Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

14 верасня ў Полацкім калегіуме адбыліся першыя адкрытыя заняткі для дзетак «Першыя крокі па-беларуску». Распачалося ўсё вельмі знакавай падзеяй – прэзентацыяй кнігі Э.Мозэра «Неверагодныя гісторыі на дабранач», перакладзенай на беларускую мову Сяргеем Матыркам, у мінулым выпускніком нашага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія». Для перакладчыка сустрэча ў Полацку таксама набыла сімвалічны сэнс, бо гэта першая выдадзеная кніга – яго першыя крокі ў выдавецкай дзейнасці. І цудоўна, што падзяліцца сваёй радасцю і адзначыць нараджэнне свайго выдання Сяргей вырашыў менавіта там, адкуль ён пачынаў першыя крокі авалодвання спецыяльнасцю – у родным універсітэце.

pershyja kroki 1

pershyja kroki 14

pershyja kroki 2

pershyja kroki 3

Перакладчык прадставіў бацькам і дзецям неверагодныя гісторыі Э.Мозэра, адна з якіх ажыла: кот і мышка сышлі са старонак кнігі, разыграўшы аповед пра чароўную кветку.

pershyja kroki 4

pershyja kroki 5

pershyja kroki 6

pershyja kroki 8

Разам з коцікам і мышкай прысутныя вывучылі беларускі танец, дзеці папоўнілі свой слоўнік новымі, невядомымі для іх беларускімі словамі ў працэсе адгадвання загадак, рухомых гульняў і гаварэння хуткамовак. Успомніўшы гісторыю, што ажывілі кот і мышка, дзеткі зрабілі сабе паштовачкі са сваёй чароўнай кветкай – ці то выкарыстаўшы загатоўкі беларускай выцінанкі, ці намаляваўшы сваю кветку спраўджвання жаданняў.

pershyja kroki 9

pershyja kroki 10

pershyja kroki 7

На гэтым для філолагаў свята не скончылася, бо працягам стала размова з Сяргеем Матыркам пра важныя моманты прафесіі перакладчыка. Хоць кола зацікаўленых студэнтаў і выкладчыкаў аказалася даволі невялікім, але гутарка была вельмі цікавай і інфарматыўнай, з вялікай колькасцю прафесійных ілюстрацый, аповедам пра тэхнічныя моманты стварэння перакладу, працу з выдаўцамі і шлях перакладной кнігі да чытача. Сяргей падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў шэрагу перакладчыцкіх майстар-класаў, у тым ліку, што адбываліся ў рэзідэнцыях перакладчыкаў у Беларусі і за мяжой, акцэнтаваў увагу на падводных камянях прафесіі.

pershyja kroki 11

pershyja kroki 12

Але самае галоўнае, што атрымалася размова ў асалоду пра літаратуру – сучасную, дзіцячую, любімую, захапляльную, якая кранае душу, – і ніхто не сышоў без запісу ў нататніку пра творы, што яшчэ захацелася прачытаць.

pershyja kroki 13

Безумоўна, гэта першыя крокі на шляху да традыцыі перакладчыцкіх майстар-класаў, а ў будучым, магчыма, і фарміравання полацкай школы перакладчыкаў. Усё пачынаецца з мары.

Але мы ведаем, што здзяйсненне любой мары мае пад сабой грунт. Чым больш вывучае моў чалавек з дзяцінства, тым больш у яго перспектыў. Вывучэнне беларускай мовы на занятках «Першыя крокі па-беларуску» адбываецца ў займальнай, нязмушанай форме. Праца пабудавана так, каб у працэсе ролевых гульняў, інсцэніровак, танцаў, малявання, аплікацыі і іншых форм актыўнасці дзіця было ўключана ў працэс маўленчай дзейнасці, паўтарала і запамінала беларускія словы, граматычныя канструкцыі па прынцыпе «што робім, бачым, малюем, тое гаворым». Знаёмства дзяцей з важнымі паняццямі беларускай культуры адбываецца праз далучанасць да пражывання традыцыйных святаў і момантаў з народнай культуры.

У сувязі з адсутнасцю размоў па-беларуску ў штодзенным жыцці многіх беларусаў дзеці ў сям’і пазбаўлены набыцця вопыту беларускамоўнай камунікацыі, што прыводзіць да вялікіх цяжкасцяў у вывучэнні мовы ў школе, дзе адсутнічае пачатковы этап назапашвання лексікі і паступовага фарміравання навыкаў гаварэння. Веды, атрыманыя на занятках, вопыт беларускамоўнага гаварэння дазволіць дзецям у будучым пазбегнуць складанасцяў з вывучэннем беларускай мовы.

Прыводзьце да нас сваіх дзетак! Натхнёныя выкладчыкі навучаць іх не толькі размаўляць па-беларуску, але і неабыякава ставіцца да роднай культуры і слова, развівацца і дасягаць сваіх мэтаў!

Адбываецца набор у групу, якая будзе займацца ў нядзелю а 13-й гадзіне. Заняткі адбываюцца ў Полацкім калегіуме адначасова з заняткамі фітнесам з Вікторыяй Незгадзінскай. Гэта дазваляе сумясціць заняткі маці і дзіця і сэканоміць грошы: мама робіцца прыгажэйшая, а дзіця разумнейшае!

Кантакт для сувязі: Лясовіч Святлана Міхайлаўна +375 29 512-60-84.


Загадчык кафедры славянскай філалогіі С.М.Лясовіч