Зусім нядаўна дэкан гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Аляксандравіч Кандакоў вярнуўся з працяглай замежнай стажыроўкі. Было б недаравальна не запытацца ў яго аб выніках навуковых пошукаў, новых уражаннях ад кантактаў з французскай і еўрапейскай навуковай супольнасцю і, натуральна, аб перспектывах развіцця рэарганізаванага гуманітарнага факультэта.

Дзяніс Аляксандравіч Кандакоў

Кар.: Дзяніс Аляксандравіч, віншую Вас з вяртаннем на Радзіму! Вельмі цікава даведацца пра плён Вашай працяглай стажыроўкі ў Францыі. Але для пачатку раскажыце, калі ласка, як гэтая захапляльная вандроўка стала магчымая, і куды яна Вас прывяла.

Дз.А. Кандакоў: Я быў у Францыі на стажыроўцы або стыпендыі – нават цяжка вызначыць, бо для нас гэта не зусім звыклы фармат – у Інстытуце перадавых даследаванняў у горадзе Ліёне. Гэта невялікая цалкам навуковая ўстанова, якая штогод запрашае да сябе да пятнаццаці даследчыкаў з самых розных краін свету. Да навукоўцаў, што жадаюць стажыравацца ў ёй, няма аніякіх абмежаванняў адносна краіны паходжання або ўзросту. Адзінае патрабаванне, каб тэма даследавання знаходзілася ў рамках гуманітарнай сферы. Тым не менш, калі навукоўцы займаюцца распрацоўкай нейкіх тэхнічных або прыродазнаўчых праблем, але могуць звязаць іх з гуманітарыстыкай, то іх праекты таксама вітаюцца Інстытутам. Для прыкладу скажу, што ў нашай групе з пятнаццаці чалавек быў геамарфолаг! Ён займаецца рэкамі і ўплывам на іх чалавецтва ў эпоху антрапацэна, у першую чаргу ў ХІХ- ХХ стагоддзях.

Для таго, каб атрымаць стыпендыю, па-першае, трэба было даказаць, што прапанаваны табой праект можа быць рэалізаваны менавіта ў Ліёне. Адно з галоўных патрабаванняў да суіскальнікаў – пастаяннае знаходжанне ў горадзе і праца ў Інстытуце. Па-другое, трэба было мець у Ліёне нейкія сувязі з мясцовым акадэмічным асяродкам. Патрабавалася гарантыя таго, што чалавек, які прыязджае ў горад, будзе супрацоўнічаць з мясцовымі даследчыкамі і дзяліцца з імі сваім навуковым плёнам. Сапраўды, усе стыпендыяты рабілі па дзве прэзентацыі. У панядзелак а дзясятай гадзіне мы збіраліся і ладзілі нешта накшталт семінару. У першы раз трэба было прадставіць свой праект і распавесці пра яго сутнасць, а ўжо пад час другога выступу мы дзяліліся вынікамі – прамежкавымі або канчатковымі – сваіх даследаванняў.

Даследчыцкая каманда Інстытута перадавых даследаванняў

На гэтых семінарах я атрымаў вельмі багата ўсемагчымай інфармацыі аб самых розных праектах. Натуральна, пятнаццаць дакладаў не рэпрэзентавалі ўсё багацце даследаванняў, але можна было для сябе скласці невялічкую карціну таго, што робіцца ў сучаснай сусветнай гуманітарыстыцы. Сярод нас былі навукоўцы з Венгрыі, Злучаных Штатаў, Італіі, Кітая, Японіі, Велікабрытаніі, Перу, Канады, Расіі. Прычым, Інстытут вельмі вітае, калі даследчык ці даследчыца прыязджае ў Ліён не проста з сям’ёй, але калі муж ці жонка таксама можа працаваць над навуковым праектам. Вось як раз Расію і прадстаўляла такая пара. Было вельмі цікава назіраць за іх працай.

Кар.: Які праект Вы распрацоўвалі ў Ліёне?

Дз.А. Кандакоў: Мой праект быў аб місіянерскай, педагагічнай і літаратурнай дзейнасці езуітаў у Расійскай імперыі з 1772 па 1820 гады. Чаму менавіта аб іх? Так, здаецца, што гэтая тэма зусім невялікая. Але менавіта ў Ліёне ёсць шмат матэрыялаў, якія датычацца дзейнасці Таварыства Ісуса ў Расіі. Адкуль у горадзе ўзялася такая цікавая калекцыя? У 1997 годзе Таварыства вырашыла перадаць каму-небудзь два свае вялікія кнігазборы. Першы з іх – так званая бібліятэка Фантэнэ, другі – знакаміты ў вузкіх колах спецыялістаў збор князя Івана Сяргеевіча Гагарына, гэтак званая Славянская бібліятэка. У Таварыства не было чалавечых рэсурсаў для таго, каб не проста захоўваць гэтыя кнігазборы, а стварыць умовы, каб яны жылі – забяспечыць прыём наведвальнікаў, працу з чытачамі і навуковымі супрацоўнікамі, іх далейшае папаўненне.

У своеасаблівым конкурсе праектаў перамог Універсітэт Ліёна і Ліён. Так у горад патрапілі каштоўныя кнігазборы. Напрыклад, у бібліятэцы Фантэнэ налічваецца каля 300 тысяч тамоў, якія займаюць тры паверхі новага велізарнага будынку муніцыпальнай бібліятэкі ў гарадскім цэнтры. Само месца, дзе размясціўся гэты кнігазбор зрабіла на мяне невыказнае ўражанне! І там ёсць усё! Езуіты вельмі цікавыя людзі! У іх зборы захоўваюцца інкунабулы, гэта значыць кнігі, выданыя ад пачатку кнігадрукавання і да 1 студзеня 1501 года, але знайшлося месца і для масавых раманаў сярэдзіны ХХ стагоддзя. Што датычыцца «езуітыкі» – рукапісаў і нейкай часткі друкаваных выданняў, то яе Таварыства Ісуса пакінула сабе. Бібліятэка князя Гагарына размяшчаецца ў бібліятэцы імя Дзідро, якая знаходзіцца на кампусе Вышэйшай нармальнай школы Ліёна. Дарэчы, нягледзячы на сваю «просценькую» назву, гэта адна з самых прэстыжных навучальных устаноў Францыі; яна рыхтуе спецыялістаў пераважна для дзяржаўнай службы.

Вышэйшая нармальная школа Ліёна

Кар.: А чым канкрэтна Вам прыдаліся гэтыя бібліятэкі, калі ў іх няма «езуітыкі»?

Дз.А. Кандакоў: Славянская бібліятэка дазваляе ўбачыць, што цікавіла князя Гагарына і яго спадкаемцаў, і прасачыць сувязі каталіцкага свету з Расіяй, з праваслаўнай царквой. Там вельмі многа выданняў на гэтую тэматыку. Акрамя таго, у бібліятэцы захоўваюцца рэдкія выданні самога князя Гагарына. Не ўсё ж можна адшукаць і прачытаць у Інтэрнэце. Ёсць там вельмі цікавыя кнігі, якія яшчэ можна знайсці толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі.

У Славянскай бібліятэцы князя Гагарына змяшчаюцца некаторыя даволі цікавыя рукапісы! Магчыма, яны і не датычацца знаходжання езуітаў на тэрыторыі Беларусі, але для вывучэння дзейнасці Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі, там ёсць вельмі цікавыя першакрыніцы. Напрыклад, дзённік цётухны князя Гагарына, Кацярыны Пятроўны, які яна вяла з 1816 па 1820 год, гэта значыць у час пасля выгнання езуітаў з Санкт-Пецярбургу. Кацярына Пятроўна таксама была вымушана пакінуць Расію, шмат вандроўнічала, спынялася ў Рыме, а потым і ў Парыжы. Для даследчыка цікавыя не толькі перыгрынацыі княгіні і яе ўнутранае жыццё. У дзённіку ёсць дадатак – праграма адукацыі для ўласных дзяцей. Па-першае, дакумент пралівае святло на светапогляд чалавека, а па-другое, у ім адразу бачна, што праграма складалася па пэўных канонах. Кацярына Пятроўна была каталічка, і яна будавала свае педагагічныя распрацоўкі на базе прынцыпаў езуіцкай адукацыі. На гэтым канкрэтным прыкладзе можна ўбачыць рэцэпцыю грамадствам, прынамсі, яе асобным прадстаўнікамі, адукацыйнай дзейнасці Таварыства Ісуса.

Мы ж больш-менш добра ведаем, што адбывалася ў Полацкай акадэміі, езуіцкіх калегіюмах у Віцебску, Оршы або Пецярбургу. Пра гэта нямала напісана. Але не вырашанымі дагэтуль застаюцца шматлікія пытанні. Напрыклад, які розгалас мела адукацыйная дзейнасць езуітаў? Людзі проста павучыліся ў езуітаў, а потым цар-бацюхна сказаў «нічога не будзе, пайшлі вон» і на гэтым усё спынілася? Не, езуіты пакінулі пасля сябе след!

Дэкан гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

Мы чытаем Яна Баршчэўскага, выхаванца езуітаў, і бачым нейкі гістарычны фон. Але гэта толькі невялічкае «акенца», якое дазваляе нам зазірнуць у страчаны езуіцкі свет. Наколькі сур’ёзны ўплыў аказвала Таварыства на тагачаснае грамадства? Я зараз не магу сказаць, што ён быў нейкім гіганцкім і перавярнуў усю культурную прастору, але нельга яго недаацэньваць. Гэты ўплыў быў, сапраўды, сур’ёзным! Мы можам казаць пра нейкую сетку сацыяльных сувязяў. Яна аб’ядноўвала людзей, якія сутыкаліся з езуітамі і чые дзеці вучыліся ў іх. Мы ж часта думаем, што адукацыя забяспечвалася толькі цэнтралізавана – у Акадэміі або калегіюмах. Але мы маем такія сведчанні, я знайшоў іх, напрыклад, у архіве Таварыства Ісуса ў Рыме, што губернатары беларускіх губерніяў таксама запрашалі айцоў-езуітаў да сваіх дзяцей у якасці хатніх настаўнікаў. Атрымліваецца, езуіцкі ўплыў на культурнае жыццё быў больш значны, чым мы сабе ўяўлялі. Пры гэтым, канечне ж, не трэба казаць таксама пра нейкую «езуіцкую змову» – не варта ажыўляць адмерлыя міфы і «чорныя легенды».

Кар.: Вы ўжо перайшлі да нейкіх канкрэтных здабыткаў, нейкіх новых ведаў, якія там атрымалі. А што яшчэ можна дадаць пра арганізацыю самога працэсу Вашай стажыроўкі? Што яшчэ было яго часткай апрача рэгулярных семінараў?

Дз.А. Кандакоў: Былі пэўныя абавязкі. Зразумела, трэба было паведамляць дырэкцыі аб тым, што з’язджаеш на канферэнцыі або ў даследчыцкія камандыроўкі. Але яны, натуральна, цалкам ухваляліся Інстытутам. Таксама віталася актыўнае супрацоўніцтва з навуковым партнёрам і правядзенне супольных канферэнцый і семінараў. Здаецца, усе з пятнаццаці стыпендыятаў за дзесяць месяцаў знаходжання ў Ліёне паспелі прэзентаваць больш шырокаму колу навукоўцаў, і не толькі іх, плён сваёй працы. Напрыклад, муніцыпальная бібліятэкаа горада Ліёна прапанавала мне правесці шэраг навукова-папулярных лекцый – прэзентаваць свой праект і расказаць аб езуітах у Расійскай імперыі на мяжы XVIII-ХІХ стагоддзяў. А яшчэ я зладзіў невялікі навуковы семінар са сваім навуковым партнёрам – Філіпам Мартэнам, прафесарам Універсітэта Ліён-2 Люм’ер.

Варта адзначыць, што ў Францыі аднаго месца працы няма, гэта абавязкова некалькі месцаў адразу. Прычым, калі ў нас у Мінску выкладчык можа працаваць тут на паўстаўкі, там на чвэрць стаўкі, то ў французаў выкладчыцкае месца можа быць не асноўным. Чалавек працуе ў нейкай структуры, створанай адмыслова на нейкі грант. У Філіпа Мартэна ёсць лабараторыя – Вышэйшы інстытут даследавання рэлігіі і свецкага жыцця. Прычым, гэты інстыут ўключаны не толькі ў навуковую дзейнасць. У верасні-кастрычніку гэты інстытут ладзіў вялікую серыю культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Амаль два месяцы праходзілі лекцыі і сустрэчы, збіраліся інтэлектуальныя кавярні, дэманстраваліся фільмы, звязаныя з рэлігійнай тэматыкай, з узаемаадносінамі паміж рэлігіяй і свецкай сферай жыцця грамадства. Свецкасць – гэта адна з асноў Французскай Рэспублікі, але зараз яна з’яўляецца прадметам дыскусіі. Усе гэтыя тэрарыстычныя акты, што адбываюцца па ўсім свеце, маюць, нібыта, рэлігійную падкладку.

Даклад на семінары

Кар.: Дзе яшчэ Вам пашчасціла пабываць падчас стажыроўкі? Вы, напрыклад, прыгадалі творчую вандроўку ў Вечны горад, Рым.

Дз.А. Кандакоў: Спачатку, у студзені 2017 года я пабываў на канферэнцыі ў Маскве. Яе ладзіў Германскі гістарычны інстытут, з якім я супрацоўнічаю ўжо не першы год. Гэта была выніковая канферэнцыя па праекту «Вывучэнне замежных моў у Расійскай імперыі XVIII-пачатку-XIX стагоддзяў», прысвечаным стварэнню электроннай базы дадзеных выкладчыкаў замежных моў. Яна ўжо існуе ў Інтэрнэце, і яе можна паглядзець. Са свайго боку я напісаў 35 «партрэтаў» езуітаў – выкладчыкаў лаціны, французскай, нямецкай і нават рускай моў. Рускую мову трэба таксама разглядаць у гэтым сэнсе як замежную. У Санкт-Пецярбургу было шмат людзей, якія не размаўлялі па-руску. Іншаземныя дыпламаты аддавалі сваіх дзяцей вывучаць рускую да езуітаў. Не трэба думаць, што такія «партрэты» нешта вельмі падрабязнае і яскравае. Гэта ў чыстым выглядзе празапаграфія – узнаўленне карцiны жыцця пэўнай сацыяльнай групы. Лёс кожнага выкладчыка паасобку прасачыць ува ўсiх падрабязнасцях цяжка, але на гэтай базе можна выводзіць пэўныя агульныя заканамернасці.

Стыпендыя таксама дапамагла мне пабываць у Рыме. Гэта ўжо была сапраўдная навукова-даследчыцкая камандыроўка. Працаваў у архіве Таварыства Ісуса, які знаходзіцца ў Вечным горадзе, дакладней у Ватыкане, але не за ватыканскімі мурамі, а побач з плошчай Святога Пятра, і мае экстэрытарыяльны статус. Гэта збор усіх дакументаў езуіцкага ордэна, што датычацца яго дзейнасці. Зразумела, калі даследаваць гісторыю Таварыства Ісуса і яго сувязі ў Расійскай імперыі, то амаль усе патрэбныя дакументы знаходзяцца менавіта там. Тыдня, праведзенага ў Рыме, было зусім мала, але ў мяне не было фінансавых і іншых магчымасцяў, каб застацца на больш працяглы час. Тым не менш, я загадзя рыхтаваўся да гэтага выезду і ведаў, што мне там трэба паглядзець, а таму праца ў Рыме аказалася даволі плённай. Дакументаў там вельмі многа – нагода вярнуцца туды ёсць!

Кар.: З якімі дакументамі Вам пашчасціла працаваць у Рыме? Магчыма Вам патрапілася нешта нечаканае.

Дз.А. Кандакоў: Нечаканымі для мяне былі дакументы з ліставання езуітаў са сваімі расійскімі пакравіцелямі, напрыклад, з князем Рыгорам Аляксандравічам Пацёмкіным і з генерал-губернатарам беларускіх намесніцтваў Пятром Багданавічам Пасэкам. Гэта былі людзі, якія – часта па зусім розных прычынах – неабыякава ставіліся да айцоў-езуітаў. Так, напрыклад, кантакты Пацёмкіна з прадстаўнікамі Таварыства Ісуса былі выкліканы як дзяржаўнымі, так і прыватнымі інтарэсамі. Ён жа марыў быць або вялікім вайскоўцам – і дамогся свайго, або манахам. Уявіце, манаскае жыццё яго вельмі цікавіла! Былі ў яго і свецкія планы, звязаныя, здаецца, з асваеннем Крыма. Ёсць падставы меркаваць, што князь хацеў выкарыстоўваць езуітаў для культурнай каланізацыі паўвострава. Да князя Пацёмкіна можна па-рознаму ставіцца, але гэта быў незвычайны чалавек!

Кар.: А ці была сярод бачаных Вамі дакументаў нейкая інфармацыя, звязаная з Полацкам?

Дз.А. Кандакоў: Лісты Пацёмкіна не захаваліся. Да нас дайшлі толькі копіі альбо чарнавікі лістоў да князя. І вось яны накіроўваліся як раз з Полацка, а пісаў іх генерал ордэна (нейкі просты езуіт не мог весці падобнае ліставанне). Бачыў я таксама іншыя лісты, якія першая асоба Таварыства Ісуса накіроўвала высокапастаўленым расійскім чыноўнікам.

Але ж там было багата таксама іншых цікавых дакументаў, напрыклад, дыярыюшы калегіумаў і місій – Рыжскай, Маздокскай, Астраханскай і гэтак далей. Уся гэтая інфармацыя вельмі карысная, найперш, як фон для езуіцкага Полацка. Зразумела, што наш горад быў сталіцай Таварыства Ісуса. Мы да гэтага прызвычаіліся, і гэта, сапраўды, так і было. Але сталічнае жыццё – яшчэ не ўсё жыццё! Каб лепей зразумець дзейнасць езуітаў, іх узаемадачыненні ўнутры ордэна, такія крыніцы трэба ўважліва вывучаць.

У Полацкiм калегіуме

Кар.: Ці з’явіліся ў Вас за час творчай вандроўкі нейкія новыя тэксты? Магчыма, Вы ўжо хочаце падсумаваць гэты творчы здабытак і пачалі працаваць над кнігай?

Дз.А. Кандакоў: Так, хутчэй гэта будзе вялікі тэкст – манаграфія. Яна, напэўна, так і будзе называцца – «Місіянерская, педагагічная і літаратурная дзейнасць Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі ў 1772-1820 гг.» Навізна працы, перш за ўсё, у тым, што ў яе будзе не вельмі звыклы кантэкстуальны маштаб і ракурс.

Ёсць багата цікавых сучасных даследаванняў пра езуітаў, напрыклад, «Полацкая акадэмія. Асяродак культуры на крэсах. 1812-1820» Ірэны Кадульскай або «Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі (1772-1820) і яго роля ў паўсюдным аднаўленні Ордэна ва ўсім свеце» Марэка Інглота. Нават не кажу пра даследаванні, якія даўно паспелі стаць класікай. Але ў гэтых працаў дзейнасць езуітаў разглядаецца ў лакальным кантэксце. Даследаванне можа быць абмежавана геаграфічна, напрыклад, вывучэннем Полацкай акадэміі або, як гэта зрабіў Руэ де Журнэль, Пецярбургскай калегіі і Пецярбургскай місіі.

Аднак за гэтай лакальнасцю зусім не бачная тая сетка Таварыства Ісуса, якая пакрывала ўсю тэрыторыю Расійскай імперыі. Справа ў тым, што ў езуіцкага ордэна не было ніякага добра вызначанага цэнтра. Так, у Полацку сядзеў генерал. Але паўсюль, дзе ёсць езуіты, ёсць Таварыства Ісуса, а значыць адбываецца дзейнасць і маюцца нейкія канкрэтныя інтарэсы. Вельмі цікава паглядзець, як езуіты адаптаваліся да новых месцаў. Расія – вялікая, а таму выкладаць і прапаведаваць на Каўказе, на Волзе ў Астрахані, у Полацку і Санкт-Пецярбургу аднолькава было нельга. Ці можна? А на якой мове? Зразумела, мяне, перш за ўсё цікавілі дакументы на французскай мове, і іх было шмат. Бачна, што гэта менавіта тая прылада, той сродак сувязі, які знітоўваў езуіцкую сетку ў вельмі цікавую структуру.

Кар.: Ці далёка Вы паспелі прасунуцца ў падрыхтоўцы гэтай манаграфіі?

Дз.А. Кандакоў: Па шчырасці кажучы, не вельмі. У самым агульным выглядзе структура манаграфіі ўжо распрацавана, але шмат новага матэрыяла. Ён ужо асэнсаваны, аднак яго яшчэ трэба належным чынам упарадкаваць.

Кар.: Задуманая праца, відавочна, будзе набліжаць Вас да доктарскай ступені?

Дз.А. Кандакоў: Я думаю, што гэты шлях не будзе вельмі кароткім. Не здаецца таксама, што ён акажацца лёгкім. Для напісання доктарскай дысертацыі патрэбны час і моцныя стымулы. Калі ўжо стаўся навукоўцам, атрымаўшы першую ступень, другая – гэта ўжо справа выбару. Дысертацыю можна рыхтаваць і дзесяць, і дваццаць, і трыццаць год. Заўсёды будзе мала часу, і заўсёды будуць прыходзіць новыя ідэі, а ў галаве будзе іначай гэты матэрыял структуравацца. Падрыхтоўка доктарскай – не самамэта. Так, яна патрэбна для ўніверсітэта і, увогуле, для самой навукі. Гэта – не хуткі і няпросты шлях, але чаму б і не?! Спачатку трэба скончыць гэтую кніжку – салідная манаграфія таксама з’яўляецца неабходным прыступкам да доктарскай дысертацыі, а там буду працаваць далей!

Кар.: Вельмі цікава было пачуць Вашы меркаванні адносна таго, як арганізавана навуковае жыццё ў Францыі – ва ўніверсітэтах, даследчых інстытутах. Магчыма, французскі вопыт перадасца і нам, Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту?

Дз.А. Кандакоў: Калі мы жадаем мець моцную навуку, нам, сапраўды, неабходныя нейкія змены. Трэба шчыра ў гэтым прызнацца. Прычым, я не маю на ўвазе толькі наш універсітэт. Усім нам уласцівая такая постсавецкая рыса навуковага жыцця: кожны даследчык займаецца сваёй маленькай ці, можа, нават ужо і вялікай праблемай. Але гэта справа абмежавана інстытуцыйна і геаграфічна, а часам, і межамі нейкага сяброўскага кола. Няма навуковай супольнасці, няма навукова-грамадскага жыцця, калі амаль кожны даследчык з’яўляецца членам нейкай суполкі або таварыства, якая займаецца вывучэннем нейкай эпохі або шырокай тэмы і аб’ядноўвае спецыялістаў, што прадстаўляюць розныя рэгіёны і краіны. Гэтага нам, сапраўды, не хапае!

Таксама можна ўзяць на ўзбраенне вопыт правядзення міждысцыплінарных семінараў, удзельнікам аднаго з якіх мне давялося стаць пад час стажыроўкі ў Ліёне. Думкі саміх стыпендыятаў наконт неабходнасці падобнай формы навуковага абмену розніліся. І, сапраўды, неспецыялісту цяжка быць кампетэнтным у геамарфалогіі! Я разумею, што такое лінгвістыка. А вось сацыялінгвістыка для мяне ўжо больш складанае дысцыплінарнае поле. Хто я такі, каб рабіць, не з’яўляючыся прафесіяналам па гэтай праблематыцы, нейкія высновы і выступаць з нейкімі крытычнымі заўвагамі?!

У Полацкiм калегіуме - каля помнiка прафесару

Але ўдзел у падобных семінарах дае слухачам магчымасць лепей зразумець, што такое міждысцыплінарнасць, убачыць якія метады могуць паспяхова працаваць у іншых дысцыплінах, знайсці «памежныя» навуковыя праблемы. Такога ўзаемадзеяння паміж рознымі дысцыплінамі, паміж рознымі даследчыцкімі палямі ў нас пакуль, на жаль, няма. Калі такая даследчыцкая сутворчасць з’явіцца, узнікнуць новыя магчымасці для развіцця навукі!

Кар.: Калі звярнуцца да нашых рэаліяў, то ліёнскі вопыт варта паспрабаваць выкарыстаць у магістратуры або аспірантуры ПДУ. Правядзенне падобных семінараў на гэтым узроўні, напэўна, магло б дапамагчы стварыць умовы для таго, каб вырасціць такіх навукоўцаў, якія б былі адкрытыя да свету і супрацоўніцтва з калегамі, мелі больш шырокі навуковы кругагляд і плённа працавалі на міждысцыплінарным полі.

Дз.А. Кандакоў: Так, мне здаецца, што гэта, калі не абавязковы, то вельмі пажаданы аспект далейшай навуковай працы. Але хацелася б закрануць яшчэ адну тэму. Існуе праблема ўзаемадзеяння не толькі ўнутры самога асяродку даследчыкаў, але таксама паміж навуковай супольнасцю і грамадствам. Мерапрыемствы, якія адбываліся ў Ліёне ў верасні-кастрычніку 2016 года, могуць паслужыць красамоўным прыкладам такіх кантактаў. Прафесары хадзілі чытаць лекцыі людзям, якія проста ўбачыўшы абвесткі недзе ў Інтэрнэце ці ў горадзе прыходзілі з вуліцы, каб пацікавіцца, што адбываецца ў гэтай бібліятэцы ці культурным цэнтры. І гэта не былі навуковыя выступы, а даступнае выкладанне актуальнай праблемы. Атрымліваецца, што навука праяўляе сябе не нейкай амаль адарванай ад грамадства сектай інтэлектуалаў, а сапраўдным сацыяльным інстытутам, шчыльна знітаваным з грамадствам, у тым ліку і праз механізмы адваротнай сувязі.

Важна і тое, што падобныя папулярныя выступы не проста ініцыююцца навукоўцамі, а маюць пэўны запыт з боку грамадства. Людзі самі хочуць, каб навука патлумачыла ім, што адбываеца ў прыродзе, чаму мы назіраем такія негатыўныя сацыяльныя працэсы, з чым звязана вяртанне рэлігіі ў публічную прастору.

Ёсць шмат іншых прыкладаў узаемадзеяння па лініі навука-грамадства. На працягу ўжо некалькіх год Універсітэт Ліёна ладзіць імпрэзу, якая называецца «Ноч даследчыкаў». І, наколькі мне вядома, гэта агульнаеўрапейская практыка. У спецыяльна адведзеным для гэтага месцы збіраюцца навукоўцы, прайшоўшыя да гэтага папярэдні адбор, і выступаюць перад звычайнай публікай. Даследчык, напрыклад, можа паставіць перад сабой якое-небудзь нетрывіяльнае, але актуальнае для аўдыторыі пытанне або спрасціць сваю навуковую тэму так, каб яго зразумелі і непадрыхтаваныя людзі. Адзінае патрабаванне – не выходзіць за межы вызначанага рэгламенту. І вось паспрабуй распавесці пра сутнасць тваёй дысертацыі за тры хвіліны! Лічу, што стварыць такую пляцоўку, своеасаблівы інкубатар ідэй для паспяховага пераходу ў навуку ХХІ стагоддзя, трэба і ў ПДУ.

Кар.: Нешта падобнае ў бягучым годзе дайшло і да Беларусі. У траўні ў сцянах ПДУ прайшоў універсітэцкі этап міжнароднага конкурса навуковага слэма “Falling Walls”. А ў чэрвені наш магістрант Аляксей Бурак перамог у нацыянальным этапе і праз месяц будзе прадстаўляць Беларусь на фінале ў Берліне.

Дз.А. Кандакоў: Так! Але ж наш навуковы слэм пакуль ладзіцца навукоўцамі і для навукоўцаў, а не для дапытлівых прадстаўнікоў шырокай публікі. Формы ўзаемадзеяння навукі і грамадства могуць быць самымі рознымі. Гэта і навуковыя кавярні, і «Scientific Dating» – «навуковыя спатканні», і шмат чаго іншага. Памятаю, як ва ўнутраным дворыку аднаго з сучасных карпусоў Універсітэта Ліёна ладзілася гульня, падобная на наш «сапсаваны тэлефон». Чалавек за хвілінку расказвае суседу, якой навуковай праблемай ён займаецца, гэты сусед – свайму і гэтак далей. У канцы ланцужка агучваецца, як правіла, ужо вельмі далёкі ад зыходнага варыянт. Здаецца, усё вельмі проста, але, калі гуляць з акадэмічнымі тэмамі, атрымліваецца вельмі цікава! Упэўнены, такая гульня прыйшлася б даспадобы нашым маладым навукоўцам. Дарэчы, і на «Ноч даследчыкаў» у Ліёне прыходзяць пераважна аспіранты або тыя, хто нядаўна абараніўся, гэта значыць людзі, якія яшчэ робяць сабе імя і пракладваюць шлях у вялікую навуку.

Кар.: Вернемся з маляўнічых берагоў Роны і Соны на наша Беларускае Падзвінне. Год таму Вы з’язжджалі ў Ліён як дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, а вярнуліся ўжо як кіраўнік факультэта гуманітарнага. Як Вам гэтыя перамены і што чакае сур’ёзна ўзбуйненае вучэбнае падраздзяленне наперадзе?

Дз.А. Кандакоў: Як і ў любой іншай сітуацыі, ёсць негатыўны і пазітыўны бок. Існуе, напрыклад, праблема сабраць усіх студэнтаў, якія навучаюцца на розных пляцоўках, разам. Што яшчэ важней, нам трэба будзе зрабіць так, каб хлопцы і дзяўчаты з нашых шматлікіх спецыяльнасцяў адчулі сябе адзіным факультэтам! Але трэба за нейкімі дробязнымі нязручнасцямі і цяжкасцямі бачыць вялікую пазітыўную перспектыву, якая адкрываецца для рэарганізаванага гуманітарнага факультэта. Мы раней ужо казалі пра важнасць міждысцыплінарнасці. Сёння для нас адкрываюцца самыя шырокія магчымасці ў гэтым накірунку. Але для практычнай рэалізацыі гэтага патэнцыялу і загадчыкам кафедраў, і прафесарска-выкладчыцкаму складу трэба будзе добра папрацаваць. Мая першачарговая задача як дэкана – стварыць для гэтага ўсе неабходныя ўмовы, забяспечыць плённы палілог паміж гісторыкамі, філолагамі, педагогамі, псіхолагамі.

Дз.А. Кандакоў

У нядаўніх размовах з Наталляй Віктараўнай Даўгялай і Аленай Мікалаеўнай Барун, загадчыцамі нашых новых кафедраў, – адпаведна, тэхналогіі і методыкі выкладання і фізічнай культуры і спорту – я пераканаўся, што і яны выразна бачаць, як і куды нам развівацца. Напэўна, па іншаму і быць не можа, бо Наталля Віктараўна і Алена Мікалаеўна – самі выпускніцы нашага гісторыка-філалагічнага факультэта! Але выкладчыкам, якія ўжо шмат чаго бачылі, даследчыкам, якія шмат дзе былі, прасцей пашырыць сваю спецыялізацыю і знайсці новыя перспектывы для прафесійнага і навуковага пошуку. Студэнты яшчэ не маюць такога досведу. Ім трэба расплюшчыць вочы і паказаць усе перавагі і магчымасці міждысцыплінарнасці, якія адкрывае навучанне на нашым факультэце. Але гэта – не аднаго дня і нават не аднаго года праца.

Перакананы, сумесная работа і, у тым ліку, у межах супольных міжнародных праектаў дазволіць гуманітарнаму факультэту паспяхова развівацца – рыхтаваць выдатных выпускнікоў, удасканальваць існуючыя і распрацоўваць новыя запатрабаваныя часам праграмы навучання, умацоўваць нашы навуковыя школы і служыць грамадству.

Гутарыў Уладзiмiр Фiлiпенка

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie