Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

У канцы 2017 г. археолаг Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў правёў для студэнтаў-гісторыкаў занятак, прысвечаны гісторыі і архітэктуры карпусоў Полацкага езуіцкага калегіума – акадэміі – кадэцкага корпуса. Зараз у гэтых будынках навучаюцца студэнты-гуманітарыі (гісторыкі, філолагі, турысты) і будучыя IT-спецыялісты. Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандр Салаўёў з’яўляецца нашым выпускніком. Вывучэннем будынкаў Полацкага калегіума ён займаецца каля пятнаццаці гадоў, вынікам чаго сталі дзве манаграфіі. Занятак прайшоў у форме вучэбнай экскурсіі ў межах дысцыпліны «Гістарычнае краязнаўства» і быў прысвечаны рэканструкцыям і перабудовам калегіума.

У час экскурсіі нам распавялі пра структуру карпусоў і першапачатковае прызначэнне памяшканняў. Мы пабывалі ў карпусах «А», «Б», «Г», «Д», дзе дазналіся пра некаторыя асаблівасці канструкцый. Адзін з карпусоў асіметрычны — аказваецца, ён пабудаваны на рэштках трох больш ранніх пабудоў. Аляксандр Салаўёў звярнуў увагу на зробленыя па яго ініцыятыве шматлікія зандажы, з дапамогай якіх можна ўбачыць першапачатковую кладку сцен. Аказваецца, па цэгле і некаторых асаблівасцях будаўнічых канструкцый можна вызначыць, калі была пабудавана тая ці іншая частка будынка. Нам паказалі арачную канструкцыю, якая ўмацоўвае дах, і растлумачылі, якія паверхі былі пабудаваны ўжо не пры езуітах, а ў час функцыянавання кадэцкага корпуса. Мы дазналіся, чаму ў розных частках вучэбных карпусоў розная таўшчыня сцен і форма столі.

На спецыяльным стэндзе ў корпусе «Б» мы ўбачылі атрыманыя ў час археолага-архітэктурных даследаванняў Аляксандра Аляксандравіча аўтэнтычныя матэрыялы, якімі карысталіся будаўнікі ў ХVIII — пачатку ХХ ст. Там жа былі прадстаўлены рэканструкцыі будынкаў у розныя эпохі. Асабліва цікава было дазнацца пра езуіцкую сістэму цэнтралізаванага ацяплення ў выглядзе некалькіх печаў, што праводзілі цяпло пад падлогай. Некаторыя памяшканні істотна змянілі сваё першапачатковае прызначэнне. Нам распавялі, дзе раней размяшчаўся галоўны ўваход і што раней было ў памяшканнях сучасных гардэроба, дэканата, аўдыторый.

Археолаг Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў і студэнты-гісторыкі на занятаку

Расповед пра калегіум быў дакладным і захапляльным адначасова. Большасць інфармацыі была для нас новай, а некаторыя факты прымусілі пераасэнсаваць тое, што мы ўжо ведалі. Мы вельмі ўдзячны Аляксандру Аляксандравічу Салаўёву за цікавы і грунтоўны занятак, які ўзбагаціў нас новымі ведамі не толькі пра комплекс будынкаў Полацкага езуіцкага калегіума, але і ўвогуле пра гісторыю Полацкага рэгіёна.

Аляксандр Казлоў, студэнт 1 курса спецыяльнасці «Гісторыя»