён узначальваў кафедру фізікі на працягу амаль 10 гадоў з 1974 па 1983 г. Пракаповіч Л. I. быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, з'яўляўся старшынёй прафкама інстытута ў 1986-1989 гг.

У перыяд станаўлення кафедры пры непасрэдным удзеле Ашчэпкавай Н. У. прайшла першая навукова-тэхнічная канферэнцыя студэнтаў у Інстытуце. Атрымаў нараджэнне такі важны накірунак як вучэбна-даследчая праца студэнтаў. Акрамя гэтага, Ашчэпкава Н. У. на працягу ўсёй сваёй працы ў НПІ-ПДУ актыўна займалася навукова-даследчай працай у галіне матэрыялазнаўства, праводзіла экспертныя даследаванні ў гэтай галіне.

З 03.01.83 па 21.10.86 кафедру фізікі ўзначальваў прафесар, д. х. н. Надыкта Б. Т. Трэба адзначыць, што Надыкта Б. Т. першым з навукоўцаў нашага інстытута, хто абараніў доктарскую дысертацыю і атрымаў званне прафесара.

У розныя гады з 1986 г. абавязкі загадчыка кафедрай фізікі выконвалі Ашчэпкава Н. У., Лінкевіч А. Д., Пракаповіч Л. І., Груздзеў В. А.

Актыўна вялася праца па фарміраванні кафедры высокакваліфікаванымі выкладчыкамі-навукоўцамі. За час існавання кафедры фізікі кандыдатамі навук дацэнтамі сталі Макаранка Г. М. (1982 г.), Лінкевіч А. Д. (1988 г.), Гідрановіч В. А. (1988 г.) Вабішчэвіч С. А. (1997 г.), Залескі В. Г. (1999 г.), Голубеў Ю. П. (2004 г.), Антановіч Д. А. (2009 г.), Пятровіч О. н. (2012). У 2015 г. Залескаму В. Г. была прысуджаная вучоная ступень доктара фізіка-матэматычных навук.

У 2001 г. званне прафесара было прысуджана Макаранку Г. М. Ён узнагароджаны шматлікімі граматамі: ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета РБ і Віцебскага абласнога савета, Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі РБ, срэбным медалём ВДНГ СССР, з'яўляецца выдатнікам Вышэйшай школы СССР. У перыяд з 1989 па 2000 гг. з'яўляўся дэканам машынабудаўнічага факультэта.

У перыяд з 1970 на кафедры фізікі працавалі Курачкін Г.Ф., Дзерыпаска В.Т., Апарына Н.А., Красікаў М.М., Юрын Ю.В., Дугіна М.М., Нікіфараў С.А., Задняпроўскі Г.М., Какаўка В.Ф., Дудо Н.І., Гідрановіч В.А. Лінкевіч А.Д., Дубчонак Г.А., Сядлуха А.М. У гэты час актыўна вялася навукова-даследчая работа па рэнтгенаструктурным аналізе матэрыялаў (кіраўнік Дзерыпаскі В.Т.) і даследаванні нелінейных з'явў у складаных сістэмах (кіраўнік Лінкевіч А.Д.), ажыццяўлялася распрацоўка і ўкараненне тэхналогіі вырабу ўмацаваных і каразійнаўстойлівых дэталяў турбінных расходамераў пры капітальным рамонте (кіраўнік Г.М.Макаранка).

У цяперашні час на кафедры працуюць наступныя выкладчыкі і супрацоўнікі, працоўны стаж якіх перавышае 30 гадоў: Макаранка Г.М., Груздзеў В.А., Апарына Н.А., Сцяпноў А.К.

З 1993г. па 2008г. кафедрай кіраваў д.т.н. прафесар Груздзеў В.А., Лаўрэат дзяржаўнай прэміі Расіі. Да пераезду ў Беларусь у 1993г. Уладзімір Аляксеевіч кіраваў кафедрай фізікі Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта сістэм кіравання і радыёэлектронікі (г. Томск, Расія) і з'яўляўся адным з заснавальнікаў новага навуковага кірунку «Плазмавыя крыніцы электронаў». За гэта калектыў, у складзе якога працаваў Груздзеў В.А., і атрымаў дзяржаўную прэмію. Адначасова з ім у 1993 г. на кафедру прыйшлі працаваць два выпускнікі фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Залескі В.Г. і Пятровіч В.Н. Паступова на кафедры фізікі Полацкага дзяржуніверсітэта (які атрымаў статус універсітэта ў 1993г.) навуковы кірунак, якім Груздзеў В.А. займаўся ў Расіі, атрымаў сваё развіццё. У 1994г. адкрыта аспірантура па спецыяльнасці «Вакуумная і плазмавая электроніка». Адначасова пачалося фармаванне тэхнічнай базы для навуковай лабараторыі «Электроннай і іённай тэхналагічнай апаратуры», што стваралася ў той час.

У 1995г. з вытворчасці на кафедру перайшоў інжынер – Русецкі І.С. Пасля сканчэння радыётэхнічнага факультэта ПДУ, у 1998 г. прыйшлі маладыя адмыслоўцы, якія сталі пасля аспірантамі – Голубеў Ю.П. і Антонавіч Д.А. Сфармаваны да гэтага часу навуковы калектыў пачаў больш інтэнсіўна працаваць над стварэннем навукова-практычнай лабараторыі і распрацоўкай уласнага шляху ў гэтым навуковым кірунку. У 1999г. абараніў кандыдацкую дысертацыю Залескі В.Г., у 2003г. абаранілі кандыдацкую дысертацыю Голубеў Ю.П., у 2009г. - Антонавіч Д.А., у 2012г. - Пятровіч В.Н.

Пашырэнне навуковага калектыву дазволіла перайсці ад даследаванняў газавых разрадаў і стварэння плазмавых крыніц да распрацоўкі электронна-прамянёвага абсталявання. У 2005г. пры кафедры фізікі створана навукова-практычная лабараторыя «Электроннай і іённай тэхналагічнай апаратуры». Навуковым калектывам усе ў большай ступені сталі вырашацца апроч чыста навуковых заданняў, што маюць фундаментальны характар, прыкладныя задачы, скіраваныя на ўкараненне перспектыўных электронна-прамянёвых тэхналогій у вытворчасці.

Для вырашэння задачаў аўтаматызацыі навуковай лабараторыі на працу былі прыняты інжынеры, выпускнікі РТФ, якія сталі аспірантамі – Ругаль Д.Г., Паўлавец П.В., Русецкі І.С.

У наш час навуковы калектыў пад кіраўніцтвам Груздзева В.А. паспяхова працуе як у вобласці фундаментальных даследаванняў у рамках дзяржаўных праграм, напрыклад «Плазмадынаміка», гэтак і ва ўжытковым накірунку ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай «Матэрыялы ў тэхніцы» ці ў рамках гасдамовы з прадпрыемствамі машынабудаўнічага профілю, у прыватнасці з Мінскім трактарным заводам. Супрацоўнікамі лабараторыі ў агульным апублікавана больш за 50 артыкулаў у розных часопісах (замежных: Appl. Phys., Vacuum, расійскіх: ЖТФ, ПТЭ, Прыкладная фізіка, Цяжкае машынабудаванне, рэспубліканскіх: Інжынерна-фізічны часопіс, Веснік ПДУ і інш.) і ў суаўтарстве з супрацоўнікамі іншых вну 2 манаграфіі.

Значнасць атрыманых калектывам вынікаў адзначана ўзнагародамі і заахвочаннямі, атрыманымі супрацоўнікамі навукова-практычнай лабараторыі ў розныя гады. Кіраўнік калектыву – прафесар Груздзеў В.А. у 1999г. быў узнагароджаны граматай Віцебскага аблвыканкама, у 2005г. – граматай Акадэміі навук Беларусі, у 2006г. яго праца была адзначана ўзнагародай з спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ для падтрымкі выбітных навукоўцаў. У 2007г. прафесар Груздзеў В.А. атрымаў званне «Выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь». За актыўную навуковую працу дацэнт кафедры фізікі Залескі В.Г. у 2006г. атрымаў стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ для падтрымкі маладых навукоўцаў. Аспірант – Русецкі І.С. у 2008г. з'яўляўся ўладальнікам стыпендыі Прэзідэнта РБ.

З 1990г. з прыходам на кафедру выпускнікоў фізічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Вабішчэвіча С.А. і Вабішчэвіч Н.В. на кафедры сталі праводзіцца даследаванні па вывучэнні ўласцівасцяў паўправадніковых структур. У наш час іх тэмай з'яўляюцца фундаментальныя даследаванні ў вобласці матэрыялазнаўства паўправадніковых структур (Si, Ge, А3У5). Навуковыя даследаванні, кіраўніком якіх з'яўляецца к.ф.-м.н. дацэнт Вабішчэвіч С.А., вядуцца ў рамках дзяржаўных комплексных праграм навуковых даследаванняў «Крышталяфізіка» (2002-2006гг.) і «Крышталічныя і малекульныя структуры» (2006-2010гг.). Актыўнае навуковае супрацоўніцтва ўжыццяўляецца з кафедрамі фізічнага факультэта БДУ. Супрацоўнікі кафедры фізікі ПДУ Вабішчэвіч Н.В. і Вабішчэвіч С.А. з'яўляюцца суаўтарамі вялікай колькасці навуковых публікацый, сярод якіх адна манаграфія і каля 50 навуковых артыкулаў у часопісах Рэспублікі Беларусь і Расіі. Вынікі навуковых даследаванняў калектыву рэгулярна прэзентуюцца на міжнародных канферэнцыях, што праводзяцца як у Беларусі (Міжнародная канферэнцыя «Узаемадзеянне выпрамяненняў з цвёрдым целам» (ВІТ, Мінск); Міжнародная навуковая канферэнцыя «Актуальныя праблемы фізікі цвёрдага цела» (Мінск)), гэтак і за яе межамі (Расійская канферэнцыя з міжнародным удзелам па фізіцы, матэрыялазнаўству і фізіка-хімічным асновам тэхналогій атрыманні легаваных крышталёў крэмнію і прыладавых структур на іх аснове (Крэмній). Масква, МИСиС). Праца калектыву была адзначана кіраўніцтвам краіны, і ў 2001г. за актыўную навуковую працу дацэнт кафедры фізікі, кіраўнік азначанага кірунку фундаментальных даследаванняў, Вабішчэвіч С.А. атрымаў стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ для падтрымкі маладых навукоўцаў.

Нягледзячы на безумоўныя поспехі калектыву кафедры фізікі ў правядзенні навукова-метадычнай працы, прыярытэтным кірункам дзейнасці кафедры фізікі з'яўляецца арганізацыя навучальна-метадычнай і выхаваўчай працы са студэнтамі. У наш час у абавязкі калектыву ўваходзіць правядзенне навучальных заняткаў па 12 дысцыплінах са студэнтамі тэхнічных спецыяльнасцяў, а таксама па курсе «Радыяцыйная бяспека», які вывучаецца студэнтамі практычна ўсіх спецыяльнасцяў ПДУ. Выкладчыкі кафедры надаюць багата увагі стварэнню навучальна-метадычных дапаможнікаў, адаптаваных для студэнтаў інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцяў пры вывучэнні сучаснай фізікі, у тым ліку і з грыфам Міністэрства адукацыі (у 2005 і ў 2009 гг.).

Адным з важных кірункаў у працы кафедры фізікі ПДУ заўсёды была арганізацыя навукова-даследчай працы са студэнтамі. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры студэнты выконваюць працы, вынікі якіх штогод дакладаюцца на навукова-метадычных канферэнцыях і публікуюцца ў навуковых часопісах. Варта адзначыць, што доўгія гады гэтай працай займалася Ашчэпкава Н.В. -- дацэнт кафедры. Актыўны ўдзел у навукова-даследчай працы са студэнтамі прымае дацэнт кафедры Вабішчэвіч С.А. Пры іх непасрэдным кіраўніцтве ў перыяд з 2001 па 2009гг. студэнты радыётэхнічнага і тэхналагічнага факультэтаў універсітэта 8 разоў станавіліся пераможцамі (дыплом 1 ступені) Рэспубліканскага конкурсу маладых навукоўцаў. Некаторыя з пераможцаў у наш час з'яўляюцца выкладчыкамі-аспірантамі нашага ўніверсітэта.