Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Спадчына, пакінутая езуітамі ў Полацку, адкрывала для развіцця адукацыі самыя шырокі магчымасці. 22 красавiка 1828 г. у Сенат быў перададзены ўказ Мiкалая I, які прадпісваў знайсцi сродкi на стварэнне Полацкай духоўнай акадэмii. 28 красавіка гэтага ж году выйшаў яшчэ адзін указ – аб яе адкрыцці. Тым не менш, праблемы з неабходнымі памяшканнямi i выкладчыцкiмi кадрамi спачатку адтэрмінавалі рэалiзацыю гэтага праекту на год, а потым – пасля чарговага шляхецкага паўстання (1830 – 1831) – да гэтай iдэi ўжо не вярнулiся.

Николаевский собор і кадэцкі корпус

Адным з галоўных накірункаў развіцця адукацыі на беларускіх землях становіцца стварэнне ваенных навучальных устаноў закрытага тыпу – кадэцкіх карпусоў. 1 лютага 1830 г. было зацверджана «Палажэнне аб губернскіх кадэтскіх карпусах», якое продугледжвала стварэнне ў шасці гарадах імперыі – Елісаветградзе (зараз –Кіраваград), Ноўгарадзе, Палтаве, Полацку, Тамбове і Туле – кадэцкіх карпусоў. А 26 красавіка таго ж году з мэтаю «проведения на Западном крае идеи русского просвещения, русского патриотизма и русского дела» рашэннем царскага ўраду на месцы піярскага вучылішча было вырашана заснаваць Полацкі кадэцкі корпус.

Мікалаеўскі сабор і будынкі кадэцкага корпусу

Мікалаеўскі сабор і будынкі кадэцкага корпусу на малюнку Напалеона Орды (1876)

Стваралася ўстанова для дзяцей дваран Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губерняў і Беластоцкай вобласці, а таксама для дзяцей афіцэраў і чыноўнікаў ваенных пасяленняў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Апрача агульных правілаў, якія датычыліся ўсёй Расійскай імперыі, для дваранства беларускіх губерняў уводзіліся некаторыя абмежаванні: у Полацкі кадэцкі корпус не прымалі тых дваранскіх дзяцей, чые бацькі ўдзельнічалі ў Паўстанні 1830-1831 гг. (Такіх дваран накіроўвалі ў навучальныя ўстановы, якія знаходзіліся на ўласна расійскай тэрыторыі.)

Пасля доўгай падрыхтоўчай працы 25 чэрвеня 1835 г. (на дзень нараджэння імператара Мікалая І) Полацкі кадэцкі корпус – пачатковая ваенна-адукацыйная ўстанова з сярэднеадукацыйнай праграмай – быў урачыста адкрыты. Першым яго начальнікам (дырэктарам) быў прызначаны генерал-маёр П.К. Хвашчынскі.

Сцяг Полацкага кадэцкага корпуса

Сцяг Полацкага кадэцкага корпуса

Спачатку штат корпусу быў разлічаны на 400 кадэт. Давесці колькасць выхаванцаў да азначанага камплекту меркавалася на працягу чатырох гадоў, прымаючы штогод па 100 кадэт. Да дня адкрыцця корпусу былі прынятыя толькі 54 чалавекі (юнакі ва ўзросце з 12 да 14 гадоў), але ў 1838 г. ён быў ужо цалкам укамплектаваны.

У перыяд з 1835 па 1857 гг. заняткі праводзіліся на 2-гадовых падрыхтоўчых і 4-гадовых агульных курсах. Па заканчэнні ўсяго вучэбнага цыклу для працягу вайсковай адукацыі кадэты пераводзіліся ў сталічны Дваранскі полк для атрымання спецыяльнай (вайсковай) адукацыі. Паспяховае развіццё адукацыйнай справы ў корпусе дазволіла паставіць пытанне аб рэарганізацыі навучання. З 1857 г. тэрмін вучобы быў павялічаны з 6 да 9 гадоў. 2 гады адводзілася на наведванне падрыхтоўчых класаў, 5 – агульных, 2 – спецыяльных, прычым сканчэнне апошніх прыносіла выпускніку прысваенне афіцэрскага звання. Паводле штатнага раскладу кадэты падзяляліся на 4 роты – 3 ранжыраваныя (грэнадзёрская і 2 мушкецёрскія) і неранжыраваную, якія складалі батальён.

Штодзённая і парадная форма полацкіх кадэт

Штодзённая і парадная форма полацкіх кадэт

У 1838 г. у Полацкім кадэцкім корпусе адбылося значнае ўрачыстае мерапрыемства – яму перадалі былы езуіцкі касцёл Св. Стэфана (з 1820 па 1830 гг. належаў піярам), пераасвечаны ў праваслаўны храм як Мікалаеўскі сабор. У гонар гэтай падзеі адбыўся першы ў гісторыі корпуса парад са сцягам. Да перадачы храму гораду ў 1875 г. ён заставаўся корпуснай царквой.

Урачысты парад сцянамі Полацкага кадэцкага корпусу

Урачысты парад сцянамі Полацкага кадэцкага корпусу

У 1845 г. Полацкі кадэцкі корпус двойчы наведаў сам імператар Мікалай І, які застаўся вельмі задаволены ўбачаным і перад ад’ездам распарадзіўся прадставіць усіх служачых да ўзнагародаў, а яго дырэктару Ф.М. Арэўсу ўручыў знакі ордэна Св. Ганны 1-ай ступені і 400 рублёў серабром для раздачы бяднейшым жыхарам Полацку.

26 жніўня 1850 г. кадэты і выкладчыкі Полацкага кадэцкага корпусу ўзялі ўдзел у яшчэ адной важнай урачыстасці. На Корпуснай плошчы (зараз – Плошча Свабоды) у прысутнасці спадкаемцы расійскага прастолу цэсарэвіча Аляксандра Мікалаевіча (з 1855 г. – імператар Аляксандр ІІ), архіепіскапа Полацкага і Віцебскага Васіля (Лужынскага) і цэлага шэрагу буйных дзяржаўных і ваенных чыноўнікаў адбылося адкрыццё помніка героям Айчыннай вайны 1812 года. (Падзея была прымеркаваная да 38-ай гадавіны Барадзінскай бітвы.) На заканчэнні ўрачыстага мерапрыемства батальён кадэт прайшоў міма помніка цырыманіяльным маршам.

Помнік вайны 1812 г. на плошчы каля Мікалаеўскага сабора

Помнік вайны 1812 г. на плошчы каля Мікалаеўскага сабора (фота С.М. Пракудзіна-Горскага, 1912)

Смерць Мікалая І і ўзыходжанне на прастол маладога Аляксандра І, а таксама паражэнне Расіі ў Крымскай вайне зрабілі магчымым пачатак глыбокіх пераўтварэнняў у імперыі. Так, прагрэсіўная Ваенная рэформа закранула ўсю сістэму падрыхтоўкі афіцэраў у дзяржаве. Як вынік, у 1862 г. на месцы Полацкага кадэцкага корпуса была створана Полацкая ваенная гімназія, якая па адукацыйным напаўненні нагадвала рэальнае вучылішча. Вучэбны курс быў разлічаны на шэсць гадоў, прычым, у трох малодшых класах навучанне набывала характар пачатковага. Замест ротнага падзелу навучэнцаў уводзіцца ўзроставы (малодшы, сярэдні, старэйшы). Па заканчэнні гэтай гімназіі большая частка выпускнікоў пераводзілася ў ваенныя вучылішчы імперыі.

Жэтон аб заканчэнні Полацкага кадэцкага корпусу

Жэтон аб заканчэнні Полацкага кадэцкага корпусу

Але пасля забойства Аляксандра ІІ і ўзыходжання на прастол Аляксандра ІІІ (1881) адбываецца канчатковае адступленне ад буржуазных рэформаў. Змянілася і палітыка дзяржавы ў сферы ваеннай адукацыі. У сувязі з яе незадавальняючым станам было вырашана: аднавіць кадэцкія карпусы; пры захаванні агульнаадукацынага курса звярнуць увагу на сістэматычную ваенную падрыхтоўку і рэжым, які б адпавядаў мэце ўстаноў; пасады выхавацеляў замяшчаць толькі ваеннымі афіцэрамі; увесці дзяленне на роты з увядзеннем пасадаў ротных камандзіраў, а роту старэйшага ўзросту называць страявой ротай. 22 ліпеня 1882 г. як 7-гадовая Полацкі кадэцкі корпус быў адноўлены сярэдняя ваенная ўстанова.

Знак аб заканчэнні Полацкага кадэцкага корпусу

Знак аб заканчэнні Полацкага кадэцкага корпусу

Як таго і патрабавала агульная скіраванасць установы, большасць выкладчыкаў Полацкага кадэцкага корпуса складалі афіцэры і выхадцы з цэнтральных губерняў Расіі (фізік М.В. Папоў з Варонежскай губерні, палкоўнік А.П. Аргамакаў з Тульскай губерні і г.д.), абсалютна пераважалі асобы праваслаўнага веравызнання. З часам сярод выкладчыкаў з’явіліся выпускнікі: генерал-маёр Р.П. Караваеў (з 1864 па 1867 гг. – дырэктар ваеннай гімназіі), палкоўнік А.С. Чыж і яго брат падпалкоўнік І.С. Чыж і г.д. Для выхавання полацкіх кадэтаў таксама прыцягваліся спецыялісты з далёкага замежжа (выпускнік Венскай балетнай школы, выкладчык танцаў І. Кудзелька, выхаванец Брусельскай кансерваторыі – А.Ж. Маршал і г.д.).

Арганізацыя навучальнага працэсу заставалася практычна нязменнай: акадэмічны год працягваўся з 15 жніўня па 5 чэрвеня, заняткі пачыналіся а 8 гадзіне і доўжыліся да 15 гадзіны. У корпусе выкладаліся агульнаадукацыйныя дысцыпліны: Закон Божы, руская, нямецкая і французская мовы, руская і ўсеагульная гісторыя, геаграфія, матэматыка (у тым ліку арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, аналітычная геаметрыя), фізіка, хімія, законазнаўства, чарчэнне, мінералогія, фізіялогія, батаніка, касмаграфія, маляванне, музыка, спевы, танцы. У лік спецыяльных вайсковых прадметаў уваходзілі: тактыка, артылерыя, ваенная гісторыя і фартыфікацыя. Вялікая ўвага надавалася фізічнай падрыхтоўцы кадэтаў (страявыя заняткі, плаванне, гімнастыка, фехтаванне).

Полацкі кадэт

Полацкі кадэт

Да навучэнцаў прад’яўляліся высокія патрабаванні. Напрыклад, у 1847/1848 н.г. у ліку непаспяховых аказалася каля 30 % усіх кадэтаў! Змаганне за павышэнне якасці ведаў вялося і ў накірунку ўдасканалення педагагічнага майстэрства выкладчыцкага складу. Прыкладзеныя намаганні з часам далі заслужаны плён. Так, у 1912 г. Полацкі кадэцкі корпус быў прызнаны па выніках вучобы і дысцыпліны лепшым сярод усіх карпусоў імперыі, уключна з самым прэстыжным – элітным Пажаскім! Несумненна, якраз агульным высокім узроўнем выкладання і выхавання ў Полацкім кадэцкім корпусе можна патлумачыць выбар вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча, які ў 1907 г. аддаў сюды вучыцца свайго сына Алега (загінуў ад раны, атрыманай у баі пад час Першай сусветнай вайны; узнагароджаны Ордэнам Святога Георгія IV ступені).

Князь Алег Канстанцінавіч

Князь Алег Канстанцінавіч

Варта адзначыць, што нягледзячы на фармальна саслоўны характар установы, з часам у лік полацкіх кадэтаў трапляе болей і болей недваран. Напрыклад, у 1915 г. з 403 навучэнцаў корпуса толькі 307 належалі да прывілеяванага саслоўя, а, напрыклад, 48 кадэт паходзілі з мяшчан, а 4 – з сялян.

Група полацкіх кадэт з выкладчыкамі

Група полацкіх кадэт з выкладчыкамі (1912)

За ўвесь час свайго існавання Полацкі кадэцкі корпус падрыхтаваў звыш 3 тысяч юнакоў. Сярод яго выхаванцаў нямала буйных ваенных і дзяржаўных дзеячаў. Сапраўдны тайны саветнік (цывільны чын расійскай табелі аб рангах, які адпавядаў ваенным званням генерал-аншэфа і адмірала) Яўген Міхайлавіч Суботкін займаў пасады сувалкскага і сядлецкага губернатара, а потым быў прызначаны сенатарам. Генерал-маёр Франц-Альберт Аляксандравіч Зэйн служыў гродзенскім губернатарам і фінляндскім генерал-губернатарам, а генерал-лейтэнант Аляксандр Канстанцінавіч Гейнс – казанскім губернатарам. Аляксандр Іванавіч Пятроў займаў пасады мінскага і харкаўскага губернатара, а потым засядаў у Сенаце. Генерал-лейтэнант Яўген Канстанцінавіч Клімовіч зрабіў выдатную кар’еру ў паліцыі – узначальваў Маскоўскае ахоўнае аддзяленне і Дэпартамент паліцыі, а потым быў прызначаны сенатарам.

Аляксандр Канстанцінавіч Гейнс

Аляксандр Канстанцінавіч Гейнс (І.Я. Рэпін, 1896)

Франц-Альберт Аляксандравіч Зэйн

Франц-Альберт Аляксандравіч Зэйн

Адным з найбольш знакамітых выпускнікоў полацкай alma mater з’яўляецца двойчы Георгіеўскі кавалер генерал-лейтэнант Раман Ісідоравіч Кандраценка, герой руска-японскай вайны (1904-1905), які загінуў пад час абароны Порт-Артура. У 1910 г. Полацкі кадэцкі корпус па найвышэйшаму загаду быў перайменаваны ў Полацкі Генерала Кандраценка кадэцкі корпус, а ў горадзе з’явіўся бюст у гонар славутага выпускніка.

Раман Ісідоравіч Кандраценка

Раман Ісідоравіч Кандраценка

Нямала выпускнікоў Полацкага кадэцкага корпуса сталі кавалерамі Ордэна Святога Георгія. Апрача Алега Канстанцінавіча Раманава і Р.К. Кандраценкі георгіеўскімі крыжамі былі таксама ўзнагароджаны генерал-лейтэнанты М.А. Бржазоўскі, М.М. Кісялеўскі, К.В. Лявіцкі, А.Р. Мейстэр, А.В. Няміра, М.А. Праслаў, Я.Д. Юзефовіч, генерал-маёры П.М. Галавін, У.В. Галіцын, А.С. Грышынскі, І.І. Мразоўскі, У.М. Токараў, генералы А.Ф. Рагоза, У.В. Смірноў, Я.А. Радкевіч, У.А. Яцкевіч, палкоўнікі В.В. Шаўроў і А.М. Левікаў.

Мікалай Александравіч Бржазоўскі

Мікалай Александравіч Бржазоўскі

Іосіф Іванавіч Мразоўскі

Іосіф Іванавіч Мразоўскі

Некаторыя выпускнікі здолелі праявіць сябе адразу і ў ваеннай прафесіі, і ў навуковай дзейнасці. Павел Восіпавіч Баброўскі апрача выдатнай кар’еры ваеннага (у 1875-1897 гг. быў начальнікам Ваенна-юрыдычнай акадэміі, даслужыўся да звання генерала ад інфантэрыі) і дзяржаўнага саноўніка (у 1897 г. прызначаны сенатарам), зрабіў сабе імя на этнаграфічнай і гістарычнай ніве. Пад яго кіраўніцтвам група афіцэраў Генеральнага штаба падрыхтавала «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі генеральнага штаба. Гродзенская губерня» – выдатную крыніцу па гаспадарцы, асвеце, этнаграфіі, гісторыі і геаграфіі губерні. На высокім прафесійным узроўні П.В. Баброўскі даследаваў гісторыю летапісаў і ўніяцкай царквы. Агулам яго аўтарству належыць больш за 100 прац па гісторыі, правазнаўстве, археаграфіі, геаграфіі, біялогіі, педагогіцы, этнаграфіі, статыстыцы, эканоміцы, краязнаўстве.

Павел Восіпавіч Баброўскі

Павел Восіпавіч Баброўскі

Ганаровае месца сярод выхаванцаў Полацкага кадэцкага корпуса належыць братам Кірпічовым – Льву, Канстанціну, Віктару, Міхаілу і Нілу. Генерал-лейтэнанты Канстанцін Львовіч і Ніл Львовіч Кірпічовы таксама паспяхова спалучалі ваенную і навуковую карьеру і сталі прафесарамі Мікалаеўскай інжэнернай акадэміі. Леў Львовіч Кірпічоў даслужыўся да званняў генерала-маёра і прафесара Акадэміі Генеральнага Штабу і лічыўся адным з буйнейшых ваенных вучоных другой паловы ХІХ ст. у галіне артылерыі. Вялікія надзеі падаваў і таленавіты лектар Міхайлаўскай артылерыйскай акадэміі Міхаіл Львовіч Кірпічоў, які браў непасрэдны ўдзел у вопытах Дз.І. Мендзялеева над пругкасцю газаў. Але бліскучай кар’еры перашкодзіла ранняя смерць маладога вучонага.

Ніл Львовіч Кірпічоў

Ніл Львовіч Кірпічоў

Віктар Львовіч Кірпічоў быў ідэолагам і стваральнікам сістэмы вышэйшай тэхнічнай адукацыі Расійскай імперыі, заснавальнікам і першым рэктарам Харкаўскага тэхналагічнага і Кіеўскага політэхнічнага інстытутаў, старшынёй Будаўнічай камісіі і «лепшым лектарам» Санкт-Пецярбургскага політэхнічнага інстытута, стварыў навуковую школу механікі і машынабудавання, з якой выйшлі многія сусветна вядомыя вучоныя, старшынёй Усерасійскага Саюзу інжынераў і тэхнікаў.

Віктар Львовіч Кірпічоў

Віктар Львовіч Кірпічоў

Многія выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса, падобна В.Л. Кірпічову, знайшлі сябе ў мірнай працы. Так, Вітольд Уладзіслававіч Навадворскі (выпуск 1878 г.) зрабіў выдатную навуковую і педагагічную кар’еру. Працуючы ў Пецярбургскім, Кіеўскім і Віленскім універсітэтах, Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце, даследаваў гісторыю Рэчы Паспалітай XVI ст., польска-расійскія адносіны. Уладзімір Фёдаравіч Чыж – вучань выдатнага псіхолага Вільгельма Вундта і знакамітага неўролага Жана Мартэна Шарко выкладаў у Санкт-Пецярбургскім і Юр’еўскім (Тартускім) універсітэце. Першым з расійскіх урачоў-псіхіятраў ён ужыў у сваіх клініка-псіхалагічных даследаваннях эксперымент і стаў адным з асновапаложнікаў псіхалагічнай тэорыі асобы і індывідуальнасці.

Уладзімір Фёдаравіч Чыж

Уладзімір Фёдаравіч Чыж

Мікалай Рыгоравіч Пісарэўскі праславіўся не толькі як выдатны інжынер у галіне электрычных сродкаў сувязі, фотаграфіі тапаграфіі («Ревизовал казенные телеграфные отделения почти всей России, издал руководство по устройству телеграфной линии, знакомился с телеграфным делом в Париже, Лондоне, руководил работами по прокладке кабеля от Петербурга до Кронштадта и от Баку до Красноводска») і грамадскі дзеяч (арганізаваў асветніцкае выдавецкае таварыства «Общественная польза» і выдаваў афіцыйную газету ваеннага міністэрства «Русский инвалид»). У 1886 г. ён заснаваў і стаў першым дырэктарам спецыяльнай электратэхнійчнай вышэйшай навучальнай установы – Электратэхнічнага інстытута (сёння – Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны электратэхнічны ўніверсітэт «ЛЭТІ»).

Мікалай Рыгоравіч Пісарэўскі

Мікалай Рыгоравіч Пісарэўскі

Дзмітрый Нікіфаравіч Кайгародаў вырас у выдатнага біёлага, арнітолага, папулярызатара навуковых ведаў і педагога, прафесара Пецярбургскага ляснога інстытута. Яго называлі бацькам рускай феналогіі – навукі пра сезонныя з’явы ў жывой прыродзе. Упершыню ў дарэвалюцыйнай Расіі Дз.Н. Кайгародаў здолеў стварыць феналагічную сетку яе еўрапейскай часткі, што стала асновай для яе біякліматычнага раянавання.

Дзмітрый Нікіфаравіч Кайгародаў

Дзмітрый Нікіфаравіч Кайгародаў

У Полацкім кадэцкім корпусе тры гады правучыўся і вядомы рускі савецкі пісьменнік Аляксандр Мікалаевіч Сцяпанаў. Пасля пераводу яго бацькі афіцэра-артылерыста на Далёкі Ўсход ён пакінуў Полацк і стаў сведкам гераічнай абароны Порт-Артура. Дзіцячыя ўражанні А.М. Сцяпанава і сабраныя ім успаміны ўдзельнікаў руска-японскай вайны леглі ў аснову гістарычнага раману «Порт-Артур», які здабыў шырокую чытацкую папулярнасць і быў высока ацэнены ўладай – у 1946 г. Аляксандр Мікалаевіч стаў лаўрэатам Сталінскай прэміі першай ступені.

Аляксандр Мікалаевіч Сцяпанаў

Аляксандр Мікалаевіч Сцяпанаў

З пачаткам першай сусветнай вайны ў верасні 1914 г. з прычыны набліжэння лініі фронту, а таксама з-за патрэбы ў вялікіх памяшканнях у прыфрантавой паласе для параненых корпус быў эвакуяваны з Полацку, і ў яго будынках быў размешчаны ваенны шпіталь. У жніўні 1917 г. кадэцкі корпус быў перайменаваны ў Полацкую гімназію ваеннага ведамства. Але Кастрычніцкая рэвалюцыя і прыход да ўлады бальшавікоў пакідалі гэтай навучальнай установе зусім малыя шанцы на выжыванне. Апошнім годам яе існавання фактычна стаў 1918 г., калі новы рэвалюцыйны рэжым канчаткова адмовіўся ад утрымання вучылішчаў ваеннага ведамства. У час грамадзянскай вайны рэшткі полацкага кадэцкага корпуса, многія з яго выпускнікоў звязалі свой лёс з Белым рухам. Пасля канчатковай перамогі савецкай улады тыя, хто выжылі, былі вымушаны з’ехаць на чужыну.

* * *

З уступленнем на прастол Аляксандра ІІ (1855 – 1881), калі з’явіліся спадзяванні на рэформы і кардынальнае абнаўленне Расійскай імперыі, і грамадскасць беларуска-літоўскіх губерняў, і ўрадавыя колы абмяркоўвалі магчымасць стварэння ў краі новай вышэйшай навучальнай установы. Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта (1832) склалася парадаксальная сітуацыя: нягледзячы на даўнія традыцыі ў сферы народнай адукацыі і вялікую неабходнасць у высокакваліфікаваных кадрах, Віленская навучальная акруга заставалася адзінай у імперыі, дзе не было сваёй ВНУ.

Спачатку пераважала ініцыятыва знізу. У 1856 г. віцебскае дваранства звярнулася да губернатара з просьбай «аб адкрыцці ўніверсітэта ў Полацку або іншым зручным месцы Віцебскай губерні». Праз два гады ўжо ад імя ўсяго дваранства губерні было падрыхтавана хадайніцтва да ўраду, дзе, у прыватнасці, выказвалася просьба аб арганізацыі ў Полацку «польскага ўніверсітэта». Рэакцыя Аляксандра ІІ была катэгарычна адмоўнай. Рэалізацыю прапановы, якая была скіравана «да захавання ўяўнай польскай народнасці», палічылі цалкам шкоднай для справы вяртання Паўночна-Заходняму краю спрадвечнага рускага аблічча.

Потым важнасць адкрыцця зразумелі і буйныя дзяржаўныя саноўнікі. Віленскі генерал-губернатар В.І. Назімаў і яго наступнік М.М. Мураўёў выступалі за адкрыццё ў краі ВНУ, які б стаў «цэнтрам расійскай культуры». Полацк разглядаўся многімі як патэнцыяльны ўніверсітэцкі горад. Напрыклад, І.С. Аксакаў, адзін з лідараў славянафільства, падкрэсліваў: «Засноўвайце ўніверсітэты ў Полацку, Віцебску, Мінску, але ніяк не ў Вільні, дзе рускім прафесарам прыйшлося б змагацца са старымі ўніверсітэцкімі паданнямі, не маючы падтрымкі ў мясцовым туземным асяроддзі, прасякнутым паланізмам». Міністр народнай асветы граф Дз.А. Талстой, які падчас інспекцыйнай паездкі па Паўночна-Заходнім краі прысутнічаў у Полацку на адкрыцці настаўніцкай семінарыі (1872 г.), быў упэўнены, што менавіта гэты «амаль рускі горад» мае ўсе шанцы стаць новым універсітэцкім цэнтрам імперыі. Да яго бясспрэчных пераваг міністр адносіў тое, што Полацк мае «будынак, спецыяльна ўзведзены для вышэйшай навучальнай установы, раней там знаходзілася езуіцкая акадэмія, а зараз ваенная гімназія».

Аляксандр ІІ падтрымаў графа Дз.А. Талстога. Меркавалася, што першапачаткова ў Полацку з’явяцца толькі два гуманітарныя факультэты, і здавалася, справа толькі за распрацоўкай статута. Аднак віленскі генерал-губернатар А.Л. Патапаў палічыў, што «цэнтр вальнадумства» павінен знаходзіцца ў «лёгкадаступным месцы» – губернскім горадзе, Віцебску ці Вільні, дзе будзе прасцей выкрыць і пры неабходнасці ліквідаваць крамолу. Абвастрэнне «усходняга пытання» і руска-турэцкая вайна 1877-1878 гг. адклала рэалізацыю гэтых планаў на няпэўны тэрмін, а забойства ўраджэнцам Беларусі Ігнатам Грынявіцкім імператара Аляксандра ІІ (1881) канчаткова іх пахавала. Гэткім чынам, польска-расійскае змаганне, адной з арэн якога стаў Полацк, загасіла старадаўні светач адукацыі Падзвінскага краю.

Культурныя змены, што прынесла з сабой Кастрычніцкая рэвалюцыя, а таксама урбаністычнае індустрыяльнае грамадства, здавалася, канчаткова паставяць крыж на правінцыйным ва ўсіх адносінах Полацку. Вялікія гарады, буйнейшыя адміністрацыйныя і прамысловыя цэнтры – Мінск, Віцебск, Магілёў – выцеснілі яго на далёкую адукацыйную, навуковую і культурную перыферыю. Вялікую надзею на аднаўленне Полацку і Полаччыны як інтэлектуальнага цэнтра абудзіла будаўніцтва ў рэгіёне буйнейшага нафтахімічнага комплексу і заснаванне ў Наваполацку політэхнічнага інстытута. З пачаткам у Беларусі духоўнага і нацыянальнага адраджэння Полацк канчаткова вярнуў сабе страчанае – універсітэт і старадаўнія езуіцкія муры.