18 лютага 2017 года на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй. За бягучы вучэбны год гэта ўжо другое такое мерапрыемства, арганізаванае факультэтам. Першае адбылося яшчэ 26 лістапада 2016 г., калі вучэбныя карпусы факультэта наведалі вучні выпускных класаў наваполацкіх школ. Цяперашняя сустрэча сабрала старшакласнікаў з Полацка і Наваполацка, іх бацькоў і настаўнікаў. Да ўступнай кампаніі-2017 засталося зусім няшмат часу, і адной з галоўных задач Дня адкрытых дзвярэй была работа са старшакласнікамі, якія канчаткова не вызначыліся з будучай прафесіяй. На іх і іх бацькоў у першую чаргу былі арыентаваны насычаныя фота- і відэаматэрыяламі выступленні супрацоўнікаў універсітэта і пашыраная культурна-забаўляльная праграма, зладжаная выкладчыкамі і студэнтамі.

Дзень адкрытых дзвярэй 2017

Вучняў і іх бацькоў сустракалі прадстаўнікі службы парадку, сервіснай службы і валанцёры з ліку студэнтаў, якія дапамагалі зарыентавацца ў няпростай планіроўцы карпусоў Полацкага калегіума. У файе канцэртнай залы граў раяль. Па ініцыятыве намесніка дэкана Вольгі Валянцінаўны Штэер упершыню на Дні адкрытых дзвярэй была арганізавана фотазона. Магчымасцю сфатаграфавацца ў інтэр’ерах гістарычных будынкаў і ва ўнутраным дворыку скарысталіся многія з прысутных. З фотаздымкамі можна азнаёміцца ў адмысловым альбоме.

Фотазона на Дні адкрытых дзвярэй

Навучанне ў Полацкім дзяржаўным універсітэце – гэта магчымасць творчай самарэалізацыі ў розных сферах. Гасцям, якіх у канцэртнай зале сабралася каля сотні, быў прапанаваны відэаролік пра студэнцкае жыццё ў ПДУ. Факультэт у цэлым прадставіла выконваючая абавязкі дэкана кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Багданаўна Лысова. Наталля Багданаўна распавяла аб перавагах атрымання адукацыі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце ў цэлым і на гісторыка-філалагічным факультэце – у прыватнасці. Па яе словах, засваенне як мінімум адной замежнай мовы зараз з’яўляецца гарантыяй працаўладкавання, а ў перспектыве стане яго ўмовай. Факультэт мае багаты вопыт падрыхтоўкі запатрабаваных спецыялістаў, якія на належным узроўні валодаюць замежнымі мовамі.

Затым аўдыторыі быў прапанаваны відэаролік з інфармацыяй аб плюсах навучання ў Полацкім дзяржаўным універсітэце – сучаснай шматпрофільнай ВНУ, буйнейшай у Віцебскай вобласці.

Пасля выступілі прадстаўнікі кафедр. Аб спецыяльнасці «Гісторыя» распавёў старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Віктар Уладзіміравіч Чараўко. Ён адзначыў, што Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт – адзіны ў Віцебскай вобласці, дзе магчыма атрымаць кваліфікацыю «Гісторык. Выкладчык гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін». Яна дае права выкладання, але не абмяжоўвае працаўладкаванне педагагічнай сферай, таму кожны выпускнік мае магчымасць абраць свой шлях. З дапамогай прэзентацыі прысутныя маглі дазнацца аб канкрэтных прыкладах працаўладкавання выпускнікоў спецыяльнасці «Гісторыя» ў вышэйшых навучальных установах і навукова-даследчых інстытутах, у школах, гімназіях і дзіцячых аздараўляльных лагерах, у рэдакцыях газет і часопісаў, на радыё і тэлебачанні, у органах дзяржаўнага кіравання і «сілавых» структурах.

Выступленні прадстаўнікоў кафедр

Гасцям паведамілі, што толькі полацкія студэнты атрымліваюць гістарычную адукацыю ў будынках ХVIII — пачатку ХХ стагоддзя, якія з’яўляюцца помнікам архітэктуры міжнароднага значэння. Атрыманне гістарычнай адукацыі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце — гэта не толькі заняткі ў сучасных аўдыторыях, але і цікавыя практыкі. Даследаванне полацкага гарадзішча, адкрыццё ювелірнай майстэрні, знаходка пячаткі Еўфрасінні Полацкай, абследаванне Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы (самага старажытнага мураванага будынка Беларусі), выяўленне жылой забудовы сярэднявечнага Полацка, этнаграфічныя і археалагічныя экспедыцыі на тэрыторыі Беларускага Падзвіння — вось толькі некаторыя падзеі, да якіх спрычыніліся полацкія студэнты-гісторыкі.

Загадчык кафедры гісторыі і турызму, кандыдат біялагічных навук Вольга Антонаўна Емяльянчык прадставіла створаны ёй фальклорны гурт «Варган». Удзельнікі калектыву выконваюць аўтэнтычныя народныя спевы, ладзяць самастойныя фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі, актыўна папулярызуюць народную музычную культуру беларусаў праз канцэртную дзейнасць, выступы на радыё і тэлебачанні. У выкананні ўдельнікаў гурта Ксеніі Глот, Майі Клёс, Яны Храмцовай, Антаніны Емяльянчык і Іллі Агіевіча госці змаглі ацаніць як акапэльнае выкананне народных песень, так і беларускую народную інструментальную музыку.

Фальклорны гурт «Варга?н»

Тэму насычанага і цікавага жыцця студэнтаў-гісторыкаў працягнуў адмысловы відэаролік, які перанёс гледачоў у лекцыйныя аўдыторыі і спартыўныя залы, да археалагічных раскопаў і бібліятэчных кнігазбораў, ва ўніверсітэцкія калідоры і ў летні палатачны лагер.

Не менш разнастайным і змястоўным з’яўляецца жыццё студэнтаў-філолагаў. Пры падрыхтоўцы спецыялістаў моўнага профілю вялікае значэнне мае навучанне ў носьбітаў замежнай мовы і праца з выкладчыкамі, што маюць актуальны вопыт камунікацыі ў іншамоўным асяроддзі. Адзначыўшы гэта, Наталля Багданаўна перадала слова старшаму выкладчыку кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Веры Адамаўне Гембіцкай-Бортнік, якая некалькі тыдняў таму вярнулася са стажыроўкі ў Злучаных Штатах Амерыкі, і старшаму выкладчыку Альмут Мюлер – лектару Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD). Яны прадставілі дзве спецыяльнасці: «Рамана-германская філалогія» і «Замежная мова (англійская)».

Выкладчыкі кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў

Прысутныя маглі пераканацца ў тым, што «Рамана-германская філалогія» з’яўляецца сучаснай і перспектыўнай спецыяльнасцю. Студэнты абавязкова вывучаюць дзве замежныя мовы (па жаданні – болей) і атрымліваюць грунтоўную моўную, літаратуразнаўчую і педагагічную падрыхтоўку — не выпадкова іх навучанне займае 5 гадоў. Выпускнікі маюць кваліфікацыю «Філолаг. Выкладчык замежных моў і літаратур. Перакладчык», што дае несумненныя перавагі пры працаўладкаванні. Спецыяльнасць «Замежная мова (англійская)» з’яўляецца класічнай і праверанай часам. Навучанне займае 4 гады і прадугледжвае засваенне як мінімум двух замежных моў (па жаданні – болей). Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю «Выкладчык».

Студэнты абодвух спецыяльнасцяў маюць магчымасць выйграць стыпендыі для стажыроўкі за мяжой. Для гэтага створаны ўсе ўмовы, пачынаючы ад магчымасці вучыцца ў выкладчыкаў з Германіі і ЗША і заканчваючы шыкоўнай бібліятэкай у 20 000 тамоў на розных мовах, што падарыў кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў яе колішні загадчык прафесар Аляксандр Аляксандравіч Гугнін.

Дзень адкрытых дзвярэй на гісторыка-філалагічным факультэце

Каб абвергнуць стэрэатыпныя ўяўленні аб філолагах як аб летуценніках, што жывуць у ідэальным свеце літаратурных герояў, гасцям паказалі невялікі відэафільм. З яго вынікала, што такія ўяўленні не з’яўляюцца беспадстаўнымі. Аднак багаты ўнутраны свет і абазнанасць у літаратурных сюжэтах не замінаюць, а дапамагаюць студэнтам і выпускнікам моўных спецыяльнасцяў дасягаць зямных мэтаў. Гэта пацвярджалі і прыклады з прэзентацыі: выпускнікі абодвух спецыяльнасцяў працуюць у школах і ВНУ, на прамысловых прадпрыемствах і ў IT-кампаніях, у сродках масавай інфармацыі і ў сферы авіяперавозак.

Вера Адамаўна звярнула ўвагу, што для паступлення на спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» і «Замежная мова (англійская)» абітурыент можа здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па любой з замежных моў (англійскай, нямецкай, французскай або іспанскай) – вучэбны план прадугледжвае магчымасць вывучэння патрэбнай мовы з нуля.

На гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта можна пачуць самыя розныя мовы – беларускую і рускую, англійскую і нямецкую, французскую і іспанскую, шведскую і лацінскую, польскую і турэцкую. Пацвярджаючы гэта, студэнт-гісторык Яраслаў Яўтушэўскі выканаў лірычную песню на французскай мове.

Яраслаў Яўтушэўскі з лірычнай песняй на французскай мове

Маладую і запатрабаваную спецыяльнасць «Турызм і гасціннасць» прадставіў выкладчык кафедры гісторыі і турызму Аляксандр Пятровіч Медзель. Ён адзначыў, што адпачываць любяць усе людзі, а сам адпачынак мае шмат форм і нюансаў. Гэта становіцца невычарпальным рэсурсам развіцця турыстычнай сферы. Развіццё турызму ў Беларусі ўваходзіць у лік прыярытэтных напрамкаў, патрэба ў добрых спецыялістах у гэтай галіне будзе захоўвацца. Як арганізаваць адпачынак так, каб ён быў камфортным, зручным і цікавым? Адказ ведаюць выпускнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія працуюць у турыстычных фірмах і ў сістэме вышэйшай адукацыі, у гасцініцах і на курортах, праводзяць экскурсіі і займаюць адказныя пасады. Выпускнікоў ПДУ з кваліфікацыяй «Спецыяліст ў сферы турызму і гасціннасці» можна сустрэць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Аляксандр Пятровіч Медзель

Адначасова з прадстаўленнем спецыяльнасцяў гісторыка-філалагічнага факультэта дзяўчаты з сервіснай службы раздалі прысутным падрыхтаваныя кафедрамі і прыёмнай камісіяй прафарыентацыйныя матэрыялы. Завяршаючы афіцыйную частку мерапрыемства, Наталля Багданаўна пажадала ўсім прысутным поспехаў.

Рэканструкцыя рыцарскага двубою

Гасцей запрасілі ва ўнутраны дворык універсітэта, дзе яны змаглі ўбачыць рэканструкцыю рыцарскага двубою. У ролі рыцараў выступілі студэнты-гісторыкі Ягор Лазаронак і Ілля Агіевіч, падрыхтаваныя выкладчыкам кафедры гісторыі і турызму Аляксеем Леанідавічам Коцам. Жадаючыя маглі зрабіць фота на памяць, пасля чаго пачалася экскурсія па ўнутраным дворыку і карпусам езуіцкага калегіума-акадэміі.

Экскурсія па ўнутраным дворыку езуіцкага калегіума

Экскурсію правялі старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму В.У. Чараўко і студэнты-гісторыкі выпускных курсаў Леанід Аверчанка, Дар’я Грыцкевіч, Любоў Калбека, Сяргей Камінскі, Кацярына Пяткун. У падрыхтоўцы экскурсійнай групы актыўны ўдзел прымаў выпускнік спецыяльнасці «Гісторыя», вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандр Аляксандр Салаўёў.

Экскурсійная група

Старшакласнікі, іх бацькі і настаўнікі змаглі ацаніць знешні выгляд і інтэр’еры будынкаў, ўнутраны дворык, упрыгожаны рэпрадукцыямі палотнаў, што некалі аздаблялі езуіцкі калегіум ці былі створаны іх выкладчыкамі і выпускнікамі калегіума – акадэміі – вышэйшага піярскага вучылішча. Цікавасць выклікаў універсітэцкі гадзіннік з акадэмічным шэсцем і рэканструкцыя езуіцкай студні.

Рэканструкцыя езуіцкай студні

Універсітэцкі гадзіннік з акадэмічным шэсцем

У залі з рэканструкцыяй «Механічнай галавы» паводле праекта Габрыэля Грубера гасцей сустрэла супрацоўніца турыстычна-экскурсійнага цэнтра Варвара Аляксееўна Коц, выпускніца спецыяльнасці «Гісторыя». Яна лёгка наладзіла кантакт з аўдыторыяй і дапамагла жадаючым задаць пытанні таямнічай «Механічнай галаве». Затым наведвальнікаў чакалі зала гістарычнага касцюма і археалагічная экспазіцыя, якія распавядалі пра мінулае гістарычных будынкаў, у якіх зараз знаходзіцца гісторыка-філалагічны факультэт. Традыцыйнае захапленне гасцей багаццем кнігазбораў і арганізацыяй прасторы выклікала полацкая чытальная зала навуковай бібліятэкі ўніверсітэта.

Рэканструкцыя «Механічнай галавы» паводле праекта Габрыэля Грубера

У канцы экскурсіі старшакласнікі і іх родныя падзяліліся прыемнымі ўражаннямі і атрымалі адказы на ўзнікшыя ў іх пытанні.

Дзень адкрытых дзвярэй-2017 на гісторыка-філалагічным факультэце стаў вынікам скаардынаванай работы дэканата, кафедр гісторыі і турызму і сусветнай літаратуры і замежных моў, удзельнікаў гурта «Варган», супрацоўнікаў турыстычна-экскурсійнага цэнтра, навуковай бібліятэкі і аддзела тэхнічных сродкаў навучання і, безумоўна, студэнтаў, якія арганізоўвалі рыцарскі бой і экскурсіі.

Чытальная зала навуковай бібліятэкі ўніверсітэта

Старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Віктар Уладзіміравіч Чараўко
Фотаздымкі студэнткі 2 курса спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць» Аліны Перагуд і выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Аляксандра Пятровіча Медзеля

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie