У нашай краіне даўно і шмат гаворыцца пра неабходнасць развіцця кадравага патэнцыялу навукова-інавацыйнага комплексу краіны, абмяркоўваюцца і ўжо рэалізуюцца практычныя захады па ўзмацненні эканамічнай і сацыяльнай абароненасці вучоных, павышэнні прэстыжу навуковай дзейнасці, амаладжэнні кадравага складу навукі, у тым ліку прафесарска-выкладчыцкага складу устаноў вышэйшай адукацыі, стварэнні дадатковых умоў для прыцягнення і замацавання таленавітай моладзі ў сферы навукі і тэхналогій, удасканальванні сістэмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі навуковых кадраў.

Але ва ўсе часы былі, ёсць і будуць маладыя вучоныя, фармаванне і развіццё якіх залежыць, найперш, не ад вонкавых фактараў, а ад таго, што інтэлект і творчае мысленне, энтузіязм і настойлівасць, сумленнасць і адказнасць перад грамадствам робіць навуку для іх важнейшай унутранай патрэбай. Калі наконт гэтага ёсць нейкія сумненні, то маеце выдатную нагоду бліжэй пазнаёміцца з загадчыцай кафедры гісторыі і турызму, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Алесяй Іосіфаўнай Корсак!

Кар.: Алеся Іосіфаўна, раскажыце, калі ласка, пра Ваша дзяцінства, бацькоў.

А.І. Корсак: Нарадзілася я ў Заходняй Беларусі – у Шаркаўшчыне. Бацькоўскі дом стаіць на беразе ракі Дзісна, таму расла я сярод прыроднай прыгажосці. Лета праводзіла на рэчцы, а зімой каталася на лыжах і санках з горак ля той жа самай ракі. Дарэчы, месца для будаўніцтва выбіраў мой тата, бо хата яго бацькоў таксама стаіць на беразе невялічкай рачушкі. Мой бацька, Іосіф Францавіч Вайцяховіч, быў шафёр. Скончыў Бабруйскі лясны тэхнікум. Спачатку працаваў у меліярацыі, а пасля жаніцьбы пераехаў у Шаркаўшчыну, дзе ўладкаваўся ў раённую сельгастэхніку. Любоў да машын, тэхнікі і кіравання аўтамабілем дасталася мне ад яго. Як гэта не дзіўна, я проста рэлаксую за рулём! Мама, Рамуальда Эдуардаўна, скончыла Лужаснянскі ветэрынарны тэхнікум. Не маючы вышэйшай адукацыі, яна здолела «дарасці» да галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна. Яна ўжо некалькі гадоў таму дасягнула пенсійнага ўзросту, але замены ёй пакуль што няма. Маці – вельмі добры дыягност, а таму выдатна ставіла дыягназы і прызначала лячэнне нават у тых выпадках, калі не было магчымасці зрабіць гэта на месцы. Абодва родам з Пастаўшчыны, маці – з в. Каліты, што на памежжы з Мядзельшчынай, а бацька – з в. Белькі, якая знаходзіцца бліжэй да Браслаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

Сям’я была заўсёды вельмі чытаючая, хаця, здавалася б: шафер і ветурач! Кніг дома было не вельмі многа, але ў бібліятэку былі запісаныя ўсе. Любоў да чытання перадалася мне ад бацькоў. Маці, каб крыху абстрагавацца ад сваіх працоўных клопатаў, аддавала перавагу лёгкім жаночым раманам. А вось бацька чытаў гістарычную літаратуру. На вялікі жаль бацькі нядаўна не стала. Пахавала яго і паехала на ІІ З’езд вучоных Беларусі. Вось так бывае…

Калі я яшчэ была школьніцай і штодня слухала маміны «ветэрынарныя гісторыі», нават здавалася, што яшчэ крыху, і я сама буду здольная разбірацца ў хваробах свіней не горш за дыпламаванага спецыяліста. Аднойчы я сказала маці, што, магчыма, паеду вучыцца ў ветэрынарную акадэмію, а яна: «Толькі праз мой труп!» На гэтым усе такія размовы і скончыліся. Я і сама, па шчырасці, ісці ў гэтую прафесію не хацела.

Школьнае жыццё было насычаным! Наведвала драматычны кружок пры раённым Доме культуры – галоўныя ролі былі мае, і ўсе характарныя: ад Снягуркі да капрызнай дачкі мачыхі. Але кар’ера актрысы была «загублена» маёй бабуляй. Даведаўшыся ў колькі гадзін узімку я вяртаюся адна дахаты (а гэта 5 клас!), яна выказала бацькам усё, што пра іх думае, і тэатр для мяне скончыўся. Амаль кожны год удзельнічала ў конкурсах на лепшае прачытанне вершаў, брала самы актыўны ўдзел ва ўсіх святах – ад Новага года да 9 Мая.

Кар.: Як Вы абралі менавіта гуманітарны накірунак?

А.І. Корсак: У пачатковай школе вельмі падабалася матэматыка, і вучылася я выдатна. Аднак калі з пятага класа ў нас з’явіліся новыя настаўнікі, мы, здаецца, сталі многае страчваць… Базавую школу я скончыла толькі з некалькімі пяцёркамі і тройкай па хіміі.

Цяпер для атрымання медалёў за курс школы трэба выдатна вучыцца ледзьве не ўсе адзінаццаць гадоў. У мой час такога яшчэ не было: пад увагу браліся толькі вынікі навучання ў двух апошніх класах. Лета пасля дзевятага класа прайшло ў думках, што рабіць далей. Нягледзячы на маё не надта вялікае жаданне вучыцца, вельмі легка давалася беларуская мова: на раёных алімпіядах займала прызавыя месцы. Таму далейшы выбар быў лагічным – паступленне ў гуманітарны ліцэйскі клас на базе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1.

Трэба было неяк выпраўляцца, каб паступіць у ВНУ. І калі першую чвэрць у дзесятым класе я скончыла амаль на выдатна (была толькі адна чацвёрка па матэматыцы), атрымаўшы пяцёрку ў той жа настаўніцы хіміі, якая ў базавай школе справядліва паставіла мне тройку, усё былі ў шоку! Сярэднюю школу я скончыла з срэбным медалём!

Больш таго, яшчэ школьніцай я атрымала правы трактарыста! Нам у 11 класе сказалі, што можна абраць альбо шэсць экзаменаў па школьных прадметах, альбо толькі пяць плюс вучыцца на трактарыста і здаваць на правы. Гэты варыянт аказаўся настолькі прывабным, што з васямнаццаці дзяўчат з майго класа толькі адна не скарысталася такой магчымасцю! Усё было вельмі сур’ёзна: каталіся з грукатам і дымам па Шаркаўшчыне, вучыліся пад’язджаць заднім ходам да прычэпа. Ездзілі на трактарах, якія заводзіліся не з ключа, а пры дапамозе спецыяльнага шнура – пускача. Дзякуй Богу, нам дзяўчатам карыстацца ім не прыходзілася – проста не было дастатковай сілы. Шкадую толькі, што няма фотаздымкаў, якія б зафіксавалі мой сціплы вопыт трактарысткі!

Цэлы год ездзіла з сяброўкамі займацца ў Школу будучага студэнта пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава (ВДУ). Планавала паступаць на спецыяльнасць «Беларуская мова». І тут падыходзіць аднойчы мама і кажа: «Ведаеш, Алеся, раённы аддзел адукацыі дае адно накіраванне ў ВДУ, але на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура і гісторыя». Якая табе розніца: філолаг альбо філолаг і гісторык?» Вырашыла скарыстацца гэтай парадай.

Мама была не толькі добрым дарадцам, але таксама і лепшым матыватарам да паступлення ў ВНУ і атрымання вышэйшай адукацыі. Яна жартавала: «У цябе два варыянты. Першы. Правы трактарыста ёсць – пойдзеш у калгас каровам хвасты круціць! Другі. Будзеш у маёй лабараторыі мыць прабіркі!» Вядома, ніводная з гэтых альтэрнатыў мяне не прываблівала!

Кар.: Як для Вас прайшла ўступная кампанія?

А.І. Корсак: Гісторыю Беларусі трэба было здаваць і на філалогію. Таму я рыхтавалася да гэтага прадмета дастаткова працяглы час. Як медалістка паставіла перад сабой натуральную мэту здаць яго на выдатна, каб абмежавацца адным экзаменам. Хвалявалася! Перада мной хлопцу паставілі двойку. Я расказвала пра Лютаўскую рэвалюцыю на Беларусі. Было даволі многа дадатковых пытанняў. Але пяць! Столькі радасці было!

Кар.: На які факультэт Вы паступілі?

А.І. Корсак: Я стала студэнткай факультэта беларускай філалогіі, гісторыі і культуры. У 2001 годзе доктар гістарычных наук, прафесар Веніямін Аркадзьевіч Космач дамогся ад рэктарата вылучэння асобнага гістарычнага факультэта. Таму з другога курса мы апынуліся на гістфаку.

У той год адбыўся адзін з пераломных момантаў у маім жыцці. Была ў нас стараславянская мова і гісторыя сярэдніх вякоў. Мову я неяк на чацвёрку выцягнула, але ж па сярэднявеччы атрымала два! Галіна Мікалаеўна Якаўлева, якая чытала гэты прадмет, – проста выдатны спецыяліст. Але што я ведала, тое і ў мяне і выйшла. З двойкі на тройку, праўда, потым пераздала. Сёння мы з Галінай Мікалаеўнай часта сустракаемся на канферэнцыях, гутарым як добрыя калегі. Сказаў бы мне хто пра такое яшчэ 15 гадоў таму! Абапіраючыся на гэты свой непрыемны вопыт, я ніколі не стаўлю на чалавеку крыж! Трэба верыць у студэнта, даць яму шанец і дапамагчы! Гэта – місія сапраўднага выкладчыка!

З заканчэння той сесіі пачаўся новы этап майго студэнцкага жыцця. З трэцяга курса і да дзяржаўных экзаменаў я вучылася на адны пяцёркі! Тры балы па гісторыі сярэдніх вякоў не далі мне магчымасць атрымаць чырвоны дыплом, але гэтая адзнака, напэўна, дапамагла мне больш, чым усе астатнія пяцёркі!

Мая студэнцкая пара была вельмі яркай! Мы і ў КВЗ гулялі, і нумары для канцэртаў ставілі. Культурнае жыццё ў ВДУ было даволі насычаным, але не магу сказаць, што я была ў яго на 100% уцягнутая.

Кар.: Слухаючы Вашы ўспаміны пра студэнцтва ў Віцебску ледзьве стрымліваў сябе, каб не спытаць адразу: «А чаму ж не ПДУ?!»

А.І. Корсак: Для мяне тады пытанне выбару паміж ВДУ і ПДУ зусім не стаяла! Не паверыце, але я нават не ведала, што ў Полацкім дзяржаўным універсітэце ёсць гісторыка-філалагічны факультэт і спецыяльнасць «Гісторыя»! «Машэраўцы» прыязджалі да нас у Шаркаўшчыну, рэкламавалі сваю Школу будучага студэнта. І мы з сяброўкай, якая потым вучылася на спецыяльнасці «Беларуская мова і культура», цвёрда вырашылі паступаць у Віцебск.

Даведалася пра магчымасць вывучаць гісторыю ў Наваполацку зусім выпадкова. Інтэрнату на першым курсе не давалі, і нам прыйшлося здымаць пакой. І вось прыязджае дадому на канікулы адзін з сыноў маіх гаспадароў, на год старэйшы за мяне. Гутарым, і ён, на маё здзіўленне, кажа: «А я таксама вучуся на гісторыка! У Полацкім дзяржаўным універсітэце ёсць чыста гістарычная спецыяльнасць». Цікава атрымалася: я прыехала вучыцца ў Віцебск аж з-за Полацка, а ён, наадварот, з Віцебска адправіўся ў ПДУ!

Кар.: Жартуючы, можна сказаць, што Вам заўжды шанцавала ў жыцці і гэтая няўдача – толькі прыкрае выключэнне з правіла!

А.І. Корсак: Так! Прайшло адзінаццаць гадоў, як я працую ў Полацку, і ўжо не магу сябе ўявіць без Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта!

Кар.: Як Вы прыйшлі ў навуку?

А.І. Корсак: У нас у ПДУ на кафедры гісторыі і турызму закладзена такая традыцыя: першы год студэнт вучыцца пісаць навуковую работу, а на астатніх курсах ужо напрацоўвае матэрыял на дыпломную ў межах нейкай канкрэтнай тэмы. У Віцебску была іншая сітуацыя: на першым курсе я пісала пра Полацкае княства, на другім – пра кардынала Рышэлье, на трэцім было нават дзве работы – па беларускай літаратуры і нешта па гісторыі (нават і не ўзгадаю тэму!). Такім чынам, рыхтаваць дыплом мы пачыналі практычна з нуля! А на пятым курсе, паралельна з гэтым працуючы на стаўку ў сярэдняй школе № 19 г. Віцебска, я яшчэ адвучылася вясенні семестр і здавала ў маі, незадоўга да чатырох (!!!) дзяржаўных экзаменаў, паўнавартасную сесію!

У ПДУ, на маю думку, пайшлі правільным шляхам. У нас на апошнім курсе пасля здачы зімовай сесіі пачынаецца пераддыпломная практыка: хлопцы і дзяўчаты могуць прысвяціць сябе навуковай рабоце. Таму полацкія студэнты-гісторыкі пішуць, сапраўды, моцныя дыпломныя! А наогул, мой шлях у навуку аказаўся вельмі тыповым. Прымала ўдзел ва ўніверсітэцкіх студэнцкіх канферэнцыях. Алена Дзмітрыеўна Тогулева, мой навуковы кіраўнік, прыкмеціла мяне.

Кар.: Як Вы выйшлі на зусім не «жаночую», на мой погляд, тэму?

А.І. Корсак: Успаміны пра Вялікую Айчынную вайну суправаджалі мяне з самага дзяцінства. Так павялося ў нашай сям’і, што бабулі і дзядулі заўжды нешта расказвалі пра яе.

Маміным бацькам, калі пачалася вайна, было па 10-11 гадоў. Іх акупацыя зачапіла не вельмі адчувальна. Хаця і іх вёску спалілі – там засталося толькі два дамы. Прыйшлося, пакуль не адбудаваліся, жыць у пуні. (Дарэчы, калі, як у гэтым выпадку, нешта ў вёсцы застаецца цэлым, то афіцыйна яна не лічыцца спаленай!) Сфармавалі мае ўяўленне пра Вялікую Айчынную бацькі майго таты. Я была ў іх адзіная ўнучка, а таму ўся любоў і ўвага даставаліся мне.

Бабуля, Еўдакія Канстанцінаўна, шмат расказвала пра вайну: як яе ледзьве не сагналі ў Германію, пра карную аперацыю «Нюрнберг», што закранула іх мясціны, як немцы спалілі хату і ім прыйшлося жыць усёй сям’ёй у лазні… Дзед, Франц Вікенцьевіч, сам ваяваў, але, як і многія франтавікі, пра вайну распавядаць не любіў! Як толькі заходзіла пра яе гаворка, ён крычаў бабулі: «Да ты нічога не ведаеш пра вайну!» Казаў, што там было вельмі страшна. Дзед, сапраўды, прайшоў доўгі шлях да Перамогі: пачынаў пад Полацкам у ліпені 1944 года, вызваляў ад нацыстаў Прыбалтыку, браў Кёнігсберг. Скончыў вайну яфрэйтарам артылерыі. Але пра нешта канкрэтнае – аб тым, дзе служыў, пра ўзнагароды ды іншае – я ўжо даведалася толькі з яго ваенна-уліковай картачкі (Паўночны фронт, 2-гі корпус ПВА, 242-і зенітны артылерыйскі полк).

Мяне заўсёды цікавіла, а як было на самой справе. Любіла распытваць бабулю пра партызанаў. Некаторыя моманты мне тлумачыў тата. Калі я паступіла ва ўніверсітэт, у мяне з’явілася магчымасць рэалізаваць мой інтарэс ужо на больш-менш прафесійным узроўні.

Кар.: Як гучала тэма Вашай дыпломнай работы?

А.І. Корсак: «Генацыд яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Віцебскай вобласці. 1941-1943 гг.» Выбірала тэму самастойна. Пэўны час вагалася. Ведала дакладна, што яна будзе звязана з Вялікай Айчыннай. Гэта было вельмі натуральна і з тае прычыны, што амаль усе выкладчыкі-гісторыкі ВДУ абаранялі свае кандыдацкія па вайне: хто па калабарацыі, хто па жанчынах у партызанскім руху, хто па акупацыйных органах, хто па остарбайтэрах! На гістфаку ВДУ не было такой фантастычна багатай разнастайнасці, якая ёсць у нас сёння на кафедры гісторыі і турызму ПДУ.

Займацца «партызанкай» ці падпольным рухам мне не хацелася. Даследаванне хода вайсковых дзеянняў, нейкіх там франтавых аперацый, нават мне здавалася зусім не жаночай тэмай. Заставалася акупацыя. Зайшла ў кнігарню і ўбачыла кнігу Марата Барысавіча Батвінніка «Памятники геноцида евреев Беларуси». Пагартала яе і падумала, што гэтай тэмай у межах Віцебшчыны ніхто і не займаўся! Прыйшла да свайго навуковага кіраўніка А.Дз. Тогулевай, і яна пагадзілася на маю прапанову.

Я адразу разумела, што гэта вельмі праблемная і складаная тэма. Але час паказаў, што інтуіцыя мяне не падманула! Назва маёй дыпломнай работы і яе структура, як я жартую, аказаліся настолькі ўдалымі, што ў нязменным выглядзе перайшлі і на ўзровень дысертацыйнага даследавання! Збольшага, агульнае паміж гэтымі работамі гэтым і вычэрпваецца. Тым не менш, абараніла сваю дыпломную работу я на выдатна і атрымала за яе 2-ую прэмію Спецыяльнага фонда Прэзідэнта.

Кар.: Пасля гэтага шлях у навуку быў для Вас проста прадвызначаны!

А.І. Корсак: Нейкі патэнцыял ува мне ўбачыла не толькі А.Дз. Тогалева, але і загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віктар Уладзіміравіч Акуневіч, выдатны спецыяліст і чалавек. У лютым 2004 года ён выклікаў да сябе і прапанаваў паступаць у аспірантуру. З дзвюх груп па трыццаць чалавек у кожнай выбралі толькі дваіх: Гену Краско, якія зараз працуе прафесарам спецыяльнай кафедры Инстытута нацыянальнай бяспекі і ўжо выходзіць на абарону доктарскай, і мяне.

Калі я паступіла ў аспірантуру, у мяне быў ужо знешні навуковы кіраўнік – акадэмік Міхаіл Паўлавіч Касцюк. Я неяк прыехала ў Мінск на абарону да нашага віцебскага выкладчыка. Мне паказалі Міхаіла Паўлавіча і сказалі: «Ідзі!» Я, сапраўды, падыйшла, прадставілася, назвала тэму, над якой хацела б працаваць, і спытала, ці пагодзіцца ён быць маім навуковым кіраўніком. Атрымала згоду!

Падрыхтавалі індывідуальны план, дамовіліся, як будзем рухацца наперад. Перадусім, Міхаіл Паўлавіч навучыў мяне працаваць з тэкстам! Некаторыя навуковыя кіраўнікі проста чытаюць, кажуць «добра» і просяць зрабіць касметычную праўку. Зусім не так было з Міхаілам Паўлавічам! Ад майго першага тэксту, які яму паказала, амаль анічога не засталося: уся міжрадковая прастора, палі аркушаў і іх адваротны бок былі запоўнены яго праўкамі і ўстаўкамі. Потым мы сядалі разам, і ён тлумачыў мне недапушчальнасць таўталогіі, расказваў пра важнасць паслядоўнасці і лагічнасці думкі, пра самастойнасць і сэнсавую самадастатковасць кожнай з глаў дысертацыі. Здавалася б, акадэмік! Але ён з усімі сваімі аспірантамі працуе менавіта так: адказна, скрупулёзна, паважліва. Гэты каштоўны вопыт я стараюся сёння ўкладаць у сваіх студэнтаў. Ужо гісторык-першакурснік павінен умець правільна фармуляваць тэму курсавой, яе мэту і задачы, лагічна і прыгожа выказваць сваю думку.

Кар.: Працуючы пад навуковым кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча, падрыхтоўка дысертацыі павінна была ісці вельмі хутка!

А.І. Корсак: Так і выйшла! У 2006 годзе я выйшла замуж і пераехала ў Наваполацк. Разумеючы, што пасля ад’езду з Віцебску часу на дысертацыю стане менш, я ўзялася за працу яшчэ больш энергічна. Тэкст дысертацыі быў падрыхтаваны і вычытаны ўжо на другім годзе аспірантуры! У верасні 2007 года я прайшла экспертызу ў ВДУ імя П.М. Машэрава і 30 кастрычніка мной былі пададзены дакументы ў Савет па абароне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Але для мяне ўсё прайшло не так гладка, як чакалася. І недзе ў глыбіні душы я была да гэтага ўжо падрыхтавана. Яшчэ на першым годзе аспірантуры слухалі курс «Метадалогія». Чытала яго доктар псіхалагічных навук, прафесар. Мы адразу зразумелі, што яна бачыць чалавека наскрозь! Нават неяк вусцішна станавілася ад адчування гэтага. Прафесар выклікáла нас па чарзе ў свой кабінет, і мы абмяркоўвалі з ёй артыкул па сваёй тэме даследавання. Да сканчэння першага года навучання ў мяне быў падрыхтаваны артыкул для часопіса ВАК. М.П. Касцюк яго вычытаў. Прынесла я тэкст, прафесар азнаёмілася з ім, а потым запытала, ці ёсць у мяне самой яўрэйскія карані. Адказала, што не. А яна мне кажа: «Мне вельмі спадабалася! Цудоўна! Але гэта складаная тэма! У Вас будуць такія праблемы! Тым не менш, Вы справіцеся з імі, вытрымаеце!» Прайшоў нейкі час. Набліжаючыся да абароны, я ўзгадала гэтую сустрэчу. Прафесар нібыта ў маю будучыню зазірнула: усё так і выйшла!

Кар.: І што ж у Вас здарылася?

А.І. Корсак: З выхадам на абарону пачалося жыццё паміж Полацкам і Мінскам. Ездзіла літаральна праз дзень! Потым і сваіх калег па кафедры настаўляла: «Нічога ў жыцці не даецца лёгка! Усяго трэба дабівацца!»

Усю гэтую ўнутраную дысертацыйную «кухню» пераказваць не варта. У кожнага аспіранта на абароне бываюць свае складанасці! Але прыйшлося патраціць вельмі шмат сіл і нерваў, каб даказаць, што я вартая стаць кандыдатам гістарычных навук. Аднойчы прыехала да Міхаіла Паўлавіча, і на вачах мімаволі выступілі слёзы. Але мудрасць і чалавечнасць навуковага кіраўніка дапамагла – без такой магутнай псіхалагічнай падтрымкі мне было б не справіцца! Абаранілася я 4 красавіка 2008 года, калі мне было яшчэ толькі 25 год.

Кар.: На шляху ад паступлення ў аспірантуру і да абароны ляжаў яшчэ адзін важнейшы пункт Вашага жыцця – пачатак працы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце!

А.І. Корсак: У красавіку 2006 года набліжалася атэстацыя Віцебскага ўніверсітэта. Аспірантаў у нас любілі адпраўляць у камандзіроўкі з даручэннямі. І В.У. Акуневіч накіраваў мяне ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з вучэбнымі праграмамі, на якія трэба было атрымаць рэцэнзіі. Сказаў толькі, што ў Полацку на кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі працуе малады загадчык кафедры. Гэта было амаль усё, што я ведала пра гісторыка-філалагічны факультэт.

Знайшла я Полацкі калегіум, зайшла на кафедру. Тагачасны яе сакратар Таццяна Міхайлаўна Трохсваякава сустрэла мяне, прапанавала гарбаты. Ад страху я адмовілася. Села на лавачку ля дзвярэй і чакаю. І тут заходзіць высачэзны загадчык – Дзяніс Уладзіміравіч Дук! Я растлумачыла сутнасць свайго ўніверсітэцкага даручэння. «Але, – кажу, – ёсць у мяне і асабістае пытанне. Хутка выходжу замуж, а мой муж размеркаваны ў Полацк. Хацела б спытаць, ці можна да Вас на кафедру». (Муж скончыў энергетычны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і быў размеркаваны ў Полацкія электрычныя сеткі). Дадала, што давучваюся на другім годзе аспірантуры.

Дзяніс Уладзіміравіч падрабязна распытаў мяне аб усім: хто мой навуковы кіраўнік, як рухаецца справа над дысертацыяй, якія планы на жыццё ў прафесіі наогул. А потым сказаў: «Добра! Давайце ў маі мы стэлефануемся з Вамі!» У вызначаны час Дзяніс Уладзіміравіч паведаміў, што мяне бяруць на стаўку, але маё далейшае будучае наўпрост будзе залежыць ад маёй абароны. Так з верасня 2006 года я пачала працаваць на кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі ПДУ. Вялікі дзякуй Дзянісу Уладзіміравічу, які паверыў у мяне і даў шанец праявіць сябе!

Кар.: Якія ўражанні зрабіў на Вас ПДУ? Як Вас сустрэлі на новым працоўным месцы?

А.І. Корсак: Калі я ўпершыню патрапіла ў Полацкі калегіум, у мяне ад здзіўлення, здаецца, не зачыняўся рот і вочы не маргалі! У Віцебску наша кафедра месцілася ў невялічкім памяшканні на пяць сталоў. Кабінет загадчыка кафедры, які ён падзяляў з сакратаром, быў зусім як каморачка.

І тут я заходжу ў калегіум, іду па фантастычна прыгожым калідорам па старой кафлянай падлозе, трапляю ў 101-ую аўдыторыю з высачэзнай скляпенчатай столлю на кафедру айчыннай і сусветнай гісторыі, з новай прыгожай мэбляй… За тую гадзіну, што я правяла на кафедры ў чаканні загадчыка, я адчула, які ў калегіуме магутны непаўторны дух! У мяне ўжо не было слоў, а тут я яшчэ патрапіла ў кабінет Дзяніса Уладзіміравіча – казачна ўтульны, з мяккімі крэсламі!

Пасля патрыярхальна «савецкага» Віцебскага ўніверсітэта вось так глыбока «праваліцца» у нашу гісторыю, аб якой у лепшым выпадку даводзілася толькі чытаць, было сапраўдным прыемным шокам! Потым я ўсё болей і болей адчувала розніцу паміж тым, што дасталося ў студэнцтве мне, і тым, што пашчасціла мець полацкім студэнтам. Мяне, напрыклад, уражвалі шыкоўныя мультымедыйныя аўдыторыі, якія дазвалялі прынцыпова мадэрнізаваць навучальны працэс.

Я – вельмі камунікабельны чалавек. Але хутка асвоіцца ў новым працоўным калектыве мне вельмі дапамагла Таццяна Мікалаеўна Глазырына – наша «кафедральная маці». Хачу выказаць ёй шчырую падзяку за падтрымку! Яна з маёй маці аднагодка, і я, патрапіўшы на кафедру, адразу адчула падабенства паміж імі, а галоўнае – сціплую мудрасць, далікатны клопат і душэўную цеплыню!

Кар.: А як вырашаліся пабытовыя пытанні?

А.І. Корсак: Хутка! Вялікі дзякуй за гэта Полацкаму ўніверсітэту! Пры ўладкаванні на працу мне паабяцалі даць кватэру ў інтэрнаце на вуліцы Камсамольскай, калі абараню дысертацыю. А спачатку мы з мужам жылі на Ктатарава ў інтэрнаце ад электрасетак. Гэта была фактычна камуналка на пяць пакояў.

Пасля абароны падыйшла да Дз.У. Дука, села і напісала заяву на імя першага прарэктара Аляксандра Пятровіча Каструка. Папера дайшла да Вікенція Гаўрылавіча Цыганкова, прарэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях. Ужо праз два дні нам далі кватэру ва ўніверсітэцкім інтэрнаце № 4! І гэта не апошняя дапамога, якую маёй сям’і аказаў універсітэт! Ніколькі не перабольшваючы магу сказаць, што ўсё што сёння маю, я маю дзякуючы працы ў ПДУ!

Кар.: Прызнанне Вашай плённай працы з боку ўніверсітэта ўвасобілася не толькі ў вырашэнні жыллёвага пытання, але і ў прызначэнні на пасаду загадчыка кафедры гісторыі і турызму. Чым жыве Ваша кафедра сёння?

А.І. Корсак: Я хутка зразумела, што ў полацкіх гісторыкаў і турыстаў вельмі цікавае выкладчыцкае і студэнцкае жыццё! У Віцебску, напрыклад, няма вялікага выбару, чым займацца ў навуковым плане. Так ці іначай, на дыплом ты выйдзеш на нейкую тэму па ХХ стагоддзю. А ў нас, у ПДУ, кафедра ўнікальная! Мы маем па аднаму, а то і па два спецыялісты па кожнаму гістарычнаму перыяду.

У нас ёсць свая археалагічная школа, у межах якой кожны займаецца нечым спецыфічным. Вольга Антонаўна Емяльянчык, унікальны ў маштабах усёй нашай краіны антраполаг, выдатна чытае курсы па гісторыю першабытнага грамадства і сацыяльна-культурнай антрапалогіі. Этналогія – Уладзімір Аляксандравіч Лобач, яшчэ адзін выкладчык, якога з радасцю прыняў бы любы іншы ўніверсітэт краіны. Зусім нядаўна ён абараніў доктарскую дысертацыю! Да нядаўняга часу мелі выдатнага спецыяліста па ранняму сярэднявеччу – Юрыя Мікалаевіча Кежу. Сяргей Алегавіч Шыдлоўскі «закрывае» ХVI – XIX стагоддзі, Яўген Уладзіміравіч і Сяргей Яўгенавіч Глазырыны – ХІХ стагоддзе, Алена Вячаславаўна Сумко – ХХ стагоддзе. Я займаюся Вялікай Айчыннай вайной. Калі гістарычная кафедра толькі адна, то яна, на маю думку, і павінна быць такой рознапланавай!

Узгадала Ю.М. Кежу, які на сённяшні дзень працуе намеснікам дэкана інжэнерна-будаўнічага факультэта, і падумала, што кафедра праз сваіх выпускнікоў і выкладчыкаў – гэта яшчэ і кузня адміністрацыйных кадраў для іншых факультэтаў і ўніверсітэта наогул. Можна прыгадаць Дзяніса Уладзіміравіча Дука, Ігара Уладзіміравіча Магалінскага, Аляксея Леанідавіча Радзюка, Алену Мікалаеўну Барун, Наталлю Віктараўну Даўгялу, Ігара Аляксандравіча Бортніка, Уладзіміра Яўгенавіча Аўсейчыка, Віктара Віктаравіча Бараненку, а раней і Алену Вячаславаўну Сумко і Віктара Уладзіміравіча Якубава. Вось ужо і рэктар «наш» у Магілёве з’явіўся!

Але ж мы – кафедра гісторыі і турызму! У нас працуюць вельмі неардынарныя таленавітыя прадстаўнікі турыстычнага напрамку. Вольга Валянцінаўна Штэер – вельмі адказны і працалюбівы выкладчык. Аляксандр Пятровіч Медзель – апантаны прыхільнік здаровага ладу жыцця, які аказвае вельмі станоўчы ўплыў на нашых студэнтаў.

На сённяшні дзень на кафедры яшчэ засталіся пяцёра аспірантаў. Двое з іх вучацца ў эканамічнай аспірантуры. Гэта В.В. Штэер і А.П. Медзель. Вольга Валянцінаўна хутка ўжо скончыць аспірантуру і, спадзяюся, своечасова выйдзе на абарону. Яшчэ трое – гісторыкі. Аляксей Леанідавіч Коц, які навучаецца ў аспірантуры апошні год, і Віктар Уладзіміравіч Чараўко – археолагі. Гэтая спецыялізацыя выстаўляе прэтэндэнтам на навуковую ступень вельмі высокую планку. Трэба, як кажуць, «накапаць», назапасіць і асэнсаваць матэрыял такім чынам, каб знайсці паразуменне і падтрымку з боку вельмі яркіх, але і надзвычай патрабавальных прадстаўнікоў археалагічнага цэху. Трэцяя аспірант-гісторык – Кацярына Віктараўна Ваўнейка. Яна – выпускніца яшчэ кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі, але даўно і паспяхова займаецца турыстычнай тэматыкай. Сёння Кацярына Віктараўна, вельмі старанны і адказны чалавек, працуе пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Дз.У. Дука. У Магілёве нядаўна стварылі Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый (у МДУ імя А. Куляшова – сем дактароў гістарычных навук!). А таму на яе «кандыдацкія» перспектывы можна глядзець з вялікім аптымізмам!

Кар.: Не так даўно Вам давялося працаваць у прыёмнай камісіі ПДУ. Чым запомнілася гэтая старонка Вашай працоўнай біяграфіі?

А.І. Корсак: Я лічу, што мне пашчасціла! Год працавала на пасадзе намесніка адказнага сакратара прыёмнай камісіі пры Вользе Мікалаеўне Пятровіч. У нас склалася цудоўная каманда, куды таксама ўваходзіла і іншы намеснік – Таццяна Уладзіміраўна Вігерына. Вольга Мікалаеўна адказвала за дакументы. Таццяна Уладзіміраўна – за перамовы са школамі. А я – за друкаваную рэкламную прадукцыю. Тады больш не было каму займацца гэтым.

З надыходам вясны і, адпаведна, набліжэннем уступнай кампаніі я яшчэ ўзяла на сябе ўсе нашы прафарыентацыйныя паездкі. Мы распрацавалі асаблівую тактыку. Трэба было патрапіць у школы да таго, як там адбудзецца Дзень адчыненых дзвярэй. На падобных мерапрыемствах адчуваеш сябе як на ўсходнім базары: шмат мітусні і канкурэнтаў. Мы і на іх, натуральна, бывалі. Але больш плёну даваў больш ранні прыезд. Перад адпраўленнем у школу мы фармавалі поўны камплект матэрыялаў па кожнаму факультэту (афіцыйны ліст, буклеты і відэаролік). Недзе ў нас была магчымасць сустрэцца са старэйшымі школьнікамі, а ў некаторых школах мы проста пакідалі нашу раздатку завучу, зацікаўленай службовай асобе, якая сама адказвае за сувязі з ВНУ і прафарыентацыйную работу.

Каб не накручваць лішнія кіламетры, не марнаваць час і пабываць пры гэтым ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці, мы старанна прадумвалі нашу «транспартную лагістыку». За адзін дзень мы аб’язджалі ад трох да пяці раёнаў. Дзе мы толькі не былі! Нават за межы Беларусі выязджалі: у Смаленск і Себеж. Я на ўласным абітурыенцкім вопыце ведала, што інфармацыя пра ўніверсітэт, якая наўпрост трапляе ў школы па раёнах, сапраўды, дапамагае нам папаўняць армію будучых студэнтаў. На мой погляд, такі падыход прынёс плён і тады.

Гэта быў для мяне неверагодна карысны вопыт! Па-першае, тая праца дазволіла шмат працаваць з людзьмі. Адна справа, калі ты выкладаеш і пераважна камунікуеш са сваімі студэнтамі, калегамі па кафедры, факультэцкім або ўніверсітэцкім начальствам. Ты знаходзішся ў межах нейкай іерархічнай сістэмы, якая шмат што за цябе вырашае. І зусім іншая, калі ты кантактуеш з людзьмі звонку, якіх ты павінна зацікавіць нашым універсітэтам, пераканаць у яго перавагах перад іншымі ВНУ.

Кар.: Наборы на спецыяльнасці, якія вядзе кафедра даюць падставы для аптымізму?

А.І. Корсак: Быў час, назіралася тэндэнцыя да яўнага падзення цікавасці да гістарычных спецыяльнасцяў. Наборы сталі вельмі сціплымі. Але ўжо апошняя ўступная кампанія паказала, што падставы для аптымізму, сапраўды, ёсць. І колькасць бюджэтных месцаў для нас была павялічана, і конкурс атрымаўся сапраўдны, і геаграфія абітурыентаў і залічаных на першы курс студэнтаў – вельмі шырокая! З выхадам з дэмаграфічнай ямы, спадзяюся, гэтая прыемная тэндэнцыя атрымае свой працяг. Да нас, дарэчы, на гісторыю кожны год ад аднаго да трох чалавек з Віцебска паступае! У ВДУ рыхтуюць настаўнікаў гісторыі, а мы даем кваліфікацыю «Гісторык. Выкладчык гісторыі». Ёсць розніца!

Ёсць праблемы з турыстычнай спецыяльнасцю. Гэта тэндэнцыя сённяшняга дня – сфера турызму, а адпаведна і запатрабаванасць у кадрах, залежыць ад розных фактараў: ад структуры турыстычных фірмаў тыпу сямейнага бізнеса і эканамічнага стану насельніцтва да знешніх прычын (тэрарызм і г.д.). Але, спадзяюся, што мы зможам утрымацца! Бо і сцены іезуіцкага калегіума, і сам Полацк з багатай гісторыяй спрыяюць навучанню! На гісторыка і «турыста» трэба вучыцца ў Полацку!

Кар.: Як на кафедры ідзе міжнароднае супрацоўніцтва?

А.І. Корсак: Яшчэ ў 2014 годзе разам з Ганнай Расціславаўнай Лаўрыненка, Сяргеям Васільевічам Пяшкуном і Дзянісам Уладзіміравічам Дукам мы ездзілі ў Рэзэкнэ (Латвія). З нейкіх вусных дамоўленасцяў нарадзіўся цэлы праект – міждысцыплінарная магістратура па рэгіяналістыцы. Яе вядуць дзве кафедры – эканомікі, кіравання і эканамічнай тэорыі і гісторыі і турызму. Недзе 60% дысцыплін «закрываюць» эканамісты, а 40% – мы. У той час, калі Таццяна Міхайлаўна Гардзіёнак выконвала абавязкі дэкана факультэта, у нас завязалася шмат іншых міжнародных кантактаў. Наладзілі сувязі з палякамі. Але ім вельмі цікавыя людзі – акадэмічны абмен, а не праграмы двайнога дыплома.

Добра ідзе супрацоўніцтва з гуманітарным факультэтам Даўгаўпілскага ўніверсітэта. У 2014 годзе па запрашэнні аднаго з мінскіх калег мы з А.В. Сумко паехалі туды на навуковую канферэнцыю. Пазнаёміліся з доктарам гісторыі, прафесарам Ірэнай Саланіецэ, якая ўзначальвае Цэнтр даследаванняў вуснай гісторыі, загадчыкам кафедры гісторыі Ілзай Шэнберга. Я запрасіла іх да нас на канферэнцыю. Латвійскія калегі прыехалі і засталіся ў захапленні ад таго, што ўбачылі. Неўзабаве нашы рэктары падпісалі дагавор аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж універсітэтамі. Усё ж, як моцна нам дапамагаюць сцены Полацкага калегіума! Калі да нас у госці прыязджаюць гісторыкі, людзі, якія ведаюць мінулае і цэняць яго помнікі, з’язджаючы ад нас, яны, напэўна, ужо думаюць аб найхутчэйшым вяртанні сюды. Зараз мы пішам заяўку на праект трансгранічнага супрацоўніцтва. З даўгаўпілскага боку – філолагі і гісторыкі, і з нашага – акрамя гісторыкаў яшчэ і Святлана Міхайлаўна Лясовіч і Наталля Генадзьеўна Апанасовіч. Летняя школа беларускай мовы і культуры, што адбылася ў жніўні, – ўдалая спроба працы ў дадзеным рэчышчы.

Калі наш праект атрымае фінасаванне, мы плануем не толькі зладзіць летнюю школу, але таксама пры дапамозе латышскіх калег і на базе іх гатовай платформы стварыць базу дадзеных па вуснай гісторыі і этнаграфіі. Дзякуючы шматгадовым этнаграфічным экспедыцыям на кафедры назапашаныя ўнікальныя матэрыялы, якія трэба адлічбаваць і ўпарадкаваць. Да нас будуць прыязджаць працаваць спецыялісты – этнолагі, філолагі, гісторыкі – адусюль!

Калі працягваць размову пра бліжэйшае замежжа, то ў нас наладжваюцца нядрэнныя сувязі з Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам і Смаленскім дзяржаўным універсітэтам. Да нас ужо прыязджаў загадчык кафедры гісторыі славянскіх і балканскіх краін гістарычнага факультэта СПбДУ, доктар гістарычных навук, Аляксандр Ільіч Філюшкін. А ў верасні 2017 года разам з В.В. Бараненкам і Ю.М. Кежам былі ў Смаленску, дзе прымалі ўдзел у навукова-адукацыйнай школе маладых вучоных. Тут мы таксама можам выйсці на канкрэтны сумесны трансгранічны праект.

У нас усталёўваюцца добрыя сувязі з Цюбінгенскім універсітэтам, адным з найстарэйшых у Германіі, – яму ўжо 560 гадоў! Там на кафедры гісторыі сярэднявечча працуе выпускніца БДУ, а сёння доктар гістарычных навук Вольга Келер. Гэтае падраздзяленне непасрэдна займаецца даследаваннем сярэднявечнай Усходняй Еўропы. Зараз мы накіроўваем сумесную заяўку на праграму акадэмічнай мабільнасці. Калі ўсё атрымаецца, пачнём з таго, што на некалькі дзён з лекцыямі па антрапалогіі ў Германію накіруецца В.А. Емяльянчык. Куратарам гэтага праекту з нашага боку з’яўляюся я, а загадчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Т.М. Гардзяёнак аказвае мне каштоўную дапамогу як дасведчаны кіраўнік і выдатны знаўца нямецкай мовы. Спадзяемся, што гэты вопыт сумеснай працы акажацца паспяховым, і ў нас атрымаецца выйсці на падпісанне паўнавартаснага двухбаковага пагаднення паміж універсітэтамі.

Кар.: Вы, як непасрэдная ўдзельніца ІІ З’езда вучоных Беларусі, добра ведаеце, якое значэнне сёння набывае «амалажэнне» айчыннай навукі. Ці плануеце Вы ў бліжэйшы час узяцца за падрыхтоўку доктарскай дысертацыі?

А.І. Корсак: Пасля абароны кандыдацкай я больш канцэнтравала ўвагу на метадычнай працы: выдала пяць вучэбна-метадычных комплексаў, адзін з якіх – двухтомнік па гісторыі Вялікай Айчыннай. Але паступова пачала задумвацца аб тым, які працяг можа атрымаць маё навуковае захапленне вайной з пункту гледжання доктарскай дысертацыі і падумала: «А Полацк у гады Вялікай Айчыннай зусім не вывучаны!» Тое, што мы маем па вайне ў кнізе «Памяць», – гэта толькі ўрыўкі, якія рыхтаваліся не прафесійнымі гісторыкамі. Поўнай карціны жыцця гораду пад час нацысцкай акупацыі дагэтуль няма.

Так я занялася гэтай тэмай. Стала працаваць у Нацыянальным архіве. І хутка выявілася, што дакументаў аб дзейнасці акупацыйных уладаў практычна не засталося! На маё шчасце, заўсёды збіралі і скрупулёзна фіксавалі разведвальныя дадзеныя партызаны. І вось працуючы з дакументамі партызанскіх фармаванняў, якія дзейнічалі вакол Полацку, выявіўся цэлы пласт найцікавейшых дакументаў: планы, падрабязныя карты за 1942, 1943 і 1944 гады. Такім чынам, мы можам прасачыць, прычым і ў дынаміцы, як змянялася абарончая сістэма вакол Полацку, дзе ў горадзе знаходзіліся гаспадарчыя аб’екты і гэтак далей. Ёсць і іншыя вельмі цікавыя ўскосныя крыніцы, якія дазваляюць праліць святло на гісторыю акупацыі ў Полацку. Напрыклад, працавала з матэрыяламі допытаў нашых грамадзян, якія працавалі на Полацкім мясакамбінаце. Там усё падрабязна распісана: што, колькі і для каго выраблялася. Аказваецца, шараговымі працаўнікамі прадпрыемства былі мясцовыя беларусы, над імі стаялі ўкраінцы, а над украінцамі – немцы. Таго, хто рабіў на мясакамбінаце, немцы за яго межы не выпускалі, бо баяліся, што будуць выносіць мяса і мясапрадукты. Людзі былі вымушаны жыць на тэрыторыі камбіната! І такіх шыкоўных дакументаў вельмі-вельмі многа! Так, мала-памалу я здолела ўзнавіць карціну жыцця Полацку ў гады вайны.

Зараз сумесна з загадчыкам полацкага Музея баявой славы Сяргеям Пятровічам Копылам плануем выдаць манаграфію. Сяргей Пятровіч, палкоўнік у адстаўцы, возьме на сябе 1941 год, я падрыхтую тэкст пра акупацыйны перыяд, а пра 1944-ы напішам разам. Такім чынам, Полацк нарэшце атрымае асобную кнігу па вельмі важнаму, хоць і трагічнаму, перыяду сваёй гісторыі.

Кар.: Так тэма Вашай доктарскай будзе звязана з акупацыйным перыядам у Полацку?

А.І. Корсак: Не! У ліпені 2016 года нарадзіўся Марык, наш другі сын, а ў лістападзе прагучаў тэлефонны званок: «Добрый дзень, Алеся Иосифовна! Вас беспокоят из военного комиссариата города Полоцка». Здзівілася! Думаю: «Корсак адслужыў, а дзецям – яшчэ рана!» Аказалася, званок быў у сувязі з дзяржаўнай праграмай, разлічанай на 2015-2020 гады, па ўвекавечанні памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай. Паколькі я займаюся вайной, мяне запрасілі ў рабочую групу па вызначэнню і ўдакладненню імён чырвонаармейцаў, якія загінулі ці памерлі ад ран пры вызваленні горада Полацка і Полацкага раёна ў 1944 годзе.

Прыйшла ў райвыканкам, а там – ужо сядзяць прадстаўнікі сельсаветаў, якіх таксама прыцягнулі да гэтай працы. Аказалася, супрацоўнік ваенкамата Георгій Калістратавіч Чыкалаў па аб’яднанай базе дадзеных «Мемарыял» за два няпоўныя гады стварыў уласную базу дадзеных па Полацку і раёну. Была праведзена тытанічная праца! Але па кожнай брацкай магіле патрабавалася яшчэ і правесці верыфікацыю дадзеных з прыцягненнем усіх магчымых крыніц, у тым ліку архіўных. Я дала згоду прыняць удзел у гэтай працы.

І вось ужо цэлы год мы з Георгіям Калістратавічам працуем. Выплываюць проста неверагодныя гісторыі! Супастаўляючы дадзеныя па пахаваннях і перапахаваннях з розных крыніц, аказваецца, што некаторыя першасныя пахаванні фіксуюцца ў трох розных месцах (а дзе чалавек ляжыць на самой справе?!), што палова перапахаванняў адбылася толькі на паперы і таму ўсе мы працягваем ездзіць па магілах, што некаторыя рэальныя перапахаванні, як, у Экімані, ніяк не задакументаваныя (колькі пахавана, хто пахаваны)! Адзін характэрны прыклад. Ёсць у полі магіла чырвонаармейца, усталяваны памятны знак. І добры душэўны чалавек вырашае: «Што ён там будзе адзін ляжаць!» У выніку імя салдата пазначаецца і на брацкай магіле ў Наваполацку! А гэта толькі вяршыня айсбергу. Трэба ўсё верафіцыраваць, развенчваць міфы і, дзе толькі гэта магчыма, наводзіць парадак.

Кожны дзень, каб не выбіцца з графіка, распрацаванага з Георгіям Калістратавічам, я павінна высветліць лёс дваццаці чалавек. Гэтай работай займаюся на грамадскіх пачатках. Час ёсць, паколькі знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. Натуральна, я рыхтую навуковыя публікацыі, але хочацца, каб гэтая вялікая і важная праца выліліся ў нешта большае, чым проста некалькі артыкулаў і дакладаў на канферэнцыях. Буду думаць і раіцца са старэйшымі паважанымі калегамі, як мае апошнія напрацоўкі ўвасобіць у доктарскую. Суіскальніцтва ў мяне будзе з верасня 2018 года. Дактарантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі я абрала свядома, каб з самога пачатку больш-менш дакладна ўяўляць сваё становішча і далейшыя перспектывы сваёй работы.

Кар.: Без моцнай падтрымкі з боку сям’і нават выкладчыцкая праца акажацца непасільнай ношай, а Вас яшчэ хапае і на плённую навуковую дзейнасць, і выкананне высокародных грамадскіх абявязкаў!

А.І. Корсак: Мая сям’я і мой надзейны тыл – тры мужчыны: муж Канстанцін і два сыны Кірыл і Марк, якімі я бязмерна ганаруся! З мужам мы вучыліся ў адной школе. Ён – «фізік», а я – «лірык». Мы выдатна дапаўняем адзін аднаго. Студэнцтва нас ненадоўга раз’яднала, але ўсё роўна сышліся ў цэнтры Еўропы – Полацку. Косця паходзіць з славутага і значнага для Полаччыны роду Корсакаў (лінія Бабыніцкіх Корсакаў). Нашыя дзеці – 21-е калена! Таму сам лёс вызначыў нам жыць і працаваць у «калысцы беларускай дзяржаўнасці» на зямлі сваіх продкаў.

Цікава, што на працягу ўсяго існавання роду Корсакаў у сям’і нараджаліся амаль адны толькі хлопчыкі. Калі і з’яўлялася дзяўчынка, то яна магла быць толькі 5-м ці 6-м дзіцём у сям’і. Пры трох-чатырох народжаных магчымасці з’яўлення на свет жанчын практычна не было.

Косця можа па-добраму пасмейвацца з мноства кніжак, якія пастаянна ўзвышаюцца на маім рабочым стале, называючы іх «макулатуркай». Але я бачу, што ён ганарыцца сваёй жонкай! І не проста ганарыцца, а заўжды і ва ўсім падтрымлівае мяне. Каб не такі надзейны тыл ад першых дзён нашага шлюбу і да гэтых дзён, ні праца ва ўніверсітэце, ні навуковая дзейнасць для мяне былі б немагчымыя!

Захапленні ў нашай сям’і разнастайныя. Па-першае, мы любім спорт (валейбол, лыжы, плаванне і шашкі). Па-другое, падарожнічаем і па Беларусі, і па замежжы (абавязкова на машыне!). Па-трэццяе, мы – творчая сям’я. Муж займаецца радыеэлектронікай і рамонтам, а я люблю вязаць.

Старэйшы сын Кірыл – хлопец разнапланаваны. І бацьку дапамагае ў працэсе рамонту, і маляваць любіць, і з канструктарам LEGO гуляе з захапленнем. Палутарагадовы Марк пакуль што – выключна мастак па роспісу дзвярэй, канапы і шпалераў.

Маем і сямейныя традыцыі, связаныя са святкаваннем Вялікадня і Божага нараджэння. Па веравызнанні з майго боку і католікі, і праваслаўныя, а з боку Косці – католікі. Таму так павялося, што збіраемся ўсе (і мае бацькі таксама) на каталіцкія святы ў доме мужа, дзе разам сустракаюцца, слава Богу, чатыры пакаленні. Асабліва любім Каляды. Пасля вігілійнага стала з куццёй і дзяленнем аплаткі, мы садзімся ў кола і пачынаем дарыць падарункі з рознымі пажаданнямі! Радуюцца ўсе – і старыя і малыя!

Вось так і жывем, атрымліваючы асалоду ад кожнага дня!

Кар.: Алеся Іосіфаўна, што б Вы пажадалі Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту?

А.І. Корсак: Усім нашым выкладчыкам жадаю здароўя, творчага натхнення і рэалізацыі самых смелых планаў і ідэй! Няхай яны, робячы сваю паспяховую кар’еру, памятаюць пра Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і праслаўляюць яго імя! Жыццёвыя абставіны могуць скласціся па-рознаму. Нашыя веды, здольнасці і вопыт могуць спатрэбіцца і ў іншым месцы. Жадаю ім не забыцца на тое, што зрабіў для іх ПДУ, і назаўжды захаваць у сваім сэрцы часцінку старажытнай Полацкай зямлі!

Наш універсітэт адроджаны адносна нядаўна, але па праву можа ганарыцца сваімі глыбокімі каранямі і даўнімі традыцыямі ў адукацыі і навуцы. Няхай яны захоўваюцца і развіваюцца! Хачу пажадаць ПДУ, каб у ім было больш моцных факультэтаў і цікавых спецыяльнасцяў! Упэўнена, наша сіла – у разнастайнасці!

Гутарыў Уладзiмiр Фiлiпенка

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie