Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

29 сакавіка 2017 г. студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прынялі ўдзел у вебінары на тэму «Графіці як крыніца па гісторыі ўсходніх славян». Вебінар быў арганізаваны Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Адкрытую лекцыю прачытала вядучы айчынны спецыяліст у сферы эпіграфікі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі БДПУ Іна Леанідаўна Калечыц, мерапрыемства вёў наместнік дэкана гістарычнага факультэта БДПУ па навуковай рабоце, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Пятровіч Шупляк. Вебінар аб’яднаў у віртуальнай прасторы БДПУ, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Далучэнне да вебінара праводзілася ў канферэнц-зале Полацкага калегіума і было забяспечана інжынерамі-праграмістамі на чале з Ігарам Мікалаевічам Шчарбіцкім.

Вебінар «Графіці як крыніца па гісторыі ўсходніх славян»

Эпіграфіка – спецыяльная гістарычная дысцыпліна, што займаецца вывучэннем надпісаў, зробленых на цвёрдым матэрыяле: камяні, метале, косці і г.д. Да нядаўняга часу сістэматычных даследаванняў у галіне эпіграфікі ў Беларусі не праводзілася. Як паказалі даследаванні Іны Леанідаўны Калечыц, графіці з’яўляюцца важнай крыніцай не толькі па гісторыі пісьма, але і па айчыннай рэлігійнай гісторыі, гісторыі ментальнасці, гістарычнай лінгвістыцы, анамастыцы, прасапаграфіі. Выступленне Іны Леанідаўны было прысвечана корпусу графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Гэты храм быў пабудаваны Еўфрасінняй Полацкай у ХІІ ст. і з’яўляецца самым старажытным будынкам ў Беларусі, што захаваўся да нашых дзён. Яго выяву можна бачыць на банкноце ў дзесяць рублёў. Сцены храма нясуць не толькі каштоўны фрэскавы роспіс, але і вялікую колькасць графіці – прадрапаных па тынкоўцы надпісаў і малюнкаў ХII–ХVIII стст.

Студэнты спецыяльнасці «Гісторыя» змаглі ўбачыць прамалёўкі і фотаздымкі графіці, даведаліся, навошта нашыя продкі прадрапвалі надпісы на сценах храма, дазналіся, якую інфармацыю нясуць гэтыя надпісы і выявы, а таксама скарысталіся магчымасцю задаць пытанні.

Студэнты спецыяльнасці «Гісторыя»

Гісторыкі-пяцікурснікі памятаюць адкрытую лекцыю Іны Леанідаўны, прачытаную ў Полацкім дзяржаўным універсітэце ў 2013 г. Цяпер магымасць пашырыць свае веды атрымалі студэнты 2 і 3 курсаў. Гэта тым больш карысна, полацкія гісторыкі з 2005 г. удзельнічаюць у археалагічных раскопках на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра пад кіраўніцтвам прарэктара Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па вучэбнай рабоце, доктара гістарычных навук Дзяніса Уладзіміравіча Дука, выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Аляксея Леанідавіча Коца, дэкана факультэта па рабоце з замежнымі студэнтамі, кандыдата гістарычных навук Iгара Уладзіміравіча Магалінскага.

Праведзены вебінар стаў для студэнтаў-гісторыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта не толькі каштоўнай магчымасцю пашырыць і паглыбіць свае веды, праслухаўшы лекцыю вядучага айчыннага спецыяліста ў галіне эпіграфікі, але і перспектыўным прыкладам удзелу ў вебінары – вучэбным мерапрыемстве новага тыпу.

Старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Віктар Уладзіміравіч Чараўко
Фотаздымкі метадыста дэканата гісторыка-філалагічнага факультэта Галіны Іванаўны Астапковіч