Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

3 сакавіка, у Сусветны дзень пісьменніка, упершыню горад Полацк прыняў ІІ беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». Фестываль прайшоў у кавярні «Раздолъ» пры ўдзеле многіх знакамітых літаратараў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Беларускі саюз мастакоў і інш. Праграма фестывалю была надзвычай насычанай і цікавай. Мясцовыя жыхары прыйшлі паслухаць лекцыі ўлюбёных пісьменнікаў, набыць іх кнігі і ўзяць аўтографы. Акрамя таго, у Полацк прыехалі кніжныя выдавецтвы, якія зладзілі выставу-кірмаш з кнігамі і часопісамі на любы густ, для малых і дарослых.

«Pradmova»

ІІ беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі

Фестываль «Pradmova»

Адкрыла фестываль каардынатар фестывалю Таццяна Нядбай, прадставіўшы арганізатараў і ўдзельнікаў.

Таццяна Нядбай

Марыя Мартысевіч прадставіла сваю кнігу «Сарматыя». Грунтуючыся на ўласным вопыце выдання кнігі і серыі перакладаў «Амерыканка» з дапамогай краўдфандынгавай платформы, аўтарка распавяла, як напісаць кнігу і выдаць яе самастойна, як пасля яе прадаць. Такі спосаб дазваляе пісьменніку выдаць кнігу з дапамогай перадзамоў яе чытачамі. Аднак, проста напісаць кнігу –  не ёсць мэта пісьменніка. «Я перакананая, што кніжка адбылася не тады, калі яна напісаная, не тады, калі звярстаная і прададзеная праз кнігарні, а тады, калі яна прачытаная», – падсумоўвае аўтарка.

Лявон Баршчэўскі, Юлія Цімафеева і Зміцер Колас падзяліліся вопытам  працы над  перакладам кніг серыі «Паэты планеты» і прачыталі вершы, якія ўвайшлі ў дадзеную серыю.

Ю. Цімафеева

pradmova 6

Ганна Севярынец распавяла пра свой шлях ад настаўніцы рускай мовы і літаратуры да беларускамоўнай пісьменніцы: «Першым, хто адкрыў мне вочы на беларускую літаратуру, быў Уладзімір Дубоўка. З Дубоўкі пачалося ў мяне адкрыццё бадай самай цікавай літаратуры ў Свеце…». Яе твор «Гатэль Бельгія» адлюстраваў не толькі прафесійныя веды аўтаркі ў галіне літаратуразнаўства, але і зацікаўленасць беларускімі пісьменнікамі як простымі людзьмі. «Пра што кніга? Пра людзей, пра час», – заканчвае свой расповед Ганна. Акрамя згаданай кнігі, быў прэзентаваны і раман «Дзень святога Патрыка».

Г. Севярынец

Г. Севярынец і Дз. Кандакоў

Апошняя кніга Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя», асабліва зацікавіла пакаленне чытачоў, чыя маладось патрапіла на гэты час. Самае частае пытанне да пісьменніка было «Ці чакаць нам кнігі «Мае нулявыя»?» На што аўтар жартаўліва адказваў «не», бо з выхадам кнігі яго ўспомнілі старыя знаёмыя, якія пачалі прыходзіць на прэзентацыі не дзеля кнігі, а каб спытаць пра жыццё. Таму творца не хоча распачынаць хвалю прыходу знаёмых з нулявых.

Ал. Бахарэвіч

Мясцовую культурную традыцыю прадставіла прэзентацыя кнігі «Кнігадрук у Полацку» (1774 – 1829). Пра паслядоўнікаў Скарыны на Полаччыне распавялі  Міхась Баўтовіч і Алесь Аркуш.

Аркуш і Баўтовіч

Лекцыі, аўтограф-сесіі і прэзентацыі цесна перапляталіся з выступамі літаратараў. Паэтычныя чытанні мелі надзвычайную папулярнасць, на фестывалі можна было пачуць вершы Леры Сом, Алеся Аркуша, Стася Карпава, Веранікі Панізнік, Алеся Круткіна, Вікі Жвачкі. Палачане пазнаёміліся з прадстаўнікамі Мінскай школы паэзіі: Дзмітрыем Строцавым, Настай Кудасавай, Надзеяй Кахновіч, Алегам Гаргуном, Таняй Скарынкінай.

Ал. Аркуш

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт таксама не застаўся ў баку ад такой сімвалічнай для Полаччыны падзеі. Нашыя выкладчыкі Таццяна Багарадава, Анастасія Мазго і студэнты Аляксандр Казлоў, Наталля Багданава, Павел Урбан прачыталі свае вершы.

А. Мазго

Таццяна Багарадава

Л. Баршчэўскі і А. Казлоў

Фестываль аздобіла не толькі літаратура, але і музыка.  Зміцер Бартосік і Кася Камоцкая праспявалі аўтарскія песні. «Простыя словы» ў выкананні Касі Камоцкай пакінулі асабліва цёплыя ўражанні, бо гэту песню спявалі ўсе прысутныя і менавіта яна стала заканчэннем  фестывалю «Pradmova» ў Полацку.

Выступ Касі Камоцкай

Зміцер Бартосік

"Простыя словы"

Дэкан гуманітарнага факультэта Дзяніс Аляксандравіч Кандакоў і загадчыца кафедры славянскай філалогіі Святлана Міхайлаўна Лясовіч, якія таксама  наведалі мерапрыемства, атрымалі папярэднюю згоду Юліі Цімафеевай і Альгерда Бахарэвіча наведаць Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з мэтай пачытаць лекцыі і зладзіць майстар-клас па літаратурным перкаладзе для студэнтаў гуманітарнага факультэта. Будзем вельмі чакаць.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі фэсту:

А. Казлоў: «Гэты фэст, на маю думку, з'яўляецца добрай магчымасцю пабачыць новыя трэнды ў літаратуры, набыць шыкоўныя выданні, падзяліцца сваёй творчасцю і паслухаць, як пішуць іншыя. Для мяне было прыемна пазнаёміцца с Лявонам Баршчэўскім, з якім у мяне прайшла цікавая гутарка. Насамрэч «Pradmova» была як сямейная сустрэча ў кавярні, дзе быў дух сяброўства, павагі і любові. Я веру, что фэст і ў наступным годзе павінен адбыцца на нашай Полацкай зямлі, бо такіх магчымасцяў зусім няшмат».

А. Бука: «Стась Карпаў прачытаў выбраныя вершы з уласнай кнігі «Канцылярыя розных спраў». У свае творы ён «вылівае» эмоцыі і думкі, таму зразумела, чаму яго паэзія выклікае такія пачуцці. Менавіта мяне яны прымусілі задумацца пра нешта вечнае, нешта неразгаданае…»

Н. Багданава: «Дзякуй вялікі арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства! Цудоўныя людзі, цудоўная атмасфера. Спадзяюся, нашы менскія таварышы не забудуць дарогу ў слаўны горад Полацк. Поспехаў і творчых дасягненняў!»

П. Урбан: «Прадмова» – гэта такі фестываль, на якім можа папрысутнічаць кожны чалавек не толькі ў якасці глядача, але і чытача сваіх твораў. Нават калі ўсё праходзіла вельмі хутка, нішто не перашкаджала атрымаць вялікую асалоду ад фестывалю. З задавальненнем слухаў выступы Змітра Бартосіка з яго анекдотамі і песнямі і Лявона Баршчэўскага з перакладамі з замежных моў. Таксама было вельмі цікава пазнаёміцца з творчасцю маладых паэтаў і паказаць сябе. Яшчэ раз вялікі дзякуй Святлане Міхайлаўне Лясовіч за запрашэнне і каардынацыю, а арганізатарам за такі цудоўны і такі знакавы для Полацка фестываль!»

А. Мазго: «Весна не торопится, но всё-таки тепло. Тепло от новых знакомств, неожиданных встреч и приятных бесед за чашечкой кофе среди стендов с новыми книгами под аккомпанемент бардовской песни и поэтических строк. Вот так легко и непринужденно, на одном дыхании прошёл литературный фестиваль «Прадмова» в Полоцке.»

Кавярня на дзесяць гадзін стала цэнтрам прыцягнення полацкай інтэлігенцыі і месцам сапраўднага свята літаратуры. Выкладчыкі і студэнты атрымалі добры вопыт, правялі час з карысцю, запланавалі творчае супрацоўніцтва, падзяліліся сваімі талентамі, а таксама сустрэлі Сусветны дзень пісьменніка ў цудоўнай атмасферы. Мы спадзяемся, што і ў наступным годзе фестываль пройдзе на Полацкай зямлі, бо, як вядома, ад Полацка пачаўся свет.

pradmova 18

pradmova 19

А. Казлоў (17-IС), А.Бука  (17-РГФ), С.Лясовіч
Фота Кірыла Смалякова