Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

У 1992 г. кіраўніцтва НПІ па ініцыятыве Э.М. Бабенкі неаднаразова звярталася з прапановамі ў дзяржаўныя ўстановы розных узроўняў аб стварэнні на базе НПІ Полацкага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Гэтую ініцыятыву падтрымалі Полацкі і Наваполацкі гарадскія саветы народных дэпутатаў.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 618 ад 14 верасня 1993 г. Наваполацкі політэхнічны інстытут быў перайменаваны ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Прыналежнасць да Полацкай зямлі, якая дэкларавана ў назве навучальнай установы, мае глыбокія гістарычныя карані. Полацк здаўна з’яўляўся буйнейшым адукацыйным і культурным цэнтрам на тэрыторыі Беларусі. У Полацку захаваліся будынкі былога езуіцкага калегіума (акадэміі), што адлюстравана на геральдычным знаку і сцягу ўніверсітэта як спадкаемцы адукацыйных традыцый Полацкай зямлі з 1581 года. Загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Бедарусь рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта быў зацверджаны доктар тэхнічных навук, прафесар Э.М. Бабенка.

У сувязі з рэарганізацыяй інстытута ва ўніверсітэт адбыліся значныя змены ў структуры навучальнай установы. На шляху пераўтварэння ПДУ ў еўрапейскі ўніверсітэт класічнага тыпу былі створаны юрыдычны і гісторыка-філалагічны факультэты. Таксама былі адчынены новыя спецыяльнасці ў аспірантуры і створаны тры спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый. Значна павялічыўся аб’ём навукова-даследчыцкіх і праектна-канструктарскіх работ, патэнтаў і навуковых публікацый. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт стаў галаўной арганізацыяй па рэалізацыі рэгіянальнай інавацыйнай праграмы Віцебскай вобласці.

Хуткімі тэмпамі развівалася міжнародная дзейнасць Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. На конкурснай аснове ПДУ выйграў гранты і ажыццявіў цэлы шэраг буйных адукацыйных праектаў з універсітэтамі Германіі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Італіі, Іспаніі па еўрапейскай праграме “Тэмпус”. У выніку быў выкарыстаны еўрапейскі вопыт арганізацыі магістратур, студэнцкіх самакіраваных цэнтраў і г.д.

Дынамічнае развіццё Наваполацкага політэхнічнага інстытута, а потым і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта дазваляла імкнуцца да новых высокіх мэтаў. Яшчэ з пачатку 90-х гг. кіраўнітва НПІ, улады горада Полацка, дзеячы навукі і культуры Беларусі і Полаччыны сталі ўздымаць пытанне аб перадачы інстытуту комплексу будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума, дзе ў той час размяшчаўся ваенны шпіталь. Пасля стварэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта справа была зрушана з мёртвай кропкі.

18 кастрычніка 1993 г. у Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Белаурсь “Аб мерах па далейшаму развіццю горада Полацка і захаванню яго культурна-гістарычнай спадчыны” было дадзена даручэнне Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту сумесна з Беларускай ваеннай акругай разгледзець пытанне аб вызваленні будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума для перадачы яго гісторыка-філалагічнаму факультэту ПДУ.

Рэалізацыя Пастановы сустрэла шматлікія перашкоды. Тым не менш, настойлівасць і энергія кіраўніцтва ўніверсітэта дазволілі дасягнуць пастаўленай мэты. Згодна з Пратаколам Даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, якія былі дадзены пад час наведвання шэрагу прадпрыемстваз і ўстаноў Полацку і Наваполацку ад 1 верасня 2001 года № 38, Міністэрства абароны перадала комплекс будынкаў езуіцкага калегіума і кадэцкага корпуса Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. У студзені 2003 г. адбылася ўрачыстая перадача гістарычных будынкаў. Такім чынам, выкладчыкі і студэнты ПДУ сталі гаспадарамі аднаго са старэйшых універсітэцкіх гарадкоў Савецкага Саюзу і найстарэйшага – у Беларусі. Зараз тут размяшчаюцца гісторыка-філалагічны факультэт (ГФФ) і факультэт інфармацыйных тэхналогій (ФІТ).

Паколькі атрыманыя ўніверсітэтам будынкі знаходзіліся ў нездавальняючым стане, патрабаваліся значныя работы па іх аднаўленні і рэканструкцыі, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай да іх тэрыторыі. Да пачатку 2005/2006 навучальнага года большая частка будынкаў Полацкага калегіума была гатовая да прыёмы студэнтаў і выкладчыкаў. Акрамя вучэбных аўдыторый ў карпусах размясціўся філіял навуковай бібліятэкі ўніверсітэта, куды ўвайшлі медыя-цэнтр, кампутарызаваная чытальная зала і шведскі культурны цэнтр. З часам у рэканструяваных будынках Полацкага калегіума з’явіліся вялікая актавая зала, чытальная зала філіяла навуковай бібліятэкі ПДУ, дзве сталовыя. Пасля заканчэння рэканструкцыі былога гаспадарчага корпусу быў адчынены спартыўна-дасугавы цэнтр, на першым паверсе якога размешчаны трэнажорная і спартыўная залы, а на другім – вялікая танцавальная зала.

С кожным годам прыгажэе тэрыторыя, прылеглая да карпусоў Полацкага калегіума. У лістападзе 2010 г. ля ўваходу ва ўніверсітэцкі двор з’явілася бронзавая скульптура студэнта рэнесасавай эпохі (скульптар – А.В Прохараў), якая ўвасабляе даўнюю гісторыю адукацыі на Полацкай зямлі. (Неўзабаве скульптура сучаснай студэнткі ўпрыгожыла файе галоўнага ўніверсітэцкага корпуса ў Наваполацку.)

Праз паўгады, у траўні 2011 г., за нагоды святкавання Дня ўніверсітэта ва ўтульным унутраным дворыку Полацкага калегіума адбылося ўрачыстае адкрыццё музычнага гадзінніка з акадэмічным шэсцем. Ідэя стварэння гэтага выдатнага аб’екту была навеяна гадзіннікам Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве і знакамітым астранамічным гадзіннікам на Старамесцкай плошчы ў Празе. Кожную гадзіну пад студэнцкі гімн «Gaudeamus» і афіцыйны гімн ПДУ з нішаў, размешчаных пад цыферблатам, з’яўляюцца фігуркі выдатных дзеячаў асветы Полацкай зямлі, сярод якіх прападобная Еўфрасіння Полацкая, першадрукар Францыск Скарына і першы рэктар Полацкага калегіума Пётр Скарга.

У траўні 2012 г., ПДУ зрабіў сабе, палачанам і гасцям старажытнага горада яшчэ адзін каштоўны падарунак. Ва ўнутраным дворыку Полацкага калегіума з другой паловы XVIII ст. існаваў выкладзены цэглай калодзеж. Яго дно знаходзілася прыкладна на адным узроўні з дном Заходняй Дзвіны (27-28 метраў), што дазваляла забяспечваць калегіум вадой нават у самыя засушлівыя месяцы. Калодзеж быў адноўлены і ўрачыста адкрыты ў прысутнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, а сёння разам з гадзіннікам з’яўляецца адной з галоўных выдатнасцяў ўніверсітэцкага комплекса ў Полацку.

Прыгажосць і веліч будынкаў Полацкага калегіума, утульны ўнутраны дворык з калодзежам і гадзіннікам, скляпенчатыя столі і прасторныя калідоры, нібы ў машыне часу пераносяць на некалькі стагоддзяў назад. Візуалізаваць гэтае мінулае і ўявіць яго герояў дапамагае зала гістарычнага касцюма, якая з’явілася ў 2014 г. Наведвальнікі атрымліваюць магчымасць не толькі ўбачыць як выглядалі прадстаўнікі розных перыядаў у гісторыі Полацкага калегіума, але й таксама пазнаёміцца з яе важнейшымі падзеямі ад часоў Стэфана Баторыя і Пятра Скаргі да нашых дзён.

А зусім нядаўна ў Полацкім калегіуме з’явілася яшчэ адна славутасць. У 2015 г. да Дня ўніверсітэта было прымеркавана ўрачыстае адкрыццё дакладнай копіі «Механічнай галавы» Г. Грубера. Галава «Сівога старыка» і сёння здольная адказваць на любыя пытанні, якія задаюцца на дзвюх дзяржаўных і асноўных еўрапейскіх мовах, а таксама на лаціне, але выканана з сілікону і прыводзіцца ў рух сучаснай мікракантролернай сістэмай кіравання.

Каласальная праца вучоных, будаўнікой і рэстаўратараў, якія захавалі і вярнулі да жыцця многія помнікі архітэктуры і гісторыі, стварылі новыя аб’екты, стала асновай для працягу старых і зараджэння новых традыцый адукацыі на Полацкай зямлі.