Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Віншуем Алесю Іосіфаўну Корсак, кандыдата гістарычных навук, загадчыцу кафедры гісторыі і турызму гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з узнагароджаннем Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё навукі і інавацыйнай дзейнасці і ў сувязі з Днём беларускай навукі!

gramota korsak

А.І. Корсак пачала педагагічную дзейнасць у Полацкім дзяржаўным універсітэце ў 2006 годзе і неўзабаве абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Генацыд яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Віцебскай вобласці. 1941–1943 гг.» (навуковы кіраўнік – акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар М.П. Касцюк).

На дадзеным этапе А.І. Корсак – дактарант Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Працуе над доктарскай дысертацыяй па тэме «Мемарыялізацыя воінскіх пахаванняў і месц знішчэння насельніцтва германскімі акупантамі ў 1941–1944 гг. на тэрыторыі Беларусі» (навуковы кансультант – акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар А.А. Каваленя).

Алеся Іосіфаўна – аўтар звыш 60 навуковых артыкулаў у часопісах ВАК і зборніках міжнародных навуковых канферэнцый на беларускай, рускай і англійскай мовах, бярэ актыўны ўдзел ва ўмацаванні навуковых і адукацыйных кантактаў з замежнымі партнёрамі. Неаднаразова была кіраўніком і ўдзельнікам часовых навуковых калектываў у межах грантаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскага гуманітарнага навуковага фонду. Пад кіраўніцтвам А.І. Корсак абаронена больш за 20 магістарскіх дысертацый і 60 курсавых і дыпломных работ, рыхтуецца кандыдацкая дысертацыя аспіранта.

Плённую навуковую і педагагічную дзейнасць Алеся Іосіфаўна паспяхова спалучае з высакароднай грамадскай працай. З 2016 года яна з’яўляецца навуковым кансультантам рабочых груп пры Полацкім раённым выканаўчым камітэце і Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэтах па ўвекавечанні памяці загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці ахвяр вайны.

Жадаем Алесе Іосіфаўне творчага натхнення, дасягнення новых навуковых вяршынь і поспехаў у падрыхтоўцы высокваліфікаваных спецыялістаў-гісторыкаў!