Як мы ўжо паведамлялі на нашым сайце, на мінулым тыдні ў Полацкім дзяржаўным універсітэце знаходзіліся прафесары Вышэйшай школы педагогікі Карынтыі (г. Клагенфурт, Аўстрыя) Піа-Марыя і Герхард Рабенштайнер. Адным з важных пунктаў насычанай праграмы візіту нашых гасцей стаў удзел у панэльнай дыскусіі з удзелам выкладчыкаў ПДУ. Аб змесце і выніках мерапрыемства мы пагутарылі з адным з яго арганізатараў і актыўных удзельнікаў – дэканам гуманітарнага факультэта, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Дзянісам Аляксандравічам Кандаковым.

Кар.: Дзяніс Аляксандравіч, чаму быў абраны менавіта фармат панэльнай дыскусіі? Што абмяркоўвалі аўстрыйскія і беларускія калегі?

Дз.А. Кандакоў: Наша сустрэча, сапраўды, прайшла ў сучасным фармаце панэльнай дыскусіі. Для еўрапейскіх калег – гэта даўно звыклая практыка. Нам яна дазволіла праз адкрыты дыялог болей даведацца аб партнёрах з Аўстрыі, распавесці аб сабе, абмеркаваць агульныя прафесійныя інтарэсы і намацаць перспектыўныя кропкі для наладжвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У ролі мадэратара панэльнай дыскусіі выступала Алена Мікалаеўна Патапава. Спачатку з невялікай прамовай выступілі нашы аўстрыйскія госці.

Кар.: Аб чым яны распавядалі?

Дз.А. Кандакоў: Па-першае, аўстрыйскія госці прапанавалі прысутным невялічкі турыстычны агляд свайго маляўнічага рэгіёна, Карынтыі. Па-другое, яны падзяліліся сваім досведам арганізацыі навучання замежных студэнтаў па розных праграмах міжнароднага абмену. Зразумела, у нашых аўстрыйскіх партнёраў ёсць выдатныя козыры. Напрыклад, шыкоўнае геаграфічнае становішча дазваляе прапаноўваць замежным студэнтам унікальную магчымасць паснедаць у Клагенфурце, паабедаць у Славеніі, а потым выпіць філіжанку кавы ў Італіі! Невялікія памеры горада Клагенфурта (каля 100 тысяч жыхароў) і самой Вышэйшай школы педагогікі Карынтыі ствараюць для гасцей амаль сямейную атмасферу. Зразумела, горад-курорт з’яўляецца дадатковым магнітам і для еўрапейскіх, і для нееўрапейскіх студэнтаў. Некаторыя з іх, па словах калег, нават спрабуюць выкарыстоўваць праграмы мабільнасці не столькі для павелічэння багажу сваіх ведаў, колькі для арганізацыі вельмі якаснага баўлення часу. Здараецца і такое!

Аўстрыйскі ВНУ рэалізуе акадэмічную мабільнасць ужо каля дваццаці гадоў. Але пры ўсіх адрозненнях, якія існуюць паміж намі, у іх ёсць, чаму павучыцца! Нам было, напрыклад, вельмі цікава пабачыць, як пабудаваны семестравы навучальны курс для замежных студэнтаў. Яны прэзентавалі адпаведную навучальную праграму, патлумачылі, з якіх дысцыплін яна складаецца.

Па-трэцяе, Піа-Марыя і Герхард Рабенштайнер падрабязна распавялі пра тыя формы навучання, якія выкарыстоўваюцца ў клагенфурцкім ВНУ, для падрыхтоўкі студэнтаў да праходжання педагагічнай практыкі. Гэта, натуральна, датычыцца, і працы з замежнікамі. Ім, тым больш, патрабуецца спецыяльная падрыхтоўка. Такая практыка, несумненна, можа сур’ёзна ўзбагаціць педагагічны досвед і метадычны інструментарый замежных студэнтаў, якія прыязджаюць вучыцца ў Клагенфурт.

Кар.: Такая педагагічная практыка была б вельмі карыснай і для студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта!

Дз.А. Кандакоў: Так, безумоўна! Рыхтуючы сумесна з аўстрыйскімі калегамі базу пад удасканаленне арганізацыі і правядзення педагагічных практык і абмен студэнтамі мы, выкладчыкі ПДУ, рухаемся да галоўнага, чым вызначаецца сёння еўрапейская вышэйшая адукацыя, – да практыкаарыентаванасці! Прычым, знаёмства с перадавымі ўзорамі выкладання і выхавання Аўстрыі дасць нашым выпускнікам не толькі веды і каштоўны досвед. Яно таксама можа дапамагчы ім зрабіць асэнсаваны выбар на карысць педагагічнай кар’еры.

Кар.: Аб чым былі выступы выкладчыкаў нашага ўніверсітэта?

Дз.А. Кандакоў: Мы расказалі пра гуманітарны факультэт і пра асноўныя накірункі міжнароднай дзейнасці, а паколькі аўстрыйскія госці прадстаўлялі Вышэйшую школу педагогікі, асаблівы акцэнт у нашай прэзентацыі быў зроблены на тых спецыяльнасцях, у якіх ёсць педагагічны складнік.

Яўген Аляксандравіч Папакуль, які на кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў курыруе міжнародную дзейнасць, прэзентаваў дасягненні нашых калег і студэнтаў у гэтай сферы. Вольга Віктараўна Жураўская прэзентавала дзейнасць Цэнтра па вывучэнні замежных моў ПДУ: якія мовы прапануюцца, колькі груп і навучэнцаў налічваецца, якія методыкі выкладання выкарыстоўваюцца. Маргарыта Міхайлаўна Сіроткіна, выкладчык з даволі багатым досведам міжнароднай мабільнасці, у тым ліку стажыроўкі ў Вышэйшай школе педагогікі Карынтыі, распавядала пра метадычныя і педагагічныя курсы, якія чытаюцца на гуманітарным факультэце. Акрамя таго, яна прэзентавала дзве методыкі выкладання: для замежных студэнтаў і для педагагічных спецыяльнасцей нашага факультэта. Мы таксама запрасілі на гэтую сустрэчу прадстаўнікоў кафедры тэхналогіі і методыкі выкладання – у панэльнай дыскусіі ўдзельнічалі Ірына Мікалаеўна Андрэева і Святлана Уладзіміраўна Астапчук.

Былі і іншыя цікавыя выступы маіх калег. Натуральна, па заканчэнні асноўнай часткі панэльнай дыскусіі адбыўся вельмі зацікаўлены абмен пытаннямі. Для аўстрыйцаў беларуская сістэма адукацыі – сапраўдная terra incognita! Многія нашы рэаліі выклікалі ў іх шчырае здзіўленне. Напрыклад, іх уразіла тое, што да нядаўняга часу студэнты спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» праходзілі курс навучання на працягу аж пяці гадоў!

Я спадзяюся, што прафесары з Вышэйшай школы педагогікі Карынтыі мелі магчымасць атрымаць панарамную карціну таго, як пабудаваны і як працуе наш гуманітарны факультэт, і што ўяўляе сабой Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт у цэлым. Гэта павінна дазволіць нам разам з аўстрыйскімі калегамі лепей разумець адзін аднаго і больш паспяхова вырашаць задачы, які ставіць перад намі час.

Кар.: Ці можна казаць пра нейкія канкрэтныя вынікі панэльнай дыскусіі?

Дз.А. Кандакоў: Так! Самае галоўнае, мы знайшлі кропкі агульных інтарэсаў! Па-першае, адным з важных вынікаў панэльнай дыскусіі можа стаць стварэнне дасканала распрацаваных праграм акадэмічнай мабільнасці для замежных студэнтаў у ПДУ. Сёння мы запрашаем да сябе замежнікаў, але прапаноўваем ім толькі звычайныя праграмы бакалаўрыяту ці магістратуры. Трэба браць прыклад с нашых аўстрыйскіх партнёраў, якія маюць спецыяльныя паўгадавыя (семестравыя) праграмы для тых, хто прыязджае вучыцца ў межах існуючых міжнародных праграм мабільнасці. На такія праграмы збіраюцца групы, якія складаюцца толькі з замежных студэнтаў, якія прадстаўляюць самыя розныя краіны. Для гэтага, натуральна, трэба прыводзіць змест нашых дысцыплін у адпаведнасць з патрабаваннямі нашых еўрапейскіх партнёраў.

У ходзе панэльнай дыскусіі мы пераканаліся ў тым, што наш універсітэт ужо мае нядрэнныя стартавыя магчымасці для ажыццяўлення такіх праграм, у тым ліку, чалавечыя рэсурсы і цікавае асяроддзе. Каб рэалізаваць гэты патэнцыял і дасягнуць поспеху ў гэтай няпростай справе багацейшы досвед Вышэйшай педагагічнай школы Карынтыі будзе вельмі дарэчы!

Па-другое, я бачу выдатныя перспектывы для сумеснай арганізацыі педагагічных практык. Тут мы таксама маем станоўчы досвед. У свой час факультэт паспяхова супрацоўнічаў з Універсітэтам горада Векшэ (Швецыя). І магістранты, і студэнты старэйшых курсаў шведскага ВНУ прыязджалі да нас у Беларусь і праходзілі практыкі ў школах Полацка і Наваполацка. Гэта вельмі цікава і гэта як раз тое, што мы зараз плануем аднавіць у супрацоўніцтве з нашымі аўстрыйскімі калегамі.

Нашы студэнты таксама будуць мець магчымасць прайсці педагагічныя практыкі ў навучальных установах Аўстрыі. Сапраўды, гэта зусім іншы выклік! Любому студэнту бывае няпроста ісці на практыку на прадпрыемства альбо ў школу і адчуваць зусім іншую – не студэнцкую – адказнасць. За мяжой, тым больш працуючы на іншай мове, да тваёй дзейнасці як педагога будзе яшчэ вышэйшая планка патрабаванняў. Гэта, паміж іншым, будзе таксама выдатным стымулам для нашых студэнтаў больш сур’ёзна ставіцца да назапашвання тэарэтычных ведаў тут, у Полацкім дзяржаўным універсітэце, і да самаадукацыі.

Кар.: Для таго, каб патрапіць на стажыроўку ці практыку ў Аўстрыю нашы студэнты будуць павінны прадэманстраваць высокі ўзровень валодання нямецкай або англійскай моў!

Дз.А. Кандакоў: Гэта так! Агульнае патрабаванне да ўсіх праграм акадэмічнай мабільнасці – валоданне замежнай мовай! Гэта можа быць і англійская мова, і нямецкая мова, але гэта павінен быць узровень не ніжэйшы за В1. Добра, што ёсць выкладчыкі, якія валодаюць мовамі, аднак трэба зараз весці вялікую працу над тым, каб падцягваліся да патрэбнага ўзроўню і нашы студэнты.

Аўстрыйскім калегам вельмі цікавыя праграмы філалагічных спецыяльнасцей ПДУ. Але да ўдзелу ў праграмах акадэмічнай мабільнасці з лёгкасцю могуць далучыцца і студэнты з «Дашкольнага выхавання» і “Практычнай псіхалогіі”.

Кар.: У межах візіту нашых аўстрыйскіх гасцей адбыўся і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Дз.А. Кандакоў: Так! Праграма, якая была прапанавана прадстаўнікам Вышэйшай школы педагогікі Карынтыі была вельмі насычанай і разнастайнай. Вядома, яна не абмяжоўвалася адной толькі панэльнай дыскусіяй. Былі задзейнічаны не толькі выкладчыкі, але таксама студэнты, якія займаюцца ў Цэнтры вывучэння замежных моў, студэнты і магістранты гуманітранага факультэта. У мяне няма сумненняў у тым, што візіт спадарыні Піа-Марыі Рабенштайнер і спадара Герхарда Рабенштайнера ў ПДУ дасць новы штуршок кантактам паміж нашымі ВНУ. У бліжэйшыя тыдні Вышэйшую школу педагогікі наведаюць нашы выкладчыкі, а ўжо ў хуткім часе, спадзяюся мы з аўстрыйскімі партнёрамі пяройдзем да сумеснай рэалізацыі вялікіх міжнародных праектаў!

Гутарыў Уладзiмiр Фiлiпенка 

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie