Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

У 1958 г. недалёка ад Полацка быў заснаваны новы буйны цэнтр нафтахімічнай прамысловасці СССР – Наваполацк. Маладому і перспектыўнаму Нафтаграду былі неабходныя інжэнеры, хімікі-тэхнолагі, механікі хімічных вытворчасцяў, а таксама будаўнікі, машынабудаўнікі і іншыя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. 14 ліпеня 1968 г. для вырашэння гэтай задачы быў заснаваны Наваполацкі філіял Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ).

Закладка падмурку галоўнага корпуса НПІ

Закладка падмурку галоўнага корпуса НПІ, 1967 г.

Першапачаткова ў філіяле былі адкрыты толькі 2 аддзяленні: дзённае і вячэрняе. Набор студэнтаў на дзённае аддзяленне ажыццяўляўся па спецыяльнасцях «Тэхналогія машынабудавання» і «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», а на вячэрняе – па спецыяльнасцях «Машыны і апараты хімічнай вытворчасці», «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», «Хімічная перапрацоўка нафты і газа». Дырэктарам Наваполацкага філіяла БПІ быў прызначаны Барыс Ягоравіч Сакалоў. 2 верасня 1968 г. у філіяле былі праведзеныя першыя заняткі.

На 1968/1969 навучальны год быў устаноўлены наступны план прыёму на дзённае аддзяленне – 100 чалавек, на агульнатэхнічнае вячэрняе аддзяленне – 125 чалавек. У філіяле на сталай аснове працавала толькі 10 выкладчыкаў. Таксама вельмі сціплым быў і штат супрацоўнікаў.

Галоўны корпус НПІ

Галоўны корпус НПІ, 1970-я гг.

З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі спецыялістаў для хімічнай прамысловасці і хімічнага машынабудавання 10 лютага 1969 г было прынята рашэнне перадаць Наваполацкі філіял БПІ Беларускаму тэхналагічнаму інстытуту (БТІ). Праз год, 12 лютага 1970 г., новым дырэктарам філіялу стаў кандыдат тэхнічных навук Эрнст Міхайлавіч Бабенка.

У 1969 г. ў Наваполацкім філіяле БТІ былі арганізаваны дзве кафедры: кафедра тэхнічных дысцыплін і кафедра фізікі і хіміі. У 1971 г. былі ўтвораны першыя факультэты: механіка-тэхналагічны, будаўнічы і вячэрні. Да канца 1973 г. з’явіліся яшчэ дзве кафедры – марксізму-ленінізму, а таксама вышэйшай матэматыкі і тэхнічнай механікі. Акрамя кафедраў працавалі секцыі замежных моў, начартальнай геаметрыі і чарчэння, фізвыхавання і спорту.

Хутка ўзрастала колькасць студэнтаў філіяла. У 1972/1973 навучальным годзе на дзённым аддзяленні вучыўся 801, а на вячэрнім – 483 чалавекі. У 1973 г. на спецыяльнасцях «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» і «Машыны і апараты хімічнай вытворчасці» былі зроблены першыя выпускі студэнтаў.

Вучэбны корпус № 3 НПІ з актавай залай і бібліятэкай

Вучэбны корпус № 3 НПІ з актавай залай і бібліятэкай, 1980-я гг.

Пры магутнай падтрымцы рэспубліканскай і мясцовай улады, галоўным чынам за кошт галіновых міністэрстваў СССР закладвалася трывалая матэрыяльна-тэхнічная база ВНУ. Актыўна будаваліся вучэбна-лабараторныя карпусы, кватэры для выкладчыкаў, інтэрнаты для студэнтаў.

У новы ВНУ былі запрошаныя цэлыя навуковыя школы з многіх навуковых і прамысловых цэнтраў Савецкага Саюза: Чалябінску, Валгаграду, Саратава, Калінінграду, Растова. Таленавітыя выкладчыкі – прафесары С.І. Лугоўскі, А.М. Левін, А.І. Сямёнаў, Ю.П. Ашчэпкаў, Б.П. Чэмісаў і іншыя – забяспечылі не толькі паспяховую навуковую дзейнасць, але й заклалі базу навуковых накірункаў кафедраў. Былі заключаныя буйныя гаспадарчыя пагадненні з прадпрыемствамі па распрацоўцы новых тэхналогіяў павышэння зносастойкасці дэталяў хімічнага абсталявання, разнастайных машын і апаратаў, стварэнню сістэм вентыляцыі і водаачысткі, выкарыстанню новых будаўнічых матэрыялаў і канструкцый.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з НПІ святкуюць Дзень Перамогі

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з НПІ святкуюць Дзень Перамогі, 1985 г.

Тым не менш, імклівае развіццё Нафтаграда настойліва патрабавала ператварэння Наваполацкага філіяла ў поўнавартасную самастойную вышэйшую навучальную ўстанову. У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў СССР № 413 ад 15 чэрвеня 1973 г. Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне з 1 студзеня 1974 г. адкрыць на базе Наваполацкага філіяла БТІ політэхнічны інстытут. Рэктарам Наваполацкага політэхнічнага інстытута быў прызначаны былы дырэктар Наваполацкага філіяла БТІ Э.М. Бабенка.

Сценгазета, прысвечаная адкрыццю Наваполацкага політэхнічнага інстытута

Сценгазета, прысвечаная адкрыццю Наваполацкага політэхнічнага інстытута, 1974 г.

Стварэнне НПІ выклікала хуткія колькасныя і якасныя змены. Істотна павялічыўся кантынгент наваполацкіх студэнтаў. Пад канец 1974/1975 навучальнага года іх колькасць ужо набліжалася да 2 тысяч чалавек. Значна змянялася арганізацыйная структура НПІ: Ствараліся новыя факультэты і кафедры, праводзілася рэарганізацыя існуючых. Так, у 1976 г. былі застнаваныя санітарна-тэхнічны і машынабудаўнічы факультэты, а механіка-тэхналагічны перайменаваны ў тэхналагічны.

Рэктарат НПІ

Рэктарат НПІ, 1975 г.

У 1975/1976 навучальным годзе стаў ажыццяўляцца набор на спецыяльнасць “Водазабеспячэнне і каналізацыя”. У 1976 г. была створана кафедра геадэзіі, і адбыўся першы набор на спецыяльнасць “Прыкладная геадэзія”. У выніку паспяховага развіцця гэтага накірунку ў 1979 г. ў НПІ быў адкрыты першы і дагэтуль адзіны ў Беларусі геадэзічны факультэт.

У 1976 г. Э.М. Бабенка, перспектыўны вучоны, спецыяліст па вугляродных матэрыялах, быў пераведзены ў Чалябінск на пасаду дырэктара Дзяржаўнага навукова-даследчага і праектна-канструктарскага інстытута электроднай прамысловасці, а потым запрошаны ў Маскву на пасаду намесніка генеральнага дырэктара па навуцы і новай тэхніцы Усесаюзнага аб’яднання «Саюзвуглярод». Таму з 1976 па 1987 гг. пасаду рэктара НПІ займаў к.т.н., дацэнт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР П.І. Швед, які да гэтага быў прарэктарам па навуковай рабоце.

У 1982 г. ў склад НПІ ўваходзіла 6 факультэтаў (санітарна-тэхнічны, будаўнічы, тэхналагічны, машынабудаўнічы, геадэзічны, вячэрні), 23 кафедры і навукова-даследчы сектар. У 1987 г. у інстытуце быў створаны дэканат па рабоце з замежнымі студэнтамі. Поспехі і дасягненні выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ атрымалі высокую ацэнку: згодна з Пастановай Савета Міністраў БССР № 333 ад 24 верасня 1980 г. Наваполацкаму політэхнічнаму інстытуту было прысвоена імя Ленінскага камсомола Беларусі.

Уладзімір Стахейка са сцягам пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва

Будатрадавец Уладзімір Стахейка са сцягам пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва, 1978 г.

Агульныя грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы, што адбываліся ў СССР, а пасля яго распаду – у Беларусі – ў канцы 80-х – пачатку 90-х гг. ХХ стагоддзя выклікалі значныя змены ў НПІ. Так, у 1989 г. быў арганізаваны радыётэхнічны факультэт. У 1990 г. на на базе кафедры хімічнай тэхнікі, тэхналогіі нафты і газа былі ўтвораны кафедра хімічнай тэхналогіі паліва і вугляродных матэрыялаў і кафедра хімічнай тэхнікі. Была рэарганізавана кафедра вылічальнай тэхнікі, аўтаматыкі і электратэхнікі. У 1990 г. на яе базе былі адчыненыя кафедры аўтаматызацыі вытворчых працэсаў і праграмавання; канструявання і тэхналогіі радыёэлектронных сродкаў; радыёэлектронікі. У 1992 г. ў НПІ з’явіліся новыя факультэты: фінансава-эканамічны і на базе машынабудаўнічага – спецыяльны факультэт па перападрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, неўзабаве пераўтвораны ў Інстытут павышэння кваліфікацыі пры НПІ.

Інтэрнацыянальная студэнцкая група НПІ

Інтэрнацыянальная студэнцкая група НПІ, канец 1980-х гг.