Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

30 лістапада 2016 года ў канцэртнай зале Полацкага калегіума адбылася сустрэча з прадстаўнікамі рэдакцыі двух вядомых беларускіх часопісаў – «Маладосць» і «Полымя», арганізаваная Навуковай бібліятэкай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

«Маладосць» – штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс, які выдаецца на беларускай мове ў Мінску з красавіка 1953 года. У розныя гады тут не только друкаваліся знакамітыя беларускія пісьменнікі (Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Янка Маўр), але і працавалі вядомыя дзеячы беларускай літаратуры: Янка Брыль, Уладзімір Дамашэвіч, Янка Сіпакоў, Вячаслаў Адамчык, Мікола Гіль, Міхась Стральцоў, Мікола Аўрамчык, Алесь Жук і іншыя.

Не менш значным з’яўляецца літаратурна-мастацкi i грамадска-палiтычны часопіс «Полымя», які выдаецца з снежня 1922 году ў Мінску штомесяц на беларускай мове. Гэта старэйшае беларускае літаратурна-мастацкае выданне. З часопісам таксама звязаны вядомыя беларускія пісьменнікі, якія ўваходзілі ў склад рэдакцыйная калегіі выдання: Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі. На старонках часопіса былі ўпершыню апублікаваны раманы «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна і многія іншыя творы.

Сустрэча з прадстаўнікамі рэдакцыі часопісаў «Маладосць» і «Полымя»

У пачатку сустрэчы дырэктар Навуковай бібліятэкі Марына Мікалаеўна Шуханкова падзякавала ўсіх за выяўленую цікавасць да гэтага мерапрыемства і прадставіла гасцей, сярод якіх галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Дзмітрыеўна Воцінава, маладая паэтэса і празаік, калумністка часопіса «Маладосць» Кацярына Захарэвіч, намесніца галоўнага рэдактара часопіса "Полымя" Алена Мальчэўская.

Сустрэча з супрацоўнікамі рэдакцыі часопісаў «Маладосць» і «Полымя»

Святлана Дзмітрыеўна Воцінава пазнаёміла ўсіх слухачоў з часопісам «Маладосць», галоўнымі напрамкамі сваёй працы, удзельніцтвам у розных праектах у наступным 2017 годзе, а таксама з асноўнымі магчымасцямі друку сваіх вершаў альбо прозы. Святлана Дзмітрыеўна расказала, што сярод традыцыйных рубрык, такіх як «Проза» і «Паэзія», суіснуюць спецыяльныя рубрыкі гістарычнага, філалагічнага і астранамічнага напрамку; рубрыка «Упершыню ў «Маладосці», дзе дэбютуюць маладыя паэты і празаікі. У выданні публікуюцца аповесці, апавяданні, вершы, публіцыстычныя, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады.

Калумністка часопіса «Маладосць» Кацярына Захарэвіч расказала пра працу ў выданні і прачытала некалькі сваіх вершаў.

Супрацоўнікі літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных часопісаў

Знаёмства слухачоў з часопісамі

На сустрэчу прыйшлі і сябры часопіса «Маладосць», сярод якіх быў саліст вядомага полацкага гурта «SUMAROK» Ігар Палынскі, які прадставіў студэнтам, выкладчыкам і гасцям мерапрыемства некалькі песен на беларускай мове.

Саліст полацкага гурта «SUMAROK» Ігар Палынскі

Пасля музычнай паўзы перад аўдыторыяй выступіла намесніца галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» Алена Мальчэўская, якая таксама расказала пра спецыфіку выдання, працу ў часопісу і галоўных адметнасцях кожнага нумару. «Полымя» уваходзіць у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда», а таксама з’яўляецца навуковым выданнем Высшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства».

Падчас сустрэчы ў слухачоў была цудоўная магчымасць не толькі пазнаёміцца з часопісамі, паслухаць вершы і музыку. Самыя актыўныя і ўважлівыя маглі паўдзельнічаць у конкурсах і атрымаць невялікія сувеніры ад супрацоўнікаў рэдакцыі часопісаў.

Мерапрыемства завяршылася выступленнем фальклорнага гурта «Варган».

Выступленне фальклорнага гурта «Варган»

У канцы сустрэчы мы запыталі Святлану Дзімтрыеўны Воцінаву, галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», пра планы на наступны 2017 год, а таксама даведаліся пра ўражанні аб Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Кар.: Святлана Дзмітрыеўна,чаму гэта сустрэча адбылася сёння і менавiта ў Полацкім дзяржаўным універсітэце?

С.В. Воцінава: Наша сустрэча праходзіць у апошні дзень восені. Заўтра пачынаецца новы сезон, з якім мы ўступаем у абсалютна новы 2017 год, які ажно тройчы звязаны з горадам Полацкам, таму менавіта сёння мы ў Полацім дзяржаўным універсітэте.

Чаму я гавару тройчы? Па-першае, гэта 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Часопіс «Маладосць» пачынае адразу з першага нумара за 2017 год штомесячны праект, прысвечаны гэтай даце. Праект мы назвалі «Варштат». Яго працоўная назва доўгі час захоўвалася «Ад Скарыны да…», але ёсць сённяшняя версія, распрацаваны і лагатып гэтага праекта. Мы ўжо ракламуем яго ў адзінаццатым і дванаццатым нумарах часопіса. Гэта будзе хрананалгічна выбудаваны праект ад XVI да XXI стагоддзя. У першым і другім нумарах мы гаворым пра XVI стагоддзе, пра кнігадруг менавіта гэтага перыяду, друкарні, манастырскі друк, выдатных дзеячаў, пачыная, у першую чаргу, з артыкула пра Францыска Скарыну. У дванаццатым нумары выходзім на расповяд пра кнігу XXI стагоддзя. Мы шукаем і запрашаем аўтараў, найбольш аўтарытэтных у тэме беларускага кнігадрукавання. У сувязі з гэтым, у тым ліку з такой прапановай, мы сёння звярнуліся да студэнтаў і выкладчыкаў Полацкага дзяржаўунага ўніверсітэта.

Другая нагода – гэта юбілей горада Полацка. Хутчэй за ўсе, мы прысвецім гэтай падзеі майскі нумар часопіса. Нам трэба падрыхтаваць нешта вельмі цікавае, прычым захапіць чытачоў гэтай падзеяй, гэтай датай: усе блокі нашага літаратурна-мастацкага выдання – прозу, паэзію, крытыку, публіцыстыку і нават пераклады.

Трэцяя нагода – гэта Дзень беларускага пісьменства, які ў наступным годзе таксама пройдзе ў Полацку. Мы будзем чакаць твораў ад юных і маладых паэтаў, празаікаў Полацка і Полатчыны; артыкулаў – літаратурна-крытычных, гістарычных у самых розных і актуальных тэмах, пра сёння і пра мінулае ад Полацкіх студэнтаў і выкладчыкаў.

Я лічу, гэта вельмі сімвалічна, што наша сустрэча адбываецца 30 лістапада, напярэдадні таго сезона, які ўжо пераходзіць з 2016 года ў 2017, які для Полацка настолькі знакавы.

Святлана Дзімтрыеўна Воцінава

Кар.: Вы часта ствараеце такія сустрэчы?

С.В. Воцінава: Часцей за ўсе, мы ладзім такія сустрэчы ў Мінску з нашымі пастаяннымі сябрамі – Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, філалагічны факультэт БДУ, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Яны рэгулярна запрашаюць нас на свае мерапрыемствы і замаўляюць нам такія творчыя сустрэчы, прысвечаныя юбілеям пісьменнікаў, знакавым літаратурным датам ці нейкім нагодам, звязаным з мовай, з тымі ці іншымі падзеямі.

Напрыклад, на мінулым тыдні ў БДМУ ў нас прайшла сустрэча, прысвечаная 125-годдзю Максіма Багдановіча.

Мы таксама бываем у іншых гарадах, але не настолкі часта. Кожнае запрашэнне не застаецца без увагі. Яно абавязкова завяршаецца нашай паездкай і нашым выступленнем.

На самым пачатку свайго сённяшняга выступлення я сказала, што пра часопіс «Маладосць» можна расказваць вельмі доўга. Пра кожную акалічнасць, звязаную з часопісам, з гісторыяй яго стварэння, існавання на працягу 60-ці гадоў, знакавымі імёнамі адніх толькі галоўных рэдактараў. Калі пералічыць, то атрымаецца падручнік па беларускай літаратуры. Гэта прозвішчы, якія ведаюць усе. Пра наш часопіс можна чытаць цэлыя цыклы лекцый, таму мы будзем чакаць запрашэнняў і далей.

Таксама мы можам ладзіць супольныя сустрэчы. Часам праводзім іх не толькі ў такім фармаце – два выданні «Маладосць» і «Полымя». Гэта могуць быць увогуле зборныя сустрэчы, каб пазнаёміць чытачоў з новымі тэндэнцыямі, новымі рэдакцыйнымі стратэгіямі. Мы выступаем даволі часта, асабліва, перад настаўнікамі, бібліятэкарамі, якія потым панясуць гэтую інфармацыю да сваіх чытачоў, таму перад адной аўдыторыяй адразу могуць выступаць «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Бярозка», газета «Літаратура і мастацтва».

Кар.: Вы ўпершыню ў Полацкім дзяржаўным універсітэце? Якія ў вас уражанні ад сённяшняй сутрэчы?

С.В. Воцінава: У сценах гэтага ўніверсітэта я ўпершыню. Я была ў Полацку раней і гуляла вакол гэтага будынку. Гэта было наша сямейнае падарожжа некалькі гадоў таму, і ў меня засталіся прыгожыя летнія фотаздымкі.

Я хачу сказаць, што паездка ў Полацк была адным з самых запамінальных момантаў. Напэўна, у сувязі з гэтым, я з’яўляюся аўтарам рубрыкі «Падарожнік» у газеце «Звязда» і апісваю ўсе нашы сямейныя падарожжы.

Намесніца галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» Алена Мальчэўская сказала, што яна крышку зайздросціць студэнтам, якія тут вучацца, і выкладчыкам, якія тут працуюць. І я з ёй згодна. Сталічныя студэнты павінны таксама зайздросціць тым, хто вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, таму што тут вельмі прыемная атмасфера, ёсць нейкія калідоры часу. Мы наведалі інфармацыйны зал. Здавалася, усе сучаснае – тэхніка, камп’ютэры, але ты адчуваешь гэтыя калідорчыкі, гэтыя партальчыкі з іншага часу, з мінулых стагоддзяў.

Кар.: Як вы плануеце далей супрацоўнічаць з Навуковай бібліяітэкай ПДУ?

С.В. Воцінава: У сувязі з нашым сённяшім візітам, і з тым, што мы чакаем столькі публікацый да вось гэтых знакавых дат, мы спадзяемся менавіта праз Навуковую бібліятэку ПДУ атрымаць не адзін, а нават некалькі публікацый, інтэрв’ю, запісаных дыскусій, прысвечаных нашаму спецыяльнаму праекту «Варштат», юбілею горада Полацка, Дню беларускага пісьменства. Я лічу, што будзе арганізвана яшчэ не адна сустрэча ў наступным 2017 годзе, дзякуючы нашаму цяпер ужо сяброўству.

Марыя Залесская

P.S. Читайте также >>