Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

27 лютага 2020 года да старадаўніх сценаў калегіума пад’ехала Volvo са сцягам сіняга колеру з залатым крыжом: так пачаўся візіт Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Крысціны Ёханэсан і супрацоўнікаў Амбасады ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.


Візіт Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі 

Высокія госці наведалі нашую навучальную ўстанову ў рамках справавой паездкі па Віцебскай вобласці. Спачатку для іх была праведзеная невялікая экскурсія па езуіцкім калегіуме на шведскай мове, дзе госці ўбачылі студню, гадзіннік, механічную галаву і іншыя выбітнасці.

Крысціна Ёханэсан

Пасля гэтага ў канферэнц-зале адбылася сустрэча Амбасадара са студэнтамі гуманітарнага факультэта, якія вывучаюць шведскую мову. А такіх у нас болей за 50! Падчас гэтай сустрэчы студэнты даведаліся пра працу Амбасады, адукацыйныя праграмы для беларусаў у Швецыі, а таксама мелі магчымасць задаць свае пытанні. Асабліва хочацца падзякаваць гасцям за падарункі факультэту: новыя кнігі па літаратуры і культуры Швецыі.

Сустрэча Амбасадара са студэнтамі

Пасля сустрэчы з Амбасадарам студэнты і выпускнікі гуманітарнага факультэта (Соф’я Сліжыкава, Анастасія Кулікоўская, Анастасія Праліч і Дзіяна Самусь) распавялі прысутным пра свой досвед удзелу ў разнастайных адукацыйных праграмах у Швецыі (летнія моўныя курсы, студэнцкія візіты ў Стакгольм), што стала цудоўнай магчымасцю для іншых даведацца пра навучанне ў Швецыі непасрэдна ад саміх удзельнікаў. Пазней быў зладжаны кінапаказ на шведскай мове.

У той жа час у бібліятэцы была арганізаваная выстава мастацкай і метадычнай літаратуры на шведскай мове, якая маецца ў наяўнасці на гуманітарным факультэце, і якой могуць карыстацца ўсе навучэнцы.

Такім чынам, атрымалася зладзіць сапраўдны Дзень Швецыі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце!


Яўген Папакуль
Здымкі: Турцэнтр ПДУ