Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

У выставачнай зале Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта завяршыла сваю работу выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці» – «Францыск Скарына. Чалавек дасканалы».

Перасоўная экспазіцыя, якая падоржнічае па ВНУ Беларусі, з 11 снежня 2017 года па 22 студзеня 2018 года экспанавалася ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Праз прызму часу, у бачанні цяперашняй студэнцкай моладзі мы змаглі пабачыць асобу Францыска Скарыны, яго багатае падзеямі жыццё і шматгранную дзейнасць.

Шупенька

Пад час работы выставы яе наведвалі студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта. Акрамя таго, выставу наведалі вучні старэйшых класаў амаль ўсіх школ г. Наваполацка. Частка наведвальнікаў знаёмілася з выставай самастойна. Значная колькасць наведвальнікаў пазнаёмілася з выставай з дапамогай экскурсіі. Гэта студэнты-дызайнеры кафедры архітэктуры, студэнты замежных краін, якія навучаюцца ва ўніверсітэце, а таксама школьнікі. За студзень на экскурсіі пабылі 27 груп школьнікаў нашага горада (звыш 600 вучняў). Яны змаглі не толькі пазнаёміцца з выставай, але і з універсітэтам. У пачатку нашага падарожжа па выставе мы знаёмілі вучняў з нашым універсітэтам, запрашаючы іх быць не толькі яго гасцямі, але праз пэўны час і сапраўднымі «гаспадарамі» – студэнтамі.

"У час экскурсіі"

Зразумела, асоба Францыска Скарыны вядома ўсім нашым навучэнцам, але ўзровень пазнання гэтай асобы ў кожнага свой. Пад час экскурсіі можна было пазнаёміцца не толькі з экпазіцыяй, але і даведацца пра некаторыя аспекты жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. Дарэчы, работы ў экспазіцыі былі размешчаны па намінацыях, што давала больш поўнае ўяўленне аб адпаведнасці задачы, пастаўленай перад маладымі людзьмі, удзельнікамі праекту. Прычым, на экскурсіі тлумачыўся сэнс кожнай намінацыі.

Экскурсія

Аўтарскае асэнсаванне цытаты Скарыны «...і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць» было пакладзена ў аснову работ намінацыі «Летэрынг – «Я, Францішак, Скарынін сын...». Тэксты, графічныя формы і рашэнні патрабавалі праяўлення вялікай творчай фантазіі, каб праз літары, «намаляваныя словы» перадаць глыбокі сэнс Скарынаўскай цытаты. Кожная з гэтых работ – выключная фантазія і індывідуальнасць аўтара, сваё ўласнае прачытанне і ўсведамленне глыбокага сэнсу гэтых слоў.

У намінацыі «Буквіца-Друкаванае слова. Вялікія літары» Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт прадставіла студэнтка Давідовіч Васіліна работай «С – Скарына», кіраўнік, выкладчык кафедры архітэктуры Марына Леанідаўна Круглікава. Васіліна пастаралася данесці да нас праз мудрагеліста выкананую загалоўную літару прозвішча Скарыны «С», выяву старога Полацка і выдавецкі сігнет Скарыны – ўсю веліч постаці першадрукара, яго выключнасць.

Намінацыя «Візуальны сэт «Vademecum: там ёсць вялікая таямніца» прадстаўлена найбольшай колькасцю работ. Тут студэнты паказалі месцы і архітэктурныя аб’екты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю першадрукара. Вачыма маладых людзей мы бачым яго родны Полацк, навучальныя установы Скарыны: Кракаўскі і Падуанскі ўніверсітэты, а таксама месцы, дзе ён друкаваў кнігі: Прагу, Вільню. Перамяшчаючыся ад адной работы да другой, мы робім падарожжа ў часе і прасторы, перамяшчаемся ў мінулае, акунаемся ў часы Скарыны. Прыемна адзначыць той факт, што шмат удзельнікаў з розных куточкаў Беларусі прысвяцілі свае творы менавіта роднаму для Скарыны Полацку. Гэтая ж намінацыя адрозніваецца таксама вялікай разнастайнасцю тэхнік: жывапіс, графіка, акварэль, граттаж, грызайль і інш. І на гэта асабліва звярнулі ўвагу нашы студэнты-дызайнеры, якія наведалі выставу.

Васіліна Давідовіч

Цікавая задумка намінацыі «Фота-альтэрнат «Крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы», дзе былі змешчаны фотаработы з выявай самай старой кнігі з асабістай бібліятэкі аўтара-мастака. Зразумела, што кожны змяшчаў кнігу, якую хацеў паказаць і ў пэўным кантэксце. Прычым ствараючы кожны фотаздымак трэба было пранікнуцца словамі з эпіграфа «Кніга – крыніца мудрасці, лекі для душы». Пры стварэнні здымкаў былі выкарыстаны сучасныя напрамкі, такія як 3D-візуалізацыя, «інтэрвальная здымка», «сэлфі», «камбінаваныя здымкі» і іншыя. Дарэчы, на гэтым аспекце спынялі сваю асаблівую ўвагу наведвальнікі, якія захапляюцца фатаграфаваннем.

Асабліва б хацелася адзначыць вялікую зацікаўленасць да выставы студэнтаў замежных краін, якія навучаюцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Выставу разам з метадыстам па рабоце з замежнымі студэнтамі Канавалавай Аленай Леанідаўнай наведалі 2 групы такіх студэнтаў. Прыемна не толькі тое, што іх зацікавіла сама выстава, студэнцкія работы, але і сама асоба «нашага» Францыска Скарыны. Яны з вялікай цікавасцю слухалі экскурсію, задавалі пытанні.

"Натхнёныя Скарынам"

Дзякуй арганізатарам і ўдзельнікам за цудоўную выставу і магчымасць з іншага аспекту, праз тоўшчу стагоддзяў паглядзець на нашага першадрукара, земляка Францыска Скарыну ў год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Хацелася б і надалей бачыць як мага больш зацікаўленых удзельнікаў са сваімі арыгінальнымі творамі, творчымі ідэямі і знаходкамі.

Фрагмент выставы

Ірына Шупенька, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармавання наведвальнікаў Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта