Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Стварэнне Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў на базе кафедры гісторыі і турызму ў 2019 г. стала лагічным этапам развіцця экспедыцыйных даследаванняў у галіне этнаграфіі, якія праводзяцца выкладчыкамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з 1995 года. Адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці Цэнтра з’яўляецца пашырэнне міжнародных сувязяў і прафесійнае ўзаемадзеянне з навуковымі ўстановамі і арганізацыямі падобнага профілю як у блізкім, так і далёкім замежжы.


centr vusn gist 1

У рамках праекта Еўрапейскага Саюза MOST па рэалізацыі мерапрыемстваў мабільнасці 10 – 15 лютага 2020 г. адбылася стажыроўка супрацоўнікаў Цэнтра (У. Я. Аўсейчык, А. І. Корсак, У. А. Лобач, А. В. Сумко) у Цэнтры вуснай гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта (Латвія). Кіраўніцтва, выкладчыкі і даследчыкі Гуманітарнага факультэта ДУ аказалі гасцінны прыём беларускім калегам і шчыра дзяліліся сваім досведам у галіне педагагічнай і навуковай дзейнасці.

centr vusn gist 2

Найбольшую прафесійную зацікаўленасць полацкіх даследчыкаў выклікаў вопыт латвійскіх калег у галіне вуснай гісторыі. У выніку наведвання Цэнтра вуснай гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта (кіраўнік – прафесар Ірэна Саленіцэ) і актыўных кансультацый з яго супрацоўнікамі адбылося дэтальнае азнаямленне з прынцыпамі і метадамі правядзення палявых даследаванняў, спосабамі і тэхналогіямі архівацыі і рэпрэзентацыі палявых матэрыялаў, а таксама юрыдычна-прававымі асаблівасцямі іх увядзення ў навуковы зварот.

centr vusn gist 3

centr vusn gist 4

У сваю чаргу, беларусы падзяліліся ўласным досведам у галіне палявой этнаграфіі і правялі дзве адкрытыя лекцыі для студэнтаў і выкладчыкаў Гуманітарнага факультэта Даўгаўпілскага ўніверсітэта. Гэта сталася магчымым дзякуючы шчыраму клопату дэкана факультэта Эліны Васільевай. Вялікая колькасць прысутных і зацікаўленых пытанняў засведчылі высокі прафесійны ўзровень навуковых даследаванняў і этнаграфічных экспедыцый Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

centr vusn gist 5

Насычанай была і культурная праграма візіта, падчас якой адбылося азнаямленне з гістарычнымі адметнасцямі Даўгаўпілса, наведванне Цэнтра Беларускай культуры, Яўрэйскага і Этнаграфічнага музея (м. Вабола). Але галоўным вынікам стажыроўкі стала пашырэнне прафесійных кантактаў, перайманне вопыту арганізацыі даследаванняў у галіне вуснай гісторыі, а таксама – папярэдняя дамоўленасць з латвійскімі калегамі адносна правядзення сумеснай экспедыцыі ў рэгіёне беларуска-латвійскага памежжа.

centr vusn gist 7

centr vusn gist 8


Прафесар кафедры гісторыі і турызму Уладзімір Лобач