Выдатныя вынікі раскопак палявога археалагічнага сезона 2017 года ў Полацку, самую актыўную ролю ў якім адыгрываў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, робяць нагоду яшчэ раз вярнуцца да гэтай тэмы. Значнасць знаходак і далейшыя перспектывы археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра мы папрасілі пракаменціраваць кіраўніка раскопак доктара гістарычных навук, прафесара, прарэктара па вучэбнай рабоце ПДУ Дзяніса Уладзіміравіча Дука.

Прарэктар па вучэбнай рабоце ПДУ Дзяніс Уладзіміравіч Дук

Карр.: Дзяніс Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, пра вынікі раскопак палявога археалагічнага сезона 2017 года.

Дз.У. Дук: Спачатку хочацца завярнуць увагу на тое, што гэта за экспедыцыя і які ў яе статус. Сёлета мы працягнулі працу, пачатую ў 2015 годзе. Тады, згодна з пратаколам даручэнняў у той час яшчэ віцэ-прэм’ера Рэспублікі Беларусь Наталлі Іванаўны Качанавай, Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту разам з ААТ «Белрэстаўрацыя» была даведзена неабходнасць распачаць археалагічныя даследаванні з мэтай высвятлення стану захавання падмуркаў Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, падрыхтоўкі праекту рэканструкцыі і рэстаўрацыі храма. Гэтае даручэнне было паспяхова выканана.

У мінулым годзе мы працягвалі работы на тэрыторыі манастыра толькі часткова. Маштабных раскопак не было. Сёлета мы ізноў працавалі па дзяржаўнай праграме – нам было адкрыта фінансаванне. У наш калектыў акрамя археолагаў і рэстаўратараў уваходзілі таксама спецыялісты самых розных сфер – геолагі, інжынеры з вопытам удзелу ў рэстаўрацыі падобных помнікаў. У ім працавалі прафесіяналы з Мінску і Масквы, Полацку і Магілёва, некаторых іншых гарадоў Беларусі. Гэтая інтэрнацыянальная каманда пад старшынствам міністра культуры неаднаразова выязджала на нарады ў Полацк. Так была вызначана стратэгія рэстаўрацыі храма. Кожны з удзельнікаў заняў у праекце сваю нішу.

Натуральна, археалагічныя раскопкі і ўсю складаную справу іх арганізацыі узначальвае Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Кіруе гэтым працэсам і метадычна, і арганізацыйна кафедра гісторыі і турызму ПДУ. Мы распрацавалі каляндарны план, вызначылі рэсурсы, які будуць у нашым распараджэнні.

На тэрыторыі былога Савецкага Саюзу спецыялістаў узроўню, неабходнага для даследавання такіх унікальных аб’ектаў, як Спаса-Праабражэнская царква – помнік сусветнага значэння, засталіся літаральна адзінкі. Таму мы з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь запрасілі да ўдзелу спецыялістаў з Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія). Так была створана сумесная экспедыцыя па раскопках Спаса-Праабражэнскай царквы. Я кажу менавіта «царквы», таму што мы капалі і звонку, і ўнутры храма. Маштаб работ вельмі значны! Было ўскрыта каля 40 м? на месцы, дзе некалі знаходзіліся адкрытыя намі ў 2015 годзе галерэі царквы.

Пад час правядзення раскопак у першапачатковы план пастаянна ўносяцца карэктывы, бо з’яўляюцца новыя аб’екты, якія ўскладняюць працэс рэстаўрацыі. Таму на працягу чэрвеня-жніўня намі неаднаразова праводзіліся кансультацыі з самымі рознымі спецыялістамі. Гэта дадавала напружання ў працу інжынераў, якія рыхтуюць праект. Тым не менш, усе падобныя цяжкасці паспяхова вырашаліся і вырашаюцца для таго, каб храм стаяў яшчэ шмат стагоддзяў.

Карр.: Экспедыцыя не толькі выдатна спраўляецца з гэтай задачай, але і штогод прыносіць археолагам унікальныя знаходкі.

Дз.У. Дук: Так! Яшчэ ў 2015 годзе мы атрымалі вельмі неардынарныя вынікі. Сама царква, якую пабудавала Прападобная, – абсалютна ўнікальны храм! Ён не мае аналагаў на тэрыторыі Русі. Многія наватарскія ідэі, якія былі выкарыстаныя ў Спаса-Праабражэнскай царкве, застаюцца для нас загадкай. Мы пакуль не ведаем, адкуль з’явіліся гэтыя інавацыі. Магчыма, яны былі народжаныя тут. Нельга выключаць і таго, што іх запазычылі ў гатовым выглядзе. А можа, яны былі творча перапрацаваныя на базе нейкага першаўзору. У 2015 годзе мы адкрылі, якім быў статус гэтага храма. Ён аказаўся храмам-пахавальняй. Тады ж была знойдзена і першая атрыбутаваная пячатка Ефрасінні Полацкай. Віслыя свінцовыя пячаткі выкарыстоўваліся для таго, каб засведчыць, што дакумент не прачытаны нейкай трэцяй асобай і дайшоў да адрасата ў непашкоджаным выглядзе.

Дзяніс Уладзіміравіч Дук

Сёлета абсалютна нечакана мы знайшлі і другую пячатку. Ізноў Спаса-Праабражэнскі храм і Ефрасіння Полацкая ламаюць усе існаваўшыя стэрэатыпы! Дагэтуль лічылася, што булацірый, прыстасаванне, якім нейкая асоба рабіла адбітак сваёй пячаткі, існуе ў адзіным варыянце, іншымі словамі, што асабістая пячатка – адна. Знойдзеная ж намі сёлета пячатка цалкам адрозніваецца ад той, што патрапіла да нас у рукі два гады таму. Пры гэтым, няма ніякага сумнення, што і яна належала Ефрасінні Полацкай. Значыць, асоба Прападобнай была настолькі неардынарнай (па сутнасці, так і было, у гэтым няма сумненняў!), што яна магла дазволіць сабе мець дзве пячаткі. Але які яны мелі статус, і якія дакументы Ефрасіння Полацкая магла імі замацоўваць – гэтыя пытанні застаюцца дыскусійнымі, і мы пакуль што вельмі асцярожныя ў высновах. Гэтае адкрыццё, магчыма, дазваляе выказаць гіпотэзу аб тым, што іншыя знакавыя асобы царкоўнай і палітычнай гісторыі Русі таксама маглі мець некалькі пячатак і карыстацца імі па пэўным прызначэнні.

І гэта яшчэ не ўсё! Знойдзеная ў гэтым годзе пячатка ўнікальная яшчэ і тым, што адна з яе выяў – Хрыстос Пантакратар – мае выразную аналогію з фрэскай Спаса-Праабражэнскага храма! Атрымліваецца, рамеснік, які вырабляў пячатку, а пасля і булацірый для яе тыражавання, бачыў арыгінал (фрэску) і, відавочна, працаваў у Полацку. Гэта таксама ўнікальны выпадак! Лічылася, што вытворчасць такога кшталту прыстасаванняў на тэрыторыі Русі была толькі ў Кіеве. Як магутны рамесны цэнтр на выкананне падобных заказаў таксама заўсёды прэтэндаваў Канстанцінопаль.

Я і раней ужо неаднаразова казаў у кантэксце дыскусіі аб месцы стварэння Крыжа Ефрасінні Полацкай, што Лазар Богша мог працаваць над ім у Полацку. Так, у нас пакуль не знойдзена ювелірная майстэрня, дзе маглі ствараць вырабы з перагародкавай эмаллю. Але, перакананы, гэта толькі пытанне часу, і такая майстэрня будзе адкрыта! Колькасць вядомых полацкіх ювелірных майстэрняў XI-XII стагоддзяў робіць горад проста ўнікальным. Па дадзеных археалогіі Полацк паўстае горадам ювеліраў! Я лічу, што і стваральнік Крыжа павінны быў працаваць у нашым горадзе, і стваральнік булацірыя Ефрасінні вырабіў яго менавіта тут. Паўтараю, што гэтае пытанне застаецца дыскусійным, але я асабіста ў гэтым проста перакананы!

Сёлетнія знаходкі падкрэсліваюць неардынарнасць асобы Ефрасінні Полацкай і нестандартнасць Полацка ў сістэме сацыяльна-эканамічнага развіцця Русі. Яны ставяць перад намі шмат пытанняў, але ўжо даюць і цэлы шэраг адказаў. Гаворка не толькі пра дзве пячаткі прападобнай Ефрасінні Полацкай. Мы зрабілі яшчэ адну знаходку, якая спыняе даўнюю навуковую дыскусію. Я кажу пра чарцёж або эскіз, зроблены на плінфе. Ён па сутнасці паўтарае контуры ўжо неіснуючай пабудовы – храма-пахавальні полацкіх епіскапаў. Як ужо нядаўна адзначаў Яўген Мікалаевіч Торшын, чарцёж выйшаў з-пад вопытнай рукі майстра. Выканаўца на стадыі праектавання, як мы гэта сёння называем, павінен быў узгадняць з заказчыкам праект храма не на словах або аперуючы нейкімі вобразамі, а пры дапамозе канкрэтнай выявы, як, напрыклад, у нашым выпадку, выкананай у маштабе 1:100.

Мы ведаем, што ў Полацку існавала Полацкая школа дойлідства, і што ў XII стагоддзі яна дасягнула свайго росквіту. Сёння мы можам гэта яшчэ больш упэўнена канстатаваць на прыкладзе тых традыцый і нестандартных архітэктурных рашэнняў, якія мы працягваем выяўляць. Адна царква і столькі цікавых адкрыццяў! А ў нас іх былі дзясяткі. І гэта не агаворка! У Полацку толькі мураваных храмаў у XII стагоддзі было больш за дзясятак. Астатнія фактычна дагэтуль не раскапаныя. Зразумела, многія з іх захаваліся ў выглядзе падмуркавых равоў ці рэшткаў падмуркаў. Тым не менш, як паказвае практыка, калі раскопкі праводзяцца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, а мы працуем па методыцы не ХІХ-га, а ХХІ стагоддзя, то атрымліваюцца такія вынікі, якія пераварочваюць старыя ўяўленні гістарычнай навукі! Нашы раскопкі ўжо паказалі напрамкі далейшай працы, мы ведаем, на чым трэба засяродзіць увагу і што капаць у будучым. Полацк – гэта горад, не стамляюся гэта паўтараць, неардынарны! Даследаванне Спаса-Праабражэнскай царквы працягнецца і, перакананы, нас чакаюць адкрыцці сусветнага маштабу!

Прарэктар па вучэбнай рабоце ПДУ

Вось такія нечаканыя і, разам з тым, доўгачаканыя вынікі прынёс нам палявы сезон 2017 года ў Полацку. Але, адкрыю таямніцу, сезон на гэтым яшчэ не скончыцца. Мы маем вялікія планы на працяг раскопак на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў верасні і кастрычніку. Работы, пад час якіх была знойдзена плінфа з выявай сабора, звязаныя не з рэканструкцыяй Спаса-Праабражэнскай царквы, а з комплексным даследаваннем тэрыторыі манастыра. Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – гэта ўнікальны аб’ект, які прайшоў у сваім развіцці шэраг этапаў. Кожны з іх пакінуў свой непаўторны адбітак, і мы іх сёння з вялікім інтарэсам вывучаем. У нас і там будзе вельмі шмат цікавых адкрыццяў і ў гэтым, і ў наступным годзе. Таму запрашаю нашых студэнтаў, якія ўжо прымалі сёлета ўдзел у раскопках ізноў далучыцца да нас. Выказваю ім вялікую падзяку за ўжо выкананую працу! Яны ў нас – самыя лепшыя! Без іх у нас бы нічога не атрымалася! Прычым, сярод нашых працавітых памочнікаў аказаліся не толькі студэнты-гісторыкі, але таксама і студэнты спецыяльнасцяў «Турызм і гасціннасць» і «Архітэктура». Спадзяюся, у перспектыве яны таксама здолеюць выкарыстаць набыты пад час раскопак вопыт у сваёй прафесійнай дзейнасці. Асабліва гэта датычыцца архітэктараў. Узброеныя ведамі і практычнымі навыкамі ў галіне археалогіі, яны могуць стаць унікальнымі і вельмі патрэбнымі краіне спецыялістамі.

Гутарыў Уладзiмiр Фiлiпенка

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie