Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

1 сакавіка 2018 г. у Полацкім дзяржаўным універсітэце адбылося ўрачыстае адкрыццё вучэбна-даследчыцкай лабараторыі археалогіі, этнаграфіі і антрапалогіі, якая дзейнічае пры кафедры гісторыі і турызма. На адкрыцці прысутнічалі рэктар Д.М. Лазоўскі, прарэктары, начальнікі розных аддзелаў і служб універсітэта.

Вучэбна-даследчыцкая лабараторыя размясцілася на другім паверсе гістарычнага будынку XVIII стагоддзя – ў былым доме віцэ-губернатара, па вуліцы Замкавы праезд, 2а. У вучэбным памяшканні лабараторыі праводзяцца заняткі са студэнтамі па спецыялізаваных гістарычных дысцыплінах, такіх як археалогія, этнаграфія, антрапалогія, а таксама паседжанні секцый навуковых канферэнцый, абароны магістарскіх дысертацый. Вучэбная аўдыторыя аздоблена мультымедыйным абсталяваннем, а таксама экспазіцыяй, у якой выстаўляюцца арыгінальныя этнаграфічныя і археалагічныя экспанаты.

Навуковыя даследаванні ў галіне археалогіі, этнаграфіі і антрапалогіі атрымалі развіццё на кафедры гісторыі з самага пачатку яе заснавання і вызначаюць яе навукова-даследчыцкую спецыфіку.

З адкрыццём гістарычнай спецыяльнасці ў Полацкім дзяржаўным універсітэце з’явілася магчымасць правядзення планамерных археалагічных раскопак. Пачынаючы з 2000 года, археалагічныя даследаванні старажытнага Полацка праводзіліся пад кіраўніцтвам выпускніка нашага ўніверсітэта, а зараз – рэктара Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова Д.У. Дука. Зараз археалагічнымі даследаваннямі старажытнага Полацка і ваколіц займаюцца яго вучні і паслядоўнікі – А.Л. Коц, В.У. Чараўко, І. У. Магалінскі.  

У лабараторным археалагічным памяшканні праводзіцца камеральная апрацоўка знаходак. Сумеснымі намаганнямі выкладчыкаў і студэнтаў кафедры гісторыі і турызму ажыццяўляецца ачыстка знаходак, пашпартызацыя і складанне вопісу артэфактаў, замалёўка і фотафіксацыя, рэстаўрацыя керамікі, стварэнне копій асобных прадметаў і інш. Па выніках сваёй працы даследчыкі складаюць навуковыя археалагічныя справаздачы, якія накіроўваюцца на захаванне ў Фонд археалагічнай навуковай дакументацыі Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі. Памяшканне лабараторыі выкарыстоўваецца таксама як першапачатковае месца захавання археалагічных артэфактаў, якія пасля завяршэння камеральнай апрацоўкі перадаюцца ў фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. На сённяшні дзень тут захоўваюцца матэрыялы раскопак, праведзеных у 2016 годзе на Верхнім замку і ў 2017 годзе на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра, а таксама палявыя знаходкі з могільнікаў Міхалінава, Кардон-Ілава, Івесь, Доўгае, Бірулі, Жарнасекава і інш.

У выніку сістэматычных раскопак полацкіх археолагаў была атрымана багатая антрапалагічная калекцыя, прадстаўленая матэрыяламі пахаванняў гарадскога і вясковага насельніцтва. Даследаваннямі гэтых матэрыялаў займаецца антраполаг В.А. Емяльянчык. На сёняшні дзень Полацкі дзяржаўны універсітэт з’яўляецца другім пасля Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навуковым цэнтрам антрапалагічных даследаванняў. Старажытнае насельніцтва вывучаецца па комплекснай праграме, якая ўключае вывучэнне краніялогіі, палеадэмаграфіі, шкілетных індыкатараў стрэсу. Дзякуючы вывучэнню матэрыялаў старажытных пахаванняў мы можам даведацца пра гісторыю фарміравання насельніцтва нашага рэгіёна, старажытныя міграцыі, стан здароў’я і ўмовы жыцця нашых далёкіх продкаў.

Пачатак палявых этнаграфічных даследаванняў ў Полацкім універсітэце звязаны з навуковай дзейнасцю У.А. Лобача, па ініцыятыве якога, пачынаючы з 1995 г., праводзяцца штогадовыя этнаграфічныя экспедыцыі. Сістэматычныя этнаграфічныя даследаванні ахапілі ўсе без выключэння раёны Беларускага Падзвіння і дазволілі сабраць унікальны матэрыял па сямейнай і каляндарнай абраднасці, народнай медыцыне, фальклору, сакральнай геаграфіі і міфалогіі Паўночнай Беларусі.

У лабараторным этнаграфічным памяшканні, аформленым як беларуская хатка, можна пабачыць не толькі этнаграфічныя экспанаты, але і сапраўдныя кросны, якія з’явіліся ў лабараторыі па ініцыятыве Г.Лутавай, выпускніцы Полацкага ўніверсітэта, удзельніцы фальклорнага гурта «Варган». Кросны былі адрэстаўраваны і запраўлены пры дапамозе навуковых супрацоўнікаў Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я Н. Шыпіла і С. Сілкова, якія займаюцца на базе лабараторыі вывучэннем і аднаўленнем старажытнай тэхналогіі ручнога ткацтва. У этнаграфічнай частцы лабараторыі праходзяць рэпетыцыі фальклорнага гурта «Варган», майстар-класы па традыцыйных рамёствах, сустрэчы з творчымі людзьмі.

В.А. Емяльянчык - кандыдат бiялагiчных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызма.