У выставачнай зале Навуковай бібліятэкі ПДУ адкрылася выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці». Тэма-дэвіз інтэрактыўнай экспазіцыі – «Францыск Скарына. Чалавек дасканалы».

У год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання асоба вядомага асветніка набыла новыя грані – яго жыццё і дзейнасць паўстала ў сучасным чытанні студэнцкай моладдзю. Экспазіцыя ўключае амаль 100 работ, выкананых маладымі мастакамі і фатографамі з выкарыстаннем найноўшых камп’ютарных праграм, незвычайных тэхнік і напрамкаў сучаснага мастацтва.

Экспазіцыя з’яўляецца перасоўнай і падарожнічае па ВНУ Беларусі. 11 снежня яна пачала працу ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

На адкрыцці выставы з прывітальным словам выступіў рэктар ПДУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі. Ён адзначыў важнасць такой даты ў гісторыі краіны і Полацка. Выказаў пажаданне, каб усе студэнты пазнаёміліся з выставай, асабліва студэнты творчых спецыяльнасцей.

Загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў Навуковай бібліятэкі Ірына Аляксандраўна Шупенька пазнаёміла ўсіх прысутных з выставай і намінацыямі, у якіх прадстаўлены работы.

Аўтарскае асэнсаванне цытаты Скарыны «...і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць» лягла ў аснову работ намінацыі «Летэрынг – «Я, Францішак, Скарынін сын...». Яны літаральна «намаляваны словамі» – тэкст, графічныя формы і рашэнні з’яўляюцца мастацкімі аб’ектамі.

Яшчэ адна намінацыя «Буквіца – «Друкаванае слова. Вялікія літары» ўключае ілюстрацыі да твораў, прысвечаных Скарыне, вядомых аўтараў (М. Багдановіча, М. Танка, А. Брэсцкай, В. Віткі, Л. Геніюш і інш.).

Фота-альтэрнат «Крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы» ўяўляе сабой фотаработы з выявай самай старажытнай кнігі з асабістай бібліятэкі аўтара-мастака. Пры стварэнні здымкаў максімальна выкарыстаны сучасныя напрамкі, такія як 3D-візуалізацыя, «інтэрвальная здымка», «сэлфі», «актуальная камера», «камбінаваныя здымкі».

Месцы і архітэктурныя аб’екты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю першадрукара, адзначаны ў намінацыі «Візуальны сэт «Vademecum: там ёсць вялікая таямніца». Сярод работ – жывапіс, графіка, акварэль, сфумата, сграфіта, грызайль і іншыя.

Загадчык кафедры архітэктуры Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык адзначыў, што пераасэнсаванне значных гістарычных падзей праз сінтэз літаратуры, фатаграфіі, жывапісу і музыкі дазволіць па-новаму ўспрыняць вехі жыцця і шматграннай дзейнасці Францыска Скарыны. У гэтым годзе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт прадстаўлены ў намінацыі буквіца, праца студэнткі Васіліны Давідовіч “С-Скарына”, кіраўнік выкладчыца кафедры архітэктуры Марына Леанідаўна Круглікава. Дарэчы, у мінулым годзе праект быў прысвечаны Максіму Багдановічу і студэнт нашага ўніверсітэта Уладімір Крупенін атрымаў гран-пры.

На адкрыцці выставы былі прадстаўлены асобныя тамы факсімільнага выдання Бібліі Скарыны, якія ПДУ падаравала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Наведавальнікі выставы з вялікім інтарэсам цікавіліся гэтымі  выданнямі, знаёміліся з іх зместам і афармленнем.

Міністэрствам адукацыі прадугледжаны экскурсіі па выставе. Куратары груп, выкладчыкі, выхавацелі могуць замовіць іх па тэлефоне: +375 29 298 78 99.

Выстава працягнецца да 20 студзеня. Запрашаем!

Яўгенія Падцяроб, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў Навуковай бібліятэкі

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie