Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

15 лістапада 2013г. у вучэбным корпусе ПДУ у Полацку адбылася Беларуская вечарына з танцамі. Сустрэча адбылася ў гасцявым фармаце, падобным на сапраўдныя беларускія вечарынкі. Арганізатарам выступіў фальклорны гурт «Варган». Гасцямі сталі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, школьнікі і ўсе, хто захапляецца традыцыйнай творчасцю. Прысутныя мелі магчымасць пачуць аўтэнтычныя спевы, паслухаць дуду – традыцыйны беларускі інструмент – і выканаць старадаўнія народныя танцы.

Сярод адмыслова запрошаных гасцей вечарыны – аматараў народнай даўніны з Лепеля – быў дудар Васіль Шкіндзер. Спадар Васіль не першы год займаецца вывучэннем тэхнікі ігры на дудзе. На сённяшні дзень гэта адзін з нешматлікіх прафесійных дудароў Беларусі. Дарэчы, адзіная аўтэнтычная дуда захоўваецца ў Лепельскім музеі.

Беларуская вечарына з танцамі - Дудар Васіль Шкіндзер

Народныя спевы выконваў фальклорны гурт «Варган» (стваральнік і кіраўнік – старшы выкладчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі, кандыдат біялагічных навук Вольга Антонаўна Емяльянчык). Прагучалі як песні, што ўжо ўстойліва ўпісаліся ў рэпертуар калектыву, так і нядаўна адроджаныя фальклорныя творы. Асобна трэба адзначыць сольнае выкананне Кастуся Путронка.

Беларуская вечарына з танцамі - Народныя спевы

Наперадзе доўгія зімовыя вечары, якія варта не толькі запаўняць творамі сучаснага музычнага мастацтва, але і далучацца да аднаўлення нашай спадчыны. Таму «Варган» і надалей будзе ладзіць падобныя вечарыны, спрабуючы зрабіць іх не выпадковымі, а рэгулярнымі. З гэтай нагоды гурт запрашае ўсіх жадаючых удзельнічаць у падобных танцавальных вечарынах. Даведацца аб мерапрыемствах можна праз суполку гурта «Варган» у сацыяльных сетках.

Беларуская вечарына з танцамі - Фальклорны гурт «Варган»

Выкладчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Алясей Коц