Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Гісторыя ў мурах Полацкай калегіі 16 лістапада ў старажытным горадзе Полацку прайшла творчая сустрэча з Мікалаем Арсенцьевічам Чырскім, старшынёй Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, і Іванам Іванавічам Каліноўскім, полацкім краязнаўцам, таленавітым мэтрам экскурсійнай працы. Сустрэча адбылася ў старадаўніх мурах былога езуіцкага калегіума, дзе зараз месцяцца гісторыка-філалагічны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы турыстычна-экскурсійнага цэнтра ўніверсітэта і кафедры гісторыі і турызма.

Гісторыя ў мурах Полацкай калегіі

Спадар Мікалай Арсенцьевіч падзяліўся вопытам працы са сваімі полацкімі калегамі і правёў майстар-клас для новага пакалення будучых экскурсаводаў. Ім былі раскрыты некаторыя сакрэты плённай экскурсійнай працы і акрэслены пытанні атэстацыі экскурсаводаў. Таксама падчас сустрэчы былі абмеркаваны цікавыя пытанні беларускага турызму і перспектывы развіцця полацкага рэгіёна. Іван Іванавіч Каліноўскі зазначыў, што тысячагадовая гісторыя Полацка заўсёды цікавіла і будзе прывабліваць турыстаў, аднак гораду трэба павялічваць свой інфраструктурны патэнцыял. Апрача таго, у межах сустрэчы адбылася прэзентацыя аўтарскай кнігі Мікалая Арсенцьевіча Чырскага “Экскурсоведение. Основы экскурсионной деятельности”. Выданне разлічана на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў у экскурсійнай галіне, а таксама будзе карысна для культуролагаў, студэнтаў-гісторыкаў і студэнтаў спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”.

Майстар-клас для будучых экскурсаводаў

Прэзентацыя аўтарскай кнігі М.А. Чырскага “Экскурсоведение. Основы экскурсионной деятельности”

Напрыканцы свайго візіту госці здзейснілі шпацыр па рэстаўраваных карпусах былога езуіцкага калегіума. Спадзяемся, што практыка правядзення падобных творчых семінараў стане добрай традыцыяй для ўніверсітэцкіх муроў. Дзверы Полацкага калегіума заўсёды адчынены для гасцей!

Шпацыр па рэстаўраваных карпусах былога езуіцкага калегіума

Коц Варвара, супрацоўнік турыстычна-экскурсійнага цэнтра Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта