З 2007 г. добрай традыцыяй стала арганізацыя аддзелам адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама і Полацкім дзяржаўным універсітэтам сумесных гісторыка-краязнаўчых мерапрыемстваў. Дваццатага лютага 2015 г. у канферэнц-зале Полацкага калегіўма (УЛК № 5) адбылася раённая краязнаўчая канферэнцыя вучняў «Памяць праз стагоддзі», прысвечаная 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і падзеям Першай сусветнай вайны.

Удзельнікі канферэнцыі

У канферэнцыі прынялі ўдзел вучні 11 школ Полацка і Полацкага раёна. Ацэньвалі работы метадыст аддзела адукацыі Алена Сяргееўна Багданава, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ, кандыдат філалагічных навук Наталля Багданаўна Лысова, загадчык кафедры гісторыі і турызму ПДУ, кандыдат гістарычных навук Алеся Іосіфаўна Корсак, загадчык Краязнаўчага музея г. Полацка Ірына Пятроўна Воднева. Для вучняў і іх настаўнікаў была арганізавана экскурсія па карпусах Полацкага калегіўма, які з’яўляецца помнікам архітэктуры міжнароднага значэння. Экскурсію правялі дэкан гістарычна-філалагічнага факультэта Н.Б. Лысова, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму В.У. Чараўко, студэнт-гісторык другога курса Сяргей Камінскі. Выкладчык кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Вера Адамаўна Гембіцкая-Бортнік і студэнт-гісторык другога курса Дар’я Грыцкевіч раздалі школьнікам і іх настаўнікам буклеты інфармацыяй для абітурыентаў. Культурная праграма скончылася праглядам фільма аб спецыяльнасці «Гісторыя» ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Даклады закраналі самыя розныя аспекты мінулага. Цікавым стала выступленне Дзяніса Зубарэвіча, вучня 9 класа Ветрынскай сярэдняй школы імя Дз.В. Цябута «Юны абаронца Брэсцкай крэпасці — Пеця Клыпа» (куратар работы — выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Р.І. Арол). У адрозненне ад многіх школ рэспублікі, у Ветрынскай школе захаваны і працягвае развівацца шыкоўны краязнаўчы музей з багатай экспазіцыяй. Сярод экспанатаў музея — фотаздымкі і спісы ўсіх вучняў школы, пачынаючы з моманту яе стварэння. Пеця Клыпа ў даваенны час вучыўся ў Ветрынскай школе, таму ў музеі захавалася і яго фотакартка. Даклад вучня Ветрынскай школы служыць прыкладам таго, як захаванне і зберажэнне дакументаў прыносіць плён праз многія дзесяцігоддзі.

Дакладчык ад Ветрынскай школы

Сярэдняя школа № 1 г. Полацка прадставіла работу «Жыла-была вёска…» (куратар — В.Р. Дзяменцьеў), прысвечаны гісторыі невялічкай вёсачкі на Полаччыне, якая амаль знікла зараз. Для напісання работы вучні з куратарам грунтоўна прапрацавалі наяўную краязнаўчую літаратуру і паразмаўлялі з жыхарамі навакольных вёсак.

Выступленне дакладчыка ад сярэдняй школы №1 Полацка

Вынікам сур’ёзнай даследчыцкай працы стала работа, прадстаўленая сярэдняй школай № 15 г. Полацка «Гісторыя Полацкага ўезда ў гады Вялікай вайны (1914–1917 гг.)» (аўтар — вучань 10 класа Міхаіл Шкіндэр, куратар — выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта А.А. Осіпаў). Вучні разам са сваімі настаўнікамі працавалі ў архівах, а таксама арганізавалі шматдзённы паход-экспедыцыю па месцах Полаччыны, звязаных з падзеямі Першай сусветнай вайны. Дакладчык прапанаваў ушанаваць памяць герояў і ахвяр забытай вайны мемарыяльнай дошкай.

Вучань 11 класа сярэдняй школы № 3 г. Полацка Мікалай Гаўрыленка і куратар работы В.У. Ясючэнка падрыхтавалі выступленне на тэму «Белыя галу?бкі: сёстры міласэрнасці ў гады Першай сусветнай вайны», у якім расказалі аб ролі сясцёр міласэрнасці ў арганізацыі ў Полацку медыцынскай дапамогі параненым.

Даўнія падзеі Вялікай Айчыннай вайны пры ўважлівым вывучэнні аказваюцца не такімі ўжо і далёкімі. У разуменні гэтага дзейсную дапамогу вучням аказваюць іх педагогі. Так, вучанік 8 класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 Мікіта Смальянін выступіў з дакладам «Лёс танкіста. Баявы шлях удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Барсукова Андрэя Фёдаравіча». Курыравала работу настаўнік А.А. Дранец, якая і прадставіла для даследавання матэрыялы пра свайго бацьку — А.Ф. Барсукова.

Прадуманым, добра структураваным было выступленне вучаніцы 10 класа Бабыніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Полацкага раёна Марыны Кічавай на тэму «Вялікая гісторыя малой радзімы. Фашысцкія вязні» (куратар работы — З.Д. Шклянік).

Падсумоўваючы вынікі канферэнцыі, метадыст аддзела адукацыі А.С. Багданава паведаміла аб тым, што лепшыя работы прымуць удзел у абласной краязнаўчай канферэнцыі вучняў.

Арганізатар канферэнцыі, метадыст аддзела адукацыі А.С. Багданава

Дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, дацэнт Н.Б. Лысова заклікала вучняў, якія цікавяцца гісторыяй, паступаць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на адпаведную спецыяльнасць.

Дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, дацэнт Н.Б. Лысова

Загадчык Краязнаўчага музея г. Полацка І.П. Воднева заклікала часцей бываць у музеі і пры падрыхтоўцы даследчыцкіх работ звяртацца па кансультацыі да музейных супрацоўнікаў. Яна падкрэсліла, што каштоўная інфармацыя па тэме некалькіх конкурсных работ дакладна маецца ў музейных фондах.

Загадчык Краязнаўчага музея г. Полацка І.П. Воднева

Загадчык кафедры гісторыі і турызму, дацэнт А.І. Корсак падкрэсліла важнасць выкарыстання новай навуковай літаратуры пры падрыхтоўцы даследчыцкіх работ. Па яе словах, пры адпаведнай просьбе з боку вучняў і іх навуковых кіраўнікоў, кафедра гісторыі акажа інфармацыйную, метадычную і кансультатыўную дапамогу.

Загадчык кафедры гісторыі і турызму, дацэнт А.І. Корсак

На заканчэнне падкрэслім, што краязнаўчая вучнёўская канферэнцыя, праведзеная на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, стала нагодай наведаць Alma Mater для тых выпускнікоў спецыяльнасці «Гісторыя», якія зараз працуюць у школах Полацка. Так, вучняў сярэдняй школы № 15 суправаджала выпускніца 2013 г., педагог-арганізатар і настаўнік гісторыі К.В. Анісімава, дэлегацыю сярэдняй школы № 16 — выпускніца 2014 г., настаўнік гісторыі, магістрант Н.Л. Заяц, а вучняў сярэдняй школы № 1 — студэнт 4 курса, настаўнік-стажор П.Г. Ястрэмскі.

Вучні сярэдняй школы №16 г.Полацка з настаўнікам Н.Л. Заяц

Чараўко Віктар Уладзіміравіч, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie