Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Сярод шматлікіх магчымасцяў, якія адкрываюцца для студэнтаў, што вывучаюць шведскую мову ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, асабліва хочацца вылучыць вучэбны візіт у Стакгольм, які ладзіцца ўжо трэці год запар пры падтрымцы і фінансаванні шведскай дзяржаўнай установы Svenska Institutet (SI). Сёлета амаль тыдзень (з 25 па 30 лістапада) у шведскай сталіцы правялі шасцёра студэнтаў гуманітарнага факультэту (Яўген Астроўскі, Лаліта Губарэвіч, Анастасія Кулікоўская, Анастасія Праліч, Дыяна Самусь і Соф’я Сліжыкава, а таксама выкладчык шведскай мовы кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Яўген Папакуль.


stakgolm 2019 flag

Сёлетняя праграма візіту была надзвычай насычанай. Яна ўключала як адукацыйныя лекцыі ў Стакгольмскім універсітэце і ўніверсітэце Сёдэрторн, гэтак і наведванне дзяржаўных і грамадскіх арганізацый (галоўны офіс Svenska Institutet, офіс Шведскага радыё, газетаў Svenska Dagbladet і Aftonbladet, Шведскі Парламент). Таксама ў праграму ўваходзіў шэраг лекцый, прысвечаных пытанням экалогіі, падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, моладзевым і студэнцкім арганізацыям Швецыі. Культурная частка ўключала наведванне Каралеўскай бібліятэкі і тэатра.

stakgolm 2019 1

stakgolm 2019 2

Таксама студэнты ПДУ сустракаліся са навучэнцамі Стакгольмскага ўніверсітэта, што стала выдатнай практыкай шведскай мовы. У выніку візіту быў выпрацаваны план агульных мерапрыемстваў у сферы адукацыі і культуры паміж Шведскім інстытутам і Полацкім дзяржаўным універсітэтам на наступны год.

stakgolm 2019 si

Выказваем шчырую падзяку Шведскаму інстытуту, і асабліва куратару Віктару Хеніусу, за неверагодную магчымасць наведаць Стакгольм, а таксама спадзяемся, што такія візіты стануць добрай штогадовай традыцыяй.


Яўген Папакуль, выкладчык кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў