Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

2 лістапада 2017 года ў інтэрнаце № 1 ПДУ прайшло мерапрыемства, прысвечанае 135-й гадавіне з дня нараджэння вялікіх майстроў паэтычнага слова – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта людзі, якія самааддана любілі свой народ, сваю зямлю, родную мову. З іх імёнамі звязана гісторыя беларускага народа, нашы перамогі і здзяйсненні.

«Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас», – пісаў Віктар Шніп.

Мерапрыемства прайшло ў выглядзе спаборніцтва дзвюх каманд – «Следапыты» і «Эрудыты». Конкурсная праграма дала магчымасць атрымаць новыя веды ў вобласці літаратуры, бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнымі беларускімі стравамі, паслухаць узорнае выкананне беларускіх вершаў і песень.

У дыска-зале нашага інтэрната, была прадстаўлена экспазіцыя выставы «Запаветы Скарыны» клуба сяброў Культуры «Вытокі» пры бібліятэцы імя Я. Коласа. Прадстаўнік клуба – метадыст аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю – Паўлава Вольга Віктараўна правяла для нас азнаямляльную экскурсію па карцінам беларускіх мастакоў.

Беларуская культура, літаратура, мастацтва цікавіць не толькі беларускіх студэнтаў, але і замежных. Яны з задавальненнем пазнаюць гісторыю нашай краіны, знаёмяцца са слаўнымі імёнамі беларускай зямлі. Адкрываюць для сябе духоўнае багацце нашага народа.

Я лічу, што правядзенне такіх мерапрыемстваў дае магчымасць аб’яднаць студэнтаў, раскрыць новыя таленты. Ды і проста культурна адпачыць пасля вучобы.

На маю думку, наша мерапрыемства вучыць з павагай адносіцца да роднай культуры і сваіх каранёў.

Розіна Аляксандра, студэнтка группы 16-ЛГ фінансава-эканамічнага факультэта