Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Незвычайны падарунак зрабілі сабе кітайскія студэнты БДПУ імя М. Танка: святочныя веснавыя выходныя дні яны вырашылі правесці ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, які наведалі па праграме тура «Адпачывай з розумам!» У Полацк навучэнцы 3 курса спецыяльнасці «Руская мова» прыехалі разам са сваім куратарам – дацэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Людмілай Аляксандраўнай Бяссонавай, нястомнай вандроўніцай, актыўным і зацікаўленым выкладчыкам рускай мовы, дзякуючы якому замежнікі-студэнты знаёмяцца і з беларускай мовай і культурай у самым старажытным месцы Беларусі.

Распрацаваны Цэнтрам беларускай мовы і культуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта тур выходнага дня «Адпачывай з розумам!» прадугледжвае не толькі экскурсіі па знакамітых месцах Полацка, але дае магчымасць у інтэрактыўнай форме зрабіць экспрэс-пагружэнне ў беларускую мову і культуру. На занятках па беларускай мове, праведзеных Наталляй Генадзьеўнай Апанасовіч, кітайскія госці пазнаёміліся з графічнымі і фанетычнымі асаблівасцямі беларускай мовы.

Студэнты не толькі паспрабавалі чытаць па-беларуску, але і пазаймаліся дыхальнай гімнастыкай, што дазволіла асэнсаваць артыкуляцыйную спецыфіку мовы. Дзякуючы «лінгвістычнаму аракулу» вывучылі некаторыя беларускія словы і навучыліся вітацца па-беларуску.

Госці былі ў захапленні ад прыгажосці беларускай мовы, здзіўляліся адкрытым у сабе здольнасцям да вывучэння новай мовы, некаторыя выказалі пажаданне бліжэй пазнаёміцца з беларускай паэзіяй.

Пагружэнне ў беларускую культуру было працягнута знаёмствам з традыцыйнай беларускай выцінанкай. Праца з паперай аказалася блізкай кітайскім студэнтам, таму ў кожнага атрымалася за час заняткаў зрабіць сабе паштоўку з выцінанкай на памяць.

Прыйшлася даспадобы гасцям заключная танцавальная частка адукацыйна-асветніцкай праграмы. Святлана Міхайлаўна Лясовіч не толькі навучыла кітайскіх студэнтаў танчыць сярэднявечныя беларускія танцы, але і расказала пра асаблівасці жаночага сярэдневечнага адзення. А ўдзел у жартаўлівай песні-гульні «Кура-шчабятура» даў магчымасць праявіць разам з танцавальнымі і акцёрскія здольнасці.

Экскурсійная праграма тура таксама атрымалася надзвычай насычанай і разнастайнай. За два дні студэнты наведалі Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр, дзе пазнаёміліся з традыцыяй шанавання Еўфрасінні Полацкай. Пабывалі ў Сафійскім саборы і ўпершыню пачулі гучанне аргана на канцэрце заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай. Наведалі Музей кнігадрукавання і Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, павандравалі з экскурсаводам па Полацку. Асаблівыя ўражанні ў гасцей са сталіцы пакінула экскурсія па корпусе ўніверсітэта – былым езуіцкім калегіуме.

На памяць аб вандроўцы ў старажытны Полацк і Полацкі ўніверсітэт у кітайскіх студэнтаў застануцца не толькі шматлікія сувеніры, зробленыя сваімі рукамі і набытыя ў Полацку, але цёплыя і прыязныя адносіны з распрацоўшчыкамі і арганізатарамі курса Н.Г.Апанасовіч і С.М.Лясовіч.

Прадстаўнікі Цэнтра беларускай мовы і культуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта выказваюць шчырую падзяку дацэнту кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Л.А.Бяссонавай і спадзяюцца на працяг і пашырэнне супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка. А такасма запрашаюць усіх, хто цікавіцца беларускай мовай і культурай адпачываць з розумам у Полацку!!!

Святлана Міхайлаўна Лясовіч - кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сусветнай лiтаратуры i замежных моваў