Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

У юбілейны год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў нашай краіне праводзілася шмат розных мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты. Сярод іх – конкурс па стварэнні твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць», арганізаваны па ініцыятыве Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Ашчаднага банку «Беларусбанк». Мэтай конкурсу стала ўзбагачэнне рэпертуару тэатраў краіны драматычнымі творамі, якія распавядаюць пра Францыска Скарыну, вялікае гістарычнае значэнне яго дзейнасці для сучаснікаў.

На конкурс былі прадстаўлены 32 работы самых розных аўтараў. Прафесійнае журы вызначыла пераможцаў – 7 драматычных твораў у некалькі намінацыях. Сярод пераможцаў у намінацыі «Гістарычная п’еса» ўладальнiкамi дыплома I ступенi сталi выкладчыкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Ірына Мікалаеўна Андрэева і кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Алегавіч Шыдлоўскі.

Па выніках конкурсу выйшла кніга: Францыск Скарына і сучаснасць: зборнік п'ес / Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Цэнтр беларускай драматургіі; [рэдакцыйная калегія: У.М. Карачэўскі (старшыня) і іншыя; складальнік А.А. Суша. – Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2017. – 334, [1] с: іл., партр.

21 лютага ў чытальнай зале Полацкага калегіума адбылася творчая сустрэча з лаўрэатамі конкурсу, выкладчыкамі Ірынай Андрэевай і Сяргеем Шыдлоўскім. На мерапрыемстве прысутнічалі выкладчыкі, супрацоўнікі ўніверсітэта, студэнты гуманітарнага факультэта, ветэраны ўстаноў асветы і культуры Полацка. Мерапрыемства адбывалася ў фармаце дыялогу, усе прысутныя маглі задаваць пытанні аўтарам.

Канешне, усіх цікавіла, як з’явілася ідэя паўдзельнічаць у конкурсе. Адказала Ірына Андрэева: «Мы вельмі ўдзячны Ірыне Фруцкай, якая дзесьці ўбачыла аб'яву аб конкурсе, прымеркаваным да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, і даслала мне паведамленне пра гэта. Быў ліпень – адпускны час. Склаўшы рукі мы не сядзім ніколі, але ў той момант можна было ненадоўга акунуцца ў творчасць. Я падумала: «Тэма – полацкая. Мы – з Полацка. Чаму не?»

Таксама лаўрэаты расказалі аб працы над п’есай: «У ходзе працы было вельмі весела! Хадзілі шпацыраваць на полацкі Курган Бессмяротнасці, муж нешта складаў і запісваў, а я яму дапамагала: прыдумвала нейкія сцэны, падказвала, рабіла заўвагі, жыва рэагавала на новыя ўрыўкі ствараемага тэксту».

Па словах Сяргея Алегавіча, яму было цікава працаваць над гэтым незвычайным праектам, спрабуючы сябе стваральнікам драматычнага твора. Хутчэй, гэта нават была не праца, а сумеснае правядзенне часу! Цікавае, творчае, плённае, і, як бачым, вельмі паспяховае.

П’еса «Віры своя» напісана ў жанры трагікамедыі, там шмат камічных момантаў, а ў чым трагедыя? Адказвае Сяргей Шыдлоўскі: «Скарына быў выдатнай асобай для свайго часу,але не мог рэалізаваць сябе на Радзіме. Але менавіта Радзіма – паняцце цэнтральнае, яно, як вір, убірае ў сябе астатнія вобразы, на гэтае верацяно намотваюцца ўсе памкненні і пачуцці».

Хвалюючым момантам для лаўрэатаў было ўрачыстае ўзнагароджанне, якое адбывалася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Мы павінны ганарыцца, што нашы выкладчыкі разам з прафесійнымі пісьменнікамі і драматургамі былі не толькі ўдзельнікамі, але сталі лаўрэатамі конкурсу. Фатаздымак з гэтага мерапрыемства ўдзельнічаў у конкурсе «Сфатаграфуйся са Скарынам». Конкурс праводзіла Навуковая бібліятэка, а творчыя работы былі прадстаўлены ў выставачнай зале.

Галоўнае пытанне: калі будзе пастаўлена п’еса? Канешне, павінен прайсці час. Рэжысёры прыглядаюцца да твора, а для гістарычнай п’есы патрэбны асаблівыя касцюмы. Мы спадзяёмся, што ўбачым п’есу на нашай Полацкай зямлі, а яшчэ лепш – у выкананні ЗАК студэнцкага тэатра «АРТ».

Жадаем аўтарам далейшых творчых поспехаў і запрашаем пазнаёміцца з п’есай «Віры своя» ў чытальных залах Наваполацка і Полацка Навуковай бібліятэкі.

Яўгенія Падцяроб, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў Навуковай бібліятэкі