Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

3-4 чэрвеня 2017 года Полацк наведала дэлегацыя ў складзе кітайскіх студэнтаў, якіх суправаджала дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Людміла Аляксандраўна Бяссонава. Пры мінскім універсітэце функцыянуе Цэнтр кітайскай мовы і культуры, у межах якога ажыццяўляецца абмен студэнтамі: беларускія студэнты, якія вывучаюць кітайскую мову, ездзяць на стажыроўку на год у Кітай, а кітайскія, якія авалодваюць спецыяльнасцю “Руская філалогія”, – у Беларусь.

Кітайскія студэнткі, што наведалі наш універсітэт, ужо навучэнцы 3 курса, і ім пашчасціла гэты год вывучаць рускую мову ў Беларусі. Дзякуючы куратару Людміле Аляксандраўне, з’явілася ў іх цікавасць і да беларускай культуры, а ў прыватнасці да старажытнага Полацка і, зразумела, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кітайскія студэнткі наведалі наш універсітэт

Госці былі ў захапленні ад экскурсіі па Полацкаму калегіуму, які ўразіў іх сваімі велічнымі мурамі і заламі, ад размовы з галавой паважанага Старца, ад урачыстага шэсця скульптурных выяў на ўніверсітэцкім гадзінніку, ад калодзежа, якому шапнулі запаветнае жаданне, кінуўшы манетку.

У межах Цэнтра беларускай мовы і культуры Святлана Міхайлаўна Лясовіч і Наталля Генадзьеўна Апанасовіч распрацавалі заняткі экспрэс-пагружэння ў стыхію беларускай мовы і культуры – кітайскія дзяўчаты паспрабавалі гаварыць па-беларуску, пазнаёміліся з асаблівасцямі беларускай графікі і вымаўлення, даведаліся пра тэхніку традыцыйнай беларускай выцінанкі і зрабілі сваімі рукамі сабе на памяць паштоўкі-выцінанкі.

Экспрэс-пагружэнне ў стыхію беларускай мовы і культуры

Паштоўкі-выцінанкі сваімі рукамі

Кітайскія студэнты ў Полацкім калегіўме

Незабыўным уражаннем стала знаёмства з беларускай танцавальнай культурай. Дзякуючы намаганням дзяўчат з гурта “Варган”, традыцыйныя танцы становяцца візітнай карткай Полацка і Полацкага ўніверсітэта ў прыватнасці. Кітайскія студэнткі з задавальненнем удзельнічалі ў майстар-класе, старанна вывучаючы, як танчылі спрадвеку на беларускіх землях.

Майстар-клас па беларускім традыцыйным танцам

У нядзелю адбылася вялікая аглядавая экскурсія па Полацку з наведваннем Еўфрасіннеўскага манастыра.

Напрыканцы кітайскія дзяўчаты заўважылі, што яны абавязкова вернуцца ў Полацк, ціхі, чысты, утульны, з добрымі і вясёлымі беларускімі людзьмі.

Цэнтр беларускай мовы і культуры ПДУ прымае кітайскіх гасцей

Падаецца, што супрацоўніцтва з мінскімі вузамі ў накірунку пагружэння замежных студэнтаў у беларускую культуру бачыцца вельмі перспектыўным для нашага вуза, бо Полацк – гэта ўнікальнае культурнае асяроддзе і каштоўная спадчына, месца, якое нават сталічная разнастайнасць не заменіць.

С.М. Лясовіч, дацэнт кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў