На працягу тыдня, з 23 па 27 сакавіка 2015г., у Беларусі праходзіць заключны этап рэспубліканскай алімпіяды сярод школьнікаў. Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у праграму ўключана 17 вучэбных прадметаў. Удзел у напісанні работ прынялі паўтары тысячы навучэнцаў беларускіх сярэдніх, сярэдне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Заключны этап алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўству прайшоў у Полацку.

Месца яго правядзення было абрана не выпадкова: старажытны горад мае надзвычай багатую гісторыю, а ў будынках колішняга езуіцкага калегіума, дзе мелася адбыцца мерапрыемства, базуецца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Раніцай 25 сакавіка ў сценах калегіума свае веды па гісторыі дэманстравалі 75 навучэнцаў. Сярод іх – хлопцы і дзяўчаты з Кобрына, Маладзечна, Ракава, Ліды, Мінска, Брэста, Бабруйска, Гомеля, Віцебска, Гродна, Магілёва і шэрагу іншых гарадоў і вёсак Беларусі. Тры чалавека прадстаўлялі Полацкі рэгіён.

Удзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды чакалі не толькі ўласна інтэлектуальныя выпрабаванні, але таксама разнастайныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Адным з іх стала экскурсія па комплексу будынкаў Полацкага езуіцкага калегіума, які ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як унікальны аб'ект міжнароднага значэння.

Экскурсія праходзіла ў два этапы, а правялі яе студэнты 2 курса гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ. Дасведчанасць нашых гідаў зрабіла выдатнае ўражанне на гасцей Полацку. Інакш і быць не магло, бо іх рыхтаваў выпускнік ПДУ, Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў, магістр гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і аўтар трох манаграфій па гісторыі будынкаў Полацкага езуіцкага калегіума.

Каля ўніверсітэцкай брамы удзельнікаў алімпіяды, іх педагогаў і членаў журы віталі дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Наталля Багданаўна Лысова і старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Віктар Уладзіміравіч Чараўко. Госці пазнаёміліся са скульптурай «Полацкі Студэнт», а многія з іх не ўтрымаліся і дакрануліся да бронзавага юнака. Паводле найноўшых вучнёўска-студэнцкіх павер’яў, гэта павінна дапамагчы паступіць у ВНУ і добра здаць іспыты.

Знаёмства са скульптурай «Полацкі Студэнт»

Рэспубліканская алімпіяда па гісторыі і грамадазнаўству

З гісторыяй унутранага дворыка і вучэбных карпусоў універсітэта гасцей пазнаёміў студэнт Леанід Аверчанка. Школьнікі з цікаўнасцю зазірнулі ў адноўлены калодзеж, фатаграфаваліся на фоне ўніверсітэцкага гадзінніка, з захапленнем разглядалі размешчаныя ў дворыку рэпрадукцыі карцін, якія або некалі ўпрыгожвалі музей Полацкага калегіума, або належалі пэндзлю вядомых мастакоў, так ці іначай звязаныя з полацкай alma-mater.

Размешчаныя ва ўнутраным дворыку рэпрадукцыі карцін

Адноўлены калодзеж Полацкага калегіума

Наступным этапам знаёмства з універсітэтам стала яго ўтульнае фае. Вялікую цікавасць у гасцей выклікала Дошка гонару гісторыка-філалагічнага факультэта. Не менш увагі прыцягнуў да сябе расклад – дзяўчаты і хлопцы з цікавасцю дазнаваліся пра прадметы, якія вывучаюць полацкія студэнты-гісторыкі. Далей удзельнікі алімпіяды падзяліліся на дзве групы, каб паспець пазнаёміцца з усімі пунктамі экскурсійнай праграмы.

Дошка гонару гісторыка-філалагічнага факультэта

А запланавана было шмат! Удзельнікі рэспубліканскай алімпіяды завіталі ў залу гістарычнага строю, дзе студэнтка Дар’я Грыцкевіч азнаёміла іх з рэканструкцыяй вопраткі розных часоў. Госці ўбачылі сярэднявечныя ваярскія даспехі, багатыя шляхецкія строі часоў Стэфана Баторыя, сціплыя ўборы езуітаў, пышныя сукенкі кацярынінскай эпохі, а таксама строгую кадэцкую форму. Пасля школьнікаў чакаў экскурсавод Уладзіслаў Чупаў, які пазнаёміў з археалагічнай экспазіцыя, што адлюстроўвае гісторыю архітэктурнага комплексу езуіцкіх будынкаў. Фотаздымкі з археалагічных раскопак, якія праводзіў доктар гістарычны навук, прафесар, прарэктар па вучэбнай рабоце ПДУ Дзяніс Уладзіміравіч Дук, дазволілі ўдзельнікам алімпіяды атрымаць уяўленне аб летняй практыцы студэнтаў-гісторыкаў.

У чытальнай зале ўніверсітэцкай бібліятэкі, дзе некалі месціўся багацейшы езуіцкі кнізагбор, удзельнікаў алімпіяды сустрэў студэнт Сяргей Камінскі. Ён распавёў аб ранейшым інтэр’еры бібліятэчнай залы і гісторыі бібліятэкі. На шляху да канферэнц-залы – заключнага пункта экскурсіі – школьнікі пабачылі першапачатковую муроўку сцен, рэшткі пячных зводаў і печак, якімі некалі ацяплялася памяшканне. У канферэнц-зале гасцей сустрэла студэнтка Кацярына Пяткун, якая звярнула ўвагу на аздобу залы – палотны вядомай полацкай мастачкі Нінэль Шчаснай. Тут жа ўдзельнікі экскурсіі атрымалі буклеты з інфармацыяй аб спецыяльнасцях гісторыка-філалагічнага факультэта і спецвыпуск міні-газеты з навінамі факультэта.

У чытальнай зале ўніверсітэцкай бібліятэкі

Завяршальным момантам праграмы стала сустрэча з дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Наталляй Багданаўнай Лысовай, якая распавяла сваім патэнцыйным абітурыентам аб перспектывах навучання ў ПДУ і адметнасці гісторыка-філалагічнага факультэта. Па словах Наталлі Багданаўны, само спалучэнне гістарычных і філалагічных спецыяльнасцей у межах аднаго факультэта з’яўляецца класічным падыходам, які спрыяе ўзаемаўзбагачэнню розных, але пры гэтым звязаных паміж сабой дысцыплін. Перад гасцямі выступілі і студэнты-гісторыкі. Першакурсніца Дыяна Лутава, зусім нядаўна сама ўдзельніца гістарычных алімпіяд, падзялілася ўражаннямі ад вучобы ў ПДУ. Студэнт-гісторык 4 курса Павел Ястрэмскі, актыўны ўдзельнік школьных конкурсаў краязнаўчых і навуковых работ, пазнаёміў гасцей з уласным студэнцкім досведам і бачаннем перспектыў атрымання гістарычнай адукацыі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У канцы сустрэчы юнакам і дзяўчатам з усіх рэгіёнаў Беларусі быў прапанаваны невялікі фільм пра вучэбнае, навуковае і грамадска-культурнае жыццё полацкіх студэнтаў-гісторыкаў.

Наталля Багданаўна Лысова

Адзін з нашых гасцей, Сяргей Жук з Брэсту, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання ПДУ: «Мабыць, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з'яўляецца не толькі цэнтрам адукацыі, але і вялікім культурным цэнтрам. Я лічу, што пашанцавала тым студэнтам, якія вучацца ў гэтай навучальнай установе. Яны тут не толькі авалодваюць ведамі, але і, нібыта, жывуць у эпосе езуітаў, калегіума і акадэміі».

Сяргей Жук

Дар’я Палынская, студэнтка 3 курса ГФФ, спецыяльнасць «Гісторыя»

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie