Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Выгнанне «Таварыства Ісуса» было на руку Вiленскаму ўніверсітэту. Цяпер ён не толькi прэтэндаваў на непадзельнае панаванне на землях былога ВКЛ у адукацыйнай сферы, але й разлiчваў, прынамсi, на частку былой езуiцкай маёмасцi. У мiнiстэрства народнай асветы паступiла прапанова аб стварэннi на месцы езуiцкай акадэмii свецкага юрыдычнага лiцэя, фактычна юрыдычнага факультэта ўнiверсiтэта, на ўзор яраслаўскага Дзямiдаўскага лiцэя. Былі падрыхтаваныя і іншыя праекты.

Аднак Аляксандр І вырашыў распарадзiцца езуiцкай спадчынай па-іншаму. Прапанова ўніверсітэта не прайшла па празаічнай прычыне недахопу сродкаў на ўтрыманне яшчэ адной установы. У вынiку яна дасталася iншым манаскiм ордэнам, якія маглі ўскласці цяжар фінансавання школаў на свае плечы.

Наступнікамі езуітаў у Полацку сталі манахі піярскага ордэну. Падобны зыход быў для Віленскага ўніверсітэта зусім нядрэнным. Адносіны паміж Вільняй і піярамі былі прыязныя, а кантакты – шчыльнымі. Сярод выкладчыкаў універсітэта было нямала іх былых гадаванцаў. У адказ на просьбу піяраў даручыць ім пераўтварэнне былых езуіцкіх вучылішчаў Навуковы камітэт аддаў распараджэнне Ордэну арганізаваць у Полацку Вучылішча Вышэйшых Навук. 14 красавіка 1822 г. гэтае рашэнне было зацверджана імператарам. Ужо ў жніўні таго ж года піяры атрымалі былы езуіцкі касцёл, будынкі колішняй акадэміі, бібліятэкі, кабінеты мінералогіі і фізікі.

Герб ордэна піяраў

1 верасня 1822 г. пачаліся заняткі ў 4-х пачатковых класах Вышэйшага піярскага вучылішча, з 15 верасня – на старшых курсах. Паводле статуту Вучылішча падзялялася на тры аддзяленні. Першае ўяўляла сабой падрыхтоўчы клас (або прыходскае вучылішча). Другое складалася з чатырох класаў і прыблізна адпавядала ўзроўню гімназіі 2-га разраду. На трэцім аддзяленні было тры гадавыя класы, яно называлася «Курсы вышэйшых навук». На апошнім этапе навучання выкладаліся больш складаныя дысцыпліны – не толькі тыповыя гімназічныя прадметы, але і тыя, што звычайна ўваходзілі ў праграмы ліцэяў ці нават ніжэйшых курсаў універсітэтаў. Таму не трэба здзіўляцца, што шмат расійскіх чыноўнікаў, якія наведалі вучылішча, знаходзіла яго вельмі падобным на ліцэі і пісалі аб ім як аб вышэйшай навучальнай установе. Займалася ў Полацкім вышэйшым піярскім вучылішчы звыш 200 чалавек.

Аднак ужо неўзабаве на піярскае вучылішча насунуліся суровыя хмары. Вольналюбівае студэнцтва і некаторыя маладыя выкладчыкі аказаліся замешаныя ў арганізацыі тайнага таварыства, звязанага з дзеячамі і арганізацыямі польскага нацыянальнага руху ў Віленскім універсітэце. Магчыма, усталяванню гэтых кантактаў паспрыяў Іаахім Лялевель (1786-1861), намеснік прафесара гісторыі Віленскага універсітэта, выдатны навуковец (заснавальнік рамантычнай школы ў польскай гістарыяграфіі) і грамадзянскі дзеяч, які ў 1822 г. прыязджаў у Полацк з лекцыямі для навучэнцаў і выкладчыкаў вучылішча.

Іаахім Лялевель

У выніку хуткага разбіральніцтва ў 1824 г. прэфект вучылішча Лашкевіч, а таксама два выкладчыкі М. Брадовіч (усеагульная гісторыя і права) і К. Львовіч (натуральная гісторыя) былі вымушаны пакінуць свае пасады. Для недапушчэння далейшага распаўсюджвання крамолы з Віленскага ўніверсітэта ў 1824 г. полацкія разам з іншымі навучальнымі ўстановамі Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі пераведзеныя з Віленскай у Санкт-Пецярбургскую вучэбную акругу.

Але і гэта не здолела даць належны эфект. У 1826 г. у Полацку сталі з'яўляцца ўлёткі рэвалюцыйнага зместу. Па гэтай справе быў арыштаваны 17-гадовы юнак, трэцякласнік вучылішча Восіп Дабашынскі. Для піярскага вучылішча надышлі яшчэ горшыя часы. У 1826 г. была перагледжана праграма, што, у прыватнасці, прывяло да паглыблення вывучэння рускай мовы. Была нават створана свая спецыяльная школьная паліцыя.

Са стварэннем у 1829 г. асобнай Беларускай навучальнай акругі Вучылішча пападае ў крытычнае становішча. Яго папячыцель Р.І. Карташэўскі прама заявіў, што «адукацыя юнацтва даручана манахам, якім дзяржаўная карысць чужая», і распачаў вайну з ордэнамі. Стала вядома пра планы заснавання ў Полацку ўніяцкай духоўнай акадэміі. У горадзе двум падобным установам было б цесна. Цяпер і піяры рыхтаваліся да таго, каб пакінуць сцэну. Указ аб роспуску вучылішча выйшаў 21 лютага 1830 г.

Ліквідацыя піярскага вучылішча паставіла пытанне аб багацейшай бібліятэцы, чыё існаванне ад гэтага часу станавілася бессэнсоўным. Зацікаўленасць у лёсе кніг, назапашаных езуітамі на працягу больш як двух стагоддзяў, выказалі расійскія дзяржаўныя саноўнікі вышэйшага рангу і нават сам імператар. Мікалай І аддаў распараджэнне міністру ўнутраных спраў Дз.М. Блудаву сабраць вычарпальныя звесткі пра паезуіцкую бібліятэку і падрыхтаваць прапановы адносна магчымага размеркавання кніг паміж зацікаўленымі ўстановамі. Як асобна пазначалася ў дакуменце, кнігі па матэматыцы і ваеннаму мастацтву павінны застацца ў распараджэнні кадэцкага корпуса, адкрыццё якога неўзабаве павінна было адбыцца ў Полацку.

Дз.М. Блудаў

Па выніках вывучэння полацкіх кніжных фондаў Дз.М. Блудаў палічыў мэтазгодным размеркаваць найбольш каштоўныя выданні паміж галоўнымі кнігазборамі імперыі. Імператарская публічная бібліятэка павінна была атрымаць неабходныя ёй выданні старажытных і сучасных аўтараў, у першую чаргу самыя рэдкія і багатыя з іх. Пецярбургскі ўніверсітэт быў у праве разлічваць на кнігі па педагогіцы вышэйшай школы і літаратуру на ўсходніх мовах, а Маскоўскі – на працы па медыцыне («ибо сей университет имеет факультет медицинский, а в нем хорошей библиотеки по сей части нет»). Частку паезуіцкай бібліятэкі (выданні, якія датычыліся ўладкавання і канонаў каталіцкай царквы, слоўнікі і г.д.) было прапанавана перадаць у Галоўнае ўпраўленне духоўных спраў замежных веравызнанняў. Беларускія гімназіі, на думку Дз.М. Блудава, маглі прэтэндаваць толькі на польскамоўныя гістарычныя і літаратурныя працы, а каталіцкія навучальныя ўстановы – на выданні духоўнага, прапаведніцкага, палемічнага і катэхістычнага характару. Полацкаму кадэцкаму корпусу меркавалася перадаць кнігі па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гістарычную і мастацкую літаратуру на жывых мовах, а таксама адпаведныя слоўнікі гэтых моў.

Для канчатковага падзелу паезуіцкай бібліятэкі па распараджэнні міністра ўнутраных спраў была створана спецыяльная камісія, у якой былі прадстаўлены ўсе зацікаўленыя бакі: міністэрства народнай асветы, Галоўнае ўпраўленне духоўных спраў замежных веравызнанняў і ваеннае ведамства. Пасля двух з паловай месяцаў працы было вырашана 266 кніг перадаць у Імператарскую публічную бібліятэку, 3878 (і яшчэ 576 няпоўных, г. зн. захаваных не цалкам) – у Пецярбургскі ўніверсітэт, 343 (22 няпоўныя) – у Маскоўскі, 1396 (240 няпоўных) пайшлі ў «міністэрства культаў», 3219 (345 няпоўных) – у Рымска-каталіцкую калегію і семінарыю. У Полацку для кадэцкага корпуса заставалася толькі 1149 тамоў і яшчэ 328 няпоўных выданняў! Так была перагорнута яшчэ адна старонка ў гісторыі адукацыі ў Полацку.

Нягледзячы на зусім нядоўгую гісторыю свайго існавання Полацкае вышэйшае віярскае вучылішча выхавала цэлы шэраг вядомых дзеячаў навукі і мастацтва. Так, выхаванцам піяраў быў вядомы ўсходазнаўца Каэтан Андрэевіч Касовіч (1814-1883). Пасля закрыцця піярскага вычылішча таленавіты сын уніяцкага святара працягнуў адукацыю ў Віцебскай базыльянскай гімназіі, а потым у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. К.А. Касовіч самастойна вывучыў санскрыт, стаўшы пры гэтым першым санскрытолагам Расійскай імперыі, старажытнаяўрэйскую і арабскую мовы. У 1850 г. ён стаў працаваць у Імператарскай публічнай бібліятэцы, дзе яго намаганнямі быў створаны каштоўны кніжны фонд пад назвай «Росіка»; загадваў Аддзяленнем кніг на ўсходніх мовах. Пазней паралельна з працай у бібліятэцы К.А. Касовіч выкладаў санскрыт, авестыйскую і старажытнаперсідскую мовы ў Пецярбургскім універсітэце. Вядомасць у Расіі і нават за яе межамі ён атрымаў дзякуючы складзеным ім слоўнікам і перакладам з усходніх моў.

Каэтан Андрэеевіч Касовіч

Сярэднюю мастацкую адукацыю ў Полацкім вышэйшым піярскім вучылішчы атрымаў яшчэ адзін сын уніяцкага святара – Іван Фаміч Хруцкі (1810-1885). Перабраўшыся ў Санкт-Пецярбург, ён браў прыватныя ўрокі, займаўся ў Імператарскай акадэміі мастацтваў у якасці вольнапрыходзячага вучня, а потым і як студэнт у такіх вядомых майстроў, як К.П. Брулоў, Ф.А. Бруні. Малады настаўнік неаднаразова атрымліваў медалі акадэміі і нават быў узнагароджаны залатым гадзіннікам ад цара Мікалая І. У 1839 г. І.Ф. Хруцкі стаў акадэмікам Акадэміі мастацтваў.

І.Ф. Хруцкі. Аўтапартрэт (1884)

У сваёй творчасці мастак аддаваў перавагу нацюрмортам. Непаўторны мастацкі стыль і тонкі густ жывапісца спрыяў развіццю нацюрморта ў Расіі. У апошнія гады жыцця І.Ф. Хруцкі напісаў нямала цудоўных партрэтаў. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеях Расіі і Польшчы, у прыватных зборах. І.Ф. Хруцкі.

Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай (1838)

 

Купюра ў 1000 беларускіх рублёў з фрагментам карціны І.Ф. Хруцкага