Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Студэнты спецыяльнасці «Гісторыя» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прынялі ўдзел у штогадовай студэнцкай навуковай канферэнцыі. Пасяджэнне секцыі «Гісторыя» адбылося 19 мая ў вучэбным корпусе ў Полацку – былым будынку Езуіцкага калегіума. Аўтарамі дакладаў былі студэнты-гісторыкі 2–5 курсаў вочнай і завочнай форм навучання, магістранты спецыяльнасці «Айчынная гісторыя», а таксама вучні старэйшых класаў школ Полацка і Наваполацка. Адзначым, што ўдзел школьнікаў у працы гістарычнай секцыі студэнцкай канферэнцыі ўжо стаў добрай традыцыяй.

Удзельнікі канферэнцыі

Удзельнікі канферэнцыі

Тэматыка і храналогія выступленняў была шырокай і ўключала археалагічныя, гістарычныя, гісторыка-краязнаўчыя, этнаграфічныя і антрапалагічныя даследаванні. Шырыня тэматыкі і храналогіі выступленняў адлюстроўвае напрамкі навуковых даследаванняў кафедры гісторыі і турызму.

Выступленне магістранткі Ганны Раменчык

Выступленне магістранткі Ганны Раменчык

Археалагічны блок быў прадстаўлены выступленнямі магістранткі Ганны Раменчык аб гандлёвых сувязях гарадоў паўночнага захаду Полацкай зямлі ў кантэксце новых археалагічных даследаванняў і студэнтаў Аляксандра Бурштэйна і Паўла Сафронава аб каменных крыжах на могілках каля в. Доўгае Глыбоцкага раёна (па матэрыялах археалагічнага вывучэння экспедыцыяй Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2015 г.).

Выступленне студэнта-завочніка 5 курса Паўла Бурштэйна

Выступленне студэнта-завочніка 5 курса Паўла Бурштэйна

Этнаграфічная тэматыка была прадстаўлена дакладам Дзяніса Казлова аб міжканфесійных і міжэтнічных адносінах на тэрыторыі Лёзненскага раёна ў другой палове ХІХ – сярэдзіне ХХ ст.

Даклад Дзяніса Казлова аб міжканфесійных і міжэтнічных адносінах

Выступленне студэнта 5 курса Дзяніса Казлова

Антрапалагічны напрамак даследаванняў абрала Дар’я Грыцкевіч, якая прадставіла даклад пра дынаміку дзіцячага захворвання ў кантэксце развіцця сферы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва Пастаўшчыны ў 1950–2000 гг.

Даклад Дар’i Грыцкевіч пра дынаміку дзіцячага захворвання

Выступленне студэнткі 3 курса Дар'і Грыцкевіч

Традыцыйна самымі шматлікімі і разнастайнымі былі гістарычныя даклады. Сяргей Камінскі распавёў аб сістэме кіравання паспалітым рушаннем у Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове ХIV–ХVI ст. Любоў Калбека выступіла з аглядам апублікаваных дакументальных крыніц па ўсходнім вектары знешняй палітыкі Вялікага Княства Літоўскага ў апошняй трэці XIV — першай палове XVI ст. З дакладам пра гісторыю Полацка-Лепельскай партызанскай зоны выступіў Дзмітрый Сядлецкі. Аляксандра Пестун агучыла вынікі даследавання, прысвечанага кадраваму складу сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў Полацка ў 1944–1954 гг. Развіццю жаночага баскетбола ў Беларусі прысвяціла сваё выступленне Анастасія Уткіна.

Выступленне студэнткі 4 курса Дар'і Палынскай

Выступленне студэнткі 4 курса Дар'і Палынскай

Грунтоўнасцю адрозніваліся выступленні на гісторыка-краязнаўчую тэматыку. Дар’я Лазарэнка прадставіла даклад пра гісторыю сядзібы Агінскагіх ў в. Залессе Смаргонскага раёна ў перыяд з 1822 па 1980-я гг. Пра грамадска-культурнае жыццё мястэчка Краснае Маладзечанскага павета ў 1920–1930-я гг. ХХ ст. распавяла Дар’я Палынская.

Выступленне Анастасіі Бараноўскай

Выступленне вучаніцы школы № 5 г. Наваполацка Анастасіі Бараноўскай

Вольга Таўленец з 4-й школы г. Наваполацка распавяла пра функцыянаванне партызанскай пераправы, якая ўваходзіла ў зону адказнасці брыгады «Няўлоўныя». Вучаніца полацкай школы № 2 Кацярына Цуранава выступіла з дакладам аб развіцці аўтапарка № 2 г. Полацка ў пасляваенны перыяд. Анастасія Бараноўская – вучаніца наваполацкай школы № 5, расказала аб ролі Пятра Блахіна ў гісторыі Наваполацка і нават прапанавала ўдзельнікам канферэнцыі невялікую віктарыну, прысвечаную гэтаму вядомаму навапалачаніну.

Выкладчыкi кафедры гісторыі і турызму

Дацэнт кафедры гісторыі і турызму Алена Вячаславаўна Сумко
і загадчык кафедры гісторыі і турызму, дацэнт Алеся Іосіфаўна Корсак

Усяго на пасяджэнні секцыі было заслухана 14 дакладаў. Выступаючыя не толькі агучылі вынікі сваіх даследаванняў, але і адказвалі на пытанні выкладчыкаў кафедры гісторыі і турызму, якія прысутнічалі на канферэнцыі. Па выніках канферэнцыі і абароны курсавых работ лепшыя даследаванні атрымаюць рэкамендацыі для ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых работ.

Старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Віктар Уладзіміравіч Чараўко